На мiнулым тыднi офiс прадстаўнiка АБСЭ ў пытаньнях свабоды прэсы Фраймута Дувэ надрукаваў брашуру, прысьвечаную Інтэрнэту. Зборнiк пад назвай “Ад пяра да курсора – свабода мэдыяў у лiчбавую эру” аб’ядноўвае матэрыялы з сэмiнару АБСЭ ў Інтэрнэт-пытаньнях.
Як пiша ў прадмове да зборнiку сам Фраймут Дувэ, у той час як Інтэрнэт робiцца ўсё больш распаўсюджаным i прынятым, гэтак жа ўзмацняюцца i спробы абмежаваць свабоду выказваньняў праз глябальнае Сецiва. Разьвiцьцё новых тэхналёгiяў вядзе за сабой новыя праблемы для заканадаўства i правапарадку, а значыць i новыя пагрозы з боку цэнзуры.
У зборнiку даволi падрабязна апiсваюцца мэтады цэнзуры Інтэрнэту, якiя выкарыстоўваюць урады розных краiнаў. Некаторыя з гэтых мэтадаў вiдавочна скарыстаныя i ў Беларусi. Да прыкладу, у Беларусi, як i ў шэрагу арабскiх краiнаў, урадавая тэлекамунiкацыйная кампанiя ёсьць фактычным манапалiстам доступу да Інтэрнэту. Гэта дазваляе ня толькi кантраляваць iнфармацыю, але i ўсталёўваць высокiя цэны на правайдэрскiя паслугi.
Аднак апошнiя дасьледаваньнi сацыёлягаў паказваюць, што нягледзячы на ўсе перашкоды, колькасьць беларускiх карыстальнiкаў Інтэрнэту няўхiльна расьце. Пры гэтым яны значна часьцей падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасьцi, чым тыя, хто Інтэрнэтам не карыстаецца. Дырэктар Незалежнага iнстытуту сацыяльна-эканамiчных i палiтычных дасьледаваньняў Алег Манаеў кажа, што беларускiя Інтэрнэт-карыстальнiкi (паводле апытаньняў iнстытуту, iх сярод дарослага насельнiцтва прыкладна 15%) значна адрозьнiваюцца сваiмi поглядамi ад некарыстальнiкаў. Да прыкладу, карыстальнiкi нашмат больш крытычна ставяцца да палiтычнага i сацыяльна-эканамiчнага курсу беларускiх уладаў, значна радзей падтрымлiваюць iдэю трэцяга прэзыдэнцкага тэрмiну для Аляксандра Лукашэнкi i больш прыхiльна ставяцца да прыватнага сэктару.
Часткова гэта можна было б патлумачыць тым, што Інтэрнэтам у Беларусi, як i ў большасьцi краiнаў, часьцей карыстаюцца людзi больш маладыя i адукаваныя. Аднак Алег Манаеў кажа, што адрозьненьнi ва ўзросьце, адукацы, даходах цi месцы жыхарства, памiж карыстальнiкамi i некарыстальнiкамi нашмат меншыя, чым розьнiца ў iх палiтычных поглядах i каштоўнасьцях увогуле.
(Манаеў: ) “У гэтым выпадку мы ня можам тлумачыць адрозьненьні ў поглядах людзей іншым шэрагам фактараў – напрыклад узростам, адукацыяй, даходам і гэтак далей. Гэта мае нейкае значэньне, грае нейкую ролю, але само па сабе карыстаньне Інтэрнэтам ёсьць у гэтым выпадку важнейшым. У сацыялёгіі гэта лёгка правяраецца. Мы можам узяць, напрыклад, адну і тую ж узроставую групу – скажам, моладзь ад 18 да 25 гадоў – і параўнаць там карыстальнікаў і некарыстальнікаў, параўнаць іхныя ўстаноўкі. І мы знойдзем, што і там яны будуць вельмі рэзка адрозьнівацца”.
Дырэктар Незалежнага iнстытуту сацыяльна-эканамiчных i палiтычных дасьледаваньняў кажа, што Інтэрнэт, безумоўна, ёсьць фактарам дэмакратызацыi Беларусi. Дарэчы, даклад Алега Манаева з такой назвай нядаўна зьявiўся на сайце iнтытутуту www.iiseps.by. Паводле Манаева, Інтэрнэт ёсьць фактарам дэмакратызацыi, нават калi лiчыць, што карыстальнiкамi робяцца людзi з ужо сфармаванымi дэмакратычнымi поглядамi.
