Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы законапраект аб СМІ, сайты шукальнікаў скарбаў, Крамбамбуля


Вольга Караткевіч, Прага

Новы законапраект аб сродках масавай інфармацыі вельмі крытычна ўспрынялі беларускія праваабаронцы, Беларуская асацыяцыя журналістаў, замежныя экспэрты. Сярод іншага шмат гаворыцца пра ўключэньне ў законапраект панятку сецевы сродак інфармацыі – гэта значыць выданьне ў інтэрнэце.

Інтэрнэту прысьвечаны ўсяго абзац, там няма дакладнага акрэсьленьня тыпу інтэрнэт-выданьня. Супрацоўнікі такіх выданьняў неадназначна ацэньваюць палажэньне законапраекту, датычнага сеціва. Я пагутарыла з рэдактарам інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” naviny.by – Аляксандрам Зайцавым. І першае пытаньне: “ці сасьпеў у Беларусі час, каб кантраляваць якасьць інфармацыі ў інтэрнэце такім вось чынам альбо ўлады паспрабуюць выцясьніць непадцэнзурную інфармацыю нават зь сеціва?”

(Зайцаў: ) “Наконт якасьці я бы адказаў такім чынам: наагул інтэрнэт у Беларусі знаходзіцца ў пачаткавым стане, у параўнаньні нават з суседнімі Расеяй ці Ўкраінай. Што датычыць інфармацыйнай напоўненасьці інтэрнэту беларускага, можна казаць, што ён знаходзіцца ў зародкавым стане. У нас амаль няма добра распрацаваных рэсурсаў. Калі глянуць на самыя папулярныя лічыльнікі беларускага сеціва – Акавіта ці open.by, у верхніх радках інфармацыйных разьдзелаў знаходзяцца толькі некалькі рэсурсаў, якія карыстаюцца вялікім попытам. Гэта – наш рэсурс naviny.by, гэта Хартыя – charter97.org, БДГ bdg.by і на гэтым сьпіс хіба што завяршаецца.

Улічваючы апошнюю частку пытаньня, трэба сказаць наступнае: каб кантраляваць якасьць, час яшчэ не сасьпеў, але ўлады імкнуцца ўзяць пад пільную ўвагу гэты бок інфармацыйнай прасторы. Пра цэнзуру казаць цяжка, але тое, што ў новым законе аб друку і сродках масавай інфармацыі ўводзіцца такое паняцьця як сецевы сродак масавай інфармацыі, так гэта робіцца, каб пашырыць падкантрольную інфармацыйную зону.”

(Караткевіч: ) “Вы зьвярнулі ўвагу на фармулёўку артыкула пра сецевыя СМІ – гэта СМІ, якое рэгулярна займаецца зборам, захаваньнем і распаўсюдам інфармацыі, рэдакцыя якога мае статус вытворцы і распаўсюдніка” – ці не магчыма пад гэтую фармулёўку падвесьці ўсе беларускія інтэрнэт-старонкі, якія зьмяшчаюць навіны і аналітыку?”

(Зайцаў: ) “У гэтым і пытаньне, што праект новага закону аб друку не дае фармулёўкі, якія менавіта інтэрнэт-старонкі можна аднесьці да інфармацыйнага рэсурсу. Калі закон будзе прыняты ў такім выглядзе як ёсьць, і калі пачнецца рэгістрацыя інтэрнэт-выданьняў, натуральна паўстане вельмі шмат пытаньняў: ці абавязаны інтэрнэт-рэсурс знаходзіцца ў беларускім сэктары інтэрнэту, ці павінен прысутнічаць у дамэне .by, ці павінен сэрвэр, на якім ляжыць гэты сайт, знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, яшчэ шмат пытаньняў можа ўзьнікнуць у рэсурсаў, якія знаходзяцца ў іншых дамэнах: .com, .net, .org, .ru і гэтак далей."

(Караткевіч: ) “У вашай рэдакцыі, напрыклад, ці ўзьнікалі дыскусіі на тэму таго, што артыкул новага законапраекту, датычны сецевых СМІ, зьяўляецца небясьпечным?”

(Зайцаў: ) “Мы чакаем гэтага закону з пэўным хваляваньнем, бо да гэтага часу мы працавалі, скажам так, па-за прававой прасторай. І нам будзе крыху прасьцей, бо "Беларускія навіны" ўваходзяць у структуру інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, у нас ужо ёсьць рэдакцыя і ёсьць заснавальнік. З пункту гледжаньня рэгістрацыі нам будзе крыху прасьцей, чым іншым. Аднак тыя патрабаваньні, якія ёсьць у новай рэдакцыі закону аб друку, што датычыць неабходнасьці ўказваць гэтак званыя “выходныя дадзеныя” выданьня, так тут нам будзе цяжка суадносіць сваю дзейнасьць з патрабаваньнямі закону. У выходных дадзеных, якія мы павінны будзем указываць, ёсьць такі пункт як нумар выпуску і дата выпуску. Але ж мы он-ляйн выданьне, мы абнаўляемся амаль кожную хвіліну, мы працуем 18 гадзінаў у суткі. У нас проста не існуе такога паняцьця як нумар выпуску і ягоная дата. Калі мы, напрыклад, не ўдакладнім гэтай пазыцыі зь Міністэрствам інфармацыі, ці яна ня будзе больш дэталёва прапісаная, мы амаль у першы ж дзень працы можам, груба кажучы, нарвацца на нейкае папярэджаньне”.

Гаварыў рэдактар інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” Аляксандар Зайцаў. Рэдакцыя БДГ зьмясьціла на сваім сайце апытанку – “Ці варта распаўсюджваць дзеяньне закону аб СМІ на Інтэрнэт?” Больш за палову ўдзельнікаў – 54% адказалі, што ні ў якім разе. 21% адзначылі, што ў залежнасьці ад сайту, некаторыя адказалі, што чакаюць самога закону.

***

Як знайсьці скарб? Напалеонаўскае багацьце ці хаця бы невялікі гляк са старажытнымі манэтамі? Дзе шукаць, як шукаць? Гэтай тэме прысьвечаныя як мінімум дьзве старонкі беларускага сеціва. Па адрасе www.kladoiskatel.h10.ru месьціцца сайт, які аўтары ўважаюць за “першую беларускую бачыну, прысьвечаную скарбам і скарбашукальніцтву”. А вось па адрасе www.bc.by.ru месьціцца рэсурс пад назвай “Беларускі калекцыянэр”, чые стваральнікі таксама ўважаюць сябе за першых.

(Квяткоўскі: ) ““Мы гарантуем поўную канфiдэнцыяльнасьць!” Такімі словамі сустракае наведніка сайт, прысьвечаны скарбашукальніцтву. Канфідэнцыяльнасьць гарантуецца ў дапамозе пры ацэнцы і продажы манэтаў. Чаму ў гэтай справе патрэбная таямнічасьць? Справа ў тым, што па распадзе Савецкага Саюзу людзі перасталі добраахвотна аддаваць скарбы дзяржаве. Прынамсі, так мяркуе каардынатар другога сайту – “Беларускага Калекцыянэру” – Аляксандар Лемех”.

(Лемех: ) “Апошнія гадоў дванаццаць-трынаццаць амаль не даходзяць. Разыходзяцца параз клюбы калекцыянэраў па Беларусі”.

Цяпер зразумела, чаму стваральнікі сайту скарбашукальнікаў не адгукнуліся на прапанову распавесьці праз радыё пра свой сайт. Аляксандар Лемех таксама на некаторыя пытаньні адказваў наступным чынам:

(Лемех: ) “Я не магу на пытаньне адказаць, бо могуць быць прэтэнзіі з боку дзяржавы”.

Зрэшты сайт “Беларускага калекцыянэра” спэцыялізуецца на калекцыяваньні як такім. Гэта сапраўдны партал, які ўлучае ў сабе тэматычныя рубрыкі па кірунках: нумізматыка, баністыка, філятэлія, фрагістыка, мадэлізм і нават філюмэнія. Так клічуць калекцыянаваньне запалкавых пушак. Паводле стваральнікаў, сайт арыетаваны на наведнікаў зь Беларусі, Расеі, Польшчы, Ўкраіны ды Літвы. Тут месьцяцца навуковыя артыкулы, дэманструюцца прыватныя калекцыі. Але найперш сайт закліканы дзеля камунікацыі між калекцыянтамі.

(Лемех: ) “У нас не было мэты атрымаць прыбытак, у нас была мэта наладзіць сувязі. Уласныя сувязі што да абмену, продажу, пакупкі”.

Што да сайту скарбашукальнікаў, ён утрымлівае такія разьдзелы, як “тэхналёгія пошуку”, “нашыя знаходкі”, “фотагалерэя” ды іншыя. А таксама праз сайт можна набыць адмыловае прыстасаваньне для пошуку скарбаў. Па-просту – мэталашукальнік сучаснай канструкцыі. Рэч ня танная – каштуе паўтары тысячы даляраў. Дарэчы, апошні буйны скарб быў нядаўна знойдзены ў Берасьцейскае вобласьці. Ён уключаў некалькі тысяч манэт. Распавядае Аляксандар Селех.”

(Селех: ) “Быў прададзены на пачатку гэтага году празь некалькіх калекцыянтаў Берасьця. Ён уключаў манэты Сярэднявечча. Ён уключаў наступныя наміналы: талер, паўталер і шасьціграшавікі”.

(Квяткоўскі: ) “І колькі гэта ўсё на сёньняшнія даляры каштуе?”

(Селех:) “Я лічу, што ня менш за дзьве тысячы даляраў”.

Я запытаўся, ці вераць калекцыянты ў існаваньне вялікіх скарбаў, якія могуць каштаваць сотні тысяч даляраў? Такіх, як легендарны скарб Напалеона. На меркаваньне Аляксандра Селеха, такіх скарбаў можа быць дзясяткі.

На заканчэньне варта нагадаць, што ўсе скарбы паводле закону належаць дзяржаве. Той, хто знайшоў атрымлівае дваццаць пяць адсоткаў ад кошту знаходкі. Забараняецца шукаць скарбы ў месцах, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

***

І завяршаем сёньшнюю перадачу пра беларускі інтэрнэт аўдыё прэзэнтацыяй для тых, хто не патрапіў на музычную прэзэнтацыю ў Менску. 12 кастрычніка ў Канцэртнай залі “Менск” Лявон Вольскі, Аляксандар Кулінковіч і Сяргей Міхалок прадстаўлялі новы альбом “Крамбамбуля-1,5”.

Папулярнасьць аўтараў і праекту вельмі вялікая, як, дарэчы, папулярны і іхны афіцыйны сайт www.krambambula.com. Сайт вельмі арыгінальна аформлены, каляровы, зроблены ў тэхналёгіі Flash. Каб паслухаць песьню, трэба ціснуць на грамафон, а ў віртуальным бары вам прапануюць пакінуць рэцэпт алькагольнага напою. На момант падрыхтоўкі матэрыялу там ужо былі зьмешчаныя тры кампазыцыі з новага альбому – “Госьці”, “Марскі чалавек” і “Безалькагольнае піва”.
XS
SM
MD
LG