Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Станіслаў Гаварушкін упэўнена крочыць калідорамі Палацу культуры ў Маладэчне. Новы будынак арыгінальнай архітэктуры — такі бы і ў Менску годна глядзеўся нароўні зь лядовымі комплексамі й гандлёвымі цэнтрамі.
(Гаварушкін: ) “Добры дзень! Вітаю! Добры дзень! А што гэта яны для вас крэслаў не паставілі?”
(Прысутныя: ) “Вось так пра нас клапоцяцца!”
(Гаварушкін: ) “Зараз за гэта пакараем!”
Тут ёсьць адмысловы пакой — менавіта ў ім парлямэнтар прымае выбарцаў.
(Карэспандэнт: ) “Як у вас зь беларускай мовай?”
(Гаварушкін: ) “Зь беларускай мовай? Ну, так…”
(Карэспандэнт: ) “Паспрабуем?”
(Гаварушкін: ) “Не! Я вам лепей так усё распавяду. Што мы ўжо будзем змагацца?”
(Карэспандэнт: ) “Прайшло чатыры гады дэпутацтва — чым можна пахваліцца? Што зроблена для Маладэчна”?
(Гаварушкін: ) “Гэта наш Палац культуры і чатырнаццатая школа. Калі я абіраўся, там былі адныя падмуркі, залітыя вадою. Ніхто нічога не спрабаваў рабіць. А палац увогуле выключылі са сьпісу аб’ектаў будаўніцтва. Было загадана яго ўключыць, бо людзі сапраўды гэтага чакалі. Роўна праз два месяцы былі скончаныя гэтыя два будаўніцтвы”.
Леанід Тышкевіч працуе кіроўцам у прыватнага прадпрымальніка. Ён чалавек творчы. Свае думкі й пачуцьці фіксуе на паперы, а пасьля замацоўвае на гітары.
(Тышкевіч: ) “Запатрабаванасьць маёй творчасьці ня такая ўжо й вялікая. Хаця ўжо пабудавалі Палац культуры. Здавалася, можна было бы тут нешта сьпяваць”.
(Карэспандэнт: ) “А спрабавалі выходзіць з такімі прапановамі да кіраўніцтва?”
(Тышкевіч: ) “Спрабаваў. І нават аднаго разу мяне запрашалі на конкурс у Барысаў. Але як даведаліся, што на Радыё Свабода ігралі маю песьню пра Курапаты, адразу было сказана, што паедзе хтосьці іншы. Песьня камусьці не спадабалася, бо калі кажаш праўду, праўда не заўжды даходзіць”.
(Карэспандэнт: ) “Чатыры гады Станіслаў Гаварушкін прадстаўляў інтарэсы Маладэчна ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Што ён зрабіў за гэты час для гораду? Ці адчувальны ягоны клопат пра сваіх выбарцаў?”
(Тышкевіч: ) “Нават ня ведаю, што ён зрабіў для гораду. Дэпутаты нічога такога вялікага ня могуць даць ці зрабіць”.
(Карэспандэнт: ) “А вось кажуць, што ён пабудаваў Палац Культуры”.
(Тышкевіч: ) “Пэўна ведаю, што рабілася гэта за нашыя грошы”.
Станіслаў Гаварушкін — мэдык, нэўрапатоляг з дыплёмам Віцебскага мэдінстытуту. Ён прафэсар кітайскай мэдыцыны — скончыў адпаведную акадэмію ў далёкай усходняй краіне.
(Гаварушкін: ) “За гэтыя гады мы змаглі практычна адрамантаваць й зрабіць новыя службы ў мэдычнай сфэры. Аддзяленьне штучнай ныркі — самае сучаснае! Эўрарамонты ва ўсіх аддзяленьнях. Сёлета мы выходзім з прапановаю зрабіць дзіцячы шпіталь”.
Між іншым, яшчэ нераспачатае будаўніцтва новага будынку дзіцячага шпіталю было адмысловым пунктам у перадвыбарчай праграме Станіслава Гаварушкіна.
Нядаўна жыхарка Маладэчна Валянціна нарадзіла дзіця. Гасьцяваньне ў раддоме й дзіцячым шпіталі пераўтварыліся ў сапраўдны тэст на выжываньне:
(Валянціна: ) “Нараджаць, асабліва ў нашым гарадзкім раддоме, вельмі цяжка. Таму што для гэтага няма ўмоваў. Навокал скразьнякі. Была восень, дажджлівае надвор’е. Вельмі было халодна ў палатах. Усё кругом зацякала. Вада цякла ў пакоі, дзе пасьля родаў ляжаць жанчыны з маленькімі дзецьмі. Немаўляты хварэлі й адразу траплялі ў дзіцячы шпіталь з запаленьнем лёгкіх. І там ніякіў умоваў няма зусім! Асобны бокс для дзяцей, на два чалавекі — але падстаўляюць ложкі й кладуць па чатыры, па пяць. Жанчыны ўвогуле ляжаць па васямнаццаць. А бывае, што й сьпяць на калідоры”.
Спадар Гаварушкін пералічвае канкрэтныя вынікі сваёй дэпутацкай дзейнасьці:
(Гаварушкін: ) “Людзі прасілі прыпынак для электрацягніка, які не будаваўся дзесяцігодзьдзе. Мы пабудавалі за паўтара месяца”.
Я гутару з маладой настаўніцай Вольгай. ВНУ яна скончыла з чырвоным дыплёмам, аднак працу паводле спэцыяльнасьці змагла знайсьці толькі праз два гады. Цяпер яна выкладае ў адной з тутэйшых школаў.
(Карэспандэнт: ) “Дэпутат у Палаце прадстаўнікоў Станіслаў Гаварушкін у сваёй перадвыбарчай праграме некалі абяцаў, што заробкі працоўных у бюджэтнай сфэры будуць узьнятыя да ўзроўню заробкаў у прамысловай сфэры. Ці ёсьць такое ў Маладэчне?”
(Вольга: ) “Не відаць, каб нешта зьмянілася за гэтыя гады. У прамысловасьці значна болей атрымліваюць, чым бюджэтнікі. Так што на дадзены момант я ня бачу, што гэтыя абяцаньні нейкім чынам выконваюцца, што заробкі падвышаюцца і паляпшаецца стан настаўнікаў”.
Станіслаў Гаварушкін дзеліцца сакрэтам посьпеху на ніве дэпутацтва:
(Гаварушкін: ) “Дрэнны той дэпутат, якога абралі, а пасьля, выбачайце мяне, выбарцы яго й ня бачаць. Як меней раз на месяц я праводжу афіцыйны прыём. Апроч таго, рэгулярна праводжу сустрэчы з працоўнымі калектывамі”.
100-тысячнае Маладэчна — гэта й добры тузін прадпрыемстваў: ад станкабудаўнічага да бровару. Тутэйшы радыёзавод сярод іншых ня лепшы, але й ня горшы. А значыць, сытуацыю на ім можна назваць тыповай. Тацяна Шэлег там яшчэ працуе, але плянуе звольніцца. У жыцьці яна кіруецца прынцыпам “Хто тоне, мусіць ратавацца сам”.
(Карэспандэнт: ) “Як завод трымаецца? На нагах?”
(Шэлег: ) “Ён аказаўся калосам на гліняных нагах. Радыётавары ня вытрымалі канкурэнцыі з новым тэхналёгіямі. І сказаць, што на “Спадарожніку” цяпер цяжка, гэта амаль нічога не сказаць”.
(Карэспандэнт: ) “Ці спрабавалі рэфармаваць вытворчасьць? Распачаць выпуск новай прадукцыі?”
(Шэлег: ) “Тавары народнага спажываньня са “Спадарожніка” ідуць: цёркі для садовіны і гародніны, нейкія вырабы з плястмасы”.
У 2000 годзе тады яшчэ кандыдат на дэпутата Палаты Прадстаўнікоў абяцаў стварыць у Маладэчне свабодную эканамічную зону. Гэта павінна было бы дапамагчы прыцягнуць сюды інвэстыцыі й палегчыць падатковы ціск на прадпрыемствы.
(Гаварушкін: ) “Гэта пытаньне аддалі на разгляд ураду. Гэта асобная сытуацыя, над якой мы працуем. Пэрспэктыва ў гэтым ёсьць. Турбуем іх і чакаем. Але калі гэта будзе — цяжка сказаць”.
Прадпрымальнікі маюць зуб на народнага абраньніка. Аднойчы здарылася непаразуменьне з налічэньнем надаткаў і выкананьнем чарговага эканамічнага дэкрэту. Маладэчанскія бізнэсоўцы хацелі перацягнуць на свой бок дэпутата, а той ніякім чынам не зрэагаваў. Нават не прыехаў да выбарцаў. Апісаць уземаадносіны сваіх калегаў са спадаром Гаварушкіным пагадзіўся Юрась.
(Карэспандэнт: ) “Станіслаў Гаварушкін абяцаў стварыць у Маладэчне свабодную эканамічную зону…”
(Юрась: ) “Ну! Гэта, мусіць, быў жарт. А як бы ён гэта зрабіў? Нават калі бы моцна й хацеў. Якія магчымасьці для гэтага мае дэпутат Палаты?”
(Карэспандэнт: ) “А стан бізнэсу ў Маладэчне якімі словамі можна апісаць?”
(Юрась: ) “Калі ня кома, дык цяжкая хвароба: падаткі, ліцэнзаваньне і кепскае стаўленьне ўладаў да прадстаўнікоў гэтай сфэры”.
(Карэспандэнт: ) “З гэтымі надзённымі праблемамі й цяжкасьцямі ці спрабавалі прадпрымальнікі адшукаць праўду, аднавіць справядлівасьць?”
(Юрась: ) “Дзе?”
(Карэспандэнт: ) “А зьвярнуцца да свайго дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў?”
(Юрась: ) “Шчыра кажучы, мне гэта ў галаву не прыходзіла”.
(Карэспандэнт: ) “А вашыя калегі зьвярталіся да яго па дапамогу?”
(Юрась: ) “Ня чуў ніводнага!”
(Карэспандэнт: ) “Кантакту паміж дэпутатам і бізнэсоўцамі няма?”
(Юрась: ) “У прынцыпе, не ўяўляю, які бы ён мог быць”.
Жыхары Маладэчна ўжо заўважылі: Станіслаў Гаварушкін рыхтуецца да наступных выбараў. А вось і першае афіцыйнае пасьверджаньне гэтаму:
(Гаварушкін: ) “Мы вам можам даць канкрэтныя адрасы людзей, якія просяць, каб я балятаваўся на наступны тэрмін, паводле вынікаў маёй працы. Я папросту людзям адмовіць не магу. Таму буду выходзіць на суд выбарцаў. Я заўсёды прытрымліваюся аднаго палітычнага погляду — служэньне народу!”
Чатыры гады таму, часам галасаваньня, назіральнікі зафіксавалі шматлікія парушэньні. А таму Станіслава Гаварушкіна прадстаўнікі маладэчанскага дэмакратычнага лягеру за дэпутата ня лічаць. Ад гораду балятавацца ў парлямэнт маецца й Пятро Краўчанка, колішні міністар замежных справаў Беларусі, нядаўні амбасадар у Японіі. Ён сам паходзіць з Маладэчна.
Падаю фрагмэнт гутаркі з Эдвардам Баланчуком, актывістам Беларускага Хэльсынскага камітэту:
(Баланчук: ) “На восеньскія выбары мы будзем вылучаць нейкага свайго чалавека, які ня здрадзіць, які будзе ісьці да канца, які будзе змагацца з гэтым рэжымам”.
(Карэспандэнт: ) “Ці можна ўжо цяпер казаць, хто гэта будзе?”
(Баланчук: ) “У нашай краіне пры сёньняшніх умовах ніколі ня трэба казаць нешта наперад, таму што невядома, што здарыцца. Гэта небясьпечна”.
(Карэспандэнт: ) “Якіх вынікаў можна чакаць на будучых парлямэнцкіх выбарах?”
(Баланчук: ) “Пераможа кандыдат, які будзе з Маладэчна”.
За чатыры гады дэпутацтва Станіслаў Гаварушкін выканаў далёка ня ўсе свае абяцаньні. Зь іншага боку, з усімі, хто пажадае, ягоныя памочнікі могуць падзяліцца сьпісам людзей, якім парлямэнтар дапамог вырашыць побытавыя праблемы. А яшчэ ў дэпутацтве спадара Гаварушкіна прысутнічае містыка: нешта незразумелае робіцца з кабінэтам, дзе ён прымае наведнікаў:
(Гаварушкін: ) “Шыльды яны ніяк прычапіць ня могуць!”
(Карэспандэнт: ) “За чатыры гады?”
(Гаварушкін: ) “Яна ў іх увесь час адвальваецца. Дык я ім і кажу: давайце яе цьвікамі прыб’ём!”