Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці часта карыстаюцца ў правінцыі сецівам і чаму ў маленькіх гарадах дарагі доступ у Інтэрнэт? Ці існуе ў Беларусі інтэрнэт-банкінг?


Віталь Цыганкоў, Менск

Як часта карыстаюцца ў беларускай правінцыі Інтэрнэтам? Чаму ў многіх нават раённых гарадах нельга знайсьці Інтэрнэт-кавярні ці любога іншага месца, адкуль можна выйсьці ў сеціва? Севярын Квяткоўскі ў пошуках адказаў на гэтыя пытаньні прыйшоў да высновы, што па-за буйнымі гарадамі Беларусі Інтэрнэт застаецца дарагой забавай.

(Севярын Квяткоўскі: ) “Першае, што ўражвае сталічнага наведніка правінцыйнага Інтэрнэт-клюбу — мадэм, які злучае карыстальніка з Інтэрнэтам. Ні пра якую асобную вылучаную лінію зазвычай гаворка не вядзецца. Другое — кошт. Напрыклад, у Мядзелскім кампутарным клюбе “Глядыятар” кошт адной гадзіны Інтэрнэту складае шэсьць тысяч рублёў. У той час, як у Менску не дацягвае да дзьвюх тысяч.

Адміністратар “Глядыятару” Артур тлумачыць праблему тым, што ў Мядзеле няма свайго правайдэра:

(Артур: ) “Правайдэр “Белтэлекам” у нас. Наш тэлефон зарэгістраваны на арганізацыю. Два з паловай цэнты хвіліна, плюс ПДВ, званок па горадзе для арганізацыі, пяць працэнтаў яны яшчэ звыш бяруць і плюс выкарыстаньне кампутара”.

Усё разам складае шэсьць тысяч рублёў за гадзіну. Інтэрнэтам мядзелскага кампутарнага клюбу карыстаюцца разам каля дзьвюх гадзінаў на месяц. Альбо ў сярэднім чатыры хвіліны на дзень. Збольшага гэта прыезныя зь Менску людзі, якім трэба спраўдзіць сваю электронную пошту. Кампутарны клюб існуе ў Мядзеле ўжо год. Артур прыгадвае, што за першыя два месяцы працы было замоўлена толькі пятнаццаць хвілінаў Інтэрнэту. Праезны бізнэсовец праверыў пошту ды паехаў сабе далей.

Артур кажа, што клюб мог бы набыць пакет Інтэрнэт-паслугаў у менскага правайдэра, тады б кошт гадзіны склаў бы ўдвая менш — тры тысячы беларускіх рублёў. Але, каб прадпрыемства акупалася, трэба, каб штодня замаўляліся не чатыры хвіліны, а дзьве гадзіны Інтэрнэту.

Я запытаўся ў Артура, што мусіць зьмяніцца, каб у правінцыі кошт на Інтэрнэт зьнізіўся, а попыт падвялічыўся:

(Артур: ) “Пытаньне ў тым, што ў Мядзеле гэта нікому не патрэбна. Пытаньне ў тым, што людзі папросту ня ведаюць, што гэта такое”.

Праўда, моладзь ведае, і цікавіцца Інтэрнэтам. Але мала хто ўсьведамляе магчымасьці, якія дае чалавеку сеціва:

(Артур: ) “Калі, напрыклад, сярэднестатыстычнаму школьніку даць волю. Трыццаць адсоткаў пачаткоўцаў пачынаюць лазіць на порна і да т.п.”.

Зрэшты, у Мядзеле ёсьць і прасунутыя людзі, якія карыстаюцца Інтэрнэтам ня толькі дзеля забавы, а найперш для сувязі. Але навошта ісьці ў дарагую Інтэрнэт-кавярню, калі таньней зайсьці ў сеціва з хатняга кампутара.

Больш пашанцавала жыхарам абласных цэнтраў і вялікіх гарадоў. Напрыклад, у блізкім ад Мядзелу Маладэчне гараджанін мае магчымасьць бясплатна пакарыстацца Інтэрнэтам. Для гэтага трэба наведаць Цэнтральную гарадзкую бібліятэку імя Максіма Багдановіча. Гаворыць уладальнік аднаго з кампутарных клюбаў Маладэчна Сяргей Чымілевіч:

(Чымілевіч: ) “Часу даюць гадзіну, адну гадзіну. Чарга там звычайна на тыдзень. Бясплатна. Там чатыры кампы стаіць на адным мадэме”.

Хуткасьць маленькая, затое бясплатна, — дадае Сяргей Чымілевіч.

Слабамоцны бясплатны Інтэрнэт у Беларусі існуе дзякуючы амэрыканскай адукацыйнай фундацыі ІСР. Зрэшты, для многіх людзей гэта ці не адзіная магчымасьць далучыцца да сеціва. І хаця ў Маладэчне ў Інтэрнэт-клюбе кошт на гадзіну карыстаньня не перавышае менскі, Сяргей Чымілевіч таксама запісваўся ў чаргу на бясплатны Інтэрнэт.

Што першаснае ў праблеме неразьвітасьці Інтэрнэту ў Беларускай правінцыі: адсутнасьць грошаў у людзей і пасіўнасьць інвэстараў, ці кампутарная непісьменнасьць? Сыстэмны адміністратар зь Мядзелу Артур найперш адзначае непісьменнасьць. А Сяргей Чымілевіч прыводзіць у прыклад гісторыю маладэчанскага кампутарнага клюбу, якому давялося зачыніцца за-за канфлікту зь мясцовай адміністрацыяй:

(Чымілевіч: ) “Там дом жылы. Вось ім сказалі пафарбаваць фасад, разьбіць клюмбы, плітку чарговы раз пасьцяліць, тысячы даляраў вымагалі. Давялося ім зачыніцца. Гэта вельмі шмат для кампутарнага клюбу. У нас жа тут заробкі ня менскія далёка”.


* * *
Ці ёсьць у Беларусі Інтэрнэт-банкі, Інтэрнэт-банкінг і Інтэрнэт у банках? Як працуюць сайты беларускіх фінансавых установаў і як можна іх выкарыстоўваць? Шукаючы адказ на гэтыя пытаньні, наш карэспандэнт Юры Сьвірко прагледзеў амаль усе старонкі банкаў Беларусі ў сеціве і высьветліў, што ўсё гэта прысутнічае, але ў пачатковых формах.

(Юры Сьвірко: ) “Тыя, хто ўжо 10 гадоў сочаць за працэсам аб’яднаньня грашовых сыстэмаў Беларусі й Расеі, могуць даведвацца апошнія афіцыйныя навіны на сайце беларускага Нацыянальнага банку www.nbrb.by Там жа ёсьць афіцыйны курс абмену валютаў, стаўкі Нацбанку ды цэны каштоўных мэталаў. Але галоўны банк Беларусі ня ёсьць камэрцыйным, як усе іншыя банкі краіны. Як яны выкарыстоўваюць Інтэрнэт у сваёй працы?”

Менскі “Джэм-банк” (djem.by) прапануе на сваёй галоўнай старонцы фінансава-эканамічныя навіны агенцтва “Интерфакс”, а таксама пераход на старонку свайго Інтэрнэт-банкінгу — bank.djem.com

Што ж такое Інтэрнэт-банкінг па-беларуску? Паводле “Джэм-банку”, гэта доступ да банкаўскай інфармацыі 24 гадзіны і 7 дзён на тыдзень, інфармацыя пра рахункі ў рэальным рэжыме часу, стварэньне і перадача ў банк платных даручэньняў у любы зручны час, шматузроўневая сыстэма бясьпекі ды, што важна ў Беларусі, працаздольнасьць ува ўмовах каналаў сувязі зь нізкай хуткасьцю.

Але разьвіцьцё сучасных банкаўскіх паслугаў стрымлівае ня толькі недаразьвітасьць сыстэмаў сувязі ды малы адсотак карыстальнікаў сеціва. Асабліва ўражвае тэкст у разьдзеле “Сэрвіс для кліентаў” на сайце буйнога беларускага банку “Белінвэстбанк” (www.belinvestbank.by). Працытую яго:

“Гэты разьдзел уяўляе сабой закрыты спэцыяльнай сыстэмай пароляў і ключоў доступу пункт уваходу ў інфармацыйную сыстэму Банку для яго кліентаў. У гэтай вэрсіі WEB-сайту гэты разьдзел носіць экспэрымэнтальны характар. Мэта яго стварэньня — адпрацаваць сродкі й мэтады надзейнай абароны інфармацыйнай сыстэмы банку ад вонкавых атак з боку INTERNET”.

Як можна пабачыць, “Інтэрнэт” у “Белінвэстбанку” пішуць вялікімі лацінскімі літарамі ды лічаць вонкавым ворагам, які можа атакаваць.

А ў “Белзьнешэканамбанку” зарэгістравалі свой сайт пад доўгай назвай www.belvnesheconombank.by, якая вельмі нязручная для напісаньня. Ёсьць і яшчэ адна — bveb.by, але якая зь іх галоўная — невядома. Да таго ж віцебская філія банку мае свой уласны сайт — www.bveb.vitebsk.by Даволі нязручная і сыстэма, якая называецца ў банку “Аддаленае абслугоўваньне кліентаў з выкарыстаньнем электроннай паштовай сыстэмы”.

Начальнік аддзелу электроннага дакумэнтаабароту “Белзьнешэканамбанку” Юры Логвінаў вельмі зьдзівіўся, калі пачуў ад мяне, што я хачу падключыцца да сыстэмы “Кліент-банк” як фізычная асоба”.

(Логвінаў: ) “Сыстэма якая. Паведамленьне, калі яно накіроўваецца — гэта выплатнае даручэньне альбо выплатнае патрабаваньне, — спачатку перадаецца сюды ў банк, і празь нейкі час, калі яно пасьпяхова было прынятае, вы назад атрымліваеце пацьверджаньне, што яно прынятае адміністратарам. Яшчэ праводзіцца праверка лічбавага подпісу пад гэтым дакумэнтам. У мяне юрыдычныя асобы — напэўна, больш за 100 зь нечым. Фізычных у нас няма”.

Цікава, што сыстэму “Кліент-банк” абяцае фізычным асобам на сваім сайце Белаграпрамбанк (www.belapb.com) Відаць, сельскія жыхары Беларусі найбольш падрыхтаваліся да такога тыпу банкінгу. Ня дзіва, што ў Беларусі Інтэрнэт-банкінг не разьвіваецца, хаця яшчэ адну вэрсію яго можна знайсьці на сайце “Тэхнабанку” (www.tb.by), дзе ў адпаведным разьдзеле рубрыка “Пытаньне-адказ” пачынаецца гэтак: “Я маю плястыкавую картку вашага банку, а значыць, і рахунак у вашым банку. Ці магу я карыстацца сыстэмай Інтэрнэт-банк?”

І вось які адказ дае “Тэхнабанк”: “Не, працаваць з сыстэмай Інтэрнэт-банк могуць толькі юрыдычныя асобы”. Адметна, што інтарэс у фізычных асобаў ёсьць. Зацікаўленыя могуць паглядзець дэманстрацыную вэрсію Інтэрнэт-банкінгу на сайце “Белпрамбудбанку” — http://bpsb.by/bank/ru.services.vip.demo.html

На жаль, нават банкі з удзелам замежнага капіталу не спрабуюць тут нешта зьмяніць. Ня ёсьць выключэньнем і “Прыёрбанк”, стартавая старонка якога (www.priorbank.by) выкананая па-ангельску ды зьмяшчае лінк да аўстрыйскага “Райфайзэнбанку”, які мае тут кантрольны пакет акцыяў. А ў расейскамоўнай вэрсіі сайту сярод іншай інфармацыі падаецца сьпіс банкаматаў “Прыёрбанку” ўва ўсіх гарадах Беларусі. Цікава, што з банкамату ў сьцяне сталічнай гасьцініцы “Менск” на плошчы Незалежнасьці можна атрымаць наяўныя эўра.

Асноўную інфармацыю пра найбуйнейшы камэрцыйны банк краіны “Беларусбанк” можна атрымаць на сайце www.belarusbank.minsk.by, але ягоная 514-я філія мае сваю ўласную старонку www.514asb.by, на якой ёсьць больш канкрэтныя зьвесткі й сьпіс менскіх банкаматаў гэтага банку.

Сумна тое, што ніводзін беларускі банк ня мае беларускамоўнай вэрсіі сайту, хаця бальшыня мае ангельскамоўныя. Толькі Беларускі Народны банк разьмясьціў на сайце свой лягатып па-беларуску, дадаўшы яшчэ два словы: “Нацыянальныя каштоўнасьці”. Беларускамоўнага на сайце больш няма”.
XS
SM
MD
LG