Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктывы “Беларускага праекту”; ці канкуруе тэкст у Сеціве і папяровым выданьні; Памідораў пра свой сайт і аўтарскія правы

Віталь Цыганкоў, Прага

Здаецца, мы ўжо неаднаразова адзначалі, што ў беларускім інтэрнэце пакуль відавочна не стае аналітычных рэсурсаў. Такая сытуацыя тлумачыцца шэрагам відавочных прычынаў, таму любое нараджэньне новага сайту ў гэтай сфэры прыцягвае зразумелую ўвагу. Напачатку сакавіка ў Сеціве зьявіўся грамадзка-палітычны інтэрнэт-часопіс “Беларускі праект”. Варта адзначыць, што заяўка у аўтараў новага сайту дастаткова сур’ёзная і амбітная, пра што і гаворыць у інтэрвію для нашай праграмы кіраўнік праекту Яўген Матусевіч:

(Матусевіч: ) “Гэты праект прызначаны для таго кола людзей, якія ўжо стаміліся ад прапаганды, што льецца з прэзыдэнцкіх газэтаў і апазыцыйных сайтаў, стаміліся ад улётак. Праект, безумоўна, для інтэлектуалаў, для той катэгорыі людзей, якія ня толькі размаўляюць, але і слухаюць. Праект усё яшчэ існуе ў пілётным стане. Хаця ў нас будуць навіны, каб людзі маглі зайсьці і даведацца, што дзеецца, аднак асноўным разьдзелам усё ж будзе менавіта аналітыка”.

(Цыганкоў: ) “Сёньня беларускі інтернэт пераважна аматарскі. Людзі ў асноўным ствараюць пэрсанальныя старонкі, прафэсійных сайтаў вельмі няшмат, і яны робяцца даволі значнымі кампаніямі. Ці вы зьбіраецеся перайсьці на прафэсійныя рэйкі – маецца на ўвазе, што праект ня будзе толькі самавыражэньнем вашай асобы, а ўяўляецца больш шырока?”

(Матусевіч: ) “Праект ад самага пачатку не зьяўляецца толькі маім. Ёсьць яшчэ аўтары, якія будуць пісаць артыкулы, і безумоўна, гэта будзе прафэсійны рэсурс. Паводле майго досьведу, ня трэба кампанія з 30 альбо 40 журналістаў, каб выпускаць такое выданьне. Канкурэнтназдольны часопіс можа выпускаць і рэдакцыя з 2-3 чалавек, якая прыцягвае да супрацоўніцтва незалежных аўтараў. І схема працы “Беларускага праекту” будзе менавіта такая”.

(Цыганкоў: ) “Нашым слухачам было б цікава даведацца торошкі больш пра аўтара такога амбіцыйнага праекту...”

(Матусевіч: ) “Паводле адукацыі я эканаміст, але жыцьцё мяне прымусіла стаць журналістам. Я на працягу трох гадоў працаваў з шэрагам расейскіх мэдыяў, але зараз вырашыў, што ўжо трэба вяртацца на Радзіму. Я працаваў на расейскі часопіс Интернет.ру, “Русский журнал”, яшчэ некаторыя выданьні. То бок, ужо можна сказаць, што я прафэсійны журналіст”.

(Цыганкоў: ) “Ці азначае вашае вяртаньне ў Беларусь тое, што, на вашую думку, у беларускім інтэрнэце зьяўляюцца нейкія падставы, магчымасьці для шырэйшага разьвіцьця праектаў, што у беларускі інтэрнэт ужо можна ўкладаць ня толькі інтэлектуальныя, але і іншыя рэсурсы?”

(Матусевіч: ) “Зь фінансавага пункту гледжаньня беларускі інтэрнэт усё яшчэ застаецца полем для ўкладаньня інвэстыцыяў. Калі грошы пачнуць вяртацца, гэта пакуль ня вельмі добра ясна. Але ёсьць цікавасьць беларускай публікі да такога кшталту праектаў, бо ёсьць цікавасьць да інтэлектуальнай палітыкі, аналітыкі, якая ня толькі прапагандуе нешта, але і якая дапамагае чытачу думаць. Да таго ж колькасьць беларускіх інтэрнэтчыкаў увесь час расьце – іх ужо больш за 200 тысячаў. І гэтая лічба будзе павялічвацца. Інтэрнет сам па сабе перастане быць інфармацыйным каналам для эліты і стане сродкам прасоўваньня нейкіх ідэяў на супольным рынку ідэяў”.


