Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі хоча навязаць Інтэрнэт-клюбам выхавальнікаў-псыхолягаў; Адам Глобус стварыў першы беларускі Інтэрнэт-раман


Віталь Цыганкоў, Менск

Міністэрства адукацыі Беларусі выступіла з ініцыятывай увядзеньня ў кампутарных клюбах і Інтэрнэт-кавярнях новай штатнай адзінкі — настаўніка ці выхавальніка з функцыямі псыхоляга. У абавязкі такога выканаўцы будзе ўваходзіць кантроль за юнымі наведнікамі, якія выяўляюць асаблівую цікаўнасьць да “дарослых” сайтаў ды гульняў. Супрацоўнікі такіх клюбаў лічаць, што кантрольныя органы ў сваіх памкненьнях чарговы раз перастараліся. Тэму працягвае Ігар Карней:

(Карней: ) “У шэрагу кампутарных клюбаў кантралёры-псыхолягі ўжо зьявіліся. Пераважна гэта былыя настаўнікі сярэдніх школаў, якія часта нават не валодаюць кампутарам, ды з азамі псыхалёгіі знаёмыя на ўзроўні школьнай праграмы. Зрэшты, пакуль гэта тычыцца кампутарных клясаў, адчыненых пры дзяржаўных ЖЭСах. На шырокі камэрцыйны прастор псыхолягі пакуль ня выйшлі і, мяркуючы зь некаторых апытаньняў, ня вельмі іх дзе і чакаюць. Адміністратар менскага кампутарнага клюбу “Камбат” Віталь Арэхаў кажа, што апроч галаўнога болю, у гаспадароў установаў падобная ініцыятыва нічога не выклікае.

(Адміністратар: ) “Я чуў, што падобная ініцыятыва рыхтуецца. Ня ведаю, зацьверджаная яна альбо не, але ў нас пакуль такой адзінкі няма. Але тое, што будзе такая пасада — псыхоляг кампутарных клюбаў, я чуў. Наконт карысьці ад гэтага — сказаць цяжка. Асабіста я ня бачу сэнсу ад такога псыхоляга. У прынцыпе, сам адміністратар павінен быць псыхолягам. А так — штатная адзінка, выдаткі лішнія, заробак яму плаціць трэба. Мне здаецца, бессэнсоўная ідэя. І мне, зрэшты, усё роўна — будзе ён ці ня будзе”.

У Міністэрстве адукацыі ўпэўненыя, што нагляд за кампутарнымі клюбамі неабходны. Маўляў, дзеці цяпер аксэлераты, і занадта рана цікавяццца “дарослымі” праблемамі. І найперш трэба кантраляваць, каб не было несанкцыянаваных паходаў у сеціва (маюцца на ўвазе, натуральна, эратычныя сайты) — таму й мусіць быць прыстаўлены дзяржаўны кантралёр. Да таго ж, частыя выпадкі, калі школьнікі папросту ігнаруюць заняткі й сядзяць у такіх клюбах ад ранку да вечара. Мой суразмоўца Віталь Арэхаў з гэтай нагоды кажа, што і сам цудоўна спраўляецца з функцыяй “кантралёра”.

(Адміністратар: ) “Я, як адміністратар, сваю працу выконваю. Навошта, каб нехта яшчэ сядзеў, за дзецьмі сачыў? Увогуле, я да дзяцей стаўлюся вельмі добра, таму і мяне тут, шчыра кажучы, усе ведаюць, паважаюць і любяць. А з улікам, што ў нас чыста гульнявы клюб, то кагосьці “вылоўліваць” у сеціве не даводзіцца”.

Мэтазгоднасьць новай штатнай адзінкі амаль ва ўсіх клюбах камэнтуюць адназначна — выкінутыя грошы. Толькі ў клюбе “Вірус” сказалі, што часам нядрэнна было б асобных маладых наведнікаў прыцішыць.

(Супрацоўнік “Вірусу”: ) “Некаторых, можа, і варта. Але цяжка сказаць адназначна. Можа было б і нядрэнна, каб быў выхавальнік”.

Пакуль ідэя Міністэрства адукацыі наконт увядзеньня пасады псыхоляга кампутарных клюбаў існуе на ўзроўні рэкамэндаўчай. Аднак, канстатуюць некаторыя супрацоўнікі клюбаў, кожная рэкамэндацыя ў Беларусі ўрэшце даводзіцца да абавязковага выкананьня. Як параўнальна нядаўна здарылася з “пашпартызацыяй” Інтэрнэт-кавярняў: перш чым сесьці за кампутар, трэба ідэнтыфікаваць асобу”.


* * *
Першым беларускім Інтэрнэт-раманам назваў Адам Глобус свой новы тэкст, зьмешчаны на сайце www.litara.net. Чым Інтэрнэт-раман мусіць адрозьнівацца ад звычайнага? Як яго вызначаць: паводле зьместу, формы, ці спосабу напісаньня? Адказы на пытаньні дае сам аўтар — Адам Глобус, а таксама літаратурны крытык Ганна Кісьліцына, зь якімі гутарыць Севярын Квяткоўскі.

