Лінкі ўнівэрсальнага доступу

LINUX – самая беларуская з усіх апэрацыйных сыстэмаў; Глёбус Беларусі з расейскім акцэнтам ды іншае


Сяргей Шупа, Прага

Тэма сёньняшняй перадачы – кампутар і свабода. Ну, вядома, такая тэма была б надзвычай шырокай, калі не сказаць – бясконцай, таму я абмяжую яе разглядам адной зьявы, якая даволі красамоўна сымбалізуе свабоду ў кампутарным сьвеце.

Сёньня гаворка пойдзе пра апэрацыйную сыстэму Linux і ўзьніклую вакол яе ўсясьветную супольнасьць, аб’яднаную агульнай ідэяй. Што гэта за ідэя і як яна прыжываецца ў Беларусі?

Што такое апэрацыйная сыстэма? Апэрацыйная сыстэма – так сказаўшы, сэрца любога кампутара - для бальшыні карыстальнікаў будзе ўсяго нейкай з вэрсіяў сыстэмы Windows. Шмат хто нават калі й чуў, дык магчыма ніколі й ня бачыў ніякіх іншых, бо звычайна кампутар з Windows цалкам задавальняе звычайныя працоўныя або хатнія патрэбы.

Аднак сыстэма Windows не валодае непадзельна ўсім сьветам. Існуюць і шырацца асяродкі супраціву і змаганьня супраць створанай Білам Гейтсам імпэрыі “Майкрасофт”. Тут найперш варта згадаць і сусьвет кампутараў Макінтош кампаніі “Apple”, якія заўсёды задавалі тон і моду ў сьвеце пэрсанальных кампутараў.

Але Linux – справа зусім іншая. Гэта ўнікальны выпадак, калі апэрацыйная сыстэма была створаная бескарыснымі намаганьнямі тысячаў энтузіястаў ва ўсім сьвеце.

З чаго ж усё пачалося, і што робіць апэрацыйную сыстэму Linux так адметнай ад іншых? Слова праграмісту Віктару Сяргейчыку:

(Сяргейчык: ) “Больш за 10 гадоў таму фінскі студэнт Лінус Торвальдс набыў новы кампутар. Для яго лепшага вывучэньня ён пачаў распрацоўваць апэрацыйную сыстэму для яго. Калі ў яго ўжо атрымалася нешта, што можна было паказаць людзям, ён выклаў гэта ў Інтэрнэт і спытаўся: “Чаго тут не хапае?”

Зь цягам часу з прапановаў, пажаданьняў і рэалізацыяў вырасла ядро сыстэмы. Сыстэмы, якой цяпер карыстаюцца мільёны карыстальнікаў і ў распрацоўцы якой удзельнічаюць тысячы праграмістаў, якая ўсё шырэй выкарыстоўваецца і прадаецца.

Яшчэ раней, больш за 15 гадоў таму, Рычард Столман пачаў праект GNU для стварэньня свабоднай апэрацыйнай сыстэмы, і ўжо да пачатку стварэньня ядра Linux’а праект GNU меў службовыя праграмы-утыліты для стварэньня гэтай сыстэмы.

Разам з праектам GNU ядро Linux утварыла свабодную апэрацыйную сыстэмы GNU/Linux. Цяпер яна працуе на шмат якіх архітэктурах кампутараў – ад надалонных “палмаў” да вялікіх мэйнфрэймаў. Працаваў GNU/Linux і ў космасе.

Чаму так атрымалася? Гэта свабодная сыстэма. Напрамак яе разьвіцьця вызначаюць карыстальнікі, шмат зь якіх зьяўляюцца яе стваральнікамі. З гэтага вынікае яе высокая стабільнасьць: шмат якія Linux-машыны працуюць безь перазагрузкі сотні дзён, а некаторыя – больш за год. Надзейнасьць: пры падзеньні адной праграмы нізкая верагоднасьць спыненьня ўсяе сыстэмы. Гнуткасьць і магчымасьць маштабаваньня: сыстэма можа ў залежнасьці ад патрэбных функцыяў займаць і адну дыскету, і сотні працэсараў.

Таму шмат якія прадпрыемствы будуюць свой бізнэс на Linux’е. Пры ўсёй сваёй моцы ён нікому не належыць, і фірма можа не баяцца, што яна некалі страціць падтрымку або права карыстацца праграмай.

Можна выкарыстоўваць Linux і ў дзяржаўнай сфэры, бо ён танны, не арыентаваны на аднаго вытворцу-манапаліста. Адкрытыя зыходныя коды дазваляюць правесьці сэртыфікацыю, што дазволіла б ужываць яго нават у вайсковай і іншых закрытых сфэрах.

Што прыцягвае карыстальнікаў і праграмістаў – свабода абмену ідэямі і вынікамі. Калі нехта ўзяў свабодную праграму і дапрацаваў яе, ён павінен на ўмовах свабоднай ліцэнзіі разьмясьціць вынікі сваёй працы для вольнага доступу ўсіх зацікаўленых. Ствараецца грамада людзей, якія зацікаўленыя ў зьяўленьні і разьвіцьці добрых свабодных праграмаў. А грошы зарабляюцца на інтэграцыі, на продажы гатовых рашэньняў, на падтрымцы, суправаджэньні праграмаў, навучаньні карыстальнікаў, на абсталяваньні”.

Якая сытуацыя зь Linux’ам у Беларусі? Гэтае пытаньне я задаю майму наступнаму суразмоўцу – праграмісту Віталю Хілько:

(Хілько: ) “Тутака манапаліст – Microsoft. Усюды. У навуковай сфэры, у адукацыі, у вытворчасьці, у эканоміцы. І гэта нягледзячы на тое, ці нават хутчэй дзякуючы таму, што 99 % праграмнага забесьпячэньня – гэта пірацкія копіі.

Але якая карысьць нам ад гэткай прысутнасьці кампаніі Microsoft у Беларусі? Хіба яна стварае працоўныя месцы ў Беларусі? Хіба яна сплочвае падаткі і ўзбагачае бюджэт? Хіба яна спрыяе ўзмацненьню навуковага патэнцыялу Беларусі? Не. Microsoft толькі прадае ліцэнзіі на права карыстаньня ўласнымі прадуктамі. Відавочна, што падобныя пазыцыі толькі шкодзяць нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Зь іншага боку, большасьць дастасаваньняў, якія сёньня распаўсюджаныя ў Беларусі, былі створаныя падобнымі карпарацыямі для іншых краінаў, таму як рынак Беларусь для іх занадта малая. І сёньня карыстальнік мусіць будаваць свой дыялёг на іншых, адрозных ад беларускай, мовах, што ў сваю чаргу вядзе да выцісканьня беларускай мовы з усіх сфэраў жыцьця, якія хоць неяк датычаць кампутараў.

Але ёсьць выйсьце. Дзякуючы таму, што кожны мае доступ да зыходных кодаў апэрацыйнай сыстэмы Linux, мы можам уносіць свае зьмены і такім чынам адаптаваць сыстэму да сваёй мовы. І вось ужо зараз, у лістападзе, дзякуючы гэткай адкрытасьці сыстэмы, графічны інтэрфэйс GNOME-2 быў цалкам перакладзены на беларускую мову, што дазваляе ўжываць яго ў любой сфэры, зьвязанай з кампутарам.

Трэба адзначыць, што сёньня пэўныя камэрцыйныя структуры, якія заўважылі, што выкарыстаньне Linux’у вядзе да зьніжэньня выдаткаў, атрымоўваюць выгоду. Так, ужо цяпер НДІ ЭВМ, распрацоўваючы супольны беларуска-расейскі праект -супэркампутар СКІФ – ужывае ў ім Linux. Нядаўна стала вядома, што кінастудыя “Беларусьфільм” для стварэньня сваіх мультыплікацыйных фільмаў таксама выкарыстоўвае Linux.

Дзякуючы меншым выдаткам на ўжываньне, на падтрымку Linux’у і дзякуючы яго бясплатнасьці, большасьць краінаў Эўразьвязу пераходзіць цяпер на Linux, і таму Linux мае ўсе шанцы завалодаць рынкам – як адукацыйным, гэтак і адміністрацыйным у Беларусі. У нашых далейшых плянах – пашырэньне прысутнасьці Linux’у ў Беларусі празь пераклад офісных дастасаваньняў, такіх, як Open Office – адзін з наймацнейшых адкрытых офісных пакетаў - і пераклад web-браўзэра Mozilla, які сёньня прызнаны найлепшым браўзэрам у сьвеце”.

Такім чынам, выглядае, што Linux мае пэрспэктывы стацца – ды ўжо й цяпер ёсьць – самай беларускай з усіх апэрацыйных сыстэмаў. Тут, праўда, варта дадаць, што аналягічныя намаганьні прыкладаюцца энтузіястамі і ў іншых краінах. Згаданы Віталем Хілько графічны інтэрфэйс GNOME перакладаецца сярод іншага на каталёнскую, валійскую, басконскую, галісійскую, ірляндзкую, ня кажучы ўжо пра больш пашыраныя мовы. Такім чынам, прынцып свабоды інфармацыі, закладзены ў ідэі адкрытага зыходнага коду, спрыяе кампутарызацыі моўных культураў малых народаў, якія стаяць перад пагрозай глябалізацыі і ўніфармізацыі.

* * *

А зараз –да навінаў Белнэту.

Аматарам краязнаўства дый проста усім, хто цікавіцца архітэктурным вобразам Беларусі, можна параіць рэсурс, які называецца проста і без прэтэнзіяў – “Глобус Белоруссии”. На сайце – больш за 1000 фотаздымкаў архітэктурных помнікаў зь беларускіх гарадоў і мястэчак, прычым ня толькі шырока вядомых і растыражаваных. Гэты сайт асабліва карысна будзе наведаць тым, хто ўяўляе Беларусь часткай расейскага культурнага мацерыка – эўрапейскасьць Беларусі перадусім выяўляецца ў яе гістарычнай архітэктуры. Чаго, праўда, ня скажаш пра саму старонку. Яна мала таго, што спрэс расейскамоўная, дык яшчэ і апісаньні мясцовасьцяў даюцца з, так сказаўшы, выразным “западнорусскім” акцэнтам.

Аматарам гістарычнага краязнаўства я хацеў бы параіць яшчэ адзін новы рэсурс – фотаальбом “Незнаёмы Менск. 1920-1940”. Назва гаворыць сама за сябе.

Апошняя навіна сярод музычных рэсурсаў – сайт папулярнага гурту ZET. Сайт зьявіўся літаральна на гэтым тыдні, але да ўвагі яго наведнікаў там ёсьць навіны, гісторыі, гасьцёўня, фота, падарункі і маніфэст гурту, дзе яго замаскаваныя ўдзельнікі фармулююць сваю музычна-грамадзянскую пазыцыю, сутнасьць якіх – ня стаць рабамі фармату.

На заканчэньне яшчэ адна кароткая інфармацыйная нататка – пра беларускае радыё ў Інтэрнэце. Вось агляд станцыяў, якія сёньня можна слухаць у сеціве:

“Радыё Талака” – першы праект выключна інтэрнэтнага радыё, якое ня мае, так сказаўшы, сваёй эфірнай паралелі. Твор Аляксандра Навіцкага, які прапануе слухачам перадачы, складзеныя з твораў беларускай поп- і рок-музыкі.

“Радыё Рацыя”, якое пасьля сыходу з радыёхваляў таксама стала інтэрнэтным радыё, прапануе слухачам навіны і некаторыя матэрыялы ў запісе.

Беларускія перадачы “Радыё Палёнія” з Варшавы можна слухаць у запісе.

Прыхільнікі першага каналу Беларускага дзяржаўнага радыё могуць пачуць яго перадачы ў любым кутку сьвету ў жывым рэжыме.

Беларускія перадачы мае і “Радыё Ватыкан”, але якраз беларускіх перадачаў зь невядомай прычыны няма ў раскладзе інтэрнэт-вяшчаньня гэтага радыё.

Ну і нагадаю, што беларускія перадачы “Радыё Свабода” вы можаце слухаць штодня як у рэальным часе, гэтак і ў запісе. Так што запрашаю і ўсіх тых, хто прызвычаіўся толькі чытаць тэксты нашых перадачаў у Інтэрнэце – слухайце нас.

Да сустрэчаў у эфіры і ў кібэрпрасторы.
XS
SM
MD
LG