Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязынка


Віталь Сямашка, Вязынка

Гэтым разам у Вязынку, што ў Маладэчанскім раёне, я прыехаў ня дзеля таго, каб наведаць радзіму славутага песьняра, хоць завітаць у Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік не прамінуў. На Вязынкаўшчыне за апошняе дзесяцігодзьдзе ўзьнялася з тутэйшых нізінаў, гаворачы словамі паэта, “сакаліна сям’я” зь дзясятка фэрмэраў.

Пра гэта вам сёньня тут скажа нават любы маладзён. Вось гэтага завуць Андрэй:

(Андрэй: ) “Вязынка — гэта адзін Закрэўскі, увесь калгас. Гэта фэрмэрская дзяржава…”

Уладзімер Іванавіч Закрэўскі — адзін з патрыярхаў беларускага фэрмэрскага руху. Яму 63. Тузін гадоў таму ён першым з тутэйшых сышоў у фэрмэры з пасады старшыні Радашкавіцкага сельсавету пасьля развалу мясцовага калгасу імя Янкі Купалы. Сёньня ў яго 160 гектараў зямлі, паўтары сотні сьвіней, уласныя тры трактары, чатыры плугі, пара культыватараў ды капалак. Вяскоўцы за вочы называюць яго алігархам. Аднак без пагарды — з павагай. У чаканьні няўрымсьлівага Закрэўскага я і гутару зь імі на ўскраіне Вязынкі, дзе месьціцца сядзіба спадара Ўладзімера. Якраз надарылася пярэрва, яны запалілі прыбранае з надворку фэрмэра сьмецьце.

(Галасы: ) “Валянціна Аніська… Алена Саклак… Валянціна Зайкоўская… Усе сюды працаздольныя ходзяць…”

(Карэспандэнт: ) “Працы ж няма ніякай іншай?”

(Галасы: ) “Не…”

Да нас падыходзіць яшчэ адзін маладзён:

(Вадзім: ) “Мяне Вадзім завуць, працую чацьверты год. На рынку працаваў дагэтуль”.

(Карэспандэнт: ) “Ці выгодна рынак на фэрмэра зьмяніць?”

(Вадзім: ) “Нашмат. Бліжэй да хаты. Не зьневажае, плаціць своечасова — хочаш, кожны дзень, хочаш, празь месяц…”

(Карэспандэнт: ) “Вы сябе парабкамі не адчуваеце?”

(Людзі: ) “Не, простымі рабочымі, мы тут свабодныя, сваю працу ведаем…”

(Карэспандэнт: ) “А дзе свабадней было — у калгасе ці ў фэрмэра?”

(Людзі: ) “У фэрмэра. Тут нас у карак ніхто ня гоніць. Над намі ніхто не стаіць — мы паціхеньку робім. Як вам сказаць… Гэта ў нас другая краіна ў Вязынцы…”

Тым ня менш, у Вязынку я прыехаў з сумнымі навінамі, якія, уласна, і сталі нагодай для вандроўкі менавіта сюды. Кастусь Ярмоленка, старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня фэрмэраў паведаміў напярэдадні пра пакет новых заканадаўчых актаў, што рыхтуюцца для прыняцьця Нацыянальным сходам. Згодна зь імі, фэрмэры, да прыкладу, пазбаўляюцца права перадачы ў спадчыну зямлі, а далейшую арэнду зь імі заключаюць альбо перарываюць раённыя вэртыкальнікі.

Але вось я бачу адмысловы белы “рафік” Закрэўскага. Як высьвятляецца, спадар Уладзімер ужо пра ўсё ведае.

(Закрэўскі: ) “Гэта падрэжа карані фэрмэрскага руху, таму што мы працуем, каб перадаць зямлю дзецям, каб яны ад яе не адыходзілі, засталіся ў родных мясьцінах, бо вакол усё спустошанае. У мяне дзьве дачкі, два ўнукі, два зяці — і яны маглі бы працаваць. А ня будзе ўспадкаваньня, пры падпісаньні новай дамовы на арэнду можна знайсьці любую прычыну, каб дамовы не прадоўжыць”.

Разам з Уладзімерам Іванавічам успамінаем ды разважаем:

(Закрэўскі: ) “Я старшынём сельсавету два гады адпрацаваў. Калі ня будзеш падпяваць каму трэба, больш цябе ня выберуць. І што — будзеш хадзіць з торбай каля крамы бутэлькі зьбіраць?! Пэнсіянэраў на добрую працу не бяруць, а закону ж няма, які бы абмяжоўваў узрост фэрмэра! (Сьмяецца.) Еду на поле і зьведваю мора задавальненьня — усюды лес, птушкі сьпяваюць. А каб мяне пасадзіць у які кабінэт на восем гадзінаў — гэта ж турма!”

Нешта цікавае: свой надзел Закрэўскі узяў на мясьцінах, якімі да 1939 году валодалі ягоныя бацькі, якія самі зьбіралі тут ураджай на 18 гектарах.

