Крыху больш за тыдзень засталося працаваць у Беларусі Савету ў міжнародных дасьледаваньнях і абменах (IREX). Міністэрства замежных справаў Беларусі, якое не падоўжыла акрэдытацыю амэрыканскаму гуманітарнаму прадстаўніцтву, патрабуе поўнага скасаваньня дзейнасьці арганізацыі ад 7 жніўня. Які лёс пасьля гэтага чакае Інтэрнэт-рэсурсы, якімі карыстаюцца і журналісты — як недзяржаўных, так і афіцыйных выданьняў, спрабаваў высьветліць наш карэспандэнт Ігар Карней.
(Ігар Карней: ) “Ад 1997 году амаль паўтысячы чалавек у Беларусі рэальна скарысталіся конкурснымі прапановамі Савету ў міжнародных дасьледаваньнях і абменах і пабывалі па праграмах працоўных стажыровак за межамі краіны. Але шматразова большая колькасьць беларусаў штодня карыстаецца Інтэрнэт-рэсурсамі IREX: гэта і адчыненыя з тэхнічнай дапамогай IREX вэб-сайты выданьняў, і вялізная фотакрама, і ўласна беларуская Інтэрнэт-старонка Савету. Ад 7 жніўня, паводле распараджэньня МЗС, уся дзейнасьць IREX у Беларусі павінна быць прыпыненая. Які лёс чакае Інтэрнэт-базу IREX? Ці ёсьць шанец застацца ў Беларусі прынамсі віртуальна? Каардынатарка праграмаў IREX Аксана Паповіч кажа, што пытаньне гэта занадта складанае, каб на яго адказаць адназначна.
(Паповіч: ) “Мы і самі гэтага яшчэ ня ведаем. Пакуль пытаньне ў стадыі вырашэньня: альбо сайты будуць зачыненыя, альбо яны будуць працягваць працу. І залежыць гэта шмат ад якіх аб’ектыўных фактараў і, натуральна, ня толькі ад нас. Але калі мы самі ня можам адказаць зараз на гэта пытаньне, то нечага абяцаць людзям таксама ня можам. Але пакуль што ўсё адбываецца ў ранейшым рэжыме, і спадзяемся, што прынамсі так будзе да 7 жніўня”.
Калі Інтэрнэт-праграмы ўсё ж давядзецца згарнуць, адчуюць гэта найперш рэгіянальныя беларускія мас-мэдыі, якія дагэтуль нават і ня марылі пра ўласныя старонкі ў сеціве. Зрэшты, там рэгіянальныя журналісты знаходзяць і альтэрнатыўную дзяржаўным СМІ інфармацыю. Самую масаваю незалежную газэту “Народная воля” ў Інтэрнэце можна пачытаць амаль за паўсутак да таго, як яна зьявіцца шапіках.
Дарэчы, шэраг праўладных выданьняў павінны быць удзячныя IREX за тэхнічную дапамогу ў гэткай жа ступені: тыя ж газэты “Звязда”, “7 дней”, “Вечерний Минск” і іншыя штодня зьяўляюцца ў Інтэрнэце пры дапамозе IREX. Сапраўднай скарбонкай для рэдакцыяў друкаваных СМІ зьяўляецца фотаархіў IREX: аднойчы зарэгістраваўшыся, фотосэрвісам можна карыстацца бясплатна. Знаёмыя журналісты распавядаюць, што ў многіх выданьнях цяпер актыўна скачваюць у свае архівы здымкі, зьмешчаныя на сайтах IREX, баючыся, што ўжо ў першай дэкадзе жніўня пра ўсе гэтыя дасягненьні можна будзе казаць у мінулым часе.
Між тым, у заяве, распаўсюджанай саветам IREX яшчэ раней, гаворыцца, што прычыны захадаў супраць прадстаўніцтва хутчэй палітычныя, чым прававыя, і мусяць разглядацца у кантэксьце абмежаваньня доступу беларускіх грамадзянаў да незалежнай і аб’ектыўнай інфармацыі. Зачыніўшы прадстаўніцтва IREX, беларускі МЗС пазбавіць тысячы беларусаў магчымасьці адукацыйных абменаў, бясплатнага навучаньня працы ў сеціве, доступу ў Інтэрнэт”.
* * *
Ці карыстаюцца Інтэрнэтам уплывовыя ў Беларусі людзі? Ці ёсьць сувязь паміж Інтэрнэтавай адукаванасьцю і ўчынкамі чалавека? Адказаў на пытаньні шукаў Севярын Квяткоўскі, які задаваў вядомым у краіне людзям пытаньні: “Ці карыстаецеся Інтэрнэтам, ці самастойна карыстаецеся, і як даўно?”
(Севярын Квяткоўскі: ) “Мне часьцяком даводзілася чуць ад супрацоўнікаў розных арганізацыяў кпіны на адрас свайго начальства, маўляў, ды ён (яна) нават кампутар самастойна ўключыць ня можа. Але ж, ці прызнаецца сучасны кіраўнік, што не валодае сучаснымі сродкамі камунікацыі? Адразу зазначу, што большасьць апытаных пацьвердзілі, што карыстаюцца Інтэрнэтам. А вось адказ старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколы Статкевіча рэдкі:
(Статкевіч: ) “Я самастойна Інтэрнэтам не карыстаюся”.
