Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЁСЦЫ ЧАРНАГУБАВА ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АХВЯРАЎ СТАЛІНСКІХ РЭПРЭСІЯЎ


Ганна Соусь, Менск

Вёска Чарнагубава Капыльскага раёну — адна зь нямногіх, дзе ўшанавана памяць пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Гэта тры дубы з крыжамі й званамі й дзевяць мэталічных плітаў, а на іх надпісы — "1929-1937", "Сялянам і былой шляхце вёскі Чарнагубава — ахвярам палітычных рэпрэсій", "На гэтым месцы раней стаяла хата "кулака" Сьвінкоўскага", а такама верш Сяргея Грахоўскага:

"Мы тут жылі, касілі й аралі,
а нас, невінаватых пакаралі
за тое, што зямлю й вас любілі.
Больш за паўсотні сейбітаў забілі
ў страшны трыццаць сёмы год.
Жыві й сьцеражыся, наш народ!"

Помнік у вёсцы Чарнагубава ўсталяваны ў 1996 годзе дзякуючы намаганьням Станіслава Лісоўскага. Ягоны дзед, якога ў трыццатыя гады расстралялі ў Курапатах, родам з гэтай вёскі. Спачатку Станіслаў Лісоўскі высьвятляў лёс дзеда – хадзіў па дзяржаўных установах, па архівах...

(Лісоўскі: ) "Калі вычытаў аднойчы ў газэтах выказваньне Аляксандра Лукашэнкі накшталт: "не я пасадзіў ахвяраў рэпрэсій", а гэта значыць, што гэта яго амаль не цікавіць, то я зразумеў, што трэба займацца самому гэтымі пошукамі. Я "аблазіў" менскае й віцебскае КГБ і даведаўся, дзе расстралялі аднаго дзеда, дзе расстралялі ягонага брата, дзе загінуў трэці брат. І паспрабаваў паставіць крыж. Потым мне падалося, што крыж — гэта слабавата для трох нармальных людзей, і я пачаў хадзіць па вёсцы, цікавіцца. Так з цягам часу набралося аж 67 чалавек рэпрэсаваных — зь іх 29 расстраляна, 20 вывезьлі на поўнач і ў Сібір, 5 чалавек адседзелі ў турмах свае тэрміны й вярнуліся назад. Гэтыя лічбы мяне ўзрушылі надта моцна, і я вырашыў ставіць помнік".

Спадар Лісоўскі дадае — 67 рэпрэсаваных у вёсцы, дзе ўсяго было каля сотні хат. Сем гадоў спатрэбілася на тое, каб у Чарнагубаве зьявіўся помнік. У гэтым Станіславу Лісоўскаму дапамагалі многія людзі. Прыкладам, архітэктары Станіслаў Бандалевіч і Тацяна Пешкава зрабілі макет і праект помніка.

(Лісоўскі: ) "Потым мне дапамаглі званы вытачыць, потым крыжы недзе зварыў, але самая цяжкая была справа, каб у вёсцы камянямі не закідалі. Калі я капаў гэтыя яміны, вакол мяне хадзілі людзі, глядзелі... Потым знайшоўся цудоўны чалавек — Віктар Татур, падключыліся Франусь Радкевіч, Аляксандар Сапежка і суседзі. Пачалі дапамагаць і усё пайшло..."

Станіслаў Лісоўскі гатовы дапамагчы ў справе ўшанаваньня памяці продкаў сваім землякам і ў іншых вёсках Капыльшчыны.

(Лісоўскі: ) "Помнік такі зрабіць можа кожны з вас. Я яшчэ раз пытаюся, землякі! Мой хатні тэлефон 223-78-78. Калі захочаце ўзьняць пытаньне па сваіх вёсках (а ў 200 вёсках Капыльшчыны людзі былі рэпрэсаваныя), паведамце мне. І мы з вамі паціху знойдзем сьпісы рэпрэсаваных, гэта цяжкая справа. І мы з вамі ўшануем памяць нашых землякоў з Семежава, Грозава... Нехта павінен пачынаць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG