Нядаўна ў сеціве зьявіўся сайт “Белавеская пушча”, прысьвечаны гэтаму ўнікальнаму кутку дзікай прыроды ў цэнтры Эўропы. Дэвіз сайту — “Выратуем і захаваем Белавескую пушчу”, на ім разьмешчана даволі шмат інфармацыі пра тыя трывожныя працэсы, што адбываюцца ў запаведніку. Мне ўдалося запрасіць у нашую менскую студыю аўтараў гэтага сайту, якія прадставіліся як Кастусь і Змітрок. Якія прычыны вымушаюць іх хаваць свае сапраўдныя імёны? Вось што на гэта адказаў Зьмітрок:
(Зьмітрок: ) “Справа, з-за якой паўстаў сайт, дастаткова вострая цяпер. Таму людзі, якія сталі зьбіраць інфармацыю пра Белавескую пушчу і рыхтаваць яе ў Інтэрнэт, рабіць свой сайт, вырашылі пакуль не сьвяціцца”.
(Карэспандэнт: ) “Што канкрэтна можа быць для вас небясьпечна? Вы маеце на ўвазе тыя скандальныя працэсы, што адбываюцца ў Пушчы, высяканьне лясоў?”
(Зьмітрок: ) “Так, сайт якраз прысьвячаецца праблеме, што робіцца цяпер у Пушчы, як пачуваюцца людзі, якія там з гэтым змагаюцца, і што яны прапануюць зрабіць, каб навесьці парадак”.
(Карэспандэнт: ) “Калі нехта, хто цікавіцца Белавескай пушчай, набярэ гэтыя два словы ў нейкім пошукавым сэрвэры ў сеціве, на што ён найперш выйдзе?”
(Кастусь: ) “Першым чынам, калі вы зробіце пошук на словы “Белавеская пушча”, вы атрымаеце выхад на туры па Белавескай пушчы, што прапаноўваюць розныя турыстычныя фірмы, а таксама на галерэі фотаздымкаў, якія разьмяшчаюць аматары. Аднак паўнавартаснага і пісьменнага рэсурсу па Пушчы ў сеціве пакуль няма”.
Да выказваньняў Зьмітрака я б хацеў дадаць, што, сапраўды, сайт у асноўным прысьвечаны незаконным высечкам у Пушчы, але ён таксама мае за мэту давесьці найбольш поўную інфармацыю пра Белавескую пушчу — пра яе лясы, інфраструктуру і гэтак далей.
(Карэспандэнт: ) “Ці мае свой сайт Дзяржаўны нацыянальны парк “Белавеская пушча”?”
(Кастусь: ) “Не, відаць, там прыярытэты расстаўленыя інакш. Для іх важная ня праца з патэнцыйнымі турыстамі, якія прыедуць туды адпачываць, працаваць альбо праводзіць навуковыя дасьледаваньні, а тое, каб сабраць паболей грошай з дапамогай гэтых высечак”.
(Зьмітрок: ) “Мажліва, што найбліжэйшым часам на нашым сайце зьявіцца інфармацыя пра іншыя падобныя прыродныя рэзэрваты Беларусі. Увогуле, ёсьць агульны рэсурс пра прыроду Беларусі — гэта сайт Міністэрства прыродных рэсурсаў. Там трошку ёсьць пра Белавескую пушчу. Але гэта толькі крупіцы інфармацыі, вельмі агульныя просьценькія зьвесткі. На нашым сайце інфармацыі ўжо больш, і яна навуковая”.
Гэта праект робіцца ініцыятыўнай групай “Белавеская пушча — 21 стагодзьдзе”. Гэта колькі чалавек у Менску, якія займаюцца непасрэдна сайтам. Аднак асноўная частка — людзі якраз у самой Белавескай пушчы, якія там жывуць і церпяць ад таго, што там робіцца адміністрацыяй.
Кастусь і Зьмітрок таксама распавялі пра супрацоўніцтва сваёй ініцыятыўнай групы “Белавеская пушча — 21 стагодзьдзе” зь іншымі экалягічнымі ініцыятывамі. Дарэчы, цяпер праходзіць міжнародная кампанія ў абарону пушчы. Былі арганізаваныя рассылкі зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі й міністра прыродных рэсурсаў Беларусі. У міністэрства, прынамсі, прыйшло ўжо больш як 200 факсаў, пытаньне захаваньня пушчы ўздымаецца на ўсіх экалягічных эўрапейскіх міжнародных экалягічных форумах. Пра разьвіцьцё гэтай кампаніі можна будзе даведацца на сайце “Белавеская пушча”.
* * *
Чаму швэдзкая журналістка сваім коштам робіць сайт, прысьвечаны Беларусі? Што цікавіць швэдаў у Беларусі — невядомай скандынавам краіне? Чаму швэды блізка бяруць да сэрца нашыя палітычныя, сацыяльныя ды экалягічныя праблемы? Адказы на пытаньні — у матэрыяле Севярына Квяткоўскага. Наш карэспандэнт гутарыць з рэдактаркай вэб-сайту www.vitryssland.nu Марыяй Сёдэрбэрг.
(Карэспандэнт: ) “Vitryssland па швэдзку значыць Беларусь. Сайт утрымлівае інфармацыю, датычную найбольш важных з гледзішча Марыі Сёдэрбэрг падзеяў нашае краіны. Сьвята беларуска-швэдзкае паэзіі, праблемы гандлю жанчынамі, перасьлед журналістаў і выданьняў ды шмат чаго іншага. Вядома, швэдаў цікавіць усё, датычнае беларуска-швэдзкіх стасункаў.
Калі ў 2002 годзе беларуская хакейная зборная перамагла ў паўфінале швэдзкую каманду, дзясяткі тысяч швэдаў кінуліся да Інтэрнэту, каб знайсьці Беларусь:
(Сёдэрбэрг: ) “Пра Беларусь у Швэцыі вельмі мала інфармацыі, і таму, калі пачынаюць яе шукаць, амаль заўсёды патрапляюць на наш сайт”.
Марыя Сёдэрбэрг вядомая ў Швэцыі журналістка. Краінамі былога Савецкага Саюзу яна зацікавілася ў 1980-х, з фотакамэрай у руках аб’ехала ўвесь Афганістан, кантраляваны маджагідамі. Зрэшты, любоў да Беларусі ў Марыі зьявілася дзякуючы любові да літаратуры. Марыя прачытала кніжку польскага пісьменьніка Рышарда Капусьцінскага “Імпэрыюм”, якая пачынаецца з разьдзелу, што завецца “Пінск”.
(Сёдэрбэрг: ) “Канечне, я і раней цікавілася краінамі былога Савецкага Саюзу, але, прачытаўшы кніжку Рышарда Капусьцінскага, вырашыла, што трэба зьвярнуць увагу на тыя краіны, якія знаходзяцца да нас найбліжэй”.
Сайт www.vitryssland.nu зьявіўся ў 2000 годзе, калі на кніжным кірмашы ў Гётэборгу пачалі абмяркоўваць беларускую палітыку. Калі ўвагу да краіны прыцягнулі адыёзныя факты разгонаў дэманстрацыяў ды перасьлед журналістаў, дык што ўразіла Марыю, калі яна прыехала ў Беларусь?
(Сёдэрбэрг: ) “Перадусім гэта людзі. Людзі ў вас вельмі добрыя, і я вельмі шкадую, што вашая краіна вельмі ізаляваная ад іншых краінаў”.
Марыя Сёдэрбэрг робіць сайт у свой вольны час і за ўласныя грошы:
(Cёдэрбэрг: ) “Я свабодная журналістка, і я не хачу быць часткай вялікай арганізацыі, не хачу пісаць гранты, шукаць грошы, бо ўсё гэта патрабуе шмат часу і энэргіі. Я хачу рухацца больш мабільна і мець сваю апінію на многія рэчы”.
Марыя кажа, што сайт робіцца ўсё больш папулярны:
(Сёдэрбэрг: ) “Аплачваю я яго сама. Яшчэ ёсьць вэб-дызайнер, і дзяўчына, якой я дасылаю матэрыялы, і яна іх апрацоўвае. І мы атрымліваем шмат электронных лістоў, і лічым, што галоўнае — дапамагаць кантактам швэдаў зь беларусамі”.
Марыя Сёдэрборг вельмі спадзяецца, што і ейная праца дапаможа Беларусі вярнуцца ў Эўропу”.
* * *
Нядаўна Беларусь атрымала свайго першага міжнароднага шахматнага грасмайстра ў гульні “па-за дошкай” — па перапісцы. Першым грасмайстрам стаў кампазытар Дзьмітры Лыбін, які прызнаецца, што шахматы прыносяць яму большы прыбытак, чым асноўная музычная прафэсія. Наколькі дапамагае Інтэрнэт сёньняшнім шахматыстам? Як зьмянілася гульня “па-за дошкай” з разьвіцьцём сеціва? Вось што адказвае на гэтыя пытаньні Дзьмітры Лыбін:
(Лыбін: ) “Магу сказаць, што гэтая гульня зьмянілася амаль што кардынальна. Раней гэта былі вельмі доўгія спаборніцтвы, асабліва міжнародныя, якія маглі працягвацца 5–7 гадоў, бо пошта працуе паміж краінамі вельмі павольна, і адзін ход мог ісьці месяц. А зараз усё значна хутчэй, бо гуляюць па Інтэрнэце праз электронную пошту, і адна партыя мае права цягнуцца ня больш за два гады. А паколькі ўсе партыі ў турніры гуляюцца разам, то спаборніцтва за два гады скончыцца.
Акрамя таго, усе афіцыйныя турніры ў гульні “па-за дошкай” — шахматныя алімпіяды, першынство сьвету — пераводзяцца ў Інтэрнэт. Апошнім кангрэсам было прынятае рашэньне, што больш паштовых алімпіядаў ня будзе, будзе толькі па э-мэйлу. Якраз 13-я Алімпіяда была апошняй паштовай і першай, у якой брала ўдзел каманда незалежнай Беларусі”.
(Карэспандэнт: ) “Калі я ў дзяцінстве і падлеткавым узросьце займаўся шахматамі, то тады вельмі важную ролю адыгравала літаратура. У савецкі час яе было цяжка дастаць, некаторыя кнігі былі дэфіцытам і прывозіліся з замежжа. Што ў гэтым сэнсе зьмяніў Інтэрнэт?”
(Лыбін: ) “Папяровая літаратура вельмі марудна даходзіць да свайго чытача. У гэтым сэнсе Інтэрнэт вельмі дапамагае — там ёсьць адмысловыя старонкі. Асабліва па дэбютах, на якіх можна ўзяць усю неабходную інфармацыю. Ёсьць таксама навучальныя і інфармацыйныя старонкі. Напрыклад, сайт Каспарава, на якім зьяўляюцца…”
(Карэспандэнт: ) “…дэбютныя навінкі?”
(Лыбін: ) “…Не, навінкі, відаць, яму самому патрэбныя. Там шмат інфармацыйных паведамленьняў, зьвестак з турніраў. Дарэчы, хутка і ў нашай Беларускай фэдэрацыі шахматаў будзе свая старонка ў сеціве”.
(Карэспандэнт: ) “Чалавеку, які гуляе ў шахматы дастаткова добра — ад першага разраду і вышэй — часта бывае цяжка знайсьці сабе партнэра. Але цяпер у Інтэрнэце ёсьць такія сайты, дзе можна знайсьці сотні супернікаў на любым узроўні і гуляць зь імі, седзячы за кампутарам. Вы гэтым займаецеся ці лічыце несур’ёзнай тратай часу?”
(Лыбін: ) “Вядома ж, для трэніроўкі гэта карысна. І некаторыя мае вучні так і трэніруюцца, гуляючы ў рэжыме рэальнага часу праз кампутар. Але гульня “па-за дошкай” на высокім узроўні — гэта трошку іншая спэцыфіка, і таму я трэніруюся, больш гартаючы нейкія старонкі ў сеціве”.
(Карэспандэнт: ) “Ці хвалюе вас такая праблема: ці будуць неўзабаве машыны выйграваць у людзей у шахматы? Якая тады роля застанецца людзям у шахматах?”
(Лыбін: ) “Можа і будуць. Але гэта, на мой погляд, ня так важна. Ад таго, што самалёт ці цягнік рухаецца хутчэй за чалавека, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы не загінулі. У прыродзе чалавека ёсьць імкненьне спаборнічаць, быць першым, лепшым. Акрамя таго, шахматы — ня толькі спорт, а яшчэ і мастацтва, навука. Таму чалавек заўсёды будзе імкнуцца да стварэньня нейкіх творчых каштоўнасьцяў у шахматах — прыгожых камбінацыяў, партыяў і гэтак далей. А ня толькі да спартовага выніку”.