(Закрэўскі: ) “Як некаторыя ходзяць — ох, ах! Мае рабочыя столькі бульбы зарабляюць, што самі ёй гандлююць. Фэрмэрства адбылося. Калі я пачынаў, хадзілі ўпартыя размовы: фэрмэры не накормяць. А сёньня вырасьцілі столькі капусты ды бульбы, што няма куды падзець. Я ўсе Радашкавічы накармлю і частку Менску, бо ў мяне яшчэ засталося 50 тонаў бульбы і я ня ведаю, хто ў мяне купіць. І яшчэ.Сёньня можа выжыць толькі буйная гаспадарка, тут і пра 100 гектараў няма чаго гаварыць — мінімум 500 альбо 1000. Бо немагчыма фэрмэру мець інакш усе віды тэхнікі, навясное абсталяваньне”.

На грэшную зямлю нас апускае Анатоль Дварэцкі. Ён бядуе — бамжаватыя суседзі скралі нядаўна падоранага яму Закрэўкім каня.

(Дварэцкі: ) “Выпусьціў каня на двор. Крыху адышоўся карове нарыхтаваць карма. Выходжу — толькі сьлядкі. Брама адчыненая, і каня няма. Я пайшоў па сьледу. Дайшоў да дому, там тыя “шурыкі” патлумачылі: калі ты скажаш, мяне з голаду ўмораць, а другога заб’юць”.

Каб неяк супакоіць Анатоля Казіміравіча, паказваю сваю дасьведчанасьць, што ў Вязынцы, маўляў, яго называюць панам. Яшчэ і з-за таго, што марыць гадаваць стравусаў. Але той са скрухай маша рукой:

(Дварэцкі: ) “Улада ў нас ніякай не дае абароны для фэрмэра. Ужо надвор’е плюс 18, а ніхто не вывозіць гною. Старшыня сельсавету, усе чакаюць — такая ўлада. Ад маёй хаты кілямэтар да музэю — 28 хатаў, у якіх толькі дачнікі. Вёска лічылася ўзорнай , а яе засралі! Захламленасьць, толькі штраф каб выпісаць!”

Пасур’ёзьнеў і Закрэўскі:

(Закрэўскі: ) “Сёньня ёсьць такі момант. Я прыходжу ва ўпраўленьне “Агралізынг” і кажу: я куплю трактар. У мяне ёсьць грошы. За папярэднія трактары я разьлічыўся. Яны кажуць: дарагі, ты не купіш, далі каманду з фэрмэрамі не працаваць. Я кажу: пакажыце паперу. Мне яе ніхто не паказаў, але дагэтуль ні адзін фэрмэр ня можа купіць у лізынг трактара. Мы ня лезем у гэтую палітыку, але трэба трактар — пайшоў купіў…”

(Карэспандэнт: ) “А палітыка да вас лезе?”

Закрэўскі сьмяецца.

Ужо ў “рафіку”, куды пераселі дзеля далейшых сустрэчаў, Уладзімер Іванавіч, маючы на ўвазе выбарчыя кампаніі, кінуў колькі словаў:

(Закрэўскі: ) “Яшчэ пры камуністых, калі што ня так, спынялася “Волга”, забірала тыя скрыні, свае аддавала — і ўсё. Пры гэтых тое самае. Яны пад іншым сьцягам, але нічога не мяняецца”.

Наступны прыпынак падчас падарожжа па фэрмэрскай Вязынцы — у спадара Рашэтнікава. У яго ідзе будаўніцтва, як кажуць, на поўны рост. Нядаўна ўдалося ўзяць банкаўскі крэдыт ды 11 гектараў зямлі ў арэнду. Адначасова вырастаюць сядзіба, фэрма на трыццаць бычкоў ды памяшканьне для гадаваньня трусоў. Я дзіўлюся:

(Карэспандэнт: ) “Вы дзіўны чалавек. Фэрмэрства пінаюць нагамі, ідзе наступ на заканадаўчым узроўні. А ў вас адная фэрма, другая, даміна вырастае! Не баяцеся ня самых лепшых часоў?”

(Рашэтнікаў: ) “Калі чэсна, не. Я ўпэўнены: буду рабіць, будзе ўсё добра. Адбяруць — пайду ў другое месца. А пакуль мне далі крэдыты, я пабудаваў фэрму”.

(Карэспандэнт: ) “Што рухае вамі?”

(Рашэтнікаў: ) “Любоў да радзімы — раз. Другое — я заўжды павінен працаваць!”

