Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ПРАЙШЛА ТАЛАКА


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах на папялішчы ўсталяваны адмысловы жалобны звон. Фатограф Уладзімер Кармілкін стукае па ім.

(Кармілкін: ) "Курапатаўцы зрабілі свой жалобны звон з каструлькі. Тут, я лічу, курапацкая Хатынь".

Мы стаім разам над папялішчам і разьбіраем абсмаленыя рэшткі рэчаў валанцёраў. Сяржук Мацкойць пералічвае, што загінула ў полымі:

(Мацкойць: ) "У Васі згарэла выходная куртка са значкам Беларускай партыі свабоды. У Ірыны Вяткінай пагарэлі амаль усе рэчы. А ў Антося Шкурынскага загінулі наагул усе рэчы. Згарэла таксама маё пасьведчаньне майстра спорта. Глядзіш на гэтае папялішча, пачынаеш разьбіраць і знаходзіш такія рэчы, як фотаапарат. Вось я трымаю на далоні бел-чырвона белы значак, абгарэлыя ключы ад кватэры. Фактычна з усяго Курапацкага абозу цэлай засталася толькі антэна, якую мы выкарыстоўвалі ў часе праслухоўваньня праграмаў Радыё Свабода. Неверагодна, але застаўся цэлым наш інфармацыйны курапацкі стэнд".

Сяржук Мацкойць разам з другімі валанцёрамі правёў у Курапатах ноч. Ня спалі, сядзелі ля вогнішча й размаўлялі. На полі ўсю ноч стаяла міліцэйская машына. Разам з актывістамі ў Курапатах была Любоў Сакалоўская.

(Сакалоўская: ) "Я вырашыла, што гэта для мяне важнейшае, чым тая акцыя на Якуба Коласа. Маё месца тут. Правяла ў Курапатах ноч, дапамагала моладзі. Хадзілі ў краму, кармілі іх, паілі гарбатай. Нас было дзевяць чалавек".

Мінулую ноч у Курапатах правёў і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. Я даводжу да яго апошнюю інфармацыю з прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацый, паводле якой запаленьне намёту адбылося з прычыны неасьцярожнага абыходжаньня з полымем невядомымі асобамі. Павал адказвае наступным чынам:

(Севярынец: ) "Вэрсія, фактычна, адна. Гэта беларускія спэцслужбы. Мы паспрабуем высьвятліць, чыімі рукамі. Гэта было зроблена адмыслова напярэдадні 19 красавіка, за 10 дзён да завяршэньня земляных работ, напярэдадні ўрачыстага завяршэньня вахты памяці ў Курапатах".

(Карэспандэнтка: ) "А вэрсію выпадковага запальваньня намёту вы выключаеце цалкам?"

(Севярынец: ) "Мы выключаем цалкам. Я быў напярэдадні ўвечары ў лягеры. Я бачыў, што печка была нераспаленая, таму што было дастаткова цёпла. Сьвечкі, якія мы прынесьлі, тушылі, як толькі клаліся спаць..."

Паводле Паўла Севярынца, неўзабаве ў Курапатах будзе ўсталяваны новы намёт. Ужо расплянаваны графік дзяжурстваў ва ўрочышчы актывістаў Беларускай партыі свабоды й Маладога Фронту.

У суботу з самай раніцы ў Курапаты пачалі прыходзіць людзі на талаку. Спачатку абмяркоўвалася ідэя прыбраць рэшткі намёту, але потым вырашылі пачакаць. Гаворыць археоляг Мікола Крывальцэвіч:

(Крывальцэвіч: ) "Папялішча можна будзе пакінуць, агарадзіць невысокім плотам, пакінуць найбольш уражальныя галавешкі, паставіць невялікі крыжык і невялічкую таблічку, што гэта азначае. Гэта ўсё вайшло б у Курапацкі комплекс".

На талаку ў Курапаты прыйшла Арына Вячорка разам з чатырохгадовай дачкой Ружанай.

(Карэспандэнтка: ) "Ты прыйшла ў Курапаты на талаку?"

(Ружана: ) "Так".

(Карэспандэнтка: ) "А што будзеш рабіць?"

(Ружана:) "Грабліць..."

(Арына Вячорка) "Курапаты для мяне — сьвятое, таму што майго дзеда Васіля, хаця й ня тут, расстралялі ў 1937 годзе. Я б хацела, каб тут была дошка, дзе можна было б размесьціць фотаздымкі й памятныя лісты пра родных, якія пацярпелі".

Разам з Арынай Вячоркай прыбіралі тэрыторыю ўрочышча сябры Кастрычніцкіх радаў партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы. Гаворыць Ян Грыб:

(Грыб: ) "Прыехалі пакланіцца, памаліцца, і карыстаючыся тым, што на дзяржаўным узроўні абвешчаны суботнік, мы таксама вырашылі тут папрацаваць".

Як ужо павялося, на талаку ў Курапаты прыйшлі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Сябра сойму партыі Пятро Шашкель паказвае на новыя крыжы, што былі загадзя прывезеныя ва ўрочышча.

(Шашкель: ) "Штосуботу а дванаццатай гадзіне сябры нашай партыі прыходзяць сюды, каб усталёўваць чарговы раз крыжы. Учора было падрыхтавана сорак крыжоў, якія мы павінны тут ўсталяваць, акрамя гэтага — прыбраць тэрыторыю ад сьмецьця".

Я рухаюся далей у лес і бачу, як Уладзімер Кішкурна высякае хмызьняк.

(Кішкурна: ) "Сяку гальлё — сьляды лукашызму".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG