Вось ужо чатыры месяцы вартуюць нацыянальны нэкропаль. Самі валанцёры мяркуюць, што яны прайшлі толькі частку свайго шляху. Напэўна, самую складаную, бо давялося перажыць міліцэйскую аблогу, суды, пакараньні, моцныя маразы, хваробы й расчараваньні. Гаворыць Алесь Гетман, які правёў у Курапатах каля трох месяцаў:
(Гетман: ) “Яшчэ тут вельмі шмат працы, але будзем трымацца. Вялікі дзякуй людзям, якія едуць сюды зь Менску, каб прывезьці нам што-небудзь, альбо маральна падтрымаць. Прыяжджаюць людзі, каб паіграць нам на гітары, бо насамрэч цяпер вельмі сумна ўсё выглядае, асабліва, калі пачаў таяць сьнег. Вельмі сумна. Грукат машын з самай раніцы...”
Сапраўды, пасьля адлігі ўсё больш відавочныя наступствы рэканструкцыі кальцавой дарогі. Пясок, заваленыя крыжы, пад нагамі куламесь. Ля намёту валанцёраў ляжаць яловыя галінкі, каб не было гэтак вільготна. Па дарозе на курапацкі пагорак бачныя сьляды машынаў. Алесь Гетман працягвае:
(Гетман: ) “Гэта амонаўскія машыны. Мы стужкай перагарадзілі дарогу, а яны рвуць гэтую стужку ды заяжджаюць на ўзгорак паглядзець лаўку Клінтана. Мы з амонаўцамі ўжо размаўлялі наконт таго, каб яны хадзілі туды пешкі, а ня езьдзілі па Курапатах на машынах. Ёсьць зьмены, што пехам ідуць, а ёсьць такія, што залятаюць туды на сваіх уазіках. Два разы на дзень яны глядзяць на лаву Клінтана”.
Нядаўна валанцёрам перадалі ліст са словамі падзякі й падтрымкі ад Згуртаваньня беларусаў Канады:
“Прайшло больш за 12 гадоў, як у Курапатах былі знойдзеныя сьляды злачынстваў сталінскага, бальшавісцкага рэжыму супраць беларускага народу... Існуючы ўрад да гэтага часу не пакаяўся перад беларускімі людзьмі за зьдзейсьненае ў мінулым і не зьбіраецца належным чынам увекавечыць памяць бязьвінна загінулых. Больш таго, існуючы ўрад спрабуе схаваць, цяпер ужо ў другі раз, тое, што адбывалася ў Курапатах па вынішчэньню беларускасьці ды імкненьня да свабоды на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў”.
Зьвяртаючыся да абаронцаў Курапатаў, прадстаўнікі Згуртаваньня беларусаў Канады адзначаюць, што “гэта вельмі ня проста — выйсьці ў першыя рады і даць прыклад людзям, што можна змагацца з чорнымі сіламі, запаліць агонь сьвятла й надзеі, і паказаць, што ў нас ёсьць будучыня”. Канадзкія беларусы не падзяляюць валанцёраў на прадстаўнікоў тых ці іншых групаў ці плыняў, для іх усе актывісты — мужныя людзі, змагары за шчасьце беларускага народу.
Акрамя Згуртаваньня беларусаў Канады надоечы абаронцаў Курапатаў падтрымалі й беларусы Літвы — перадалі валанцёрам цукерак.