Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАРТА Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Ганна Соусь, Менск

Распавядае Аляксей Капэлян:

(Аляксей: ) "Вечар і ноч прайшлі добра. Нарыхтоўвалі дровы — прыносілі зь лесу, а потым пілавалі й калолі іх. Начавалі ў намёце восем чалавек — два "зубры", астатнія — зь Беларускай Партыі Свабоды".

Аляксей частуе мяне мёдам. Надоечы нехта падараваў валанцёрам некалькі літраў. Мёд у лягеры цяпер вельмі патрэбны. У Курапатах марозна, і валанцёры часта хварэюць.

У намёце абаронцаў Курапатаў прыбрана — цёплыя коўдры акуратна складзеныя, на самаробным стале замест ручніка ўлёткі, посуд чыста вымыты (па ваду валанцёры ходзяць на аўтастанцыю альбо да знаёмых жыхароў мікрараёну). Ля буржуйкі сушацца сырыя дровы.

Валанцёр Цімох вартуе Курапаты ўжо больш як два месяцы, амаль зь першых дзён. Цімох вучыцца ў адным зь менскіх эканамічных інстытутаў.

(Цімох: ) "Тут знаходзяцца амаль усе мае канспэкты. І я з вучобы адразу сюды — раблю тут свае хатнія заданьні. І з ранку — а 8-й гадзіне адразу на вучобу".

Заўтра Цімоху спаўняецца 18 гадоў. "Нарэшце мяне змогуць пасадзіць на "суткі", — жартуе хлопец. Цімох згадвае, як больш за два гады таму ён вырашыў размаўляць толькі па-беларуску.

(Цімох: ) "Гэта было 21 ліпеня 1999 году, калі я ўпершыню трапіў на апазыцыйны мітынг, які быў прысьвечаны заканчэньню тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Увосень таго году я прыняў рашэньне размаўляць толькі па-беларуску, за што шмат пацярпеў. І ў школцы, і ад сяброў — шмат хто не разумеў, называў мяне калгасьнікам. Але я зь дзяцінства хадзіў зь бел-чырвона-белым значкам. Мне проста падабаліся гэтыя колеры, а вось палітычнае жыцьцё пачалося менавіта тады".

Апошні раз Цімоха затрымлівалі за распаўсюд улётак у часе перадвыбарчай кампаніі. А найбольш пацярпеў ён у часе футбольнага матчу паміж Украінай і Беларусьсю — тады яго моцна зьбілі амонаўцы. Пасьля гэтага ў Цімоха часта баляць ныркі, асабліва гэта адчуваецца ў Курапатах, калі халодна.

Цімох згадаў, як правёў у Курапатах — чатыры з паловай тыдні запар. Яго бацькі прыходзілі ў лягер і спрабавалі забраць сына дахаты, але беспасьпяхова. А на маё пытаньне, што ў Курапатах для яго найбольш складана, Цімох адказаў наступным чынам:

(Цімох: ) "Па-першае, псыхалягічна тут вельмі цяжка, бо кожны дзень адчуваеш, што знаходзісься на чалавечых костках. Зараз ужо да гэтага прызвычаіўся паціху, але спачатку было вельмі цяжка. Асабліва, калі засынаў — у сьне прыходзілі людзі, прасілі, каб я іх не расстрэльваў... А па-другое, канечне, халодна. Зіма ўсё ж такі".

Цімох разьвітваецца са мной і сьпяшаецца на заняткі, сёньня ў яго інфарматыка, а заўтра — залік па філязофіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG