Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкамоўны сайт пра Беларусь, партрэт карыстальніка Байнэт ды іншае.


Вольга Караткевіч, Прага

У нашых перадачах мы шмат гаварылі пра замежныя сайты, прысьвечаныя Беларусі. Гэта – швэдзкі www.stopluka.org – на якім – апошнія навіны зь Беларусі, кампанія швэдзкіх сацыял-дэмакратаў Стоп Лука. Гэта – сайт чэскай фундацыі Чалавек у нядолі: www.belcentrum.org – тут можна таксама прачытаць пра апошнія падзеі ў Беларусі, акцыі, якія праводзяць актывісты фундацыі і беларускія палітычныя ўцекачы ў Чэхіі.

Сёньня хацелася б зьвярнуць увагу на нямецкамоўны інфармацыйна-аналітычны сайт: www.belarusnews.de . Нямецкія газэты публікаюць матэрыялы пра Беларусь, але ў выпадку надзвычайнай нагоды – палітычнай, эканамічнай. Сайт жа мае поўную інфармацыю: навіны, аналітыка, праекты, бізнэс, эксклюзіў, надвор’е ў Беларусі, кроніка прэзыдэнцкай кампаніі, публікацыі ў нямецкай прэсе пра Беларусь. Там жа ёсьць пошукавая сыстэма і лінкі.

Топ-падзеяй на сайце вызначана заканчэньне працы ў Беларусі кіраўніка кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Ганса Гёрга Віка: Mission beendet. Адзначаецца, што дыплямат хацеў дапамагчы Аляксандру Лукашэнку разьвіваць дэмакратыю ў Беларусі ў адпаведнасьці з прынцыпамі АБСЭ.

Цікавым падаецца асьвятленьне прэзыдэнцкай кампаніі. Пад фатаздымкамі кандыдатаў два пытаньні:
Хто кандыдаты? Каго падтрымлівае Масква?

Дарэчы, пра беларуска-расейскія дачыненьні ў разьдзеле Аналітыка напісана: “Пуцін і Лукашэнка: Яны зусім розныя, хаця падобныя. Яны ніколі ня знойдуць агульнай мовы”.

Аўтары сайту не абмяжоўваюцца толькі палітычнай інфармацыяй. Днямі зьвілася паведамленьне пра Прастытуцыю ў Беларусі. Нагадаю адрас: www.belarusnews.de .

Мінуў трэці тыдзень, як зачынілі гарадзенскую газэту Пагоня. Але яна выходзіць у Інтэрнэце. На сайце – “Хроніка злачынства, вэрсія журналістаў выданьня”. Зьмяшчаюцца допісы чытачоў газэты і ўсіх тых, хто выступае за свабоду слова. Газэта прыводзіць заяву рэдактараў 8-мі незалежных газэтаў, якія абураныя фактам закрыцьця газэты і заклікаюць вышэйшых службовых асобаў Пракуратуры апратэставаць рашэньне судзьдзі Жандарава. У Інтэрнэце Пагоня працягвае знаёміць сваіх чытачоў з падзеямі ў Беларусі і сьвеце. Пачытаць яе, а таксама далучыцца да акцыі салідарнасьці можна, набраўшы адрас: www.pahonia.promedia.minsk.by

У перадачах Беларускі дыялёг на Інтэрнэце мы распавядаем пра вынікі самых цікавых апытаньняў у Сеціве. Апэратыўна на падзеі рэагуе Белорусская деловая газета. Зь мінулага тыдня я б адзначыла 2 апытаньні. Першае зьвязанае з клянаваньнем чалавечай клеткі – Ці варта гэта забараніць? 40 працэнтаў тых, хто адказаў – супраць забароны. Палова – 20 - за забарону. А вось больш за 25 працэнтаў лічаць, што клянаваньне чалавека ўсё роўна тайна будзе адбывацца.

Гэтымі днямі зноў паўстала тэма Інтэграцыі – беларуска-расейскай і ў межах СНД. БДГ запыталася, ці зможа СНД стаць нечым падобным да Эўрапейскага Зьвязу. Больш за 45 працэнтаў лічаць, што не. 30-ць адзначылі, што для гэтага трэба стаць эўрапейцам. Што думаеце Вы? www.bdg.by .

Радыё Свабода цікавілася, ці варта Беларусі перайсьці на лацінку, як зрабіў Азэрбайджан. Тыя наведнікі нашага сайту, якія бяруць удзел у апытаньні, выказаліся так: больш за 60 працэнтаў – за лацінку, каля 30-ці - супраць.

Зараз мы цікавімся, дзе чытачы сайту Свабоды маюць доступ на Інтэрнэт?
Адказвайце: www.svaboda.org

На мінулым тыдні ў Менску праходзіў штогадовы Інтэрнэт-форум "by'2001". Цягам трох дзён адмыслоўцы ў галіне інфармацыйных тэхналёгіяў спрабавалі вызначыць тэндэнцыі разьвіцьця беларускай часткі ўсясьветнага сеціва, а таксама падсумаваць вынікі гэтага году. На форуме пабываў наш карэспандэнт Ягор Маёрчык.

