(Карэспандэнт: ) “Як Вы будзеце сьвяткаваць Каляды?”
(Дэйвіс: ) “Дома, я заўсёды сьвяткую дома, гэта – сямейнае сьвята, гэта добрая нагода мне застацца дома, бо я вельмі часта разьяжджаю. Я вельмі люблю быць са сваёй сям’ёй. Ясна, мае дзеці ўжо дарослыя, аднак мая дачка і ейны муж прыдуць да нас на вячэру 25-га, а ў наступны дзень мой сын з жонкай і унукам далучацца да нас”.
(Карэспандэнт: ) “А чаму ў наступны дзень пасьля Калядаў? Гэта ў вас у Англіі таксама сьвята?”
(Дэйвіс: ) “Так, гэта называецца боксынг-дэй. Гэта ня мае нічога супольнага са спортам боксам. 100 гадоў таму багачы, якія мелі служак, у гэты дзень дарылі ім боксы – што значыць “скрынкі” па-ангельску – з падарункамі”.
(Карэспандэнт: ) “А вы ў сям’і абменьваецеся падарункамі?”
(Дэйвіс: ) “Так, але мы гэта робім у самы дзень Калядаў. У Англіі Каляды больш важнае сьвята, чым, напрыклад, у Шатляндыі, дзе Новы Год – большае сьвята”.
(Карэспандэнт: ) “А што б Вы хацелі атрымаць сёлета?”
(Дэйвіс: ) “Я заўсёды цешуся абы-чым, але ня ведаю, бо мая жонка трымае гэта ў сакрэце, так як і я не кажу, што я ёй купіў”.
(Карэспандэнт: ) “Ці ставіце Вы елку на Каляды?”
(Дэйвіс: ) “Так, гэта таксама традыцыя ў Аб’яднаным Каралеўстве. Яна пачалася 150 год таму ў часы каралевы Вікторыі, якая кіравала большую частку ХІХ стагодзьдзя. Яна выйшла замуж за нямецкага князя, і ён прывез у Англію традыцыю ставіць у хаце елкі. Елку трэба ўпрыгожваць цацкамі, сьвечкамі, цукеркамі. Безумоўна, у нас будзе елка – Каляды не Каляды бяз елкі”.
(Карэспандэнт: ) “Ці даводзілася Вам сьвяткаваць Каляды за мяжой?”
(Дэйвіс: ) “Так, два разы ў Злучаных Штатах, калі я там быў студэнтам унівэрсытэту. Было вельмі прыемна. Што мне найбольш згадваецца ад тых Калядаў, гэта сьнег, бо ў Ангельшчыне мы вельмі рэдка маем сьнег на Каляды. Так што мне было вельмі прыемна перажыць тое, што мы называем Белыя Каляды”.
(Карэспандэнт: ) “А што Вы ясьцё на Каляды?”
(Дэйвіс: ) “Ёсьць традыцыйныя стравы. Галоўная зь іх – гэта індык, гэта самае распаўсюджанае мяса, якое ядуць на Каляды ў Англіі. У Англіі мы кажам “з усімі дадаткамі” – гэта значыць, з рознымі соўсамі, з каўбаскамі, з гароднінай. А пасьля гэтага падаецца спэцыяльны пудынг, які называецца Крысмас пудынг, які вельмі цяжкі, пажыўны, у ім шмат садавіны, ён падобны да губкі. Калі яго гатуюць, туды дадаецца алкаголь. Таксама падаюцца гэтак званыя мінц-пайс – торцікі. Кожны атрымоўвае адзін такі торцік, начынены мясным фаршам. Іх можна есьці або халоднымі, або гарачымі і запіваць вельмі гарачым чырвоным віном, а таксама віскі ці іншымі алкагольнымі напоямі”.
(Карэспандэнт: ) “Якая Вашая ўлюбёная калядка?”
(Дэйвіс: ) “Мая асабіста – гэта Ціхая ноч, нямецкая калядка, перакладзеная на ўсе мовы. Яна вельмі папулярная ў Англіі, але ёсьць і калядкі, якія тыпова ангельскія. Адна зь іх, якую я вельмі люблю, называецца “Добры кароль Вацлаў”, а гэта цікава, бо кароль Вацлаў быў зусім не ангельскім каралём, а чэскім. Гэта песьня-аповяд пра тое, як кароль Вацлаў частуе галоднага бедняка каляднай вячэрай, мясам і віном. Гэта вельмі папулярная калядка ў Англіі”.
(Карэспандэнт: ) “А можа б Вы прасьпявалі куплет?”
(Сьпявае)
(Карэспандэнт: ) “Чаго б Вы пажадалі беларусам, якія слухаюць сёньняшнюю праграму?”
(Дэйвіс: ) “Жадаю беларускаму народу шмат лепшую будучыню. Я маю вялікую сымпатыю да беларускага народу, я моцна пранікся яго лёсам. Дарэчы, я маю навіну. У студзені мы фармуем спэцыяльную групу членаў парлямэнту Аб’яднанага Каралеўства, якая будзе называцца “Сябры Беларусі”. Яна будзе складацца з членаў абодвух палатаў парлямэнту і абодвух галоўных палітычных партыяў. Як я разумею, мяне запросяць быць старшынём гэтай новай палітычнай групы. Мэта групы – падштурхоўваць нашых калегаў да большага зацікаўленьня праблемамі і будучыняй Беларусі. Такім чынам, я жадаю ўсім беларусам вельмі шчасьлівай будучыні і вельмі спакойнага году”.