* * *
Ці існуе канфлікт між інтэрнэтам і папяровым выданьнем? Дакладней, ці канкуруюць міжсобку тэкст, апублікаваны ў інтэрнэце і надрукаваны ў часопісе? Цяпер на сайце www.litara.net вядзецца дыскусія, якая мае ня толькі тэарэтычныя, але практычныя наступствы. Напрыклад, рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч адмаўляецца друкаваць тэксты, якія перад тым зьявіліся ў інтэрнэце. Зь іншага боку, некаторыя літаратары цьвердзяць пра немагчымасьць арыентаваць сваю працу выключна на папяровыя выданьні. Сытуацыю дасьледуе Севярын Квяткоўскі:

(Квяткоўскі: ) “Пытаньні ўзьніклі пасьля публікацыі ў першым нумары часопісу “Дзеяслоў” форуму зь Літары пад назвай “Мой народ”. У часопісе аўтарам пазначаны Сяргей Дубавец, але ў складаньні тэксту ў рэжыме он-лайн удзельнічалі розныя людзі, пад рознымі імёнамі й псэўданімамі. Кажа галоўны рэдактар “Дзеяслову” Барыс Пятровіч:

(Пятровіч:) “Для мяне няма праблемы ў тым, што тэкст, які зьявіўся ў інтэрнэце, потым можа зьявіцца ў часопісе. Таксама, як зьявіўся тэкст нейкі ў газэце правінцыйнай, раённай, а потым можа зьявіцца ў часопісе агульнадзяржаўным”.

(Квяткоўскі: ) Барыс Пятровіч кажа пра крытыку ў свой бок пасьля публікацыі форуму “Мой Народ”. Цяпер на думку рэдактара ў інтэрнэце варта вывешваць анонс твора, а цалкам зьмяшчаць на якім-кольвек сайце пазьней за друкаваны варыянт:

(Пятровіч:) “Калі аўтар хоча, каб ягоны тэкст зьявіўся спачатку ў друку, хай нясе ў друк. А потым можна павесіць і ў інтэрнэт. “Права першай ночы” каб было ўсё-ткі за літаратурна-мастацкімі выданьнямі”.

(Квяткоўскі: ) З Барысам Пятровічам ня згодная літаратурны крытык Ганна Кісьліцына:

(Кісьліцына:) “Нехта адмыслова мне тэлефануе, замаўляе артыкул, гаворыць, што ён будзе надрукаваны празь месяц ці два. І просіць не выстаўляць гэты тэкст у інтэрнэт. Нумар не выходзіць праз год. Такім чынам, матэрыял састарэў. Я не атрымала свае грошы. Чытачы не атрымалі інфармацыю, якую яны маглі б атрымаць”.

(Квяткоўскі: ) Ганна Кісьліцына згодная, што ва ўмовах рынку ў інтэрнэце варта зьмяшчаць толькі анонс часопіса ці кнігі. Але спадарыня Кісьліцына гаворыць пра спэцыфічную беларускую сытуацыю:

(Кісьліцына:) “Не такая гэта шырокая аўдыторыя, няма тут пакуль чаго дзяліць. Тыя 200-300 карыстальнікаў Літары, яны ня змогуць перайначыць гэтую папяровую прадукцыю, гэтыя часопісы, кнігі, выданьні, радыё”.

(Квяткоўскі: ) Падобнае ж меркаваньне паэта й перакладчыка Андрэя Хадановіча:

(Хадановіч:) “У беларускіх умовах, калі чытач папяровага часопіса і карыстальнік інтэрнэту – аўдыторыі не зусім узаема пакрываюцца. Літаратар і рэдактар могуць сабе дазваляць друкаваньне ў часопісе таго, што было ў інтэрнэце”.

(Квяткоўскі: ) Андрэй Хадановіч заўважае, што ў інтэрнэце ёсьць творы, напісаныя он-лайн, якім па-просту неабходная рэдактарская апрацоўка.

А вось рэдактар часопіса “Калосьсе” Алесь Аркуш прынцыпова не разглядае інтэрнэт як носьбіт інфармацыі:

(Аркуш: ) “Я не разглядаю інтэрнэт як носьбіт тэксту. Спачатку былі гліняныя таблічкі, бяросты, скуры. Затым зьявілася папера. Пайшлі далей-далей. Носьбітам зьяўляецца, напрыклад, дыскета”.

(Квяткоўскі: ) Для рэдактара й выдаўца Сяргея Дубаўца таксама не існуе канфлікту між інтэрнэтам і паперай:

(Дубавец:) “Інтэрнэт ёсьць сродак трансьляцыі. Ня сродак фіксацыі, як друкаваны. Інтэрнэт – гэта жанр. Гэтаксама як тэлевізія, як радыё, як кіно, як тэатар”.

(Квяткоўскі: ) Так мяркуе Сяргей Дубавец. А галоўны рэдактар “Дзеяслову” Барыс Пятровіч дапушчае, што калі-небудзь электронныя прыстасаваньні заменяць кнігу. Але ў найбліжэйшы час ён ня бачыць інтэрнэт за канкурэнта папяроваму выданьню. Такім чынам, праблема між віртуальным і папяровым тэкстам застаецца адкрытым пытаньнем”.


* * *
Наколькі важны для беларускіх музыкаў уласны сайт у Інтэрнэце? На сёньняшні дзень фактычна ўсе найбольш вядомыя беларускія рок-гурты маюць уласныя старонкі ў Сеціве. У некаторых самых знакамітых зьявіліся нават уласныя сецевыя фан-клюбы. Да таго ж ёсьць інтэрнэт-сайты і асобных легендарных ужо супольных праектаў, напрыклад, “Народнага альбому”. У пачатку красавіка, дарэчы, рыхтуеца прэзентацыя інтэрнэт-старонкі альбому “Крамбамбуля”. Знакаміты выканаўца Аляксандр Памідораў таксама мае свой сайт http://www.pomidoroff.net/, які зьявіўся разам з выхадам альбому сьпявака “Сьвята пакрадзенае”. Спадар Памідораў у нашай праграме разважае на тэму, дзеля чаго сёньня беларускаму рокеру патрэбны ўласны інтэрнэт-сайт.

(Памідораў: ) “Ну ня будзеш усім і кожнаму распавядаць пра тыя, навіны (добрыя ці благія), што адбываюцца. Плюс да таго, пра шмат з таго, што здараецца, не заўсёды атрымоўваецца выказацца ў прэсе. Для гэтага існуе інтэрнэт. Плюс ёсьць нейкая купка людзей, якім можа быць цікавая твая творчасьць – яны заходзяць на сайт, задаюць нейкія пытаньні, выказваюцца, – і мне цікава размаўляць з імі.

Што тычыцца майго сайту, ці нашага – бо зараз гэта калектыўны праект, якім карыстаюцца ўсе мае музыкі – шчыра кажучы, ён яшчэ не дароблены. На поўную моц там працуе хіба гасьцёўня, крышку ёсьць у фотагалерэі, на тыдні мусіць зьявіцца mp3, а таксама інфармацыя пра мой альбом “Сьвята пакрадзенае” – як ён зьяўляўся, што маецца на ўвазе ў песьнях, гісторыя стварэньня, біяграфіі музыкаў. Магу сказаць, што адразу пасьля ўзьнікненьня сайту зьявілася некалькі адмысловых форумаў на тэму маіх музыкаў, напрыклад, бубнача ці бас-гітарыста”.

(Цыганкоў: ) “Дасюль беларускія музыкі даволі спакойна ставяцца да таго, што іхную творчасьць можна знайсьці ў Інтэрнэце “за бясплатна”. Якое ваша стаўленьне да гэтага?”

(Памідораў: ) “Ведаеце, у нас і так уся творчасьць амаль бясплатна. Таму тут ня мае сэнсу змагацца за чысьціню грашовую і праваўласьніцкую. Канечне, абурае, калі напрыклад, зьяўляюцца нейкія запісы, што людзі робяць на канцэртах з дыктафона. Напрыклад, была сытуацыя з “NRM”, калі альбом яшчэ ня быў запісаны, а новыя песьні ўжо былі ў інтэрнэце на працягу году ці двух. Людзі запісвалі на дыктафоны гэтыя песьні і потым выкладалі іх на нейкіх сайтах – гэта вельмі абурае, бо гэта яшчэ вельмі сыры матэрыял. А калі матэрыял ужо гатовы, адпрацаваны, адкатаны – што ж, толькі дзякуй.

Напрыклад, калі альбом “Сьвята пакрадзенае” быў толькі ў працы, я аддаў на адзін сайт дзьве песьні прыкладна за месяц да афіцыйнага выхаду альбому. Але я даў туды вэрсіі, бо ўрэшце ў альбом былі ўключаныя трохі іншыя тэксты”.

(Цыганкоў: ) “То бок пакуль можна сказаць, што інтэрнэт не зьяўляецца канкурэнтам продажу дыскаў, а наадварот, дапамагае? Адна-дзьве песьні, што рэпрэзентуюць альбом, павінны толькі зацікавіць патэнцыйных пакупнікоў...”

(Памідораў: ) “З гэтага пункту гледжаньня – так. Потым я ўвесь альбом выкладу у mp3. Але ж вядома, гэта будзе ня тая якасьць, як на дысках. Далёка не на ўсіх кампутарах адпаведныя магутнасьці і хуткасьць.

Што тычыцца непасрэдна аўтарскіх правоў, дык зараз існуюць праграмы, зь якімі ты проста ня выкладзеш аніводзін mp3 без таго, каб не запісаць туды назву твора, праваўласьніка, аўтара кампазыцыі. І калі мы зараз засылаем што-небудзь у інтэрнэт, усё гэта прапісваем, і гэта адразу бачна”.
XS
SM
MD
LG