Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онляйнавая канфэрэнцыя Зянона Пазьняка; абноўленая старонка Зуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”; Ватыкан супраць абмежаваньняў у глябальным сеціве


Віталь Тарас, Прага

6-га сакавіка чэская праваабарончая арганізацыя “Чалавек у нядолі” зарганізавала чат-канфэрэнцыю лідэра Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка на сваім сайце іnfoservis.net

Замест плянаванай гадзіны, канфэрэнцыя доўжылася амаль паўтары.

За гэты час Зянон Пазьняк пасьпеў адказаць непасрэдна амаль на два дзясяткі пытаньняў. Большасьць зь іх тычыліся актуальнай палітычнай сытуацыі ў Беларусі й сьвеце.

“Прывітаньне зь Берасьця. Сп. Зянон, якая можа быць рэакцыя Захаду на агучаныя ў прэсе факты гандлю зброяй і вайсковага супрацоўніцтва ўладаў Беларусі з тэрарыстычнымі рэжымамі?” Зянон Пазьняк адказаў на гэтае пытаньне так: “Захаду даўно вядомыя гэтыя факты. Ягоная рэакцыя будзе залежаць ад той палітыкі, якую ён будзе праводзіць адносна Беларусі й Расеі (бо тут ёсьць і расейскі інтарэс)”.

Ня ўсе пытаньні тычыліся палітыкі. Напрыклад, былі й такія: “Якая вашая самая любімая постаць у гісторыі Беларусі й сьвету?” Адказ: “У Беларусі – усе адраджэнцы, якія ахвяраваліся Бацькаўшчыне. У сьвеце – Папа Ян Павал ІІ”.

“Якая плынь у мастацтве і літаратуры Вашая самая ўлюбёная?” Зянон Пазьняк: “Я ўвогуле люблю мастацтва рамантычнае – сьветлых, чыстых і вялікіх ідэй”.

Як мы раней паведамлялі, гэта была ня першая размова Зянона Пазьняка ў Інтэрнэце. Ён быў першым сярод беларускіх палітыкаў, які ўзяў удзел у чат-канфэрэнцыі – гэта было паўтара года таму ў Нью-Ёрку. Мы зьвярнуліся да Зянона Пазьняка з просьбай параўнаць дзьве падзеі.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі плённай, паводле Вашай ацэнкі, атрымалася онляйнавая канфэрэнцыя гэтым разам, у Празе?

(Пазьняк: ) “Я павінен сказаць, што гэтая канфэрэнцыя адрозьнівалася ў лепшы бок ад першай у тым сэнсе, што не было такіх хамскіх выказваньняў, безадказных паводзінаў, людзей, якія проста не адказваюць за свае пытаньні. Першы раз нават некалькі разоў адлучалі трансьляцыю, умешваўся нейкі там хакер ці “павук”. Цяпер гэтага не было. Усё было значна больш прыстойна.

Але што я заўважыў: вельмі вузкае кола асобаў задавалі пытаньні, і ў асноўным гэта людзі маладога веку. Відаць, гэта вынік таго, што ў Беларусі сеціва вельмі няразьвітае, і гэта ня вынік, скажам, тэхнічнай адсталасьці, а вынік палітычнай сытуацыі. Улады не зацікаўленыя пашырэньнем інфармацыі, і таму існуе такое вузкае кола. Бо ў нармальнай сытуацыі, эўрапейскай, у такой канфэрэнцыі сотні чалавек маглі б удзельнічаць. Але ў Беларусі няма тэхнічных магчымасьцяў, і гэта адчувалася”.

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, фармат канфэрэнцыі не даваў магчымасьці адказаць на ўсе пытаньні, тым больш разгорнута. Было, напрыклад, пытаньне чэскага дасьледчыка Онджэя Соўкупа наконт магчымых саюзьнікаў у Расеі. Вы адказалі, што саюзьнікамі могуць быць тыя, хто безумоўна прызнае незалежнасьць Беларусі. Ці ёсьць на сёньняшні дзень такія сілы ў Расеі, на Вашую думку?”

(Пазьняк: ) “Уся бяда заключаецца ў тым, што такіх палітычных сілаў практычна няма. Нават з дастаткова інтэлігентнымі і разумнымі рускімі людзьмі калі размаўляеш пра пытаньне мастацтва, філязофіі – усё добра. Але калі пераходзіш да пытаньняў палітычных – сувэрэнітэту, незалежнасьці Беларусі, гістарычных адносінаў з Расеяй, дык тут вылазіць, прабачце, звычайная “поліцейская рожа”. Гэта настолькі шакіруе, што проста перастаеш верыць у магчымасьці расейскай інтэлігенцыі.

І на вялікі жаль, я не магу зараз назваць палітыкаў Расеі такога эўрапейскага ўзроўню, якія разумелі б, што такое Беларусь, што такое незалежнасьць, якія павінны быць узаемаадносіны на ўзроўні міжнароднага права. Заўсёды выяўляюцца хоць прыхаваныя, але нейкія прэтэнзіі, імкненьне паказаць нейкую гістарычную залежнасьць. І вось у гэтым заключаецца бяда.

Канечне, ёсьць і такія палітыкі як Навадворская, якія ясна занялі сваю пазыцыю. Але Навадворская гэтак жа адносіцца да Расеі, як і да Беларусі. Так што тут ёсьць пытаньні. Акрамя таго, Навадворская – гэта асобая постаць у рускай палітыцы, і на жаль, яна практычна адна”.

(Карэспандэнт: ) “І яшчэ адно пытаньне хацелася б задаць. Яно, дарэчы, прагучала напрыканцы онляйнавай размовы: ці вядома Вам нешта пра лёс Віктара Ганчара? Маглі б Вы адказаць на гэтае пытаньне зараз?”

(Пазьняк: ) “На жаль, ужо скончылася перадача, і я тады не пасьпеў, бо перакладаліся пытаньні на чэскую мову. Двайны час спатрэбіўся на ўсё, таму на гэтае пытаньне проста не хапіла часу адказаць.

Наконт зьнікненьня Ганчара. Я тады сказаў, і гэта паўтараў ня раз, што я сумняваюся ў ягонай сьмерці, лічу, што ён жыве. Я й цяпер так лічу. Праўда, цяпер ёсьць фактар часу. Прайшло ўжо амаль тры гады, і гэта выклікае здуменьне.

Тым ня менш, я з Ганчаром у парлямэнце пяць год сядзеў побач. Я ведаю яго ў многіх варыянтах, сытуацыях, ведаю ягоны характар і ведаю, на што ён здольны. Таму паверыць, што гэта адбылося такім чынам, як гавораць, цяжка.

Ганчар – гэта асноўная фігура з тых, што прывялі Лукашэнку да ўлады. Гэта адбывалася на нашых вачах. Ганчар адыграў вельмі істотную ролю ў зьняцьці Шушкевіча. І ў гэтым ён бачыў не агульныя палітычныя інтарэсы, а свае асабістыя.

У мяне ёсьць вельмі шмат падставаў сумнявацца, што гэта ня нейкая авантура са зьнікненьнем Ганчара. І гэтае пытаньне, як кажуць, для мяне не закрыта”.

(Карэспандэнт: ) “Як часта Вам даводзіцца мець дачыненьні з Інтэрнэтам, і як Вы ацэньваеце пэрспэктывы глябальнага сеціва ў палітыцы?”

(Пазьняк:) “Інфармацыю з Інтэрнэту я атрымліваю выключна палітычную. Проста ў мяне няма часу на ўсё. Інфармацыяй палітычнай я карыстаюся пастаянна. А што тыцыцца пэрспэктывы, дык канечне, пэрспэктыва тут відавочная й вялікая. Я думаю, што будзе злучэньне Інтэрнэту з тэлебачаньнем у бліжэйшыя часы.

І тое, што ў Беларусі нашае насельніцтва проста адсечанае ад такой інфармацыі, гэта вельмі дрэнна. Проста гэта пагружае нас у стан выключэньня з цывілізацыйных працэсаў. Безумоўна, што пры першай жа мінімальнай зьмене, якая адбудзецца ў Беларусі, на інфармацыю, на пашырэньне Інтэрнэту трэба будзе вельмі зьвярнуць увагу. Таму што нашы людзі адсечаныя ад інфармацыі”.


***
А цяпер пра старонку арганізацыі Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, якая зьявілася ў Інтэрнэце адносна нядаўна.

Аб тым, пры якіх абставінах зьявіўся ў сеціве гэты сайт і якімі бачацца яго пэрспэктывы стваральнікам, я папрасіў распавесьці старшыню рады Згуртаваньня Бацькаўшчына Алену Макоўскую.

(Макоўская: ) “Старонка Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ў Інтэрнэце зьявілася яшчэ напярэдадні Трэцяга зьезду беларусаў сьвету. Але гэта была трохі іншая старонка, і яна была прыстасаваная менавіта да гэтай падзеі. Далей мы трошкі зьмянілі канцэпцыю самога сайту, таму што той ужо як бы выканаў сваю задачу, акцэнтаваўшы ўвагу на самой падзеі.

Зараз мы стварылі старонку, якую яшчэ трэба дапрацоўваць і паляпшаць. Але ўжо ў гэтым выглядзе прынцыпова яна нас задавальняе, таму што адлюстроўвае ня толькі дзейнасьць самой арганізацыі, але й тыя пэрспэктыўныя накірункі, якімі мы будзем займацца.

Дарэчы, старонка ў цяперашнім выглядзе зьявілася ў Інтэрнэце недзе ў кастрычніку-лістападзе 2001 году”.

(Карэспандэнт: ) “Ці стваралася яна ўласна сіламі ЗБС, ці яшчэ нейкія арганізацыі альбо прыватныя асобы дапамагалі ў гэтым?”

(Макоўская: ) “Стваралася яна ўласнымі сіламі, але пры ўдзеле даволі маладога праграміста, які нам дапамог, і да гэтага часу дапамагае. Гэта Максім Курмас. Але сама канцэпцыя старонкі распрацоўвалася менавіта тут, у “Бацькаўшчыне”.

(Карэспандэнт: ) “За гэты час, з восені мінулага году, вы маглі прааналізаваць, наколькі часта зьвяртаюцца да вашага сайту. І хто, у асноўным, наведнікі?”

(Макоўская: ) “У асноўным гэта прадстаўнікі беларускай дыяспары. Але таксама ёсьць і карыстальнікі зь Беларусі. Апошнім часам, пасьля таго, як мы ўжо зарэгістравалі ва ўсіх пошукавых сыстэмах нашую старонку, да нас сталі зьвяртацца тут, у Беларусі, і прадпрымальнікі, скажам, і людзі культуры. Усе цікавяцца, таму што ўсе могуць знайсьці нешта на нашай старонцы з таго, што іх цікавіць. Але ўсё-ткі асноўнымі карыстальнікамі зьяўляюцца прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія атрымоўваюць навіны пра дзейнасьць беларускіх асяродкаў у сьвеце”.

(Карэспандэнт: ) “У рубрыцы “Навіны” ў вас друкуеца, галоўным чынам, бюлетэнь “Беларусы ў сьвеце”. А ці будуць нейкія новыя формы, ці плянуеце вы адчыніць нейкія новыя рубрыкі на вашай старонцы?”

(Макоўская: ) “Так, у нас вельмі шмат задумак. На сёньняшні дзень бюлетэнь друкуецца раз на месяц. Таксама мы для прадстаўнікоў беларускай дыяспары даем скарочаную інфармацыю ў галіне эканомікі, культуры, грамадзтва – накшталт дайджэсту.

Мы плянуем зрабіць базу зьвестак беларускай спадчыны за мяжой: гэта ўсе тыя суполкі, якія на сёньняшні дзень існуюць і зь якімі мы падтрымліваем сувязь. Гэта школы, навучальныя ўстановы, музэі, бібліятэкі, цэрквы – таксама беларускія, якія ёсьць за мяжой. І ў нас яшчэ ў плянах стварэньне галерэі выдатных беларускіх дзеячоў, якія асьвяцілі імя Беларусі ў іншых краінах, якія стварылі сабе там імя, але засталіся беларусамі”, – распавяла Алена Макоўская, старшыня рады Згуртаваньня беларусаў сьвету Бацькаўшчына.

Застаецца назваць адрас старонкі: www zbsb.org


***
Тыдзень таму, 2-га сакавіка, у Ватыкане былі прадстаўленыя два новыя цікавыя дакумэнты, падрыхтаваныя ў апостальскай сталіцы. Яны называюцца “Царква і Інтэрнэт” і “Этыка ў Інтэрнэце”. Вось што распавяла Радыё Свабода супрацоўніца беларускай рэдакцыі Радыё Ватыкан Сьвятлана Мартэцкая пра зьмест гэтых дакумэнтаў і тое, як адбывалася іх прэзэнтацыя.

(Мартэцкая: ) “Дакумэнты падрыхтаваныя папскай радай па СМІ. Яе старшыня Джон Патрык Фоўлі і сакратар рады П’ер-Франка Пасторы, прадстаўляючы гэтыя невялікія, але зьмястоўныя брашуры журналістам з усяго сьвету ў прэсавай залі Ватыкану, адзначылі: сёньняшняя царква, аналізуючы магчымасьці выкарыстаньня Інтэрнэту, улічваючы і тыя аспэкты, што ідуць не на карысьць, але на шкоду чалавеку, ня можа абмяжоўвацца толькі лямантам і асуджэньнем.

Яны адзначаюць, што Інтэрнэт – “гэта новыя магчымасьці і выклікі, але не пагрозы. Бо Інтэрнэт ёсьць дарам Божым”. І галоўнае, што было падкрэсьлена на гэтай прэсавай канфэрэнцыі, “зрабіць немагчымым стварэньне новых несправядлівасьцяў праз абмежаваньне пэўным катэгорыям людзей доступу да Інтэрнэту, трэба ператварыць яго ў інструмэнт умацаваньня міру й дабрабыту, разумовага і эстэтычнага разьвіцьця чалавецтва, пашырэньня ўзаемаразуменьня паміж народамі ды асобамі ва ўсім сьвеце”. Менавіта да гэтага заклікалі ад імя царквы ватыканскія прадстаўнікі, якія выступілі перад сьветам журналістаў”.
XS
SM
MD
LG