Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія карыстальнікі Інтэрнэту усё часьцей робяцца ахвярамі праграм-шпіёнаў


Аляксей Знаткевіч, Прага

На мінулым тыдні кампанія "Белтэлекам" – фактычны манапаліст на Інтэрнэт-сувязь у Беларусі – распаўсюдзіла папярэджаньне. Апошнім часам абанэнты часта скардзяцца на нечакана высокія рахункі за міжнародную тэлефонную сувязь. Паводле "Белтэлекаму", аналіз такіх зваротаў сьведчыць, што дарагія міжнародныя злучэньні адбываюцца пасьля наведваньня ў Сеціве некаторых сайтаў, пераважна парнаграфічнага зьместу.

На такіх сайтах часта адразу выскоквае шмат гэтак званых вокнаў. І практычна незаўважна для карыстальнікаў, якія часта ня ведаюць ангельскай мовы, на кампутар можа быць усталявана праграма, якая аўтаматычна пачынае міжнароднае тэлефоннае злучэньне. Гаворыць кіраўнік упраўленьня інфармацыйных тэхналёгій "Белтэлекаму" Ўладзімер Пташнік:

(Пташнік:) "Гэта нават заканамернасьць, тое, што менавіта сайты, чаго тут хаваць, парнаграфічнага характару, менавіта яны будуюць такія, вельмі нават незаконныя схэмы прыцягваньня карыстальнікаў. Глыбокі сэнс гэтага праграмнага забесьпячэньня менавіта й палягае ў прыцягненьні трафіка праз інтэрнэт-каналы. Бо звычайна, незалежна ад адлегласьці, вы аплочваеце злучэньне зь мясцовым правайдэрам. А гэтая праграма мінае мясцовую сыстэму і робіць дальні замежны званок. Прычым, на сёньняшні дзень гэта – самыя дарагія выклікі, якія толькі бываюць у практыцы".

Кошт хвіліны такога злучэньня можа сягаць 14 даляраў. Напрыклад, за тэлефонную сувязь з выспамі Кука ў Акіяніі. У Беларусі праблема яшчэ не такая пашыраная, як у Казахстане ці Расеі, але тое, што “Белтэлекам” забіў у званы, сьведчыць, што небясьпека сур’ёзная.

Ахвярай праграмы-шпіёна можа стаць любы чалавек, нават той, каго зусім не цікавяць порнасайты. Прычым, такой ахвярай можа быць ня толькі малаабазнаны карыстальнік інтэрнэту, але й спэцыяліст у інфармацыйных тэхналёгіях. Напрыклад, як наш суразмоўца Ўладзімер Пташнік:

(Пташнік: ) "Маю горкі досьвед. Я сябе да эратаманаў не адношу. Я чытаў нейкія тэхнічныя рэсусы. Зьвярнуў увагу на прыгожы банэр, рэклямку. Які абсалютна ні на што не намякаў. Я на яго націснуў: шквал вакенцаў, якія адкрываліся, і якія я зь цяжкасьцю зачыніў. Я ўсё ж такі іх зачыніў! Пасьля я зьвярнуў увагу, што інтэрнэт пачаў прытармажваць. Пасьля я зьвярнуў увагу, што ў мяне ўсталявана "выкарыстоўваць аддаленае злучэньне". Думаю, якое аддаленае злучэньне?.. Я з гэтым пазнаёміўся менавіта такім чынам".

Праблема ня толькі ў тым, што чалавек ня ведае, што ён пачаў плаціць за дарагія злучэньні. Так званыя праграмы-шпіёны нябачныя для звычайных антывірусных праграмаў. Чалавек можа нават адлучыцца ад інтэрнэту, і пайсьці па сваіх справах. Але калі кампутар застаўся ўключаны, неўзабаве праграма запусьціць мадэму і нанова злучыць карыстальніка з дарагой тэлефоннай лініяй.

(Пташнік:) "Асаблівасьць акурат у тым, што часьцяком незалежна ад таго, пагаджаецеся вы з усталяваньнем гэтага праграмнага забесьпячэньня, альбо не, яно ўсё роўна ўсталёўваецца. І абанэнт у злучэньні ўдзелу не бярэ. Праграмнае забесьпячэньне аналізуе актыўнасьць чалавека. Калі чалавек не заняты працай з кампутарам, не дакранаўся да мышкі, ці клявіятуры пэўную колькасьць хвілін, гэтыя праграмы тады ўсталёўваюць дальняе злучэньне з далёкім інтэрнэт-правайдэрам".

Іншымі словамі, чалавек займаецца сваімі справамі, а зь яго штохвіліны вылічаюць ад трох да чатырнаццаці даляраў.

Такую праграму-шпіёна далёка ня кожны карыстальнік здатны вынішчыць самастойна. Працягвае Ўладзімер Пташнік:

(Пташнік:) "Я яшчэ намучыўся, пакуль выдаліў гэтую праграмку. Яна так проста не ўдаляецца. У мяне сыйшло гадзіны чатыры. Прычым, гэтыя праграмкі, яны не адносяцца да катэгорыі віруснага праграмнага забесьпячэньня. І антывірусы іх зазвычай не заўважаюць. Яны не нясуць у сабе разбуральнага коду, разбуральных дзеяньняў. Менавіта тое, на што рэагуюць антывірусныя праграмныя прадукты. Яны акурат у сабе абсалютна мірны код нясуць. Але гэты мірны код вельмі моцна б'е па хатнім кашальку".

Яшчэ адна пастка для карыстальнікаў: няўважлівасьць, і няведаньне ангельскае мовы. Тлумачыць Уладзімер Пташнік:

(Пташнік: ) "У мяне выскачыла паведамленьне "ці жадаеце вы ўсталяваць старонку па замоўчваньні?" І ўсялякае падобнае, я націскаў "не, не, не". Але некаторыя сайты ўвогуле не прапануюць ні ўсталёўваць, ні закачваць. Проста высьвечваюць пімпачку "зачыніць вакенца?". Вы цісьніце "так". І тым самым падпісалі сабе сьмяротны прысуд. Вельмі важны радок перад выбарам зачыняць вакенца ці не. Зазвычай падмяняе сэнс пімпачак "так" і "не". Выглядае так: для таго, каб даць сваю згоду, націсьніце "не". Для таго, каб адмовіцца, націсьніце пімпачку "так".

Паводле спадара Пташніка, праблема яшчэ і ў тым, што фармальна закон не парушаецца. Таму застаецца пільнавацца ды вучыць ангельскую мову. "Белтэлекам" таксама рэкамендуе карыстальнікам уключаць гук у настройках мадэма. Тады паводле характэрнага гуку чалавек можа вызначыць, што мадэм пачынае адвольнае злучэньне.

***

У Сеціве ўпершыню зьявілася асабістая старонка беларускага дэпутата мясцовага савету www.ziankovich.h11.ru. 26-гадовы Юрась Зянковіч, дэпутат Менскага райсавету і Ждановіцкага сельсавету, сябра партыі БНФ, стаў першапраходцам сярод сваіх калегаў.

Дарэчы, менавіта на ініцыятыву спадара Зянковіча ў Ждановічах пад Менскам мае зьявіцца першая ў Беларусі вуліца імя Васіля Быкава. Вось што дэпутат гаворыць пра свой сайт:

(Зянковіч: ) “Гэта пакуль што яшчэ не канчатковая вэрсія сайту, гэта – тэставая вэрсія. Я рыхтую сайт пад выбары ў парлямэнт, таму што я пляную балятавацца ў палату прадстаўнікоў у наступным годзе. Гэты сайт будез дзейнічаць як сайт кандыдата ў дэпутаты. Паралельна з гэтым, натуральна, там будзе распавядацца пра маю дзейнасьць як дэпутата мясцовых саветаў. Там будуць зьмяшчацца публікацыі пра мяне са сродкаў масавай інфармацыі, нейкія мае артыкулы і таксама разьдзел, дзе будуць показкі – показкі аб палітычнай сытуацыі ў Беларусі і агульнапалітычныя”.

Акрамя згаданага, на сайце ёсьць біяграфія дэпутата і ягоныя каардынаты для сувязі. Але пакуль адчуваецца, што старонка працуе ў пробным рэжыме. Празь некаторы час пасьля загрузкі нейкая памылка сцэнару пераадрасуе наведвальніка на адзін з расейскіх фінансавых сайтаў.

(Зянковіч: ) “Магчыма, гэта абумоўлена тым, што ён пакуль што разьмешчаны на бясплатным гостынгу agava.ru. Зь цягам часу, безумоўна, будзе выкуплена больш прыстойнае даменнае імя – у зоне “com”, або можа нават ў зоне “by” – нармальны гостынг з хуткім доступам і з магчымасьцю разьмяшчэньня вялікай колькасьці інфармацыі”.

Спадар Зянковіч ня лічыць, што ў сёньняшняй Беларусі дэпутат мясцовага савету ці нават кандыдат на агульнанацыянальных выбарах можа наўпрост кантактаваць зь вялікай колькасьцю выбарцаў празь Інтэрнэт.

(Зянковіч: ) “На жаль, у Беларусі пакуль што замала карыстальнікаў Інтэрнэту. Таму калі мы разьлічваем на вялікую аўдыторыю выбаршчыкаў, дык гэта будзе малакарысна. Гэты сайт у першую чаргу разьлічаны на сродкі масавай інфармацыі, на папулярызацыю мяне як палітыка мясцовага ўзроўню, як кандыдата ў дэпутаты і як дэпутата мясцовых саветаў”.

Пакуль што выглядае, што старонка спадара Зянковіча – адзіная такога кшталту ў беларускім Сеціве, але неўзабаве гэта можа зьмяніцца.

(Зянковіч: ) “Што датычыць маіх калегаў па партыі і дэпутатаў мясцовых саветаў, дык, наколькі я ведаю, ніхто зь іх пакуль што сур’ёзна не распрацоўваў сайт. Але, паглядзеўшы на прыклад маёй працы, у мяне ўжо просяць камплект скрыптоў, каб стварыць свой сайт. Скрыпты будуць тыя самыя, а напаўненьне, каб яны зрабілі сваё”.

***

Мультфільмамі захапляюцца ня толькі дзеці, але й дарослыя людзі – асабліва калі вядзецца пра так званыя японскія “анімэ”. Гэты від мастацтва мае прыхільнікаў ва ўсім сьвеце – у тым ліку і ў Беларусі. Для беларускіх аматараў японскай мультыплікацыі Інтэрнэт ёсьць галоўнай крыніцай інфармацыі і асяродкам кантактаў.

Акрамя сайту www.anibel.com менскага клюбу аматараў японскай мультыплікацыі і коміксаў, у беларускім Сеціве ёсьць яшчэ шэраг сайтаў, створаных аматарамі “анімэ”. Вось што гаворыць аўтар старонкі www.animensk.by.ru Максім.

(Максім: ) “Амаль год таму я нават ўяўленьня ня меў пра тое, што ж такое анімэ. Мне здавалася на той час, што гэта проста японскія карцінкі, проста мульцікі. Многія, хто ўпершыню бачыць анімэ, лічаць, што гэта проста мульцікі для дзяцей”.

Аднак гэтыя “проста мульцікі” потым зрабіліся для Максіма спараўдным захапленьнем. Вось што, на ягоную думку, галоўная ўмова для таго каб атрымаць асалоду ад “анімэ”.

(Максім: ) “У першую чаргу забыць аб тым, што ты дарослы чалавек”.

Адзін са стваральнікаў сайту www.anime.of.by Аляксей гаворыць, што да свайго захапленьня прыйшоў праз любоў да якаснага кіно. Ён лічыць, што японская мультыплікацыя мае значную перавагу над усясьветным кінэматографам у сярэдняй якасьці стужак. Калі праглядзець сто выпадковых фільмаў, дык хіба якія 15 зь іх пакінуць нейкі сьлед у душы, кажа Аляксей. А вось сярод сотні “анімэ,” паводле яго, большая частка абавязкова будзе якасная і ледзьве не палову стужак можна будзе назваць шэдэўрамі.

Аляксей дадае, што многія аматары “анімэ” пачынаюць цікавіцца японскай культурай увогуле – тэатрам, літаратурай – вывучаюць японскую мову.

Сапраўдныя аматары “анімэ” намагаюцца глядзець гэтыя мультфільмы ў арыгінале – па-японску. Чуць арыгінальныя галасы – вельмі важна для адчуваньня атмасфэры твору. Таму “анімэ” звычайна не дублююць, а робяць субтытры. Стваральнікі сайту www.anime.of.by запрашаюць да супрацоўніцтва людзей, якія жадалі б перакладаць субтытры “анімэ” з ангельскай на беларускую. Яны лічаць, што японскія мультфільмы маглі б паспрыяць папулярызацыі беларускай мовы сярод моладзі, бо большасьць аматараў “анімэ” – гэта маладыя людзі ад 15 да 25 гадоў.
XS
SM
MD
LG