ЦІ МОЖА БЕЛАРУСКІ ІНТЭРНЭТ БЫЦЬ АКУПЛЯЛЬНЫМ, ЯК БЕЛАРУС РУБАЦКІ АТАКАВАЎ РАСЕЙСКУЮ ПЛАЦЁЖНУЮ КАМПУТАРНУЮ СЫСТЭМУ ДЫ ІНШАЕ
На палітычныя падзеі ў Беларусі актыўна адгукаюцца рэдактары Інтэрнэт-выданьняў у выглядзе апытанак. Беларуская деловая газэта пыталася ў чытачоў Інтэрнэт-вэрсіі пра стаўленьне да ўсеагульнага страйку прадпрымальнікаў. 60 працэнтаў падтрымліваюць, 22 адзначаюць, што з гэтымі ўладамі змагацца можна толькі сілай, адмоўна ставяцца 2 працэнты апытаных. Адрас www.bdg.by
Цікавы апытальны праект прапануе “Беларуская газэта”, якая ў Інтэрнэце зьявілася ў новым выглядзе. www.belgazeta.by . У верасьні - лідэрам Стэфан Калеціч, кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі ІКЕА – 20-ці працэнтам чытачоў БГ запомніўся ён, па дзесяць працэнтаў набралі Віктар Івашкевіч, асуджаны да абмежаваньня волі рэдактар газэты “Рабочы”, Леанід Козік, Саддам Хусэй і першы асуджаны беларускі хакер Аляксандар Рубацкі. А мы спыталіся, ці магчыма, на Вашую думку, з дапамогай Інтэрнэту атрымаць сакрэтную інфармацыю. Мінімальная колькасьць адказалі, што не, а вось большасьць, што любая інфармацыя ў Інтэрнэце не зьяўляецца сакрэтнай.
Закон аб свабодзе веравызнаньняў, прыняты 2-га кастрычніка Саветам Рэспублікі і раскрытыкаваны за рэпрэсыўны характар, шырока абмяркоўваецца ў Сеціве на сайтах рэлігійных груповак і на найбольш масавых форумах. Агляд падрыхтаваў Мікола Пачкаеў
(Пачкаеў: ) “Разнастаўныя аспэкты закону ды стаўленьне да яго розных групаў грададзтва і розных цэркваў Беларусі былі, напрыклад, тэмаю прынамсі пяці даволі папулярных форумаў на сэрвэры tut.by напрацягу апошніх месяцаў.
Вострую рэакцыю гэты заканапраект, а таксама спосаб яго канчатковага прыняцьця, выклікаў асабліва на пратэстанцкіх вэб-станонках. Так напярэдадні прыняцьця закону сайт Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў Беларусі (які называецца "Эвангелие для Беларуси" [ http://uecb.by.ru ]) прысьвяціў гэтай тэме большасьць сваіх новых матэрыялаў. У жніўні там быў апублікаваны артыкул аб праблемах, якія нясе хрысьціянам гэты закон, у верасьні сайт паведамляў аб дні паста і малітвы Эвангельскіх цэркваў Беларусі 22 верасьня, просячы божага ўмяшальніцтва супраць прыняцьця заканапраекту, а таксама аб сумесным набажэнстве пратэстантаў Беларусі ў менскім парку Сяброўства Народаў з тае ж нагоды.
Аб рэакцыі на праект закона лютэранскага біскупа зь Віцебску Леаніда Цвікі паведамляе створаная нядаўна беларускамоўная старонка, прысьвечаная гісторыі і адраджэньню Лютэранства ў Беларусі [ http://lutheranica.at.tut.by/biblio/lut-hist-bl.htm ]. Старонка прыводзіць выказваньні Леаніда Цвікі ў інтэрвью англамоўнай службе рэлігійных навінаў Keston. У прыватнасьці, біскуп Цвікі засьцерагае, што патрабаваньне мець прынамсі 10 абшчынаў, якія бы існавалі прынамсі 20 гадоў (г.зн. з часоў яшчэ да савецкай перабудовы) для ўтварэньня агульна-краёвай рэлігійнай арганізацыі можа паставіць крэс на адраджэньні ў тым ліку і Лютэранскай Царквы ў Беларусі, першыя суполкі якой атрымалі рэгістрацыю толькі пасьля каляпсу камуністычнага рэжыма. Леанід Цвікі асуджае і фактычнае ўвядзеньне цэнзуры на рэлігійную літаратуру. Як зазначае гэтая вэб-старонка, дэкляратыўная згадка ролі таксама і лютэранства ў гісторыі Беларусі - у прэамбуле закону - сама па сабе ніяк не палегчыць становішча гэтай царквы, калі тая сапраўды сутыкнецца са згаданымі перашкодамі.
Тымчасам у беларускім інтэрнэце зьявіліся ўжо і рэакцыі на прыняцьцё закона 2 кастрычніка. Так, на наступны дзень інтэрнэт-старонка хрысьціянскіх навінаў Belchristian.info [ http://belchristian.info ], якую рэдагуе Алесь Беліч, пісала: "Адбылася гістарычная падзея, якая падзяліла сучасную гісторыю Беларусі на дзьве часткі: перад і пасьля Закона. І хаця ніхто адназначна не бярэцца прагназаваць будучыню, усе пагаджаюцца ў тым, што нічога добрага чакаць не даводзіцца".
Крытычную рэакцыю зьмясьціла на сваёй старонцы і хрысьціянская газэта "Слово" [ http://www.slowo.org/ ]. У артыкуле сп. Цесьлюка аўтар задаецца пытаньнем: "чаму гэта сталася магчымым?" "Адно падаецца мне даволі ясна, - піша ён - гэта няўдзел пратэстанцкіх канфэсіяў - які зьяўляюцца кірункамі хрысьціянства, што разьвіваюцца ў Беларусі найбольш дэнамічна - у грамадзка-палітычным жыцьці краіны." "Без удзела пратэстанцкіх канфэсіяў у грамадзка-палітычным жыцьці рэспублікі, - робіць ён выснову, - аб нармальным жыцьці можна будзе толькі марыць".
Напрыканцы зазначым, што - пры даволі дзьвухсэнсоўнай пазыцыі Каталіцкага Касьцёла (лацінскага абраду) да прыняцьця гэтага закона - вельмі крытычныя камэнтары з нагоды закону зьмяшчаюцца на неафіцыйным сайце "Сайце маладых каталікоў" Менска [ http://zmk.at.tut.by ]. Але з агляду каталіцкіх сайтаў Беларусі застаецца нажаль не зусім ясна, як да гэтага дыскрымінацыйнага закона ставіцца гіерархія і большасьць вернікаў-каталікоў Беларусі заходняга абраду”.
(Караткевіч: ) “Упершыню ў Беларусі адбыўся судовы працэс над хакерам. Суд Цэнтральнага раёну Менска прысудзіў да шасьці месяцаў арышту 23-гадовага праграміста-самавучку Аляксандра Рубацкага, былога курсанта Акадэміі міліцыі Беларусі. Пра гэтую справу распавядае Ганна Соўсь
(Соўсь: ) “Беларускі хакер Аляксандр Рубацкі атакаваў адную з буйнейшых мульціплацёжных кампутарных сыстэмаў Расеі "CiberPlat.сом", на якую, дарэчы, ён працаваў. У красавіку 2001 году Рубацкі праз інтэрнэт скантактаваўся з маскоўскім супрацоўнікам "КіберПлат", у выніку кампанія даручыла беларусу распрацаваць адмысловую праграму для банкаў і інтэрнэт-крамаў, якая б абараняла ад махляроў, падробнікаў крэдытных картак. За кошт расейцаў Аляксандр Рубацкі набыў 15 кампутараў і 5 ноўтбукаў, а гэтаксама арэндаваў катэдж у Бараўлянах. "КіберПлат" нават замовіла беларусу пратэставаць ўласны сэрвэр дзеля праверкі сыстэмы бясьпекі. У выніку Аляксандр Рубацкі ўзламаў расейскую мульціплацёжную сыстэму і атрымаў доступ да інфармацыі аб кліентах кампаніі і аперацыях, якія яны праводзяць.
"Кібер Плат" -- гэта ўнікальная мультыбанкаўская сыстэма пляцяжоў праз Інтэрнэт. Удзельнікамі гэтай сыстэмы з'яўляюцца 14 банкаў, 8 працэсінгавых кампаній, 136 пунктаў маментальнага папаўненьня рахункаў і 209 крамаў. Аляксей Рубацкі не пасьпеў скарыстацца скрадзенай інфармацыяй -- паводле заявы расейцаў яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці ў Беларусі.
Паводле беларускага заканадаўства, хакерства караецца наступным чынам -- ад штрафу да трох гадоў зьняволеньня. Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Рубацкага вінаватым у распрацоўцы і выкарыстаньні праграмаў, якія нясуць шкоду, а гэтаксама ў неправамоцным завалоданьні кампутарнай інфармацыяй, і прысудзіў яго да шасьці месяцаў зьняволеньні ў арыштым доме. На судзе Аляксандр Рубацкі заявіў, што здзейсьніў злачынства выключна з прычыны легкадумства, бо ня ведаў, што за ягоныя дзеяньні караюць”.
(Караткевіч: ) “Варта дадаць, што былы курсант Акадэміі міліцыі праграміст-самавучка Аляксандр Рубацкі -- адзіны беларускі хакер, якога прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.
Два гады таму ў сеціве зьявіўся знаёмы зараз кожнаму беларускаму Інтэрнэт-карыстальніку партал TUT.BY. У гутарцы з нашым карэспандэнтам Ігарам Карнеем прэзыдэнт TUT.BY Юры Зысэр падсумаваў асноўныя дасягненьні калектыву аднадумцаў за гэты пэрыяд, а таксама ацаніў агульны стан Інтэрнэту ў Беларус”і.
(Карней: ) “Свой другі дзень нараджэньня калектыў сустракае ў добрым настроі: TUT.BY ўжо стаў акупляльным. Наколькі гэта важна для прадпрыемства, якое выпускае віртуальную інфармацыйную і інтэлектуальную прадукцыю? Гаворыць Юры Зысэр.
(Зысэр:) "Для Інтэрнэт-праектаў па ўсім сьвеце гэта мара. Yahoo за васьмігадовую гісторыю меў толькі тры прыбытковыя кварталы; Rambler i Yandex наогул не атрымлівалі прыбытку. У гэтым сэнсе наш праект вельмі пасьпяховы, і я спадзяюся, што да канца года мы атрымаем устойлівы плюс, а яшчэ гады за два акупім першапачатковыя інвэстыцыі. А яшчэ адбылося тое, на што мы, распачынаючы праект, ніяк не разьлічвалі: партал стаў сьведчаньнем таго, што ў Беларусі людзі таксама здольныя працаваць на ўсясьветным ўзроўні".
Аднак, нягледзячы на посьпех "Тут баю", яго прэзыдэнт тым ня меней скэптычна глядзіць на магчымасьці камэрцыйнага разьвіцьця Інтэрнэту ў Беларусі. Немагчымасьць зарабляць грошы на Інтэрнэце адмоўна ўплывае на яго пашырэньне.
(Зысэр:) "Напэўна, прыбытковых Іінтэрнэт-праектаў будзе няшмат, калі наагул, апроч нас, гэта некаму ўдасца. Беларускі рынак рэклямы ў загане. Прадпрыемствы не прывыклі рэклямавацца — на жаль, гэта супярэчыць нашаму нацыянальнаму мэнталітэту. Таму на рэкляму не разьлічвалі і не разьлічваем: у лепшым выпадку ад яе атрымаем 10-15% нашых прыбыткаў. Мы прасоўваем паслугі электроннага бізнэсу: карыстаючыся сваім гучным імем, прадаём вэб-паслугі, хостынг, праграмнае забесьпячэньне, кансалтынг."
Прэзыдэнт TUT.BY тлумачыць, што ідэя інфармацыйных дайджэстаў нарадзілася амаль адразу ж, паколькі нацыянальны партал павінен заўсёды трымаць наведвальнікаў у курсе падзеяў у краіне і сьвеце. Аднак ідэю ўласнай службы інфармацыі спадар Зысэр адмаўляе, нягледзячы на яе прывабнасьць.
(Зысэр:) "Гэта фантастычна дорага. Па сутнасьці, калі на такое адважвацца, то трэба стаць "Reuter", альбо хоць бы "Інтэрфаксам". Мы проста не пацягнем гэтага."
Бліжэйшая пэрспэктыва — усталяваньне на партале пошукавай машыны і ўдасканаленьне форумаў. Юры Зысэр плянуе таксама нарэшце на форумах парталу ўсталяваць цэнзуру.
(Зысэр:) "На форумах TUT.BY няма рэгістрацыі, няма мадэраваньня. Калі ў бліжэйшыя месяцы гэта ўсё зьявіцца, у сёр'ёзныя палітычныя гутаркі ня будуць умешвацца розныя "цёмныя" асобы і абражаць людзей. Такім чынам, у нас будзе ўведзеная цэнзура. Натуральна, не палітычная, а маральная. Будзе зьнішчацца мат, абраза, рэкляма. Працаваць над гэтым будзе інстытут грамадзкага мадэраваньня. Галоўны адміністратар форумаў будзе перадаваць паўнамоцтвы па розных тэмах невялікай колькасьці зацятых наведвальнікаў, якім можна верыць — гэта чалавек 5-6. Мы ў сваю чаргу будзем за ўсім сачыць, каб не парушалася свабода слова, каб нічога лішняга не выразалі, каб не зьнікалі рэплікі, якія проста не спадабаліся, альбо толькі на той падставе, што мадэратар ня згодны з чыімсьці меркаваньнем."
(Караткевіч: ) “З Юрыем Зысэрам гутарыў мой менскі калега Ігар Карней.
Што да магчымасьці зарабляць празь Інтэрнэт, газэта “Наша Ніва” зьмясьціла абвестку, што неўзабаве поўную вэрсію выданьня можна будзе атрымаць толькі за грошы, дамовіўшыся з рэдакцыяй. Кантактны адрас у Сеціве nn@promedia.by.. Я патэлефанавала ў рэдакцыю і мне паведамілі, што ідэя такая ёсьць, але на пэрспэктыву. Плянуецца зьмена дызайну сайту “Нашай Нівы”, у рэдакцыі ёсьць і канцэпцыя як яе распаўсюджваць не бясплатна. Бліжэй да зьменаў мы распавядзем пра мэханізмы платнага чытаньня “Нашай Нівы” ў Інтэрнэце і пра аўдыторыю гэтай газэты ў Сеціве. І яшчэ адна навіна з Горадні. Газэта “Пагоня” мае новы Інтэрнэт-адрас: www.pagonia.promedia.by.