Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАЦКІЯ ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА РАДАЎНІЦЫ


Ганна Соусь, Менск

Будаўнічыя работы ля Курапатаў не вядуцца ўжо больш як тыдзень. За гэты час на схілах дарогі вырасла трава. Пэнсіянэр Эвальд Гатоўскі вырашыў наведаць урочышча перад Радаўніцай, калі тут яшчэ няшмат людзей і можна спакойна пахадзіць, падумаць, узгадаць памерлых продкаў.

(Гатоўскі: ) “Мне здаецца, гэтыя людзі тут і ходзяць, тут адчуваецца дух гэтых людзей... Каб гэта не паўтарылася, мне здаецца, варта павінна быць без усялякіх тэрмінаў. Баліць сэрца, таму я імкнуся сюды прыйсьці, і памаўчу з гэтымі хлопцамі, пажадаю ім добрага здароўя, каб яны вытрымалі гэтую вахту, таму што гэтая вахта — гэта нашая несьмяротнасьць”.

Эвальд Гатоўскі ўзгадвае, як дзесяць гадоў таму, працуючы рэжысэрам на Беларускім тэлебачаньні, ён здымаў відэаролік пра Курапаты. З таго часу спадар Гатоўскі ня можа забыцца на некаторыя курапацкія дрэвы, якія сваімі абрысамі нагаваюць людзей у пакуце.

Валанцёры, што сёньня дзяжураць у Курапатах, аналізуюць вынікі апошняга тыдня, калі было шмат выходных і чакалася, што ва ўрочышчы зноў будуць масава ладзіцца пікнікі. Гаворыць Вольга Куўшынава:

(Куўшынава: ) “Як ні дзіўна — выходныя дні, а тут у Курапатах усё досыць спакойна. Людзі так масава, як на Вялікдзень, чамусьці не зьяўляюцца. Калі паляць вогнішча, то адзінкі. Нават я зьвярнула ўвагу на такую тэндэнцыю, што адсюль зьніклі людзі, якія выступаюць супраць нас — можа, паехалі працаваць на агароды. Сюды цяпер падыходзяць толькі людзі, якія спачуваюць нашай справе. Падыходзяць, пытаюцца, што тут будзе на Радаўніцу, ці будуць прыяжджаць сьвятары. Людзі цікавяцца, хочуць прыйсьці сюды на Радаўніцу, узгадаць продкаў”.

Расповед Вольгі Куўшынавай працягвае валанцёр Зьміцер, студэнт Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Ён нядаўна далучыўся да вахты памяці ў Курапатах:

(Зьміцер: ) “Тое, што было зроблена за час курапацкай варты, нельга адразу пакідаць. Улічваючы, што зараз ня вельмі шмат людзей сюды ходзяць, таму што зараз сэсія, я вырашыў таксама зрабіць нейкі ўнёсак у гэтую справу”.

Заўтра — Радаўніца. У гэты дзень у Курапатах а першай гадзіне дня адбудзецца жалобнае набажэнства, яго правядуць каталіцкія і праваслаўныя сьвятары.

(Дзяніс: ) “Мы чакаем на Радаўніцу сюды шмат людзей”, — запрашае абаронца Курапатаў Дзяніс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG