Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа Інтэрнэт прывабіць турыстаў у Беларусь?


Віталь Цыганкоў

Турыстычная галіна, бадай, адна з самых неразьвітых у Беларусі. Краіну наведваюць усяго некалькі дзясяткаў тысячаў замежных турыстаў штогод, нават самі беларусы мала ведаюць пра архітэктурныя адметнасьці сваёй зямлі. Аднак пры гэтым беларускія Інтэрнэт-сайты, прысьвечаныя падарожжам, вандроўкам і турызму, выглядаюць нашмат больш прывабнымі і прыцягальнымі чым, напрыклад, рэклямныя брашуры беларускіх санаторыяў і дамоў адпачынку.

Інтэрнэт і тут пачынае абганяць рэчаіснасьць. І гэта ня дзіва, бо сайты пра падарожжы робяцца энтузіястамі, для якіх вандроўкі па Беларусі – любімае і прыемнае хобі, а не нудотная праца. Адзін з такіх праектаў – “Беларусь у чатыры нагі” http://www.the4feet.com – прыцягвае ўвагу і нефармальнай падачай матэрыялаў, і наяўнасьцю ў аўтараў пэўных літаратурных здольнасьцяў.

Аўтары праекту вось ужо больш году вандруюць па галоўных архітэктурных адментнасьцях Беларусі – потым падарожныя нататкі і фотаздымкі замкаў ды касьцёлаў зьяўляюцца на сайце. Гаворыць кіраўнік праекту Андрэй Барашка.

(Барашка: ) “Праект наагул, і сайт у тым ліку вырасьлі з хобі, хобі, якое зьявілася яшчэ са школнага часу, першых курсаў унівэрсытэту. Але зараз на самой справе ў нас ёсьць ужо першая структура, у якой працуюць як “ногі”, так і “галовы”. І вось гэтыя “галовы” ўжо распрацоўваюць сайт на досыць прафэсыйным узроўні”.

Андрэй Барашка навучаецца на факультэце міжнародных дачыненьняў БДУ на адздзяленьні міжнароднага турызму. Таму, ён, безумоўна, ведае пра незайздросны стан турызму ў Беларусі. Як у такой сытуацыі сайт “Беларусь у чатыры нагі” можа стаць на прафэсійны ўзровень? Няўжо аўтары праекту спадзяюцца на наплыў замежных турыстаў альбо на тое, што самі беларусы пачнуць больш актыўна езьдзіць па краіне?

(Барашка: ) “Асабіста маё бачаньне сытуацыі ў тым, што нават пры сёньняшнім бядотным і гаротным стане беларускага турызму хапае тых момантаў, на якія трэба зьвяртаць увагу. За 10 гадоў незалежнасьці Беларусі шмат чаго было па-за ўвагаю як уладаў, так і ўсяго грамадзтва. Беларусь дагэтуль зьяўляецца “невядомай Атлянтыдай” у міжнародным турызьме – і гэта працягваецца 11-ы год. Лічу, што наш праект можа працаваць як на ўнутраны рынак, так і на вонкавы”.

Можна сказаць, што сайт “Беларусь у чатыры нагі” працуе на пэрспэктыву. Нягледзячы на сёньняшні стан турызму ў краіне, у аўтараў праекту пляны проста грандыёзныя. Яны не жадаюць заставацца на ўзроўні хобі і хочуць ісьці ў бок стварэньня сур’ёзнага і нават міжнароднага праекту.

(Барашка: ) “У нас зьявяцца праекты па суседніх краінах – “Расея ў чатыры нагі, Украіна, Польшча…” Гэтыя праекты адпаведна будуць перакладзеныя на родныя мовы гэтых дзяржаваў, і зьявіцца гэткая мультылінгвістычнасьць. Але гэты ўсе пакуль што ў плянах, і казаць дакладна, калі зьявяцца беларускамоўныя, англамоўныя вэрсіі старонак, я пакуль не магу. Бо тут паўстае пытаньне матэрыяльнага забесьпячэньня праекту, бо для адпаведнага і дакладнага перакладу патрэбныя фінансавыя сродкі”.

Вы сказалі, што далей будуць іншыя краіны – “у чатыры нагі”. Ці азначае гэта, што вы прайшлі ўжо ўсю Беларусь, і ня бачыце, куды далей ісьці?

(Барашка: ) “Не. У нас яшчэ заплянавана 5-6 марштураў па архітэктуры Беларусі, засталося знайсьці час і сродкі, каб зрэалізаваць гэтыя задумы. Потым некаторыя з нас будуць займацца замежнымі праектамі – мы былі ў Польшчы, праехаліся ад Ольшчана да Гданьска, наведалі Кіеў, Смаленск. Аднак Беларусь застанецца цэнтральным праектам, будуць вынаходзіцца новыя маршруты, аб’екты – напрыклад, дахрысьціянская гісторыя Беларусі, этнаграфія, паркавая архітэктура і г.д. Беларускі праект застанецца галоўным на нашым сайце”.

У суботу, 8 сьнежня, у Інстытуце вышэйшай адукацыі Беларускага дзяржаўнага універсытэту афіцыйна адкрыўся першы ў Беларусі цэнтар інтэрнэт-адукацыі. Асноўнае ягонае прызначэньне – навучыць школьных настаўнікаў выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналёгіі ў прафэсійнай дзейнасьці і, такім чынам, падвысіць узровень адукацыі. Тэму працягне наш менскі карэспандэнт Ягор Маёрчык.

(Маёрчык: ) “Учора першыя 40 настаўнікаў атрымалі дыплёмы, якія сьведчаць пра тое, што яны пасьпяхова скончылі курс інтэрнэт-адукацыі. Новы цэнтар, які абсталяваны сучаснымі кампутарамі і вылучаным каналам сувязі, плянуе штогод навучаць кампутаровай і сеткавай пісьменнасьці больш за тысячу настаўнікаў. Пра гэта паведаміў ягоны дырэктар Уладзімер Курбацкі”.

(Курбацкі: ) "Галоўная мэта нашага праекту – гэта навучыць настаўнікаў агульнаадукацыйных школаў скарыстоўваць магчымасьці інтэрнэту ў адукацыйных мэтах. Настаўнікі напоўніцу могуць выкарыстоўваць інтэрнэт, бо цяпер ужо хапае адукацыйных сайтаў, зь якіх можна браць нейкую інфармацыю і навучаць дзяцей. Такім чынам сетка становіцца вялікай бібліятэкай. Склад нашых навучэнцаў даволі разнастайны. Тут настаўнікі розных спэцыяльнасьцяў з усёй краіны. Узровень валоданьня кампутарам не аднолькавы. Адсюль і вынікае асаблівасьць праграмы навучаньня. Мы падзялілі ўдзельнікаў на чатыры групы ў залежнасьці ад таго, на колькі яны "прасунутыя" у сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў. Той, хто нічога ня ведае, пачынае вывучаць кампутары ад пачатку, а другі тыдзень – знаёміцца з інтэрнэт тэхналёгіямі. Ну а той, хто ўжо мае досьвед, працуе з старонкамі, пошукавымі сістэмамі і нават вучыцца ствараць уласныя сайты".

(Маёрчык: ) “Беларускі цэнтар інтэрнэт-адукацыі стварылі пры падтрымцы ўраду краіны і Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту. Спадар Курбацкі паведаміў яшчэ адну цікавую акалічнасьць”.

(Курбацкі: ) "Гэткі праект зрэалізаваны нафтавай кампаніяй ЮКАС у шэрагу рэгіёнаў Расеі. Вясной яна прапанавала адкрыць аналягічны цэнтар у Беларусі. Але я не скажу, што тут задзейнічаны толькі грошы ЮКАСу. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт вялікую суму ўклаў і будзе яшчэ ўкладваць. А ЮКАС выступае ў ролі мецэнату. У нас будуецца зьвяз з Расеяй і таму называць нашых партнэраў замежнай структурай, мне падаецца, не карэктным".

Матэрыял пра адкрыцьцё Інтэрнэт-цэнтру перадаў Ягор Маёрчык. Што да ўдзелу расейскай кампаніі ЮКАС, то гэта выглядае як добры рэклямны і маркетынгавы крок. Гледзячы па ўсім, вялікіх грошаў гэтая акцыя не патрабуе, затое мае даволі гучны грамадзскі рэзананс. Так што пранікненьне расейскага капаіталу ў Беларусь, пра якое зараз так шмат гаворыцца, можа адбывацца і такім чынам – празь інтэрнэт.


Чым адрозьніваецца рэгіянальнае інтэрнэт-жыцьцё ад сталічнага? Гарадзенскі сайт “У Міхельсона” http://michelson.by.ru, які толькі пачынае разгортвацца, прыцягвае ня толькі сваёй арыгінальнай назвай. Сайт прысьвечаны культурным і музычным навінам рэгіёну. Праект “У Міхельсона” робіць моладзевая грамадзская ініцыятыва з аднаймённай назвай, якая займаецца арганізацыяй канцэртаў ды іншых музычных і культурных акцыяў. З кіраўніком праекту Андрэям Мялешкам мы гаворым пра адрозьненьне Інтэрнэту ў правінцыі і ў сталіцы.

(Цыганкоў: ) “Ці многа ёсьць гарадзенскіх сайт, які робяць самі гарадзенцы пра жыцьцё свайго рэгіёну?”

(Мялешка: ) “Якраз сёньня я шукаў сайты, зьвязаныя з Гародняй. Можна сказаць, што з кожным днём гэтая колькасьць павялічваецца. Кожны тыдзень зьяўляецца па некалькі новых сайтаў – пачынаючы ад маладых сем’яў і заканчваючы грамадзкімі арганізацыямі і маладзёвымі ініцыятывамі”.

(Цыганкоў: ) “Ці можаце вы параўнаць разьвіцьцё інтэрнэту ў Гародні і Менску? Ці многа людзей валодаюць інтэрнэтам, бавяцца ў сеціве, шукаюць там інфармацыю? Ці ёсьць, на вашую думку, такая выразная рыса – паміж сталіцай і правінцыяй?”

(Мялешка: ) “Розьніца адчуваецца. Напрыклад, у Гародні дзяржаўных Інтэрнэт-кафэ “Белтэлекаму” толькі чатыры. Ёсьць яшчэ Інтэрнэт-цэнтар у Мэдунівэрсытэце, дзе людзі карыстаюцца сецівам за грошы. Таксама тры месцы, дзе прадстаўнікі грамадзскіх арганізацыяў могуць карыстацца інтэрнэтам бясплатна”.

(Цыганкоў: ) “Ці многія , напрыклад, вашыя знаёмыя, бяруць ў Інтэрнэце нейкую інфармацыю, будуюць класныя сайты? Ці адчуваеце вы, што Інтэрнэт стаўся часткай іхнага жыцьця альбо гэта ўсё ж нейкая дзівоса для большасьці гарадзенцаў?”

(Мялешка: ) “Я ня думаю, што гэта дзівоса. Але вельмі мала сярод маіх знаёмых, можа некалькі адсоткаў хіба, карыстаюцца інтэрнэтам, абменьваюцца навінамі і г.д. Гэта ня так разьвіта, як, магчыма, гэта ёсьць у Менску”.
XS
SM
MD
LG