Але матывацыя Міколы Статкевіча перагукаецца зь некаторымі іншымі:
(Статкевіч: ) “Функцыі збору інфармацыі з Інтэрнэту ляжаць на кіраўніку прэсавай службы”.
А вось кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька старажыл у Інтэрнэце. Карыстаецца больш за пяць гадоў. Спадар Лябедзька спалучае працу прэсавай службы сваёй партыі з уласным досьведам:
(Лябедзька: ) “Я самастойна карыстаюся, і ў тым ліку вымушаны выкарыстоўваць мажлівасьці іншых, якія карыстаюцца Інтэрнэтам для мяне: прэсавая служба партыі. Яны мне штодзённа кладуць дайджэст. У мяне ня так багата часу, каб займацца гэтым увесь час”.
Самастойна Анатоль Лябедзька карыстаецца Інтэрнэтам найперш дзеля сувязі.
Ня толькі пргарэсіўнасьць асобы ўплывае на тое, ці карыстаецца яна Інтэрнэтам. Але ж, і рытм, і стыль жыцьця. Публіцыст-праваабаронца Валеры Шчукін ганарыцца тым, што адным зь першых сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савету трынаццатага скіліканьня займеў кампутар:
(Шчукін: ) “Я запатрабаваў сабе кампутар, сапраўдны крык там быў, я ледзь прытомнасьць не згубіў. Мне паставілі кампутар, і я мэтадам “навуковага тыку” яго вывучыў. Я быў амаль адзіны дэпутат, які пасьпяваў пісаць папраўкі. Без кампутара не напішаш нават тэарэтычна. Толькі з дапамогай кампутара”.
А вось як журналіст газэты “Народная воля” спадар Шчукін карыстаецца Інтэрнэтам зрэдчас:
(Шчукін: ) “Карыстаюся, але вельмі мала. Таму што няма часу. Я пішу на праваабарончую тэматыку, і мне без Інтэрнэту прыкладаў больш, чым дастаткова. А так — з задавальненьнем. Калі ёсьць магчымасьць, я лажу. Але вельмі рэдка. Для працы ў газэце ў нас ёсьць чалавек, які ў рэдакцыі глядзіць Інтэрнэт. Ён усім гучна абвяшчае, дзе што мы не пачулі і гэтак далей. То бок, я карыстаюся, але не наўпрост”.
Яшчэ адна важная акалічнасьць: апрача спадара Лябедзькі, большасьць апытаных пачалі карыстацца Інтэрнэтам альбо ў 2000-м годзе, альбо ўжо у ХХІ стагодзьдзі. Напрыклад, лідэр рок-гурту “Нэўрадзюбэль” Аляксандар Кулінковіч, які праводзіць у Інтэрнэце пяць гадзінаў штодня:
(Кулінковіч: ) “Інфармацыя, перш за ўсё. Навіны, наш сайт... У 2000 годзе мае сябры падарылі мне на вясельле кампутар. Я авалодаў усімі нюансамі за тыдзень”.
Аляксандар Кулінковіч прызнаўся, што хутка авалодаў Інтэрнэтам, бо пачаў з вывучэньня спэцыфічных сайтаў для дарослых. А вось кінарэжысэр Юры Хашчавацкі найперш адкрыў для сябе магчымасьці электроннае пошты:
(Хашчавацкі: ) “Для пачатку мне была неабходная пошта, бо я, як рэжысэр, мушу падтрымліваць кантакты зь вялікай колькасьцю людзей з розных краінаў. А калі ўлічыць, што я спэцыфічны рэжысэр для Беларусі, ніякага іншага спосабу кантактаваць у мяне ў прынцыпе няма. Вы ж разумееце, ні лісты, ні пасылкі, нічога не даходзіць”.
Юры Хашчавацкі засвоіў Інтэрнэт два-тры гады таму. Рэжысэр ня згодны з тым, што Інтэрнэт абавязкова прыкмета маладога пакаленьня:
(Хашчавацкі: ) “Безумоўна, я карыстаюся Інтэрнэтам самастойна, бо бяз гэтага немагчыма і жыць цяпер”.
* * *
25 ліпеня ва ўсім сьвеце адзначаўся дзень сыстэмнага адміністратара, які сьвяткуецца штогод у апошнюю пятніцу ліпеня. Нельга, вядома ж, казаць, што з нагоды гэтага сьвята адбыліся ўрачыстыя шэсьці сыстэмных адміністратараў ва ўсім сьвеце. Аднак у кампутарным супольніцтве дзень гэты дастаткова вядомы і шанаваны. “У гэты асаблівы міжнародны дзень падаруйце вашаму сыстэмнаму адміністратару что-небудзь, што дэманструе вашую шчырую адзнаку ягонай цяжкай працы і самаадданасьці”, — заклікаюць аўтары сайту www.sysadminday.com. “Мы просім невялікі сымбалічны падарунак і трошкі грамадзкага прызнаньня. Будзем шчырымі, часам мы ня ведаем нашых сыстэмных адміністратараў гэтак, як яны ведаюць нас”.
Пасьля гэтых ды іншых кранальных словаў на сайце прапанаваны пералік тых падарункаў, якія трэба дарыць сысадмінам, і тыя, якіх варта пазьбягаць. Як бы там ні было, мы далучаемся да наступнага пажаданьня “Паўдзячце сыстэмным адміністратарам за ўсё, што яны робяць для вас і вашага бізнэсу”.