(Цыганкоў: ) “У штаб-кватэры АГП прагучаў тэлефонны званок. Чалавек, які прадставіўся сьледчым гарадзкой пракуратуры па прозьвішчу Новікаў, заявіў, што хоча сустрэцца з тымі, хто робіць сайт партыі. З Новікавым размаўляў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які параіў супрацоўніку пракуратуры даслаць афіцыйны запыт. Вось што сказаў для нашага сайту з нагоды гэтага тэлефанаваньня супрацоўнік прэс-службы АГП Павал Уладзіміраў…
(Уладзіміраў: ) “Мы ацэньваем гэта як спробы пракуратуры зноў націснуць на нас. Наша праца — гэта інфармацыйная забесьпячэньне працы партыі. Ніякага закону мы не парушаем, мы не зьяўляемся сродкам масавай інфармацыі. Увогуле, у Беларусі статус Інтэрнэту пакуль не прапісаны ні ў якім законе. Наш сайт мае свой гостынг за мяжою, там сядзяць людзі, якія робяць яго, а мы ім толькі адсылаем матэрыялы. Таму мы сказалі пракуратуры, каб яны напісалі нам афіцыйны ліст, — мы ім афіцыйна і адкажам”.
(Карэспандэнт: ) “Магчыма, інтарэс пракуратуры выклікала тое, што на сайце ёсьць матэрыялы, якія тычацца зьнікненьня вядомых асобаў?”
(Уладзіміраў: ) “Можа быць. Але ж там няма матэрыялаў, якія не друкаваліся б раней у прэсе. Як правіла, гэта ўсё ўжо было ў друку. Калі б там быў нейкі крымінал, пэўна, нам бы ўжо даслалі нейкія позвы ў Пракуратуру. Крыміналу няма, ёсьць толькі маральны ўціск на нас”.
(Цыганкоў: ) “Цікава, дарэчы, што калісьці сьледчы гарадзкой пракуратуры Новікаў вёў справу зьнікненьня Віктара Ганчара. Потым, аднак, яна была перададзена іншаму, а Новікаў, паводле некаторых зьвестак, днямі быў пераведзены ў адну з раённых пракуратураў. Як бы там ні было, інтарэс пракуратуры да сайту АГП стаў першым выпадкам, калі беларускія праваахоўныя органы зацікавіліся беларускім сецевым рэсурсам”.
(Цыганкоў: ) “Тэма выкарыстаньня беларускай мовы ў сучасных кампутарных праграмах раз-пораз уздымаецца ў часе правядзеньня “круглых сталоў”, ініцыяваных ТБМ імя Ф.Скарыны. Але ці маюць падобныя сустрэчы рэальныя вынікі? На гэтае пытаньне шукаў адказ Ігар Карней…”
(Карней: ) “Абагульніўшы вынікі шэрагу круглых сталоў ды навуковых сымпозыюмаў, ТБМ выпусьціла збор артыкулаў і выступаў удзельнікаў паседжаньняў пад агульным назовам “Беларуская мова. Інтэрнэт і кампутар”. Аднак адказу на пытаньне: ці можна разьлічваць на тое, што ўжо бліжэйшым часам усе “беларускія старонкі” інтэрнэту “загавораць” па-беларуску, у дадзеным выданьні знайсьці не ўдалося. Самі выдаўцы кажуць, што прыкладаюць да гэтага вялізныя намаганьні, але супрацьстаяць сыстэме стэрэатыпаў дастаткова цяжка. Намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў тым разам кажа, што станоўчыя зрухі ў справе беларусізацыі інтэрнэту ўсё ж ёсьць”.
(Кручкоў: ) “Калі глябальна казаць пра беларускую мову ў інтэрнэце, то назіраем працэс павелічэньня сайтаў на беларускай мове. Гэта, пэўна, тая ніша для маладых людзей, якія жывуць у краіне, дзе амаль цалкам адсутнічаюць электронныя СМІ на беларускай мове і няма дэмакратычных шырокіх крыніцаў папяровых, цалкам беларускамоўных. Таму яны шукаюць сябе ў іншым рэчышчы, знаходзячы выйсьце ў інтэрнэце, дзе можна выказвацца бесцэнзурна і зьмяшчаць матэрыялы на роднай мове. Гэты працэс цешыць. А што тычыцца якасьці гэтых сайтаў, тых памылак, якія там робяцца — гэта, натуральна, выклікае роздум і падштурхоўвае ў тым ліку і ТБМ ствараць праграмы, якія б дапамагалі стваральнікам электронных рэсурсаў на беларускай мове”.
(Карней: ) “Паводле спадара Кручкова, найбольшая праблема — схіліць на свой бок чыноўнікаў. Бюракратычны супраціў распачынаецца яшчэ на ўзроўні ліставаньня, таму часта не ўдаецца прыступіць да рэалізацыі ўжо нават ухваленых праектаў. У большасьці выпадкаў ліставаньне гэта аднабаковае, а калі й здараецца атрымаць адказ з канцылярыі, няйначай як адпіскаю яго і не назавеш…”
(Кручкоў: ) “Па выніках круглага стала “Беларуская мова. Інтэрнэт і кампутар” мы прынялі рэзалюцыю, якую накіравалі ўсім, каго яна магла тычыцца, уключна і Дзяржаўны фонд інфарматызацыі. Менавіта ў гэтым фондзе павінна была стартаваць праграма “Электронны ўрад”. Прадугледжвалася распрацоўка праграмаў праверкі арфаграфіі беларускамоўных тэкстаў, перакладчыкаў з расейскай мовы на беларускую, але, на вялікі жаль, дагэтуль яна ня тое што не прафінансаваная, а нават не разгледжаная. Хоць кіраўнік фонду спадар Дравец абяцаў, што ў сакавіку 2003 году пачнецца фінансаваньне гэтай праграмы. Нічога не зварухнулася. Адзінае, чаго мы дамагліся — гэта ўключэньня ў гэтую гіпатэтычную праграму пунктаў, якія тычацца падтрымкі беларускай мовы ў кампутарных праграмах”.
(Карней: ) “Ад нядаўняга часу пры ТБМ працуе адмысловая інфармацыйная камісія, якая склала пэўны плян стратэгічных захадаў, і ўжо да сярэдзіны лета спадар Кручкоў абяцае пэўныя сюрпрызы. У нюансы пакуль не пасьвячае, але гаворыць, што праведзеная доўгая падрыхтоўчая праца вартая затрачанага часу”.
(Кручкоў: ) “Дзеля таго, каб праграмы пачалі распрацоўвацца і, самае галоўнае, укараняцца, трэба прыняць пэўныя захады і рашэньні, якія б гэтаму паспрыялі. Дзеля пачатку неабходна, каб усе законы ў Рэспубліцы Беларусь прымаліся на дзьвюх мовах, а ня толькі на расейскай. Дадатковы зьявіцца стымул зьвярнуць увагу на ўкараненьне беларускай мовы ў сучасных праграмах, якімі кіруецца бальшыня карыстальнікаў кампутараў”.
(Карней: ) “Пакуль у дзяржаўных органах улады ТБМ мае аднаго староньніка — старшыню Нацыянальнага сходу Анатоля Вайтовіча: ён таксама лічыць, што справаводзтва ў Беларусі (уключна і кібэрпрастору) павінна весьціся па-беларуску. Але ці хопіць для гэтага толькі аднаго жаданьня дзяржаўнага чыноўніка — пытаньне адкрытае”.
(Цыганкоў: ) “Сярод навінак Беларускага Сеціва на гэтым тыдні нашую ўвагу прыцягнуў сайт “Таляр Беларускі”. Аўтар сайту — Дзьмітры Гулецкі — прадстаўляе яго як першую беларускую вэб-старонку пра манэты. На ёй прадстаўлены кароткі агляд манэтаў Рэчы Паспалітай, аздоблены выявамі манэтаў зь інтэрнэт-аўкцыёнаў сьвету. Аўтар таксама прадставіў памятныя медна-нікелевыя ды срэбныя манэты Рэспублікі Беларусь, якія таксама даволі папулярныя сярод нумізматаў. Цікава, дарэчы, што беларускія манэты зьяўляюцца патэнцыйна вельмі рэдкімі ва ўсясьветнай нумізматыцы. Паводле Зьмітра Гулецкага, ён ствараў гэты сайт ня толькі для нумізматаў, а для большага кола чытачоў, якія цікавяцца беларускімі манэтамі. Зрэшты, пра гэта лепей распавядзе сам аўтар сайту”.
(Гулецкі: ) “Тут ня толькі маё захапленьне манэтамі, але й маё захапленьне гісторыяй і мовай Беларусі. З-за таго, што ў суседніх з намі краінах, асабліва ў Польшчы, гэтыя манэты карыстаюцца вялікай папулярнасьцю, прадаюцца на аўкцыёнах (як на звычайных, гэтак і ў Інтэрнэце) — я б хацеў пашырыць попыт на гэтыя манэты і ў Беларусі”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі ўвогуле ў Беларусі разьвітая нумізматыка? Наколькі важна стварэньне такога сайту?”
(Гулецкі: ) “У Менску бальшыня цікавіцца ці сучаснымі замежнымі манэтамі, ці расейскімі пасьля 1700 году. Зьбіральнікаў старых беларускіх манэтаў Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага я сустракаю вельмі рэдка”.
(Карэспандэнт: ) “Беларускі Інтэрнэт пераважна аматарскі — сайты ствараюцца як хобі і для самавыяўленьня. Калі вы стваралі “Таляр Беларускі”, якія вы ставілі перад сабой мэты? Ці вы разьлічваеце, што сайт патэнцыйна можа стаць нейкім цэнтрам нумізматыкі ў Беларусі, сюды могуць сьцягвацца іншыя аўтары?”
(Гулецкі: ) “Вы адзначылі амаль усё, што я хацеў бы ад гэтага сайту. Гэта, вядома, залежыць ад колькасьці наведнікаў. Канечне, я хацеў бы, каб прыходзілі іншыя людзі, пісалі сюды артыкулы. Каб сайт пашыраўся, і на ягонай базе ўтварыўся нейкі аўкцыён і крама.
Яшчэ ў мяне ёсьць мэта — выдаць надрукаваны каталёг манэтаў ВКЛ. Але мяне вельмі цікавіць пытаньне цэнаў, бо яны — беларускія ад замежных — адрозьніваюцца ў два разы. Таму я пакуль ня ведаю, як падыходзіць да цэнаўтварэньня ў гэтам каталёгу”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі ўвогуле захапляючая гэтае хобі — нумізматыка? Ці шмат тут залежыць ад матэрыяльнага ўзроўню зьбіральніка?”
(Гулецкі: ) “Не, гэта можа рабіць любы, бо фактычна зьбіральніцтва засноўваецца на апэрацыях куплі-продажу. Калі хтосьці ўдала купіў манэту і прадаў яе даражэй, можа ўжо купіць дзьве манэты і гэтак далей.
У грамадзтве існуе думка сярод людзей, якія нумізматыкаю не цікавяцца, што ўсе манэты вельмі дарагія. Але ж гэта зусім ня так. Напрыклад, існуюць манэты Вялікага Княства Літоўскага, якія каштуюць паўдаляры”.