(Квяткоўскі: ) “Раман “Дом” — гэта нізка мініятураў, прысьвечаных сям’і Адама Глобуса. Кожнаму з блізкіх людзей аўтара, а таксама пэўным жыцьцёвым сытуацыям — і радасным, і трагічным. Тэкст складаецца зь пяці частак і месьціцца на сайце Літара.net у разьдзеле “Форумы”. Фрагмэнты тэксту паступова зьяўляліся на розных форумах Літары, і вось цяпер сабраныя аўтарам разам. Ці можна “Дом” назваць “першым беларускім Інтэрнэт-раманам”?

Літаратурны крытык Ганна Кісьліцына мяркуе, што зарана казаць пра зьяўленьне сапраўднага Інтэрнэт-раману:

(Кісьліцына: ) “Гэта фальстарт, мы трошкі пасьпяшаліся. Я ня бачыла ніводнага Інтэрнэт раману, я бачыла толькі тэксты літаратурныя ў Інтэрнэце. Па-першае, павінны быць спасылкі на аўтара. На яго сяброў, на яго дом. На тыя кнігі, якія ён чытае, на тыя сайты, якія ён наведвае. Гэта павінна быць літаратура зусім іншай якасьці. З музыкай, з карцінкамі”.

Адам Глобус тлумачыць адсутнасьць ілюстрацыяў парамэтрамі сайту Літара.net, які прадугледжвае адно зьмяшчэньне тэкстаў.

(Глобус: ) “Ён мяне цалкам не задавальняе. Не задавальняе дызайн, ягоныя тэхнічныя парамэтры, што я не магу праілюстраваць. Канечне, трэба з часам гэта ўсё мяняць — і дызайн, і рухомасьць. Ясна, што і флэш, і малюнкі трэба будзе ўстаўляць”.

У такім выпадку, чаму Адам Глобус абраў для стварэньня раману менавіта сайт Літары? Аўтар тлумачыць выбар жаданьнем пераадольваць рэакцыю чытацкай аўдыторыі. Тэкст раману выстаўляюся па частках на розных галінках форуму Літары. І кожны, хто жадаў, пакідаў свае заўвагі, рэфлексіі. Таму Адам Глобус мяркуе, што “Дом” — усё ж Інтэрнэт-раман. Калі ня формай, дык паводле прынцыпу напісаньня. У названым кантэксьце зь меркаваньнем Адама Глобуса перагукаюцца словы Ганны Кісьліцынай:

(Кісьліцына: ) “Мне здаецца, што чытачы паўплывалі ў дадзеным выпадку на Глобуса. Замаўлялі яму новыя лініі, новых герояў. Увесь час узьнікае які-небудзь новы чалавечак, які пачынае пытацца: “А на якой мове размаўляе ваша дачка?”, “Як здароўе вашай мамы?”, ці проста піша гадасьці пра Глобусаву жонку. І мне падаецца, што “Дом” — гэта адказ на цікаўнасьць да прыватнага жыцьця публічнае асобы”.

Яшчэ адна акалічнасьць, чаму “Дом” можна лічыць Інтэрнэт-раманам:

(Глобус: ) “Я ўспрымаў Нэт як свой працоўны стол. Менавіта Літара.net — гэта мой працоўны стол, дзе выкідаюцца мае чарнавікі, мае накіды, мае фрагмэнты. Ён пісаўся па-рознаму. Пісалася нешта і ў блакноціку, нешта на стацыянарным кампутары. Але большая частка ўсё ж пісалася з улікам вось гэтага акенца, куды ўкідаецца. Таму ён і першы”.

Зрэшты, Адам Глобус прызнае, што “Дом” толькі часткова Інтэрнэт-раман, што “Дом” — гэта пераход ад звычайнага да Інтэрнэтавага твору. Прататыпам тэхнікі пісаньня Інтэрнэт-раману для Адама Глобуса сталася старажытная японская літаратура:

(Глобус: ) “Я арыентаваўся на клясычныя японскія дзёньнікі: Сёнагон, Іса... Яны былі напісаныя на асобных аркушыках. І калі вецер, напрыклад, іх зьдзьме, і іх сабраць у іншым парадку, яны ўсё роўна будуць чытацца”.

У Адама Глобуса ёсьць правіла — не дэманстраваць новы твор, калі не падрыхтаваны наступны. У плянах — новыя Інтэрнэт-творы.

(Глобус: ) “Я лічу, што шмат што з маіх “Сучасьнікаў” будзе зарганізаваны ў вялікія кампазыцыі. Я яшчэ прыдумаў “сэкс” і “эвалюцыя”: “Сэксэвалюцыя”, паспрабую такі раман напісаць”.

Ці ёсьць новы тэкст Адама Глобуса стопрацэнтова Інтэрнэт-раманам, ці толькі часткова — у кожным выпадку, літаратурны крытык Ганна Кісьліцына мяркуе, што на сайце Літара.net зьявілася новая, не падобная да іншых рэч”.
XS
SM
MD
LG