На чарзе — самы малады, упарты і, калі хочаце, самы эпатажны з фэрмэрскай грамады Вязынкаўшчыны. Было так. Чатыры гады таму ў другой палове дня ў былы засьценак Шалухі прыехала вясковае ды раённае начальства. Зямля была, што называецца, “пад парамі”. Рэльеф пакручасты, бадай, неспрыяльны для гаспадараньня. Вырашылі лёс мясьцінаў вызначыць наступным ранкам. Калі прыехалі, дык зьнямелі. Усе 30 гектараў ноччу нехта акуратна ўзараў. На ўскраіне палеткаў сядзеў змучаны Аўген Цітуленка. Так і пачалося ягонае фэрмэрскае жыцьцё, — расказваў Жэня пры сустрэчы.

(Цітуленка: ) “Я зямлю не атрымаў, а захапіў. Я фэрмэр-захопнік. Мне восем гадоў зямлі не давалі. Камісіяў многа было — рай-, аблвыканкамы, “Гіпразем” і суды мной займаліся. А раз зямлю захапіў, дапамогі ніякай ад дзяржавы не паступіла. Думалі: усё кіну. А ў мяне шасьцёра дзяцей! Я шмат грошай уклаў. І воляй-няволяй зьяўляюся ўжо закладнікам сваіх учынкаў”.

Цітуленка не спыняе працы ні на хвіліну. Аптымізм ды энэргія ў яго, здаецца, невычэрпныя. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе 300 тонаў капусты давялося скарміць каровам — не было збыту. А днямі на пагорку зьнік бурт з сарака тонаў бульбы гатунку “Дэльфін” — ветрам зьдзьмула зямлю. Цітуленка ж на злосьць усім вятрам жыве катэгорыямі будучыні.

(Цітуленка: ) “Зямлі малавата. Тэхніка ёсьць, жаданьне ёсьць. Самая вялікая наша бяда — тое, што нікому не патрэбныя. Каб былі хоць крыху свабаднейшыя дый мелі больш правоў, можна было б працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Якія правы і свабоды табе найперш патрэбныя?”

(Цітуленка: ) “Працаваць хаця бы нароўні з калгасамі. Карыстацца іх ільготамі. Самая дрэнная зямля — у мяне. Глядзіце: горы, нізіны. Дзе дрыгва, хоць азёры выкапаў, сядзем з дачкой рыбу павудзіць. Налева — пяскі ў выніку эрозіі глебы з-за нерацыянальнага карыстаньня калгасам. Трактары не ідуць. Прашу зямлю, а мне: “А не, гэта добрая, бяры няўдобіцу”. У нас у 2000 годзе на даляр пяць літраў паліва мог купіць, а ў гэтым толькі два літры. Тэхніка вось — каштаваў 5 тысяч даляраў трактар, а сёньння 10–20 тысяч. Штаны зь мяне здымуць — усё!”

Ну й, нарэшце, я ля хаткі, дзе месьціцца Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік. Днямі ягоныя дзесяць супрацоўнікаў якраз прыбралі навакольле — вока адпачывае. Па беларускіх мерках справы адносна неблагія — 7000 наведнікаў за год, самаакупнасьць на 30%. Але бязь зьнешняй дапамогі ўсё-ткі ня выжыць, цьвердзяць навуковая супрацоўніца Ірына Трутнева ды касірка Тамара Бізюк.

(Бізюк: ) “Страху трэба мяняць на сьвіране, дорага каштуе. Трактары ў нас паламаныя — а іх жа за нешта трэба рамантаваць”.

(Трутнева: ) “Дзе гэты сьвіран, там у нас летняя экспазыцыя — ручнікі самаробныя, пра Купальле распавядаем. А страха зрабілася, як рэшата. А яна з чароту. Таму яго таксама трэба недзе здабыць — купіць і майстра наняць ня проста з вуліцы — гэта ж трэба спэцыяліст”.

Але па вялікім рахунку ўсе праблемы запаведніку будуць вырашаныя тады, калі насельніцтва духоўна дараўнаецца да Купалавага ўнутранага агню, дойдзе да Беларусі, лічыць спадарыня Трутнева.

(Трутнева: ) “Да нас украінцы прыяжджалі сьвяткаваць юбілей Шаўчэнкі. І я ім толькі сказала: каб у нас была такая сьвядомасьць, мы бы сябе беларусамі заўжды адчувалі! Але да нас прыяжджае сьвядомых наведнікаў — адзінкі. Цяпер дзеці, якім нічога не цікава, крамя іх кампутараў і грошай. І яны заходзяць, пытаюцца — а чаму па-беларуску? Я гавару: а вы што, з Кітаю прыехалі да нас?! Такога не было. Зь сёньняшнім жыцьцём мы зьвязваем — і ад бацькоў, ад умоваў, у якіх жывуць, ад дзяржавы. Калі мы заканчваем экспазыцыю, я засяроджваю ўвагу на тым, што гэты гімн купалаўскі “А хто там ідзе? ” быў напісаны яшчэ ў 1907 годзе, і гэты заклік “людзьмі звацца” сугучны сёньняшняму часу — і мы павінны адчуць сабе незалежнымі, свабоднымі, роўнымі — вось так я кажу. Людзі таксама пра гэта гавораць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG