Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ НЕ ХАПАЕ ДРОВАЎ ДЛЯ АЦЯПЛЕНЬНЯ НАМЁТУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У курапацкім лягеры валанцёраў знаходзіліся тры чалавекі — добраахвотнікі Пятрусь, Васіль і Антон. Іншыя абаронцы апошнім часам ці моцна стаміліся, ці пачалі хварэць на грып, і таму сябры ім вырашылі даць адпачынак. Але й тыя валанцёры, што засталіся ў Курапатах, адчуваюць сябе ня вельмі добра.

Калі я прыйшоў у лягер, валанцёр Антон Шкурынскі апошнімі дровамі распальваў печку-буржуйку, каб прыгатаваць сябрам абед. Антон гаворыць, што апошнім часам у лягеры не хапае дроваў, а лесьнікі забараняюць секчы дрэвы нават у адлеглым ад Курапатаў лесе. Праўда, прадстаўнікі менскага лясьніцтва абаяцалі прыйсьці да валанцёраў у панядзелак і паказаць ім лясны ўчастак, дзе можна праводзіць вырубку. Абаронцы прызначылі на гэты дзень талаку. Гаворыць Антон Шкурынскі:

(Шкурынскі: ) “У панядзелак прыйдзе шмат людзей ад розных арганізацыяў — ад Маладога Фронту, БПС, "Зубра". Лесьнікі будуць пілаваць дровы, а нашая задача — перанесьці сьпілаваныя дрэвы і пасекчы іх на дровы”.

Дарэчы, сам ён з Расеі, трапіў у Менск выпадкова (прыехаў летась у лістападзе да сяброў з руху “Зубр”). Пабачыўшы, што ў Курапатах маладыя людзі абараняюць магілы ахвяраў камуністычнага тэрору, Антон вырашыў ім дапамагчы, бо шмат ягоных сваякоў з Заходняй Украіны й Расеі былі рэпрэсаваныя бальшавікамі. Антон падзяляе погляды сваіх новых сяброў ня толькі ў справе абароны ўрочышча, але й адносна непрыняцьця цяперашняй улады ў Беларусі.

Пакуль я размаўляў з Антонам, у лягер прыйшлі Пятрусь і Васіль, якія хадзілі па харчы. Учора сябры грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” выдзялілі валанцёрам трохі грошай, на якія хлопцы купілі кілбасы, некалькі вэнджаных рыбінаў і хлеба.

Але калі адны людзі дапамагаюць абаронцам Курапатаў, іншыя ўсяляк перашкаджаюць. Міліцыянты ўчора прымусілі валанцёраў зьняць бел-чырвона-белы сьцяг, які некалькі дзён лунаў над лягерам. Распавядае добраахвотнік Пятрусь:

(Пятрусь: ) “Мы ўзьнялі сьцяг, а тут міліцыянты. З-за гэта зь імі адбыўся невялікі канфлікт. Яны пачалі казаць: “Здыміце гэтую анучу, а то мы дапаможам і павесім яе вам на ныркі”. Мы спачатку не здымалі, але потым прыйшлося зьняць”.

Валанцёры гавораць, што зьнялі сьцяг, каб не правакаваць канфлікту зь менскімі гарадзкімі міліцыянтамі, якія апошнімі днямі часта прыяжджаюць у Курапаты. А з амонаўцамі Менскай вобласьці, што таксама патрулююць урочышча, у іх наладзіліся даволі добрыя адносіны, як і з будаўнікамі, што цяпер робяць падземны пераход у раёне Курапатаў.

Учора паўдня ў Курапатах разам з валанцёрамі правяла група першага каналу польскага тэлебачаньня, якая здымае фільм пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Заўтра ўдзень у лягеры валанцёраў пройдзе традыцыйнае набажэнства, а ўвечары адбудзецца дэманстрацыя дакумэнтальных фільмаў пра палітычныя рэпрэсіі, арганізаваная чэскай праваабарончай фундацыяй “Чалавек у нядолі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG