Як прадстаўленая ў сеціве беларуская моладзь – як “афіцыйная”, гэтак і “нефармальная”? У сёньняшняй праграме вы даведаецеся пра сайты сучасных беларускіх камсамольцаў, а таксама пра старонку “Анціпод” – прадстаўнікоў нефармальнай андэграўднай беларускай моладзевай культуры.
(Цыганкоў: ) “Нядаўна беларускія ўлады пампэзна адзначылі 85-годзьдзе стварэньня камсамолу. Мы вырашылі зьвярнуць увагу на сайты двух пераемнікаў гэтай арганізацыі – Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі ды Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі. Інтэрнэт-рэсурсы сёняшніх камсамольцаў аглядаў Юры Сьвірко”.
(Сьвірко: ) “Сайт www.brsm.by рэпрэзэнтуе сябе як інтэрнэт-партал. Аўтары сайту разумеюць гэтае паняцьце наступным чынам: найлепшае месца займае банэр афіцыйнай вэб-старонкі прэзыдэнта Беларусі, прычым пра самога Аляксандра Лукашэнку банэр ня згадвае, а зьмяшчае выявы дзяржаўнага герба і сьцяга ды слоган “Разам за моцную і квітнеючую Беларусь”. Вядома ж, увесь сайт цалкам расейскамоўны (іншых вэрсіяў няма). Другі банэр адкрывае старонку, якая назваецца “Усё пра краіну: сымболіка, гісторыя…” Краіна там называецца выключна гэтак: “Республика Белоруссия” (у дужках падаецца пераклад на беларускую – Рэспублiка Беларусь). І толькі трэці банэр ёсьць пераходам на “афіцыйны сайт БРСМ” з даволі прымітыўным дызайнам, аўтар якога – загадкавы Drakon Soft. Кідаецца ў вочы памылка ў назьве галоўнага разьдзелу – “Оганизация” бязь літары “р”. Затое можна пабачыць сымболіку БРСМ, у якой значнае месца займае бел-чырвона-белы сьцяг, які чамусьці суседнічае зь бел-аранжава-белым.
Але вернемся да так званага інтэрнэт-парталу. Адчуваецца, што яго стваральнікі любяць рыфмы. Вось тэкст апошняга банэру: “Тебе негде ночевать? Нужны постель, кровать?” Ня трэба думаць, што гэта неяк зьвязана з сэксам. І слоган "Нет – пагубному влечению! Да – популярному чтению!” таксама не датычыць полавых зносінаў – гэта назоў кастрычніцкае сацыяльнае акцыі БРСМ, дзе карыстаюцца яшчэ адным заклікам – “Не валяй дурака – книга лучше табака!”
Я патэлефанаваў дырэктару гэтага парталу Андрэю Сілічу, які на маё пытаньне пра творчыя пэрспэктывы сайту БРСМ адказаў гэтак.”
(Сіліч: ) “Можна на самім партале пакінуць сваю думку – што б хацела моладзь убачыць. Апошнія навіны там, гумар БРСМ’аўскі. Пэрспэктывы разьвіцьця наступныя – ёсьць людзі, якія зьбіраюцца публікаваць свае работы ў пляне літаратуры, прозы. Таксама там будзе клюб маладых журналістаў, будуць публікавацца іхныя работы на сайце СМІ.”
(Сьвірко: ) “Мажліва, навіны ад БРСМ і трэба разглядаць як БРСМ’аўскі гумар. На інтэрнэт-партале, акрамя “дурня й тытуня”, зьмешчаная другая ды апошнія навіна – пра суботнік 18 кастрычніка, прысьвечаны 85-годзьдзю ВЛКСМ. Гэтыя ж дзьве навіны паўтараюцца як прэсавыя рэлізы на сайце з назовам “Моладзевыя СМІ”. Галоўная старонка там вельмі ляканічная – “Вітаем вас”, а разьдзел “Газета “Знамя юності” складаецца з трох словаў і трох памылак– “О знамени Юнности”. Пра друкаваны орган БРСМ газэту “Чырвоная змена” няма ніводнага слова, затое даволі шмат інфармцыі аб радыёстанцыі “Пілот ФМ”, якая вяшчае на частаце 101.2. Прыхільнікі закрытага ўладамі радыё “101.2” могуць паглядзець, чым стала цяпер гэтая хваля.
Што да пажаданьняў, якія можна пакінуць на партале, дык іх усяго 8. Апошняе ад 31 кастрычніка пачынаецца па-беларуску: “хацелася б убачыць наступнае: "Эта страница сейчас недоступна”. Іншы карыстальнік хоча бачыць “нешта новенькае цікавенькае беларускае”, а яшчэ адзін – колькі грошай выдаткоўвае дзяржава штогод на ўтрыманьне БРСМ ды ўсіх яго праектаў і ці можна гэтыя грошы проста раздаць жабракам-бабулям і дзядулям. Ёсьць і пажаданьне мець зьвесткі “пра ідэалёгію і як на гэта рэагуе моладзь”. Дык ці будзе ідэалёгія на сайце БРСМ, пытаюся ў спадара Сіліча”.
(Сіліч: ) “У нас будзе ўсё для моладзі. То бок, што хоча моладзь бачыць, то яна і будзе бачыць. Ідэалёгія калі й будзе прасочвацца, дык вельмі тонка – так, каб не адпужваць моладзь, а наадварот прыцягваць”.
(Сьвірко: ) “Прыцягваць моладзь сайт БРСМ будзе і гэткімі сродкамі”:
(Сіліч: ) “Найбліжэйшым часам – можа, цягам месяца – адкрыецца служба знаёмстваў. Плянуецца прычапіць сюды форум і чат”.
(Сьвірко: ) “Паводле дырэктара інтэрнэт-парталу БРСМ, наведваньне пакуль ня вельмі масавае”.
(Сіліч: ) “На сам партал і на БРСМаўскі сайт – там, можа ў раёне 100 унікальных наведнікаў. 15–20 наведнікаў на дзень у гэты момант”.
(Сьвірко: ) “Яшчэ менш наведнікаў мае сайт www.lksmb.fatal.ru/ Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі. Адкрываецца ён выявай камсамольскае значкі зь Леніным і каляяжам з Лукашэнкам і сымболікай БРСМ. Над тэкстам – загаловак “Аўтарытарызм Лукашэнкі, або Як нашу моладзь дзярмо на вуліцах прыбіраць цягнуць”. Пасьля парачкі фразаў расейскім матам і закліку не далучацца да БРСМ (“Паважаны таварыш, калі табе прапануюць уступаць у гэтую арганізацыю маладых калхозьнікаў-гопараў, ты лепш падумай, ці варта гэта рабіць”), ідзе беларускамоўны тэкст артыкулу з “Народнай волі” – “Як гродзенскiя чыноўнiкi заганяюць моладзь у БРСМ”.
Разьдзел “Сувязь” на сайце пачынаецца запрашэньнем да супрацоўніцтва, цытую: “Дыктатарскі рэжым Лукашэнкі душыць грамадзтва Беларусі з усіх бакоў. Наша задача – зрынуць дыктатара, які косячы пад сацыялізм будуе буржуйскі капіталізм, і на яго месцы прабудаваць новае пралетарскае грамадзтва. Але ж СССР – гэта толькі пачатак. Даеш Рэвалюцыю!!!”. Там жа, разам з адрасам электроннае пошты ЛКСМБ, зьмешчаныя нумары мабільных тэлефонаў першага сакратара ЦК ЛКСМБ Дзьмітрыя Яненкі, кіраўнікоў гарадзкіх арганізацыяў Пінску ды Менску.
Я датэлефанаваўся толькі да галоўнага камсамольца сталіцы Аляксея Елісева і задаў яму пытаньне.”
(Сьвірко: ) “Ці гэты сайт дапамагае ў працы? Людзі праз інтэрнэт неяк выходзяць на ЛКСМБ?”
(Елісеў: ) “Ну так, выходзяць. Хаця і ня так часта, як хацелася б.”
(Сьвірко: ) “Яшчэ нейкая карысьць ад сайту ёсьць?”
(Елісеў: ) “Міжнародныя сувязі такім чынам лепш устанаўліваюцца з іншымі левымі моладзевымі арганізацыямі.”
(Сьвірко: ) “А шмат камсамольцаў далучаныя да інтэрнэту.”
(Елісеў: ) “Не, ня думаю, што шмат.”
***
(Цыганкоў: ) “Працягваем праграмы і цяпер пацікавімся іншым, нефармальным бокам моладзевага руху. “Магчыма, пасьля прачытаньня гэтага выпуску, вам сапраўды захочацца зрабіць сабе татуіроўку леапарда, напіцца сакэ альбо грапы ці, урэшце, стварыць свой уласны слэнг”, – гэтак прадстаўляе тэмы свайго нумары моладзевы часопіс “Анціпод”, www.ancipod.by.ru сайт якога нядаўна быў створаны ў інтэрнэце.
“Анціпод” – выданьне Беларускага калегіюму, два нумары якога выйшлі ў сьвет у папяровым выглядзе. Навошта спатрэбілася часопісу пераходзіць у інтэрнэт і чым будзе адрозьнівацца сецевая вэрсія? Гэта ды іншае мы абмяркоўваем з шэф-рэдактарам “Анціпода” Янам Мацурам.”
(Мацур: ) “Выйсьце ў Інтэрнэт, безумоўна, аблягчае нашую задачу хутчэй дайсьці да чытачоў. Каб выдаваць нейкае папяровае выданьне, трэба шмат рэсурсаў, часу, нейкія сувязі. А ў сеціве – гэта ўсім вядомая ісьціна – шмат лягчэй зрабіць нейкае выданьне. Зразумела, нам хацелася б выйсьці за рамкі гэтак званага ”выданьня для сваіх”, мець як мага болей чытачоў.
Мы зрабілі стаўку менавіта на якасьць, спрабуем зрабіць прадукт, які будзе цікава чытаць большай частцы нашай моладзі. Спрабуем у кожным нумары даваць тое, што, калі не шакуе, дык прынамсі зьдзіўляе людзей.
Галоўная праблема,чаму беларускія інтэрнэт-выданьні пакуль ня надта карыстаююцца папулярнасьцю, гэта тое, што не распрацаваныя пэўныя дасьследваньні інтэрнэт-рынку. Таму новым выданьням вельмі цяжка арыентавацца ў гэтай сытуацыі і рабіць доўгатэрміновыя пляны”.
(Цыганкоў: ) “Ці шмат у сеціве рэсурсаў нон-канфармісцкай, нефармальнай беларускай моладзі? Наколькі яны вядомыя, ці прыцягваюць увагу?”
(Мацур: ) “Відавочна, рэсурсаў, якія працуюць у тым самым фармаце, што і “Анціпод”, катастрафічна не хапае. Калі браць чыстыя інтэрнэт-выданьні, можна назваць толькі два-тры рэсурсы, якія на слыху. Гэта “Студэнцкая думка”, “Фарба”, Street journal – літаральна па пальцах можна іх пералічыць. Калі ж браць папяровыя выданьні, што маюць таксама сайты ў інтэрнэце, то сытуацыя ня лепшая. Таму гэтая ніша адчыненая, і мы спрабуем скарыстацца гэтай адчыненасьцю. Мы не адчуваем асаблівай канкурэнцыі, і гэта вельмі дрэнна. Бо гэта не азначае, што мы такія выключныя, а азначае толькі тое, што няма з кім канкураваць”.
(Цыганкоў: ) “У беларускім інтэрнэце няшмат такіх сайтаў, аднак на Захадзе амаль кожная нефармальная моладзевая групоўка мае сваю вэбстаронку. Часам інтэрнэт ідзе наперадзе жыцьця, а выглядае, што тут адваротная сытуацыя. Ці гэтыя андэрграўдныя групоўкі незаўважныя ў беларускім грамадзтве? Ці яны проста яшчэ не прыйшлі ў інтэрнэт?”
(Мацур: ) “Галоўная прычына палягае ў тым, што такія андэрграўдныя сайты не выходзіяць на паверхню – у тым, што яны робяцца для закрытай аўдыторыі, для сваіх. У любым выпадку ў Беларусі дастаткова хуткай разьвіваюцца вэбсайты, заснаваныя нефармальныя групоўкамі, але яны створаныя для зачыненай аўдыторыі, для больш жвавага і даступнага інфармацыйнага абмену паміж сябрамі гэтых груповак. Таму не зусім карэктна параўноўваць нашае выданьне калегіюму і, напрыклад, сайт БРСМ. Бо сайт БРСМ – чыста арганізацыйны, і там інфармацыя статычная. Нашае выданьне мае іншую прыроду і спэцыфіку, мы рэгулярна абнаўляемся і распавядаем усім і пра ўсё, а ня толькі пра сябе”.