Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ СЯБРЫ КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ БНФ ПРАВЯЛІ ЧАРГОВУЮ ТАЛАКУ


Ганна Соўсь, Менск

Некалькі соцень кветак прынесьлі сёньня ў Курапаты сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Гаворыць актывіст партыі Ўладзімер Юхо.

(Юхо: ) “Заўтра вялікае сьвята — Дзень беларускай вайсковай славы, пра гэтае ведаюць беларусы. Да гэтага дня прыхільнікі КХП БНФ прывезьлі кветкі розныя, хочуць таксама пасадзіць кветкі ва ўрочышчы Курапаты. Сёньняшняя талака ў Курапатах таксама будзе прысьвечаная Дню беларускай вайсковай славы. Мы да ўсіх крыжоў пакладзем кветкі. І прыбярэм Курапаты”.

Скончыўшы гутарку, Уладзімер Юхо бярэцца за сякеру, каб высекчы ў лесе кустоўе. Жанчыны прыбіраюць шышкі, што ляжаць на пляцоўцы ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі”. Уладзімер Раманцоў амаль кожную суботу прыходзіць у Курапаты на талокі. Ён адзін з найбольш актыўных абаронцаў нацыянальнага нэкропалю. Летась 9 лістапада я на свае вочы бачыла, як міліцыянты пры затрыманьні вельмі жорстка абышліся зь ім і Валерам Буйвалам, калі тыя спрабавалі абараніць крыжы ад разбурэньня. Гаворыць Уладзімер Раманцоў:

(Раманцоў: ) “Мы будзем прыходзіць сюды стала, рабіць тое, што павінныя рабіць. Каб ведаць, што тут адбывалася, каб не перарывался гэтая традыцыя, таму што беларусы павінныя ўсе сюды прыходзіць, павінныя прыносіць крыжы, таму што амаль у кожнай сям’і ёсьць загінулыя ад сталінскіх рэпрэсіяў. І пакуль мы будзем памятаць гэта, да гэтага часу будзе жыць Беларусь. Улічваючы сёньняшнюю сытуацыю, гэта павінен рабіць кожны сьвядомы беларус.

Трэба аб’ядноўвацца, але не паводле прынцыпу нейкіх дэмакратыяў і правоў чалавека, таму што ня можа быць правоў чалавека пад акупацыяй. Мы мусім разумець гэта. Адзінае, што нас можа змацаваць, гэта беларуская салідарнасьць”.

Мяркуе актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Раманцоў. Ягоную думку працягвае намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) “Зараз такі час крытычны, што кожнае дзеяньне, кожны крок павінен быць накіраваны на тое, каб мы адчулі сябе беларусамі, каб абаранілі Беларусь. З гэтай нагоды мы тут і сустракаемся, і праводзім усю працу, рэальную працу. І кветкі садзім, і ўладкоўваем Курапаты. І сёньня мы сабраліся тут, як і кожную суботу, каб ушанаваць нашых беларусаў”.

На пляцоўцы ля Крыжа Пакуты дагэтуль ляжаць вялікія трубы, што прывезьлі сюды будаўнікі для пракладкі ліўневай каналізацыі. Нагадаю, што тады сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ не далі пракласьці яе праз Курапаты, а Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі забараніў весьці земляныя работы на тэрыторыі ўрочышча. Будаўнікі абяцаліся вывезьці трубы. З таго часу прайшло амаль два месяцы, але ж трубы так і ляжаць у Курапатах блізу Крыжа “Пакутнікам Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG