Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’ектыўная інфармацыя пра сытуацыю вакол Чачэніі ў інтэрнэце; атака на сэрвэры DNS; новы сайт для замежнікаў пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі


Вольга Караткевіч, Прага

Інтэрнэт адыграў, бадай, галоўную ролю ў апэратыўным распаўсюдзе інфармацыі пра самыя гарачыя падзеі мінулага тыдня. Тыя, хто маюць доступ да Сеціва, маглі ў рэжыме он-лайн, практычна з абнаўленьнем кожную хвіліну, сачыць за тым, што адбывалася ў Маскве ў часе захопу закладнікаў у будынку дома культуры “Шарыкападшыпнік”. Ужо праз пару гадзінаў рунэт быў перапоўнены банэрамі з загалоўкамі, якія прыцягвалі як сваёй правакацыйнасьцю, так і нібыта эксклюзіўнасьцю падаванай інфрмацыі. Паколькі досьвед асьвятленьня падзеяў у Інтэрнэце, да якіх прыцягнутая ўвага ўсяго сьвету, паказвае, што сайты СМІ не вытрымліваюць нагрузкі і віснуць, адразу быў створаны сайт www.voina.ru – адмысловы праект штодзённага Інтэрнэт-выданьня dni.ru. На Вайне.Ру – паведамленьні пра захоп закладнікаў, біяграфія кіраўніка групы захопнікаў Маўсара Бараева, фотаздымкі і цытаты з камэнтароў расейскіх і замежных палітыкаў пра падзеі вакол захопу закладнікаў і эфэктыўнасьць палітыкі Расеі ў Чачэніі.

Падзабытыя наведнікамі сайт чачэнскіх паўстанцаў www.kavkaz.org і прарасейскі www.kavkaz.com у першыя гадзіны пасьля захопу закладнікаў ужо было цяжка загрузіць, а ў першыя дні пасьля здарэньня адкрыць гэтыя старонкі было амаль немагчыма. Паведамленьні на іх былі вельмі супярэчлівыя.

Беларускія Інтэрнэт-выданьні пераважна спасылаліся на расейскія сецевыя крыніцы.

Пра тое, дзе ў Сеціве можна пачытаць больш-менш аб’ектыўную інфармцыю пра Чачэнію і захоп закладнікаў у Маскве, гаворыць мой калега з Паўночнакаўкаскай службы Радыё Свабода Аслан Аюбаў:

(Аюбаў: ) “Інтэрнэт рэагуе апэратыўна на сытуацыю, магчыма, гэта зьвязана з тым, што ён менш заангажаваны, менш бюракратычны чым традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі.

Я ня надта знаёмы з www.kavkaz.com. Мне здаецца, што больш праўдзівая інфармацыя, якая бывае на сайтах, зьвязаных зь Міністэрствам інфармацыі ўраду Масхадава – www.chechenpress.com i www.chechen.org.

Што тычыцца сайту www.kavkaz.org, інфармацыя, якая там зьмяшчаеццца, не заўсёды адпавядае крытэрам аб’ектаўнасьці, на мой погляд. Гэты сайт існуе і працуе пад эгідай і патранажам былога міністра інфармацыі Чачэніі Маўладзі Ўдугава, які, на жаль, мае рэпутацыю ідэоляга найбольш экстрэмісцкай часткі чачэнскага супраціву. Часта там інфармацыя недакладная”.

Я дадам, што Паўночнакаўкаская служба Радыё Свабода таксама мае свой сайт у Інтэрнэце.

Яшчэ адзначу, што на ўзгаданых Асланам сайтах ураду Масхадава можна пазнаёміцца зь гісторыяй Чачні, уведаць пра шарыят, гісторыю, як там напісана, генацыду, і даведацца пра асаблівасьці нацыянальнай кухні чачэнцаў.

Другая тэма, актуальная для Беларусі і Расеі – дэпартацыя зь Менску дэпутата Дзярждумы Барыса Нямцова, які прыехаў у беларускую сталіцу на канфэрэнцыю ў пытаньнях інтэграцыі. Беларускія Інтэрнэт-выданьні ў асноўным рэагавалі на інфармацыю ў расейскіх www.interfax.ru, www.lenta.ru, www.newsru.com.

Тэма высылкі Барыса Нямцова ў беларускім сеціве ўсё ж была лідэрам. Гэтаму скандалу было прысьвечанае апытаньне “Белорусской деловой газеты” – “На каго дэпартацыяй Нямцова хацеў зрабіць уражаньне Аляксандар Лукашэнка?” Каля 50% адказалі, што на самога сябе, 20% – на Расею, 10% – на беларусаў і каля 7% – на Барыса Нямцова.

На сайце Радыё Свабода мы абмяркоўвалі праблему спыненьня працы місіі АБСЭ ў Менску і магчымыя наступствы гэтага. Бальшыня карыстальнікаў, якія ўзялі ўдзел у нашым апытаньні, лічыць, што канфлікт не адаб’ецца на палітычнай сытуацыі ў краіне; каля 30% мяркуюць, што спыненьне дзейгасьці КНГ АБСЭ ўмацуе антыдэмакратычны рэжым…

А напярэдадні згаданых падзеяў, у сярэдзіне тыдня, ва ўсясьветнай кампутарнай сетцы была зафіксаваная самая буйная за ўсю гісторыю атака хакераў. Невядомыя атакавалі 13 сэрвэраў, якія забясьпечваюць работу практычна ўсяго Інтэрнэту. Атака цягнулася гадзіну, таму сур’ёзных парушэньняў не было. Паводле спэцыялістаў, калі б яна зацягнулася, наступствы маглі б быць драматычнымі. Асабліва драматычна гэта магло б быць у кантэксьце падзеяў апошніх дзён: карыстальнікі сецівам не змаглі б браць інфармацыю зь Інтэрнэту… Амэрыканскія спэцслужбы займаюцца расьсьледаваньнем. Пра тое, што за сэрвэры былі атакаваныя і наколькі сур’ёзнымі маглі б быць вынікі такой атакі, распавядзе стваральнік сайту www.pravapis.org Уладзімер Каткоўскі

(Каткоўскі: ) “Маюцца на ўвазе так званыя сэрвэры DNS – Domain Name Servers. Гэта сэрвэры, якія дазваляюць нам, карыстальнікам Інтэрнэту, замест лічбаў пісаць кароткія, лёгказапамінальныя назвы сайту. Напрыклад, калі я напішу www.svaboda.org, то я прыду на сайт Радыё Свабода. Але ў прынцыпе, працу знаходжаньня сайту выконвае гэты DNS сэрвэр. Я б мог, напрыклад, напісаць 164.109.176.110 і таксама прыйсьці на сайт Свабоды. Людзям такое памятаць, канечне, цяжка, таму і былі створаныя такія сэрвэры. Калі яны ўсе загінуць, Інтэрнэт адразу не памрэ, таму што сама сыстэма Інтэрнэту задумвалася як вайсковая сыстэма, якая ад перабояў у працы павінна быць абароненая”.

(Караткевіч: ) “Уладзімер, а вось гэтыя асобы – кампутарнікі ці хакеры, якія зрабілі гэтую атаку – а гаворыцца пра некалькі дзясяткаў удзельнікаў – яны называюцца кібэр-хуліганамі... Ці гэта хуліганства, забава, ці мэтанакіраваная акцыя?”

(Каткоўскі: ) “Ня могуць быць нейкія хуліганы, у сэнсе там хлопчыкі ці дзяўчынкі. Гэта значна больш высокі ўзровень. Гэта атакі, якія патрабуюць моцных кампутарных рэсурсаў. Нават ня высьветлена, адкуль дакладна гэта йшло. Гэта магла быць акцыя нейкай дзяржавы, напрыклад”.

(Караткевіч: ) “І з Вашай практыкі, бывала такое ў Беларусі, каб была мэта заваліць сайт?”

(Каткоўскі: ) “Калі йдзецца менавіта пра DNS сэрвэры, то можна ўзгадаць дзьве атакі такога тыпу. Адна з самых першых – гэта 1998 год. Прэзыдэнцкі вэб-сайт зьмяніў свой твар, скажам так, і там зьявілася старонка “Ён-Хамэлеон” з крытычнымі заявамі на адрас Лукашэнкі. Яны не змаглі зламаць менавіта DNS і там зьмяніць запіс www.president.gov.by і заслаць яго на іншы сэрвэр.

І яшчэ адзін прыклад –дзень прэзыдэнцкіх выбараў 09.09.2002. Запісы апазыцыйных вэб-сайтаў, сайтаў, што асьвятлялі выбары, былі выдаленыя з базы дадзеных сэрвэра DNS. І пасьля гэтага выходзіць на сайты зь інфармацыяй можна было, толькі ведаючы лічбы. І хто іх ведаў? Проста прыйшлі некалькі чалавек з КГБ да тых спэцыялістаў, якія ў нашай фірме “Адкрыты кантакт” займаюцца адміністрацыяй галоўнага беларускага DNS сэрвэра, і сказалі: калі ласка, вось спіс вэб-сайтаў, выдаліце іх з вашай базы дадзеных...”

Дзякуем Уладзіміру Каткоўскаму, а я ўзгадала, як тады, у верасьні 2001 году, “абвал” інфармацыйных сайтаў у дзень выбараў і пасьля ўдалую спробу вэб-майстроў аднавіць гэтыя сайты аглядальнікі назвалі першай “кібэр-вайной” у беларускім сеціве, у якой выйгралі тыя, хто павінен быў з раніцы 10-га верасьня распавесьці чытачам сайтаў з усяго сьвету, як адбываўся падлік галасоў і сама хада галасаваньня.

І зараз пра новы інфармацыйны рэсурс для замежнікаў, прысьвечаны Беларусі. Літаральна днямі чэскі Інтэрнэт папоўніўся сайтам, які паведамляе пра сытуацыю са свабодай слова і фактам перасьледу незалежных журналістаў. На сайце – здымкі Віктара Івашкевіча, Паўла Мажэйкі, Міколы Маркевіча, супрацоўнікаў газэты “Наша Свабода” і зьніклага Дзьмітрыя Завадзкага. Справам гэтых журналістаў і выданьняў прысьвечаныя асобныя разьдзелы сайту. Аўтар праекту “Кампанія за вызваленьне асуджаных беларускіх журналістаў” – іх чэскі калега Любамір Гомбаш. Ён тлумачыць сваю занепакоенасьць падзеямі ў Беларусі і мэту вываду гэтай праблематыкі ў Сеціва:

(Гомбаш: ) “Як вядома, у 1948 годзе Генэральная асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека, і Беларусь падпісала гэтую дэклярацыю. У 19-м артыкуле гэтай дэклярацыі пішацца, што кожны чалавек мае права на свабоднае выяўленьне меркаваньня. Мэтай сайту – інфармаваць сусьветную і эўрапейскую супольнасьць пра сытуацыю зь беларускімі журналістамі, якая склалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Пакуль ёсьць толькі ангельская вэрсія сайту, думаю, што на наступным тыдні зьявіцца мова таксама нямецкая і чэская...”

(Караткевіч: ) “Любамір, зь кім Вы каапэруецеся ў стварэньні сайту?”

(Гомбаш: ) “Трэба сказаць, што зараз толькі шукаю гэтых людзей...”

(Караткевіч: ) “Ужо на гэтым сайце ёсьць шмат інфармацыі, фотаздымкі. Вы супрацоўнічаеце зь нейкімі беларускімі арганізацыямі?”

(Гомбаш: ) “Так, я зьвяртаўся ў Беларускую асацыяцыю журналістаў. Яны далі мне шмат інфармацыі зь іх сайту...”

(Караткевіч: ) “І пытаньне да Вас як да карыстальніка Інтэрнэтам. Якія беларускія сайты чытаеце Вы?”

(Гомбаш: ) “Кожны дзень я чытаю сайт Радыё Свабода, сайт Хартыі-97, сайт БелаПАНу www.naviny.by. Я думаю, што гэта цудоўныя і аб’ектыўныя сайты. Канечне, беларускі Інтэрнэт малады, маладзейшы за чэскі ці польскі, але магу сказаць, што інфармацыяй, якую я атрымліваю, я задаволены”.

Чэскі сайт у падтрымку свабоды беларускіх журналістаў мае адрэсу www.belforum.ecn.cz, а мой суразмоўца Любамір Гомбаш яшчэ зьяўляецца рэдактарам іншага сайту, прысьвечанага Беларусі – www.belarus.cz.Там падрабязная інфармацыйная падборка пра самыя гучныя падзеі ў Беларусі, у прыватнасьці, скандал з высылкай Барыса Нямцова зь Менску, канфлікт вакол місіі АБСЭ і іншая інфармацыя, якой могуць цікавіцца ў Эўропе. Ну і нагадаю пра яшчэ адну Інтэрнэт-старонку, прысьвечаную Беларусі – гэта сайт Беларускага цэнтру чэскай фундацыі “Чалавек у нядолі”.
XS
SM
MD
LG