Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса на сайце брытанскага Інстытуту вайны й міру; мэр Паўлаў заклікае ствараць песьні пра чалавека працы ды іншае


Віталь Тарас, Прага

Афганістан, Балканы, Каўказ, Цэнтральная Азія – гэта рэгіёны, дзе праводзіць маніторынг прэсы Інстытут вайны й міру, штаб–кватэра якога знаходзіцца ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Нядаўна на мапе Інтэрнэт-сайту гэтага інстытуту зьявілася й Беларусь. Чаму праблемы менавіта гэтых краінаў і рэгіёнаў сьвету, галоўным чынам, адлюстраваныя на сайце? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся ў Лёндан да каардынатара беларускага праекту IWPR Наташы Чарнышовай.

(Чарнышова: ) “Справа ў тым, што Інстытут асьвятленьня вайны й міру займаецца падтрымкай разьвіцьця прафэсійнай журналістыкі ў тых краінах, дзе гэта найбольш патрэбна, як мы лічым. А менавіта, у краінах канфлікту і ў краінах зь пераходнай эканомікай. Я думаю, зразумела, чаму наш інстытут пачаў працаваць у краінах балканскага рэгіёну – гэта было ўжо каля дзесяці гадоў таму, калі там шла вайна і былў моцны падзел журналістаў паводле этнічнай прыкметы: напрыклад, у Македоніі – на альбанскую журналістыку й македонскую, хоць гэта дзіўна гучыць. Задачай нашага інстытуту ў гэтым рэгіёне было пабудавацць мост паміж гэтымі двума падзеленымі лягерамі. Журналістыка не абавязкова павінна адрозьнівацца па этнічнай прыкмеце, яна можа быць проста журналістыкай – прафэсійнай і аб’ектыўнай.

З гэтай жа прычыны пачаўся нядаўна новы праект адносна разьвіцьця беларускай журналістыкі. Як вы, мабыць, ведаеце, інстытут праводзіў ужо адзін праект маніторынгу СМІ ў Беларусі ў 2000-м годзе перад выбарамі. І тады нашае дасьледаваньне паказала, што ў Беларусі таксама існуе падзел журналістаў на два лягеры – але не паводле этнічнай прыкметы, а хутчэй па палітычных лініях – г. зн. праўдрадавыя і антыўрадавыя. У выніку церпіць чытач, які часта не атрымлівае аб’ектыўнай інфармацыі. І мы вырашылі працягнуць сваю дзейнасьць у Беларусі ды прапанаваць праект падтрымкі й дапамогі. Калі вы паглядзіце на наш сайт, дык вы заўважыце, што мы публікуем артыкулы, апбуклікаваныя беларускімі журналістамі ў Беларусі, але гэтыя артыкулы праходзяць працэс рэдагаваньня, які ёсьць навучальным працэсам. Мы ня проста правім артыкулы – мы працуем разам з журналістамі індывідуальна над кожным артыкулам, каб зрабіць яго максымальна блізкім да стандартаў міжнароднай журналістыкі”.

Сайт Інстытуту вайны й міру – ангельскамоўны. Але на сайце, у разьдзеле “Балканы”, напрыклад, можна прачытаць матэрыялы тамтэйшых журналістаў і на сэрбскай ці харвацкай мовах. Матэрыялы ў беларускім разьдзеле дубляваныя выключна па-расейску. Ці ёсьць у вашых плянах публікаваць матэрыялы беларускіх журналістаў таксама па-беларуску?”

(Чарнышова:) “Тое, што на нашай старонцы зьяўляецца толькі расейская мова, ня мае ніякай палітычнай падаплёкі, а толькі практычны сэнс. Справа ў тым, што мы нацэльваем нашу службу ня толькі на беларускую аўдыторыю, але таксама на аўдыторыю СНД, і расейская мова больш ужытковая. Дабавіць беларускую мову мы хацелі б. Але пакуль наш праект разьлічаны толькі на 6 месяцаў – гэта залежыць ад фінансаваньня, і таму проста тэхнічна на гэты момант у нас няма рэсурсаў улучыць беларускую мову. Але калі праект атрымае падтрымку й разьвіцьцё, я упэўнена, гэты праект будзе разглядацца”.


* * *
Мы працягваем знаёміць нашых слухачоў зь Інтэрнэт-сайтамі афіцыйных установаў Беларусі. Нядаўна мы расказвалі пра старонку Міністэрства абароны. Сёньня – некалькі словаў пра афіцыйны сайт Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. На галоўнай старонцы зьмешчаны зварот старшыні Менгарываканкаму Паўлава, дзе ўтрымліваецца просьба да менчукоў памятаць, што сёлетні год абвешчаны “годам чысьціні і навядзеньня парадку”. Зварот гэты, як і ўсе астатнія матэрыялы, надрукаваны па-расейску (праўда, ёсьць яшчэ варыянт на ангельскай мове).

У разьдзеле “Старонка мэра” надрукаваныя біяграфія Міхаіла Паўлава, ягоныя інтэрвію й выступы, а таксама артыкул пад назвай “Горад і моладзь”. Прывядзем толькі адзін фрагмэнт артыкулу.

“Прычыны адмоўнага стаўленьня моладзі да працы сярод большай часткі моладзі я бачу ў саслабленьні асьветніцкай, агітацыйнай, ідэалягічнай работы. Чалавеку патрэбнае прызнаньне важнасьці ягонай працы, ягонай Асобы. Азіраючыся на нашае савецкае мінулае, трэба адзначыць, што ўсе песьні аб чалавеку працы, зьлёты, званьні, конкурсы на лепшага паводле прафэсіі, ордэны й граматы былі добра прадуманай, навукова-арганізаванай формай стварэньня асобы чалавека-працаўніка”.

Ілюстрацыяй да гэтай тэзы кіраўніка Менску могуць служыць некаторыя творы, зьмешчаныя на сайце гарвыканкаму, у разьдзеле “Песьні аб горадзе” – напрыклад, “Песьня маладых будаўнікоў Мінска”.

Цікава, што гэтая песьня кампазытара Алоўнікава на словы Лазарука, сярод іншых, удзельнічала ў конкурсе на званьне гімну гораду. Перамогу, аднак, атрымаў іншы твор на музыку Ўл. Алоўнікава, тэкст якога напісаў І. Панкевіч – “Песьня аб Мінску”.

А цяпер пра зусім іншы сайт, які, аднак, таксама тычыцца Менску. Называецца ён “Інфармацыйна-даведачны цэнтар “Сталіца”. Тут сапраўды шмат разнастайнай інфармацыі. Прывядзем некаторыя лічбы з разьдзелу “гарадскія цэны”. Дарэчы, пры ўваходзе ў гэты разьдзел можна бачыць банэр іншага сайту “Галерэя жахаў”. Усе цэны далей падаюцца ў арыгінале ў пераліку на амэрыканскую валюту:

Кошт праезду ў аўтобусе, тралейбусе, мэтро, трамваем – 7 цэнтаў.

Штраф за безьбілетны праезд – каля 3-х даляраў.

Кошт праезду ў таксі – 25 цэнтаў за кілямэтар.

Сьнеданьне ў сталоўцы абыдзецца ў сярэднім у 1-2 даляры. У рэстарацыі Макдоналдз – у 5 даляраў, у рэстарацыях самых буйных гатэляў гораду – у 8-10 даляраў.

Кошты асноўных прадуктаў. Чорны хлеб – 30 цэнтаў, малако – 25, сьмятана – 1 даляр, бульба – 70 цэнтаў, агуркі – 80, сок апэльсінавы – да 5 даляраў за літар. Літар гарэлкі – 2 даляры.


На сайце “Сталіца” ёсьць разьдзел он-лайн, дзе пазначаныя выхады на некалькі форумаў. На адным зь іх, пад назвай Менскі форум, як паведамляюць стваральнікі сайту, “вы можаце абмеркаваць усе праблемы з супрацоўнікамі Менскага гарвыканкаму”. Аднак, менавіта гэты форум не адчыняецца. Спраўна працуюць форумы Арэнда кватэраў і Інтэрнэт-крама.
XS
SM
MD
LG