Пра тое, што абаронцы мэмарыялу Курапаты сталі ляўрэатамі прэміі "Хартыі-97" за абарону правоў чалавека ў намінацыі "За асабістую мужнасьць", валанцёры сёньня даведаліся ад мяне. Іх крыху зьдзівіла, што ніхто не прыйшоў да іх у Курапаты і не паведаміў пра гэта.
Сёньня ў Курапатах марозна, але тэхніка працавала няспынна на ўчастку дарогі ля мікрараёну. А ў раёне Курапацкага ўзвышша будаўнікі сёньня бралі пробы грунту, каб потым будаваць падпорную сьцяну. За гэтым назіраў старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук археоляг Алег Іоў. Паводле яго, трэба вельмі пільна сачыць за тым, як будзе будавацца сьцяна й пракладвацца вадавод уздоўж дарогі. Але гэтыя працы адклалі да вясны.
Сёньня на вуліцы 15 градусаў марозу, але ў вайсковым намёце з буржуйкай цёпла. Распавядае сябар руху "Зубр" Глеб Вязоўскі:
(Вязоўскі: ) "Ноч прайшла добра, было цёпла. Дровы нарыхтавалі, поўны дзень учора пілавалі. Уначы было шасьцёра чалавек — з Маладога Фронту, "Зубра" і Беларускай партыі Свабоды. Маразы ня страшныя, у начы было даволі цёпла, ветру не было, некаторыя ў майках спалі".
Глеб Вязоўскі вартуе Курапаты два месяцы і тыдзень. Ён узгадвае, як у 1988 годзе бацька прыводзіў яго, яшчэ маленькага, у гэтае месца. Бацькі Глеба вітаюць, што ён абараняе Курапаты, часам прыносяць валанцёрам харчы, і адзінае, пра што просяць — каб сын штодня тэлефанаваў дадому. Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць: верагодна, што ў Курапатах быў расстраляны прадзед Глеба — Іван Бандарчук.
(Вязоўскі: ) "Ён жыў тут недалёк у Менску. Як распавядала прабабка маёй маці, прыехаў "варанок" і забраў яго — хутчэй за ўсё, сюды. Гэта быў саракавы год, дзесьці так. Я асабіста паставіў тут тры крыжы па ім. Калі тут было яшчэ больш-менш цёпла, то й сьвечку пад гэтымі крыжамі трымаў, усю ноч хадзіў".
Сёньня Глеб Вязоўскі быў старшы ў лягеры. Дарэчы, у абаронцаў Курапатаў ёсьць шэраг правілаў, якія яны строга выконваюць. Прыкладам, нельга ўжываць расейскі мат ды прыходзць у лягер нецьвярозым. Забаронена прапаноўваць непаўнагадовым дзяўчатам цыгарэты, пачынаць размовы, якія прывядуць да сур'ёзнай спрэчкі, нельга ўжываць абразьлівыя выразы. Яшчэ адно курапацкае правіла — нельга паліць у тых месцах, дзе ёсьць пахаваньні.
Парушэньне правілаў караецца папярэджаньнем, працоўным заданьнем альбо адцісканьнямі (да 50 разоў).
А калі я запыталася, ці існуе ў лягеры валанцёраў правіла "размаўляць толькі па-беларуску", мне адказалі, што такое пытаньне амаль не ўзьнікае — усе і так карыстаюцца беларускай мовай. Адметна, што многія расейскамоўныя юнакі пачалі тут гаварыць і пісаць па-беларуску.