Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ПАДСУМОЎВАЮЦЬ ВЫНІКІ ШАСЬЦІМЕСЯЧНАЙ ВАХТЫ ПАМЯЦІ


Ганна Соусь, Менск

Выгляд Курапатаў выклікае цяпер супярэчлівыя пачуцьці. З аднаго боку —засыпаныя пяском крыжы, амаль дабудаваны падземны пераход, у якім можна пабачыць разьбітыя бутэлькі й бруд. А з другога боку — каля 40 крыжоў уздоўж прасекі, якія ўсталявалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, і пазначаныя галінкамі й камянямі месцы, дзе ў выходныя будуць пастаўленыя новыя крыжы. А таксама перагароджаная дарога, па якой міліцэйскія машыны звычайна заяжджалі ва ўрочышча. Распавядае Антось Шкурынскі.

(Шкурынскі: ) "Сюды ўвечары 24 сакавіка прыехалі 12 "зуброўцаў" з Барысава. Праслухалі праграму Радыё Свабода а шостай гадзіне. Убачылі міліцыянтаў, сталі ў ланцуг, перагарадзілі дарогу, і як толькі міліцыянты зьехалі, адразу ўсталявалі калы, каб яны больш па ёй ня езьдзілі".

У намёце валанцёраў цяпер вісяць два гліняныя мэдалі — з тых, што ўручылі ўчора абаронцам Курапатаў на ўрачыстым паседжаньні з нагоды Дня Волі. Нагадаю, што мэдалямі й ганаровымі дыплёмамі былі ўзнагароджаныя Ірына Вяткіна, Павал Севярынец, Сяржук Высоцкі, Глеб Вязоўскі, Генадзь Дранковіч і Сяржук Мацкойць. Сёньня некаторыя валанцёры выказвалі прапановы падзяліць гэтыя мэдалі на шмат кавалкаў, каб сымбалічную ўзнагароду атрымалі ўсе абаронцы Курапатаў. Працягвае Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Атрымалі прадстаўнікі розных арганізацыяў. Мэдаль, які перадалі, напрыклад, мне, я ўспрымаю, як узнагароду ўсёй Беларускай партыі свабоды. Гэта ўзнагарода ня толькі мне, але й астатнім 49 сябрам незарэгістраванага БПСу, якія былі найбольш задзейнічаныя ў курапацкай варце".

Ужо больш за паўгоду цягнецца вахта памяці ў Курапатах. Як адзначалі ў часе ўчорашняй цырымоніі, абарона Курапатаў — гэта першая перамога ў 21 стагодзьдзі. А вось як ставяцца да гэтага самі валанцёры. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) "Курапаты — гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна жыць пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам, размаўляць вольна па-беларуску. Гэта й ёсьць галоўны вынік".

(Карэспандэнтка: ) "А што далей?"

(Парфянкоў: ) "Далей змагацца..."

Я гартаю курапацкую кнігу водгукаў і прапановаў і бачу ў ёй шмат запісаў, у якіх падсумоўваюцца вынікі шасьцімесячнага знаходжаньня ва ўрочышчы.
Вось адзін зь іх: "Шмат чаго адбылося за гэты час. Але ж галоўнае — мы, прадстаўнікі розных арганізацыяў, разам! І ў адрозьненьне ад "старой апазыцыі", мы ня лаемся й ня рвем адзін аднаму горла".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG