Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШЛА ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ “КУРАПАТЫ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

19 чэрвеня 1988 году ў Курапатах адбыўся першы мітынг памяці ахвяраў камуністычнага тэрору, арганізаваны моладзевымі суполкамі “Талака” й “Тутэйшыя”. Таму менавіта гэты дзень быў абраны аўтарамі як дзень прэзэнтацыі.

Кніга — гэта зборнік эксклюзіўных артыкулаў вядомых у Беларусі гісторыкаў, грамадзкіх дзеячоў і журналістаў. Тэксты прысьвечаныя гісторыі Курапатаў і праблеме абароны мэмарыялу ад разбурэньня. Гаворыць адзін з аўтараў кнігі, прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” Сяргей Сахараў:

(Сахараў: ) “Ідэя кніжкі зьявілася яшчэ пры канцы мінулага году, падчас досыць актыўнай дзейнасьці моладзевай ініцыятывы “За ўратаваньне Курапатаў” і нашай, дарослай ініцыятывы. Пытаньне паўстала досыць лягічна, бо будаўнікі, калі да іх падыходзілі й казалі: “Што ж вы тут робіце, ці ж вы не разумееце, што Курапаты — гэта месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў?”, казалі, што ня ведаюць, што тут такое. А каб ведалі, то нічога б тут не рабілі. На гэты час выдадзеныя 2–3 кнігі пра Курапаты, але яны хутчэй разьлічаныя на людзей, якія ўжо ведаюць, што гэта за месца. А папулярнай кніжкі, на жаль, не было”.

Археолягі Мікалай Крывальцэвіч і Алег Іоў распавядаюць пра не вядомыя раней падрабязнасьці раскопак у Курапатах 1988 й 1997гадоў. У кнізе публікуюцца два артыкулы гісторыка Ігара Кузьняцова “Да ліквідацыі прыступіць” і “Без паведамленьня прычынаў сьмерці” пра мэханіхзм камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі 1920–40-х гадоў.

Гісторык культуры Валянціна Трыгубовіч піша аб праблеме мэмарыялізацыі Курапатаў і распавядае пра досьвед у гэтай справе іншых постсацыялістычных краінаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Журналіст Марат Гаравы назваў сваё эсэ “Праз Курапаты да пакаяньня”. А Сяргей Сахараў і Павал Севярынец у сваіх артыкулах распавядаюць пра грамадзкую абарону Курапатаў ад разбурэньня, якая пачалася летась увосень.

У кнізе таксама публікуюцца мапы месцаў бальшавіцкіх расстрэлаў і афіцыйныя адказы дзяржаўных органаў на запыты грамадзкасьці ў справе Курапатаў. Гаворыць адна з аўтараў кнігі Валянціна Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) “Я думаю, што выданьне гэтай кніжкі вельмі важнае сёньня, таму, што яна дае аб’ёмную інфармацыю пра тое, што апошнім часам адбывалася ў справе Курапатаў. Самае галоўнае, каб яна трапіла да людзей, каб яна была ў кожнай школе, у кожнага настаўніка гісторыі. Каб яны мелі факты, і на падставе гэтых фактаў весьці гутаркі зь дзецьмі й дарослымі людзьмі”.

Пакуль гэта зрабіць цяжка, бо кніга выдадзеная коштам грамадзкай ініцыятывы накладам толькі 500 асобнікаў. А вось як ацаніў выхад кнігі кандыдат гістарычных навук, палітык Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Выданьне гэтай кніжкі пра Курапаты сьведчыць якраз пра грамадзкую патрэбу ў такіх кніжках. Новае, маладое пакаленьне ня ведае пра жахі таго часу і пра маштабы рэпрэсіяў. Палітычныя рэпрэсіі — гэта факт, які існуе ў Беларусі й цяпер. Гэта яшчэ важна і ў тым сэнсе, што абуджаецца гістарычная памяць, а яна, як вядома, ёсьць стымулам для дэмакратычных пераўтварэньняў”.

Аўтары кнігі сёньня зьвярнуліся да людзей з просьбай фінансава падтрымаць перавыданьне “Курапатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG