Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творца як твор


Сяргей Харэўскі, Вільня

Даўгавалосы чалавек у рызьзі ідзе басанож па засьнежаных вуліцах старога Віцебску ў бок халоднае Дзьвіны. На сваіх плячах ён нясе крыж. Вакол багата саўдзельнікаў і зьдзіўленых выпадковых мінакоў... Гэтак пачынаўся пэрфоманс Аляся Пушкіна “Шляхам сьвятога Язафата Кунцэвіча, арцыбіскупа Віцебскага і Полацкага” ў лістападзе 1995 году.

Тое, што мастацтва патрабуе гледача – не аксыёма. Ван Гог не выстаўляўся пры жыцьці. Хоць, бадай, меў патрэбу ў гледачы, у разуменьні хоць бы кім сваіх адкрыцьцяў. А іншыя мастакі часьцяком адмыслова хавалі некаторыя свае творы ад чужых вачэй, рыхтык як Фрэнхнгофэр, герой Бальзакаўскае навэлы “Невядомы шэдэўр”. Але ёсьць адзін з мастацкіх жанраў, дзе прысутнасьць гледача падчас акту стварэньня неабходная. Гэта пэрфоманс.

Жанар пэрфомансу – адзін з самых маладых, што ўзьнік у 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Гэта – кароткае прадстаўленьне, што выконваюць адзін ці некалькі ўдзельнікаў перад публікай. Акцыі пэрфомансу папярэдне плянуюцца й адбываюцца паводле пэўнай праграмы. Гэты жанр паўстаў у Беларусі яшчэ ў 1980-я гады, дзякуючы Людміле Русавай ды Ігару Кашкурэвічу. Мала хто тады мог сабе ўявіць, што пэрфоманс стане формаю палітычнай барацьбы ў наш час. Вельмі яркай і гучнай формаю... “Чаму?” – спытаўся я ў Лявона Вольскага, музыкі й сьпевака, стваральніка й уласных пэрфомансаў...

(Вольскі: ) “Ён больш вольны. Набліжаны да музыкі, у гэтым сэнсе. Пэрфоманс можа стварацца без дапамогі якіх небудзь сродкаў наагул. Толькі сродкамі вэрбальнымі, то бок моваю, ці то жэстамі. Ці наадварот, можа быць дарагі пэрфоманс, пры дапамозе, наадварот, дарагіх сродкаў. І гэта адрозьнівае яго ад жывапісу, ці ад рок-канцэртаў, нават. Таму што ён – гэта шырокая палітра”.

Лявон Вольскі сьвярджае, што пэрфоманс – гэта ці не найвальнейшае з мастацтваў. Бо, прынамсі, не вымагае ніякіх сродкаў. Ён назваў мастацтва пэрфомансу “самым брутальным уварваньнем у жыцьцё”. Маўляў, ствараючы парадаксальныя сытуацыі, мастак, выстаўляючы сябе, набліжаецца да такой ступені да самога жыцьця, што можа яго зьмяняць. А вось латыскі мастак, славуты пэрформэр і інсталятар Андрыс Фрыдбэргс, які родам зь Менску, пра свае ўзаемаадносіны з мастацтвам і жыцьцём кажа так:

(Фрыдбэргс: ) “Я лічу, што маё жыцьцё – гэта мастацтва. Я займаюся рэчамі, якія мне падабаюцца. У леташнім каталёгу выставы “Сучасная ўтопія” я прэзэнтаваў сваю працу “12 вэрсіяў самагубства самурая”. Я прпанаваў прадставіць вельмі сучасны погляд на жыцьцё. Я прадставіў кантракт пра самагубства, у якім я прапанаваў зрабіць самагубства любому, хто глядзіць гэты каталёг: выдраць аркуш, дзе стаяць рахунак-фактура, грошы... І мастак, я, аб’явіць, што гэты факт самагубства ёсьць мастацтва. За грошы. Я хацеў выклікаць шэраг пытаньняў да мяне, я хацеў паразмаўляць зь людзьмі, як мастацтва можа далёка зайсьці ў грамадзтве, якія ягоныя функцыі...”

Андрыс Фрыдбэргс праз пэрфоманс імкнецца пашырыць межы мастацтва нагэтулькі, наколькі гэта гатовы ўспрыняць глядач. Размыць мяжу паміж мастацтвам і рэчаіснасьцю. Прапанаваўшы гледачу, напрыклад, самагубства... Пэрфоманс ня толькі гукае гледача, правакуе яго ці прываблівае...

Але ён вымагае жывога ўдзелу самога творцы. У гэтым сэнсе гэты жанр набліжаны да тэатру. Але ў чым яны розьняцца? Пра гэта я сытаўся ў мастака й літаратара Зьмітра Вішнёва, які са сваімі ўласнымі пэрфомансамі выступаў ня толькі ў Беларусі, але ў Латвіі, Польшчы, Расеі ды Швэцыі...

(Зьміцер Вішнёў: ) “Галоўным мастацкім аб’ектам у пэрфомансе ёсьць сам мастак. Для абываталя пэрфоманс можа нагадваць альбо дэбош, альбо тэатар, хоць гэта й ня першае й не другое. Гэта хутчэй набліжанае да шаманства, да мэдытацыі”.

Вішнёў параўноўвае пэрфоманс з шаманствам. Шаманства мела мэту практычную, блізкую ці далёкую. Пэрфоманс таксама можа несьці ў сабе ідэю, скіраваную на зьмену рэчаіснасьці.

А вось жа галоўнае адрозьненьне пэрфомансу ад тэатру ў тым, што выканаўца ці ўдзельнік мастацкае акцыі зьдзяйсьняе абсалютна рэальныя дзеяньні, што нічога апроч іх саміх не выяўляюць, не імітуюць.

Сэнс пэрфомансу дасягаецца праз пачуцьці сьведкаў і саўдзельнікаў... Якім чынам і зь якімі, напрыклад, мэтамі? Пра гэта гаворыць мастацтвазнаўца, выкладчык Акадэміі мастацтваў Яўген Шунэйка:

(Яўген Шунэйка: ) “Гэта мастацтва вельмі цікавае. Яно мае апэратыўны характар. Мастак не стварае кампазыцыі на “вечных” матэрыялах – папера, палатно, а стварае акцыі ў рэальнай прасторы. Мастацтва ўмяшальніцтва ў рэальную прастору, у імя дасягненьня пэўных актуальных мэтаў. Яны могуць быць розныя: сацыяльныя, палітычныя, грамадзкія... Далёка за прыкладамі хадзіць ня трэба. Ёзаф Бойс, які ў 1971 ці ў 1972 ішоў за палітычнай камуністычнай дэманстрацыяй у Заходнім Бэрліне й падмятаў сьляды яе, сьмецьце. А пасьля сабраў усё гэтае сьмецьце, прынес у галерэю, выклаў у цэнтры залі й падпісаў: “Палітычнае сьмецьце”. У яго не было часу рэагаваць празь месяц, праз два. Па сьлядах непажаданай для яго сытуацыі, калі моладзь пайшла за чырвонымі”.

Людміла Русава, піянэрка пэрфомансу ў Беларусі, неяк казала, даводзячы сутнасьць сваіх акцыяў: “Я наагул не прэтэндую на філязофію. Я прэтэндую на экзыстэнцыйнае й мэтафізычнае. Я не прэтэндую на паэзію. Я прэтэндую на паэтычнае...” Хто ж тады яны, майстры-пэрформэры? Мастакі? Акторы? Ці філёзафы? Ці можа гэткім стаць кожны, абы было жаданьне? Урэшце й сродкаў можа не спатрэбіцца. Зьміцер Вішнёў гэта аспрэчвае:

(Зьміцер Вішнёў: ) “Пэрфомансам павінны займацца прафэсіяналы. Гэта такі ж від мастацтва, як і жывапіс, графіка, патрабуе адпаведнай адукацыі. Не сакрэт, што па ўсёй Эўропе ёсьць у акадэміях мастацтваў катэдры пэрфомансаў. Якіх няма, на жаль, пакуль у Беларусі. І я паважаю прафэсійных пэрформэраў – Алеся Пушкіна, Ігара Кашкурэвіча. Пушкін прафэсійна робіць палітычны пэрфоманс”.

Да пераліку Вішнёва я дадам прозьвішчы іншых прафэсійных беларускіх пэрформэраў: Артура Клінава й Віктара Пятрова.

Пэфоманс задзейнічае абстрактныя катэгорыі: час, прастора, чалавек у прасторы. А звонку – пазыцыя сузіральніка, як сьведкі нечаканага дзеяньня.

...У цемры з ложку ўстае чалавек у белым халаце, у чорных акулярах. На руках – гумовыя пальчаткі. Ён корпаецца ў бялізьне, пад падушкаю. І раптам – дастае запаленую лямпачку. Ён пачынае яе разгойдваць на доўгім шнуры. Ўсё хутчэй, хутчэй. Лямпа ляціць усё далей, выхопліваючы сваім сьвятлом сьцены, дэталі, вочы гледачоў. І раптам лямпа гучна разьбіваецца. Усё йзноў патанула ў цемры. Гэта быў пэрфоманс Віктара Пятрова ў езуіцкім калегіюме, што ў Познані...

Мастацтвазнаўца Яўген Шунэйка працягвае:

(Яўген Шунэйка: ) “Пэрфомансы могуць быць актуальнымі. Яны павінны рэагаваць на праблемы жывыя. Ну і ёсьць праблемы, якія немагчыма выразіць жывапісам. Сродкі сучаснага мастацтва разнастайныя. І праблемы неардынарныя. Не хапае сродкаў клясычных відаў. Мастак становіцца й рэжысэрам і выканаўцам. І прыцягваць да акцыі можа сваіх блізкіх. Пэрфоманс патрабуе гледача! Пэрфоманс уключае невялікую групу людзей, усе павінны на гэта глядзець і па свойму рэагаваць. Такая мікрасцэна”.

Так, у адрозьненьні ад жывапісу, пэрфоманс не патрабуе ад гледача адмысловае падрыхтоўкі. І самай слушнай тут будзе ацэнка выпадковага незацікаўленага мінака, які ўспрыме ўбачанае як свой досьвед, дзіўны выпадак. Бо выпадковы глядач не пасьпявае згубіць самастойнасьць меркаваньня. Адносна таго твору, што прапануе паглядзець яму творца. То бок, самога сябе.
XS
SM
MD
LG