(Манаеў: ) “Ведаеце, гэта старая філязофская праблема – што першаснае, яйка ці курыца. Бо можна разважаць так: людзі, якія ўжо маюць нейкія погляды на сьвет, менавіта таму і зьвяртаюцца да Інтэрнэту, бо знаходзяць там пацьверджаньне гэтым поглядам. Але нават калі нейкая частка беларускага грамадзтва ўваходзіць у Інтэрнэт менавіта таму, што яна ўжо такая, усё роўна важна падкрэсьліць, што калі людзі зьвяртаюцца да Інтэрнэту, уваходзяць у віртуальную прастору, дзе ёсьць іншая інфармацыя, іншыя формы самавыяўленьня асобы, яны там хутчэй знаходзяць адно аднога, больш актыўна кантактуюць праз чаты, электронную пошту, абменьваюцца сайтамі – асабістымі ці карапарацыйнымі. Таму іхныя погляды ўзмацняюцца, кансалідуюцца. І ў любым выпадку, на прыкладзе дасьледаваньня беларускай аўдыторыі карыстальнікаў Інтэрнэту мы пераканаліся, што Інтэрнэт, прынамсі ў постсавецкіх, посткамуністычных грамадзтвах, ёсьць выключна эфэктыўным і важным мэханізмам дэмакратызацыі. Я магу нават сцьвярджаць, што ў некаторых кірунках разьвіцьцё Беларусі віртуальнай апярэдзіла разьвіцьцё Беларусі рэальнай”.
Сёлетняя дасьледаваньне, якое апублiкавала амэрыканская Фундацыя Карнэгi, паказвае, што Інтэрнэт можа ня толькi шкодзiць, але й дапамагаць рэпрэсiўным рэжымам. У працы “Адкрытыя сеткi, закрытыя рэжымы: Уплыў Інтэрнэту на аўтарытарнае кiраваньне” паказана, што палiтычны ўплыў Інтэрнэту ў значнай ступенi залежыць ад канкрэтных умоваў у грамадзтве. Многiя дыктатуры здолелi ня толькi даволi эфэктыўна зацугляць палiтычна небясьпечную iнфармацыю на Інтэрнэце, але й скарыстаць Сецiва для ўласных мэтаў. Алег Манаеў кажа, што беларускiя ўлады, у тым што тычыцца рэпрэсiяў, не адстаюць ад многiх замежных калегаў – дастаткова прыгадаць зьнiкненьне доступу да палiтычных сайтаў напярэдаднi апошнiх прэзыдэнцкiх выбараў цi папраўчыя работы для журналiстаў Мiколы Маркевiча, Паўла Мажэйкi i Вiктара Івашкевiча за публiкацыi, якiя зьявiлiся толькi ў Інтэрнэце. Але на думку дасьледчыка, самiм эфэктыўна выкарыстоўваць Інтэрнэт беларускiя ўлады пакуль не навучылiся.
(Манаеў: ) “Тут ёсьць адрозьненьні. У некаторых краінах – да прыкладу, у Кітаі, наколькі мне вядома з адпаведных публікацыяў – урад, блякуючы доступ шэраговых грамадзянаў да Інтэрнэту, адносна эфэктыўна сам выкарыстоўвае Інтэрнэт. Яны маюць дастаткова добрыя сайты – урадавыя, міністэрскія. Яны дастаткова хутка іх абнаўляюць, забясьпечваюць да сваіх сайтаў хуткі доступ карыстальнікаў – як унутры краіны, гэтак і звонку. Пра Беларусь гэтага ня скажаш. Большая частка афіцыйнай інфармацыі ў беларускім Інтэрнэце, у тым ліку на ўрадавых сайтах і нават на сайце аміністрацыі прэзыдэнта – на вельмі нізкім узроўні. Ці ўвогуле яны месяцамі вісяць “мёртвыя” і нявыпраўленыя”.
* * *
18 красавiка адкрыўся новы беларускi iнфармацыйна-забаўляльны партал tochka.by. Яшчэ напярэдаднi адкрыцьця стваральнiкi паведамлялi ў прэсавых рэлiзах, што бясплатная пошта на гэтым партале ўпершыню будзе мець беларускамоўны iнтэрфэйс. То бок, паводле жаданьня карыстальнiка можна выставiць беларускую мову, як мову iнструкцыяў i спасылак на паштовай старонцы. Магчыма, што атрымаўшы менавiта гэтую iнфармацыю, стваральнiкi iншага беларускага парталу tut.by нарэшце ажыцьцявiлi даўно абяцаны плян i пераклалi iнтэрфэйс сваёй пошты на беларускую мову.
Кірыл Валошын, генэральны дырэктар tut.by, гэтак пракамэнтаваў гэтую падзею ў навiнах свайго сайту: "Значная частка карыстальнікаў tut.by даўно хацела бачыць беларускамоўны інтэрфэйс нашай пошты. Як толькі гэта стала магчымым, мы зрабiлi пераклад. Ведаю, што будзе шмат пытаньняў наконт перакладу самога tut.by, але гэта патрабуе значна большых працоўных i матэрыяльных рэсурсаў, а мы пакуль што не можам сабе гэта дазволіць".
Акрамя інтэрфэйсу ў самой паштовай скрынцы, перакладзены таксама інтэрфэйс кіраваньня асабістым сайтам, і паведамленьні пра памылкi. Такiм чынам, калi раней не было нiводнага парталу зь бясплатнай электроннай поштай па-беларуску, дык цяпер iх стала адразу два.
Апошнiм часам зьявiлiся i iншыя, больш дробныя, прыкметы пашырэньня беларускай мовы ў Інтэрнэце. Калi ў пошукавай сыстэме Google запусьцiць прозьвiшча францускага пiсьменьнiка Гi дэ Мапасана (Maupassant), дык першым у шэрагу вынiкаў будзе сайт “Тэксты Мапасана”, якi робiць бэльгiйскi лiнгвiст Цьеры Сэльва. На сайце выстаўленыя пераклады твораў Мапасана на 12 моваў, у тым лiку зь нядаўняга часу i на беларускую. Беларускiх перакладаў на старонцы 40 – болей перакладных тэкстаў толькi па-ангельску.
А зусiм нядаўна ў Сецiве зьявiўся прыватны сайт “Аголены Вецер”, якi робiць кампанiя менскiх сьвiнгераў. Пад сьвiнгам тут разумеецца не стыль у джазавай музыцы, але сэксуальныя зносiны пары з некiм яшчэ. Сайт цалкам беларускамоўны, прычым стваральнiкi карыстаюцца клясычным правапiсам. Рэдактар сайту Анатоль кажа: “Мы рабiлi яго для сябе, для Менску, таму мы на гэта пайшлi сьвядома”.
* * *
www.ngo.by – такі адрас новага інтэрнэт парталу, прысьвечанага грамадзкім аб’яднаньням Беларусi. Гэта праект зьдзейсьнiла арганізацыя “Аб’яднаны шлях” за падтрымкай праграмы разьвiцьця ААН у Беларусі i Швэдзкага iнстытуту.
Цікаўны ў справах беларускага трэцяга сэктару наведнік можа знайсьці даведчыя матэрыялы i анонсы падзеяў, зьвязаных з няўрадавымi арганiзацымi. На сайце месьцяцца базы дадзеных грамадзкіх арганізацыяў, а таксама фундацыяў, якія супрацоўнічаюць зь беларускімі арганізацыямі. Гаворыць iнфармацыйная каардынатарка парталу Іна Чырко:
(Чырко: ) “Гэта такі вялікі нацыянальны рэсурс, для грамадзкіх арганізацыяў, інфармацыйны рэсурс, дзе будуць і ўжо ёсьць разьдзелы пра працу грамадзкіх арганізацыяў, якія будуць дапамагаць працаваць грамадзкім арганізацыям. Напрыклад, разьдзел па мэнэджмэнту, па кіраваньні грамадзкай арганізацыяй. Розныя базы дадзеных, грамадзкіх арганізацыяў, фондаў-грантадаўцаў”.
Пляны ў стваральнікаў парталу вялікія. Напрыклад, мяркуецца, што наведнік зможа атрымаць кансультацыі спэцыялістаў проста ў он-лайнавым рэжыме.
(Чырко: ) “Таксама мы там будзем выкладаць свае публікацыі ў электронным выглядзе найбольш цікавыя для арганізацыяў. Мы будзем таксама прадастаўляць паслугі электроннай пошты а таксама гостынгу для сайтаў грамадзкіх арганізацыяў”.
Апрача ўласнай iнфармацыi, партал прапануе маніторынг беларускай прэсы, iнфармацыю ад Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусi, юрыдычныя дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю грамадзкіх арганізацыяў ды іншае.
* * *
Напярэдаднi Вялiкодных сьвятаў у беларускiм Сецiве зьявiлася старонка з назвай “Сайт Хрысьцiянскага адзiнства”. Сайт прысьвечаны экумэнiчнаму руху ў Беларусi i па-за яе межамi. Вось што пiшуць стваральнiкi гэтай старонкi:
“Мэта сайту – паказаць, што Хрысьціяне мусяць быць разам. І размова тут ідзе не пра аб’яднаньне ўсіх канфесій і дэнамінацый, не, мы гаворым пра экуменізм – аб’яднаньне ўсіх Хрысьціян на прынцыпах Любові, Міру і Згоды, з поўным захаваньнем сваіх культурных традыцый і абрадаў. Гэта так добра, калі мы – Хрысьціяне не варагуем паміж сабой, не змагаемся і не злуемся адзін на аднаго, а ёсьць разам у Любові Хрыстовай, як запаветаў нам наш Госпад Ісус Хрыстос…”
І далей:
“… Бо ніхто не вышэйшы за іншых, усе мы роўныя перад Богам. І перад вачыма Госпада ніякая вера, ніякая канфэсія ня ёсьць вышэйшая ці лепшая, ці самая галоўная. Усе мы роўныя перад Ім. І калі мы зразумеем гэта – можа тады мы сапраўды палюбім Брата свайго як самога сябе. Дай Бог!”