Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітолягі ратуюцца ад цэнзуры газэтных рэдактараў на сайце “Наша думка”; новая старонка, прысьвечаная сучаснай беларускай сур’ёзнай музыцы ды іншае

Віталь Цыганкоў, Менск

“Наша думка” — гэтак называецца сайт, створаны нядаўна грамадзкім аб’яднаньнем “Сацыяльныя тэхналёгіі”. Аўтары сайту называюць свой праект інфармацыйна-аналітычным. Штотыдзень вядомыя ў Беларусі палітолягі й публіцысты — Аляксандар Фядута, Ірына Бугрова, Уладзімер Улаховіч ды іншыя — даюць свае камэнтары палітычным ды грамадзкім падзеям у краіне.

Узьнікае лягічнае пытаньне: няўжо знакамітыя публіцысты і палітолягі ня маюць магчымасьцьі публікаваць свой аналіз і меркаваньні ў газэтах, і ім давялося ствараць для гэтага ўласную Інтэрнэт-старонку? З гэтага пытаньня пачалася мая размова з Аляксандрам Фядутам, прэзыдэнтам грамадзкага аб’яднаньня “Сацыяльныя тэхналёгіі”, на базе якога і быў створаны сайт.

(Фядута: ) “Адбылася звычайная зьява. Паколькі, па-першае, беларуская друкаваная мэдыя-прастора звужаецца, а па-другое — драбнее, то неяк адчуваеш патрэбу выказацца. І вось стварэньне гэтага сайту — менавіта стварэньне такой незалежнай экспэртнай трыбуны, зь якой мы можам гаварыць усё, што лічым патрэбным. Нягледзячы на абмежаванасьць газэтнай паласы, нягледзячы на тое, што думае (альбо ня думае) галоўны рэдактар. Не для каго не сакрэт, што цэнзура існуе насамрэч ва ўсіх мэдыях — як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных. І ёсьць тэмы, якія нельга закранаць ня толькі ў “Советской Белоруссии”, але і ў “Народнай волі”.

Сайт, які мы стварылі, называецца “Наше мнение”, і гэта сапраўды толькі нашыя асабістыя меркаваньні, і меркаваньні тых экспэртаў, якія прапаноўваюць нам свае тэксты”.

(Цыганкоў: ) “Звычайна новы сайт ствараецца для двух мэтаў. Альбо для таго, каб ягоны аўтар альбо аўтары проста маглі самавыказацца — ці гэта ўласныя вершы альбо, як у вашым выпадку, уласныя паліталягічныя артыкулы. Альбо, другі варыянт — сайт ствараецца для таго, каб разьвівацца, набываць папулярнасьць і станавіцца чыньнікам грамадзкага жыцьця, прынамсі ў Інтэрнэце. Які ваш варыянт?”

(Фядута: ) “Нам бы вельмі хацелася, каб гэта быў сайт, які ўплывае на грамадзкую думку, аднак найперш нашая старонка накіраваная на экспэртную карпарацыю, на тых, хто мысьліць, аналізуе, хто прымае рашэньні”.

(Цыганкоў: ) “Ці прэтэндуе сайт на тое, каб заняць пэўную нішу ў сфэры паліталёгіі і аналітыкі, ці вы лічыце, што тут вам ня будзе канкурэнтаў?”

(Фядута: ) “Я магу дакладна сказаць, якую нішу мы не зьбіраемся займаць — напрыклад, нішу інфармацыйнага выданьня. Мы мяркуем, што наш сайт павінен адыгрываць тую ж ролю, якую адыгрывае калёнка аглядальніка ў друкаванай газэце”.

(Цыганкоў: ) “Наколькі хопіць у вас матэрыяльных рэсурсаў падтрымліваць гэты сайт? Гэта нейкая стратэгічная праграма ці яна створана пад канкрэтную палітычную кампанію?”

(Фядута: ) “Але ж пакуль у нашай краіне няма ніякіх значных палітычных кампаніяй. Калі гэты праект зойме сваю нішу, на мой погляд, ён можа стаць і добрым інвэстыцыйны праектам.

Сайт ствараўся на базе экспэртнай групы грамадзкага аб’яднаньня “Сацыяльныя тэхналёгіі”, прэзыдэнтам якога я зьяўляюся. Мы вітаем усіх, хто жадаў бы выказацца. Калі іхныя тэксты, на нашую думку, ёсьць узважлівымі й дастаткова якаснымі — мы абавязкова зьмесьцім гэтыя тэксты на сайце — і ня толькі на расейскай мове, але і на беларускай і ангельскай”.


* * *
Адзін з прызоў на штогадовым конкурсе беларускіх кантэнт-праектаў атрымаў сайт “Беларуская клясычная музыка”. Гэтая старонка ўражвае ня толькі сваім прыемным дызайнам, але і тым, што выкананая ў трох мовах — беларускай, ангельскай, расейскай. На сайце прадстаўленыя восем сучасных беларускіх кампазытараў — інтэрвію, біяграфіі, зьвесткі пра напісаныя творы. Варта зазначыць, што ў Сеціве дасюль надзвычай мала сайтаў, прысьвечаных беларускай акадэмічнай музыцы.

Аўтарка старонкі “Беларуская клясычная музыка” Марына Муфэль лічыць, што сытуацыя ў Інтэрнэце ў цэлым адпавядае даволі сумнаму становішчу беларускай акадэмічнай музыкі.

(Муфэль: ) “Я лічу, што народ мог бы ганарыцца беларускай сур’ёзнай музыкай, але большасьць гэтага проста ня ведае, бо няма аніякай рэклямы. Да таго, як я пачала працу над праектам, я сама ня чула аніводнага з тых твораў, якія я потым зьмясьціла на сайце, якія я цяпер дома слухаю.

Канечне, у сур’ёзных спэцыяльных выданьнях зьяўляецца інфармацыя пра беларускую сур’ёзную музыку — напрыклад, у часопісе “Мастацтва”. Але гэта для нейкага вузкага кола зацікаўленых.

Я хацела зрабіць нешта не акадэмічнае, а больш дэмакратычнае для рознай аўдыторыі. Я хацела, каб беларуская музыка была прадстаўленая ўсебакова, у розных жанрах. Тут ёсьць і электронная музыка, і духоўная праваслаўная, і буйныя сымфанічныя творы, і фальклёрныя апрацоўкі. А аб’ядноўчы прынцып — гэта кантраст. Гэта галоўны прынцып аб’яднаньня музычнага твору.

Цяпер я працую над стварэньнем слоўніка, у якім будуць кароткія зьвесткі пра ўсіх беларускіх музыкаў, і старажытных таксама”.

(Цыганкоў: ) “Чаму ў Інтэрнэце там мала сайтаў, прысьвечаных сур’ёзнай беларускай музыцы? І чаму дзяржава асабліва ня рупіцца пра гэта? Я не сустракаў у сеціве сайтаў кансэрваторыі, сымфанічных аркестраў...”

(Муфэль: ) “Сайтаў сымфанічнага аркестру сапраўды няма. У кансэрваторыі ёсьць сайт, але гэта сай т пра навучальную ўстанову, там няма інфармацыі, якая б зацікавіла простага аматара музыкі. Няма зьвестак аб кампазытарах — толькі аб навучальнай установе”.

(Цыганкоў: ) “Наколькі часта, паводле вашых назіраньняў, беларускія музыкі карыстаюцца Інтэрнэтам — ня толькі ў сваёй дзейнасьці і творчасьці, але і проста для жыцьцёвых патрэбаў?”

(Муфэль: ) “Я ведаю, што зусім нядаўна ў кансэрваторыі многія музыкі прыдбалі кампутар і засвойваюць яго, розныя музычныя праграмы. Аднак Інтэрнэт у нас — рэч даволі дарагая, таму далёка ня ўсе ім карыстаюцца. Але я маю зьвесткі, што гэтая сытуацыя павінна зьмяніцца даволі хутка.

Наогул музыкам вельмі было цікава паглядзець на гэты сайт, і асабліва на тое, як былі прадстаўленыя іхныя калегі. Адразу пачалося такое ўсхваляванае абмеркаваньне, што там было зьмешчанае, ці слушна гэта. Мне адзін знакаміты кампазытар сказаў: “Ну, трэба было стварыць нейкую камісію, каб вырашыць, якія творы варта зьмяшчаць, якія — не”.

Але ўсё гэта я зрабіла на сваім уласным энтузіязьме. У дзяржаўных установаў проста няма грошай, каб наняць нейкага майстра, хто зробіць падобны сайт. Я рабіла гэта, бо я люблю гэтую музыку”.

Гэтак гаварыла Марына Муфэль, аўтар старонкі “Беларуская клясычная музыка”. Варта адзначыць, што на гэтым сайце можна паслухаць у фармаце МР3 як старадаўнюю беларускую музыку, гэтак і творы сучасных кампазытараў, прадстаўленых на сайце.


* * *
А цяпер пра тое, наколькі рэальна знайсьці празь Сеціва сваё каханьне. Інтэрнэт-партал Akavita.by прапануе 26 спасылак на сайты знаёмстваў беларускага сеціва. Сайты прапануюць свае паслугі жанчынам, якія хочуць замуж за мяжу, людзям нетрадыцыйнай полавай арыентацыі, але найперш, уласна беларусам і беларускам, якія шукаюць адзін аднога на радзіме. Ці магчыма праз Інтэрнэт знайсьці сваё шчасьце? Тэму дасьледуе Севярын Квяткоўскі:

“Штодня дзясяткі тысяч мужчынаў і жанчын вывешваюць у Інтэрнэце свае анкеты, пішуць адзін адному электронныя лісты і стэлефаноўваюцца. Мае прыяцелі сьведчаць пра сваіх знаёмых і знаёмак, якія знайшлі сваю палову праз Інтэрнэт. Мой сябра і калега Зьміцер Бартосік побач са словам “Інтэрнэт” ужывае слова “Бог”. Бо Зьміцер знайшоў сваю жонку менавіта празь сеціва.

(Бартосік: ) “Знайсьці свайго чалавека сярод мільёнаў кандыдатур, якімі забітае сеціва, гэта амаль немажліва. Таму я свой выпадак успрымаю як шчасьлівы вынятак”.

Зьміцер Бартосік даўно ві мэтанакіравана шукаў сваё шчасьце. Пачаў з заяваў на радыё і тэлевізіі — пра тое што хоча знайсьці сабе нявесту. Па прызнаньні Зьмітра, за апошнія неклькі гадоў ён меў каля 200 тэлефонных размоваў:

(Бартосік: ) “Прычым, мяне ж высьмейвалі мае ж калегі. Маўляў, ты займаесься нейкай лабудой. Таму што так ты свайго чалавека ніколі ня знойдзеш. У прынцыпе, трэба знаёміцца альбо ў сваім коле, альбо на гэтых самых тусоўках, менавіта па агульных інтарэсах і гэтак далей. Я казаў: “Ня ўмешвайцеся ў промысел Боскі”.

Жонка Тацяна таксама гаворыць пра Бога, калі распавядае гісторыю знаёмства з мужам:

(Тацяна: ) “Я перш чым пайсьці ў гэтую кантору, я вельмі моцна прасіла Бога, каб ён мне даў майго чалавека. Каб нейкія дурні мне не званілі. Я думаю, што я выпрасіла”.

Калі Тацяна ішла ў кампанію, якая займаецца знаёмствамі празь сеціва, яна ня мела панятку пра тое, што гэта такое — Інтэрнэт. А вось Зьміцер Бартосік на момант знаёмства з Тацянай быў “старым воўкам” віртуальнай рэальнасьці. Для Бартосіка прагляд сайтаў знаёмстваў стаўся такім жа штодзённым занятакам, як сьняданак:

(Бартосік: ) “Гэта ў мяне было ў выглядзе амаль што гобі. Гэта ўжо набыло прыкметы вясёлай звычкі: такое дурняваляньне”.

У адрозьненьне ад Зьмітра, ягоная жонка Тацяна ставілася да свайго ўчынку вельмі сур’ёзна:

(Тацяна: ) “Гэта быў адзіны шанец. Бо кола людзей усталявалася, і новых знаёмстваў не прадбачылася. Тэатры, канцэрты — гэта цікава паглядзець, а не страляць вачыма па бакох”.

Зрэшты, спачатку Тацяна ня надта верыла ў Інтэрнэт. Зьвярнуцца ў агенцтва параіла каляжанка. Убачыла рэкляму ў мэтро адной з Інтэрнэт-фірмаў, і цягам трох месяцаў пераконвала Тацяну пайсьці туды. Тацяна кажа, што нават калі б хто-небудзь проста патэлефанаваў і паразмаўляў, тое было б плёнам. Тацяна ведала дакладна толькі адно: за мяжу не паедзе, бо хоча жыць побач са сваёй сям’ёй. А фірма прапаноўвала знаёмствы менавіта ў Менску й ваколіцах. Распавядае Зьміцер:

(Бартосік: ) “Адзін раз яна паспрабавала даць сваю аб’яву. Як толькі яе зьмясьцілі, я адразу ж затэлефанаваў. Я быў першы, хто адгукнуўся на ейную аб’яву, і апошні”.

Зьміцер Бартосік, пэўна, мог бы напісаць цэлую кнігу ці навучальны курс пра асаблівасьці пошуку партнэра ў Інтэрнэце. У адным Зьміцер перакананы — ты павінен цьвёрда ведаць, каго ты шукаеш:

(Бартосік: ) “Я адразу адмятаў жанчын да трыццаці гадоў. Ну, не сур’ёзна гэта ўсё! У мяне было шмат спатканьняў, крыўдаў не было. Я не падабаўся, яны не падабаліся, мы разьвітваліся — нармальна”.

Дык ці можа даць шчасьце Інтэрнэт?

(Бартосік: ) “Дзякуй Богу, што зьявілася такая штуковіна як Інтэрнэт, якая насамрэч аблягчае людзям шлях адзін да аднаго”.
XS
SM
MD
LG