Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба будзе паказваць пашпарт на ўваходзе ў Інтэрнэт-клюб; чаму гэткі неразьвіты беларускі турыстычны Інтэрнэт; сайт “Беларуская Масква”

Віталь Цыганкоў, Менск

Правілы наведваньня кампутарных клюбаў крыху зьмяніліся: магчыма, цяпер Інтэрнэтам у спэцыялізаваных кампутарных установах можна будзе карыстацца толькі пасьля прад’яўленьня пашпарту. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі цьвердзяць, што новая мера ўведзеная выключна да тых наведнікаў, якія неадэкватна сябе паводзяць. Таксама адзначаецца, што навіна мае часовы характар, але пакараньне да кіраўнікоў клюбаў, якія будуць ігнараваць патрабаваньні, будзе рэальнае. Тэму працягвае Ігар Карней:

(Карней: ) “Новая пастанова — вынік адмысловага рэйду работнікаў міліцыі па Інтэрнэт-кавярнях ды клюбах, дзе аматары “смажанага” былі схопленыя за руку. Аднак кіраўнікі бальшыні кампутарных установаў не сьпяшаюцца пераводзіць свае клюбы на рэжым працы абавязковага пашпартнага кантролю. Вось меркаваньне кіраўніка аднаго з прэстыжных сталічных Інтэрнэт-клюбаў “Саюз-анлайн” Віталя Буйнова”:

(Буйноў: ) “Мы гэтага ня робім. У нас таксама была міліцыя, і гэта далёка ня першая праверка, якая нас наведала. Нічога яны ня выявілі, а насамрэч нічога асабліва не глядзелі. Амаль выбачаліся ды тлумачылі — маўляў, нас прымусілі, проста ідзе такая акцыя, так што прабачце. Таму пакуль што больш тлуму, чым дзеяньняў. А размовы, што трэба нейкія абмежаваньні ўвесьці, да нечага прымусіць —дык гэта не зусім рэальна”.

Рэглямэнтаваць працу Інтэрнэт-кавярняў імкнуцца не ўпершыню. Адразу спрабавалі фільтраваць наведнікаў паводле ўзросту, потым больш жорсткай стала працэдура атрыманьня ліцэнзіі на права займацца падобнымі паслугамі наогул. Нарэшце, днямі МУС выступіла з ініцыятывай увесьці ў Інтэрнэт-установах пашпартны рэжым: хочаш зайсьці ў сеціва — пакажы пашпарт, а ўжо сыстэмны адміністратар павінен зрабіць выснову: дапускаць да кампутара альбо не.

Прынамсі, атрыманыя інструкцыі ад раённых аддзелаў унутраных справаў рэгулююць, паводле якіх градацыяў змагацца з “сумнеўнымі” наведнікамі ўстановаў. Зыходзячы з гэтага, праваахоўчыя органы асабліва непакоіць падвышаны інтарэс моладзі да так званых “жорсткіх рэсурсаў”, дзе нярэдка дэманструюцца сцэны гвалту, аднаполае каханьне, парнаграфія і г.д. Але Віталь Буйноў кажа, што гэта ня першы экспэрымэнт, і ягоная мэта — падрыхтаваць глебу да адмысловага палажэньня аб статусе кампутарных клюбаў у Беларусі.

(Буйноў: ) “У Ленінскім раёне Менску каля году існуе часовае палажэньне, якое ўжо стала сталым. У ягоных пунктах значыцца, што наведнікі павінны рэгістравацца, прад’яўляць дакумэнты, а Інтэрнэт-кавярні, у сваю чаргу, мусяць весьці ўлік. Іншымі словамі, на паперы гэта існуе дастаткова даўно. А ідзе ўсё да таго, што зьбіраюцца стварыць палажэньне аб Інтэрнэт-кавярнях і клюбах на дзяржаўным узроўні. Бо дагэтуль дакумэнту адносна статусу кампутарных клюбаў і Інтэрнэт-кавярняў не існуе. Ёсьць часовыя палажэньні асобных інстанцыяў, а закону няма. Дык вось, гэта адна са спробаў распрацаваць палажэньне, і ў рамках гэтага робяцца розныя захады”.

У бальшыні Інтэрнэт- клюбаў падобную навіну асуджаюць; кажуць, што кантраляваць жаданьні і інтарэсы чалавека не зусім цывілізавана. Да таго ж, сыстэмныя адміністратары кампутарных клюбаў запэўніваюць, што ў іх тыя ж парнасайты асабліва не паглядзіш — супрацоўнікі як могуць сочаць за маральным абліччам наведнікаў.

Між тым, праваахоўчыя органы ня схільныя ісьці на кампрамісы. Там безапэляцыйна заяўляюць, што калі чарговая міліцэйская праверка выявіць парушэньні, адказнасьць панясе менавіта ўладальнік клюбу”.


* * *
“Мы тут жывем. Так здарылася. Хтосьці імкнуўся сьвядома; хтосьці меў намер правесьці тыдзень-другі, ды вось і застаўся”, — гэта першыя словы, якія прачытае наведнік, што зойдзе на сайт “Беларуская Масква”. “Ёсьць тыя, хто лічаць Маскву найлепшым горадам зямлі. Ня я. Бо горад гэты не зусім беларускі. Калі бліжэй да праўды, дык і зусім не беларускі. За невялікімі выключэньнямі. Сайт гэты — гід па выключэньнях”, — піша аўтар “Беларускай Масквы” журналіст Віктар Дзятліковіч. Аб’яднаньне маскоўскіх беларусаў Віктар называе адной з галоўных мэтаў і ідэяў стварэньня сайту.

(Дзятліковіч: ) “Сайт гэты ствараўся менавіта таму, што я пабачыў, што нічога падобнага няма. Думка была — проста выкласьці свой суб’ектыўны погляд на гэты горад і на тое, як у ім жывуць беларусы. Калі беларускія арганізацыі й суполкі ўспрымуць гэтую ініцыятыву так, што менавіта гэты сайт можа стаць нейкім цэнтрам беларускай дыяспары, будзе добра. Калі не, дык гэты сайт застанецца тым, чым ёсьць зараз — маім суб’ектыўным поглядам на гэты горад. Магчыма, нейкія беларускія арганізацыі Масквы зробяць сваю старонку, я буду толькі рады. Але пакуль, наколькі я разумею, такога няма”.

(Цыганкоў: ) “Якраз у беларускай суполкі Масквы ёсьць свой сайт, у вас стаіць на яго спасылка. Але (я туды схадзіў) ён не абнаўляецца апошні год, ён малаінфармацыйны”.

(Дзятліковіч: ) “Я пра што і кажу. Калі ствараў свой сайт, я думаў, што мусіць быць нейкі цэнтар, які аб’яднае беларускія суполкі, якія досыць разьмежаваныя. Што такое беларуская дыяспара ў Маскве? Гэта нейкія купкі людзей, якія трымаюцца досыць асобна і неяк не кантактуюць паміж сабой. У іх мала інфармацыі пра падзеі, зьвязаныя зь Беларусьсю, што адбываюцца ў Маскве. Проста адсутнічае нейкая сыстэма інфармаваньня. Магчыма, мой сайт і стане такім інфарматарам пра падзеі”.

(Цыганкоў: ) “За гады вашага побыту ў Маскве вы набылі пэўны досьвед зьбіраньня розных сьмешных гісторыяў, зьвязаных зь беларускай прысутнасьцю. Частку зь іх вы выставілі на сваю старонку. Гэта ўсё ці ў вас яшчэ ёсьць пэўны запас, які вы можаце даць сваім чытачам?”

(Дзятліковіч: ) “Вядома ж, ёсьць запас, бо адбываецца шмат падзеяў. Некаторыя гісторыі ня выстаўленыя з-за ўнутранай цэнзуры, некаторыя проста трымаюцца ў запасе, каб выкладаць іх паціху-памалу. Аднак спадзяюся, што не адзін я буду гэтым займацца, што і ў іншых ёсьць цікавыя гісторыі, і гэта ўсё будзе запаўняцца зь іхнай дапамогай”.

(Цыганкоў: ) “Ваш сайт я знайшоў на беларускім пошукавым сэрвэры “Акавіта”. Ці зьбіраецеся вы прапагандаваць і рэклямаваць сайт толькі ў Беларусі ці таксама ў Маскве?”

(Дзятліковіч: ) “Старонка запрацавала толькі тыдзень таму, яна яшчэ зусім не раскручаная. Сайт будзе рэклямавацца на тых старонках, куды, паводле маіх меркаваньняў, заходзяць беларусы, якія жывуць у Маскве. Магчыма, гэта будзе нават нейкая моцная рэклямная кампанія ў маскоўскім альбо беларускім Інтэрнэце — я пакуль дакладна ня вырашыў”.

(Цыганкоў: ) “Калі вы кажаце пра патэнцыйнае аб’яднаньне беларусаў Масквы, маеце на ўвазе беларусаў з пэўнымі прынцыпамі, больш незалежніцкімі? Бо ў Маскве іх дзясяткі тысяч, многія даўно адчуваюць сябе расеянамі, аднак таксама не забыліся пра свае карані…”

(Дзятліковіч: ) “Магчыма, з дапамогай гэтага сайту людзі будуць неяк перасякацца. І калі яны будуць адзні аднаму цікавыя, то яны працягнуць знаёмства. Калі ж яны прыдуць, і адзін зь іх будзе размахваць чырвона-зялёным сьцягам, іншы — бел-чырвона-белым, то безумоўна, яны ня знойдуць ніякага паразуменьня. У мяне няма такой мэты, каб праз год пасьля стварэньня гэтага сайту на нейкай плошчы ў Маскве сабраліся 70 тысяч беларусаў. Ясная справа, што гэтага не адбудзецца. Аднак калі кантакты паміж рознымі суполкамі беларусаў у Маскве пашырацца — то гэта, па сутнасьці, і ёсьць маёй галоўнай мэтай”.


* * *
З наступленьнем лета большасьць з нас пачынае задумвацца, як і дзе правесьці свой адпачынак, паслугай якой беларускай турыстычнай фірмы скарыстацца. Выглядае, аднак, што Інтэрнэт у гэтай справе пакуль ня вельмі добры памочнік. Па-першае, зусім няшмат беларускіх турфірмаў мае свае сайты ў сеціве, а па-другое, часта на гэтых сайтах няма ніякай сьвежай інфармацыі. Пра праблемы беларускага турыстычнага Інтэрнэту мы размаўляем з адказным сакратаром газэты “Туризм и отдых” Сяргеем Скіндэрам.

(Скіндэр: ) “Інтэрнэт у турыстычны бізнэс прыходзіць маленькімі крокамі. Маленькімі, бо пакуль ня так шмат беларусаў можа карыстаюцца сецівам, паглядзець, што прапануюць турфірмы. Так што гэты чыньнік аб’ектыўна стрымлівае разьвіцьцё турыстычных сайтаў. Інтэрнэт для беларускіх турфірмаў — пакуль гэта больш прэстыж, чым рэальная магчымасьць прапаноўваць больш тураў і прадаваць іх турыстам”.

(Цыганкоў: ) “Як бы вы ацанілі, колькі беларускіх турфірмаў маюць свае сайты?”

(Скіндэр: ) “Ліцэнзію на права займацца турыстычнай дзейнасьцю ў Беларусі маюць калі 600 фірмаў. А сайты, які хаця б трошачкі абнаўляюцца, маюць 50 фірмаў, ня больш. Бо Інтэрнэт-старонку, дзе ёсьць толькі назва фірмы і яе тэлефон, нават нельга назваць сайтам”.

(Цыганкоў: ) “Тым ня менш, я ўжо сустракаў рэкляму паслугаў турфірмаў у Інтэрнэце. На вашу думку, ці яна акупляецца?”

(Скіндэр: ) “Думаю, яна ня будзе акупляцца. Гэта ўсё ж больш для прэстыжу. Іншая справа, што некаторыя турфірмы робяць сайты, якія разьлічаныя не на беларускага турыста, а на патэнцыйнага турыста з-за мяжы, які можа прыехаць у Беларусь. Спачатку, зразумела, сайт у іх быў “на выезд”, для беларускіх грамадзянаў, але потым яны ўбачылі, што гэта не акупляецца, і вырашылі паспрабаваць прывабіць замежных турыстаў. Замежнік, які хоча наведаць Беларусь, Расею, набірае ў пошукавай сыстэме слова “Беларусь” і можа ў выніку патрапіць на сайт беларускіх турфірмаў. Гэта ў далейшым можа дапамагчы ім акупіць выдаткі на сайт”.

(Цыганкоў: ) “Летась я зь сям’ёй зьезьдзіў у адпачынак менавіта з дапамогай Інтэрнэту. Знайшлі ў Літве, у Паланзе канкрэтны домік, гаспадара, туды і прыехалі. Як беларускі турыстычны Інтэрнэт выглядае ў параўнаньні з нашымі суседзямі?”

(Скіндэр: ) “Мы кепска выглядаем на іхным фоне. Я цікавіўся Інтэрнэтам у Літве — там свае сайты маюць гаспадары кожнай вёсачкі, амаль кожнай хаткі. Я ўжо не кажу пра гарады. У Польшчы і Літве сельскі, экалягічны турызм (мы яго называем “агратурызм”) вельмі разьвіты. У іх гэта ўжо не прэстыж, гэта неабходнасьць”.
XS
SM
MD
LG