(Маёрчык: ) “Выступы ўдзельнікаў форуму збольшага тычыліся актуальных праблемаў разьвіцьця Інтэрнэту ў Беларусі: юрыдычныя аспэкты існаваньня сеціва, сеткавы маркетынг, электронная камэрцыя, некамэрцыйныя магчымасьці, адукацыя праз Інтэрнэт.

Я запытаўся ў дырэктара Інтэрнэт-форуму "by'2001" Івана Пятровіча, якая галоўная праблема разьвіцьця і распаўсюду павуціньня ў Беларусі?

(Пятровіч: ) "Праблема разьвіцьця беларускага Інтэрнэту такая, як і праблема разьвіцьця ўсяго беларускага бізнэсу. Няма тых інвэстыцыяў, якія маглі б даць штуршок рухацца наперад больш дынамічна. Няма неабходных умоваў. Наш Інтэрнэт разьвіваецца наступным чынам: мы, як карыстальнікі, вымагаем ад дзяржаўнага манапаліста Белтэлекаму крокаў наперад. Гэта няправільна. Любы інвэстар стварыў бы канкурэнцыю і дапамог б карыстальніку. Я думаю, што такі інвэстар зьявіцца вельмі хутка. Пазьней гэта дазволіць узьняць пытаньне пра акцыянаваньне Белтэлекаму. Зрабіць гэта. І прыцягнуць яшчэ болей інвэстыцыяў”.

Шмат каго з удзельнікаў форуму цікавіла, калі дзяржава скасуе манаполію Белтэлекаму на вонкавыя каналы сувязі. Аднак начальнік адзьдзелу перадачы дадзеных памянёнага прадпрыемства Алег Сякліцкі заявіў, што такія прывелеі — гэта пазыцыя ўраду, якая бліжэйшым часам не зьменіцца.

Спадар Сякліцкі ня лічыць гэтую акалічнасьць за праблему ў пашырэньні беларускай часткі сеціва. А на маё пытаньне, што ж тады перашкаджае разьвіцьцю Байнэту, ён адказаў надзвычай ляканічна:

(Сякліцкі): "Без камэнтароў."

Пазьней Алег Сякліцкі ўсё ж патлумачыў:

(Сякліцкі): "Мы як дзяржаўная структура галоўным чынам у сваёй працы засяроджаныя на разьвіцьці транспартнай інфраструктуры: вонкавыя каналы сувязі, сыстэма доступу да нас, доступу да правайдэраў. А праблемы Інтэрнэту — гэта праблемы кола карыстальнікаў, праблема прадастаўленьня паслугаў. Гэта па-за межамі нашай кампэтэнцыі, таму сказаць, што гэта за праблема, я не магу. Зазначу толькі, што цяжкасьці з доступам, якія існавалі два гады таму зьліквідаваныя калі не цалкам, дык ужо не выклікаюць скаргаў, як то было раней".

Алег Сякліцкі таксама паведаміў, што налета Белтэлекам плянуе павялічыць колькасьць партоў падлучэньня да Інтэрнэту і зьнізіць аплату за карыстаньне ім”.

(Караткевіч: ) “Агенцыя Інтэрнэт-рэклямы "Мэдыярэкляма" распаўсюдзіла вынікі он-ляйнавага анкетаваньня, якое мае назоў "Сацыяльна-дэмаграфічны партрэт Байнэту".

80 адсоткаў карыстальнікаў сецівам — гэта мужчыны.

Палова апытаных маюць вышэйшую адукацыю.

Самая буйная ўзроставая група — ад 21 да 30 год — складае 35 адсоткаў ад агульнай колькасьці.

Болей за траціну зьяўляюцца супрацоўнікамі кампаніяў і прадпрыемстваў. Столькі ж складаюць студэнты. Амаль два адсоткі — гэта хатнія гаспадыні. Дарэчы, з часу мінулага дасьледваньня, якое праводзілася паўгода таму, гэтая лічба вырасла ў 3 разы.

Палова ўдзельнікаў даследваньня выходзяць у сеціва з хатняга кампутару.
Штодня Інтэрнэтам карыстаецца болей як 50 адсоткаў апытаных. (Падчас мінулага дасьледваньня гэтая лічба была ў 5 разоў меншая.) І яшчэ 40 адсоткаў — некалькі разоў на тыдзень.

Сэанс сувязі у 8 з 10 чалавек доўжыцца блізу паўгадзіны. І толькі 0,4 адсотка бавяць у сеціве больш як тры гадзіны.

16 адсоткаў ідуць у Інтэрнэт для пошуку апэратыўнай інфармацыі.

Цікава, што толькі траціна сеткавай грамады наведвае беларускія сайты штодня.

Самыя нечаканыя высновы з сацыялягічнага дасьледваньня: у кволым, на першы погляд, беларускім Інтэрнэце ўжо створаныя ўмовы для разьвіцьця электронай камэрцыі. Кожны трэці з анкетаваных хоць аднаго разу рабіў пакупкі ў беларускіх Інтэрнэт-крамах. Апрача гэтага, сацыёлягі зазначаюць, што дабрабыт беларускіх карыстальнікаў сецівам расьце: павялічылася колькасьць тых, хто мае мабільны тэлефон і банкаўскую картку.

Выкарыстаць Інтэрнэт у навучальных мэтах вырашылі супрацоўнікі музэю Ўладзімера Караткевіча, які знаходзіцца ў Менскім прафэсійна-тэхнічным каледжы электронікі – падрыхтаваць поўны збор твораў Караткевіча для Інтэрнэту.

Тое, што апублікавана з Караткевіча, на думку ініцыятараў праекту, недастаткова. Дзесяткі твораў дагэтуль застаюцца ў архівах сваякоў, знаёмых пісьменьніка. Я зьвязалася з дырэктарам музэю Караткевіча, выкладчыкам беларускай мовы ў Каледжы электронікі Петрусём Жаўняровічам:

(Жаўняровіч: ) “Ну, наколькі я ведаю, увогуле няма практычна электроннай беларускай бібліятэкі. Ёсьць невялікая, але, напэўна прыватная. Пляны, напэўна, ёсьць. І ў Нацыянальнай бібліятэкі стварэньня ўсіх гэтых носьбітаў электронных. Але пытаньне: наколькі гэта зацягнецца? Хацелася б проста, каб хутчэй гэта было.

Вядома, калі ў нас тут музэй Уладзімера Караткевіча, то мы ў пляны менавіта і ўключылі свае – стварэньне электроннай бібліятэкі Караткевіча”.

(Караткевіч: ) “Гэта будзе рабіцца сіламі сіламі супрацоўнікаў гэтага музэю?”

(Жаўняровіч: ) “Сіламі навучэнцаў. Вы думаеце, што ў нас музэй – дзяржаўны? Музэй у навучальнай установе на грамадзкіх пачатках. Вядома, навучэнцы будуць займацца наборам, а я праверкай. Вось такая будзе сыстэма”.

(Караткевіч: ) “Ці зьвятраліся вы да прафэсійных дызайнэраў?”

(Жаўняровіч: ) “Па-першае, у нас каледж электронікі, таму, магчыма, і тут можна нешта зрабіць. А другое, для таго, каб ужо ўсё гэта аформіць адпаведна, часу мала. У нас разьлічана гэтая праца да 2003 году”.

(Караткевіч: ) “Вы сказалі, што стварацца гэта будзе сіламі навучэнцаў. А сама ідэя ад каго сыходзіла?”

(Жаўняровіч: ) “Я думаю, адначасова. Таму што калі існуе музэй, нам недастаткова, каб гэта былі толькі сьцены і фонд асобна. Абавязкова трэба, каб гэта працавала на навучальны працэс. У нас ёсьць сакратары-машыністкі, сакратары-рэфэрэнты. Вядома, падрыхтоўка. Калі ім набіраць тэксты, дык няма розьніцы якія тэксты яны беларускамоўныя яны будуць набіраць. І нават такім чынам іх можна навучаць. Вядома, я гэта сам распрацоўваў. Актыў музэю ўключыўся ў гэта”.

(Караткевіч: ) “Я б хацела задаць такое пытаньне: існуе Беларуская палічка ў Інтэрнэце. Там зьмяшчаюцца, абнаўляюцца творы беларускіх аўтараў альбо замежных на беларускай мове. Вы пэрсанальна калі-небудзь карысталіся электроннай вэрсіяй, каб чытаць нейкія кніжкі?”

(Жаўняровіч: ) “Ці ў нашых навучальных установах ёсьць магчымасьць карыстацца Інтэрнэтаў увогуле?”

(Караткевіч: ) “Таму я і зьвязалася з Вамі, каб спытацца, наколькі такая працаёмістая работа – перанесьці творы Караткевіча ў Сеціва – будзе запатрабаваная?”

(Жаўняровіч: ) “Уключэньне ў Інтэрнэт – гэта будзе другі пэрыяд нашай работы. Магчыма, да таго часу ў нас зьявіцца кампутар які-небудзь, у музэі, я маю на ўвазе”.

Пры канцы нашай гутаркі Пятрусь Жаўняровіч адзначыў, што было б добра, каб нехта дапамог музэю з кампутарам, чым-небудзь яшчэ. Тады творы выдатнага беларускага пісьменьнікаў – Ўладзімера Караткевіча зьявяцца ў Інтэрнэтнай прасторы значна хутчэй.
XS
SM
MD
LG