Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэорыя пра руку Масквы ў беларускіх выбарах ды іншае.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі набліжаюцца і выбарчая тэматыка павялічвае сваю прастору ў Беларускім Інтэрнэце. Сярод апошніх навінаў – старонка без назвы. “Табе ўжо ёсьць 18?” – пытаецца аўтар і ў адрозьненьне ад тых старонак, дзе станоўчы адказ дае нам дазвол глядзець эротыку і парнаграфію, працягвае: “Тады ты павінен пайсьці туды!!!” і ставіць пытаньне: “Чаму інтэрнэтчык павінен прыйсьці на выбары?”

Далей ідуць 19 аргумэнтаў-адказаў, якія пачынаюцца зь Інтэрнэт-тэматыкі:

Мы павінны пайсьці на выбары, таму што мы хочам, каб нашыя сябры таксама мелі магчымасьць выходзіць у Інтэрнэт.

Мы павінны пайсьці на выбары, таму што мы хочам мець Інтэрнэт дома, а не пабірацца ў сяброў, засіджвацца на вучобе ці працы і аддаваць апошнія грошы на Інтэрнэт-кавярню.

Паступова, аднак, заклікі губляюць Інтэрнэтную спэцыфіку:

“Мы павінны пайсьці на выбары, каб нашыя адмыслоўцы-прафэсіяналы добра зараблялі тут, а ня ехалі ў Канаду за доўгім рублём.

Мы павінны пайсьці на выбары, каб ведаць нашую гісторыю ня толькі з вуснаў імпэрскіх гісторыкаў.

Мы павінны пайсьці на выбары, таму што мы ня хочам бясконца бачыць тое самае на Беларускім Тэлебачаньні.

Мы павінны пайсьці на выбары, таму што нашыя бацькі вартыя спакойнай старасьці, таму што мы хочам мець сем’і і нараджаць дзяцей.

Мы павінны пайсьці на выбары, таму што ведаем, што ўсё залежыць ТОЛЬКІ ад нас.

9 верасьня мы пераможам. Адарвіся ад манітора, прыходзь на выбарчы ўчастак, іначай заўтра будзе позна”.

Гэта была старонка, якую вы можаце знайсьці паводле каардынатаў: http://pobedim.at.tut.by/

Яшчэ адна выбарчая навінка Інтэрнэту старонка: “Адзіныкандыдат” (пішацца ў адно слова), якая нарадзілася 20 жніўня сёлета і атрымала прапіску на лучыве: http://belkandidat.cjb.net

На старонцы адзін артыкул “Палітычны ліхатрон па-маскоўску” з падзагалоўкам: “Як ажыцьцяўляецца трэці – маскоўскі сцэнар беларускіх выбараў”. Напісаны прыхільнікам былога кандыдата ў прэзыдэнты Сямёна Домаша ён з аднаго боку, нібыта, і страціў ужо сваю актуальнасьць, але зь іншага: сцэнар – ёсьць сцэнар і нават тады, калі ён не працуе сёньня, цалкам магчыма, што ён запрацуе заўтра.

Аўтар гэтай публікацыі сябра Маладога Фронту Віталь Станішэўскі, зь якім я зьвязаўся па тэлефоне і пацікавіўся, ці ёсьць у ягонай старонкі якая-небудзь будучыня?”

(Станішэўскі: ) “Сумняюся. Па-мойму, трэба было зрабіць больш сумленна: проста выставіць артыкул (сам па сабе). Але хацелася гэта зрабіць як рэклямны ход, каб прыцягнуць больш увагі да самога артыкулу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Чаму месцам публікацыі вы абралі найменш даступны ў Беларусі сродак – Інтэрнэт?”

(Станішэўскі: ) “Таму што вельмі цяжка дасягнуць друкаваных выданьняў. Нават да незалежнай прэсы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як бачым, Інтэрнэт – гэта тое месца дзе аўтар ёсьці і рэдактарам, і карэктарам, і друкаром, і выдаўцом. А яшчэ Інтэрнэт ёсьць паказчыкам стану друкаваных сродкаў інфармацыі. Артыкул Віталя Станішэўскага зь вядомых прычынаў ня мог зьявіцца ў дзяржаўнай прэсе, а не дзяржаўная прэса мае лічаныя на пальцах выданьні з абмежаванымі магчымасьцямі. У выніку людзі мусяць адкрываць свае старонкі для адной публікацыі, якая наўрад ці дайшла да шырокага кола чытачоў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Яшчэ адна навіна Інтэрнэту – старонка “Антыхартыя” каардынаты: http://ah97.bip.ru/

“Вы трапілі на сайт, які прысьвечаны дзейнасьці некаторых грамадзкіх арганізацыяў, якія шчыра падтрымоўваюцца суполкай Хартыя'97. На наш пагляд, дзейнасьць гэтых арганізацый не адпавядае Беларускай Нацыянальнай Ідэі. Мы лічым, што гэткія аб'яднаньні зьяўляюцца падмуркамі дзеля ўсталяваньня на Нашых Землях улады замежнага капіталу. Мы не імкнемся каго-небудзь абразіць матэрыяламі на сайце. Нашая мэта - зьмяніць Ваш пункт гледжаньня.

Супраць Хартыі'97 – “За сапраўдную Незалежную Нацыянальную Дзяржаву!!!” – пішуць аўтары старонкі і дадаюць, што яны “не належаць ні да якіх беларускіх ці якіх-небудь іншых палітычнах груповак і выказваюць толькі свой асабісты пункт гледжаньня”. Прадстаўнікі Хартыі97 адмовіліся весьці размову наконт гэтай старонкі, а аўтары “Антыхартыі” не адказалі на мой ліст у справе кантакту”.

Інтэрнэт-старонка аднаго з найбольш уплывовых расейскіх выданьняў – “Обшей газеты” ў сэкцыі “Баромэтар ОГ” праводзіць апытаньне пра выбары ў Беларусі.

“Расея выйграе – рытарычна пытаецца газэта – калі прэзыдэнтам Беларусі стане:?” Далей ідуць тры варыянты адказу: Аляксандар Лукашэнка. Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі. Павал Барадзін.

У часе апошніх так званых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі агітатары ад улады езьдзілі па вёсках і вучылі народ як запаўняць выбарчыя бюлетэні. Пры гэтым яны заўсёды ставілі патрэбны крыжык насупраць прозьвішчаў Лукашэкавых кандыдатаў. Потым многія людзі ішлі і галасавалі “як навучылі”. Але выглядае, што часы мяняюцца і апытаньне на Інтэрнэт-старонцы “Общей газеты” – таму прыклад.

Ня гледзячы на тое, што ў колцы для галасаваньня як прыклад правакацыйна адзначаны адказ: Аляксандар Лукашэнка, чытачы ўпэўнена галасуюць за кандыдата аб’яднанай апазыцыі – 50% галасоў. Лукашэнка ж набірае толькі 30.2%, а Павал Барадзін – 19.8%.

Каардынаты гэтай старонкі: http://www.og.ru/mat/main.shtml

І на заканчэньне некалькі показак са старонкі http://www.zgoda.f2s.com/

— Бабуля, а што такое прэзыдэнцкія выбары?
— Гэта, унучак, прыдумалі нядобрыя дзядзькі, якія ня любяць нашага Аляксандара Рыгоравіча.

— Як у беларусаў адбываюцца прэзыдэнцкія выбары?
—Як у раі: Бог паказвае Адаму Еву і кажа: “Выбірай!”

Скажыце, а Лукашэнку ўжо пераабралі, або будзе яшчэ горш?

Беларуса прызначылі агітатарам на прэзыдэнцкіх выбарах і ён ходзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй:
– Прабачце, мяне прасілі вам перадаць, што наш презыдэнт – найлепшы ў сьвеце. Даруйце за турботу, да пабачэньня.

Прайшлі выбары другога прэзыдэнта Беларусі. Прыходзіць Ярмошына да Лукашэнкі і кажа:
– Аляксандар Рыгоравіч, маю дзьве навіны – добрую і дрэнную. Зь якой пачынаць?
– З добрай, – кажа Лукашэнка.
– За вас ніхто не прагаласаваў. У вас 0%.
– Тады якая ж дрэнная навіна? – пытаецца ўражаны Лукашэнка.
– Але вы ўсё адно сталі прэзыдэнтам, – усьміхаецца Ярмошына.

Прыходзіць сын да бацькі і пытаецца:
– Тата, а праўда, што ўсе казкі пачынаюцца са словаў: “Жылі-былі дзед і баба?”
– Не, сынок – адказвае бацька – усе казкі пачынаюцца са словаў: “Калі вы прагаласуеце за мяне на выбарах...”

Вось на сёньня і ўсё. Нагадаю каардынаты нашай інтэрнэт-старонкі: http://www.svaboda.org/
XS
SM
MD
LG