Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Хрол —дэпутат ад Докшыцаў


Ягор Маёрчык, Докшыцы

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі па жыльлёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлю й прыватызацыі Васіль Хрол рызыкуе атрымаць падарунак ад сваіх выбарцаў зь вёскі Іванаўка. Гэта за тое, што зь ягонай прапановы ўвялі падатак на карыстаньне мабільнымі тэлефонамі.

(Спадарыня: ) “Было напісана ў газэце, што Дзед Мароз прынёс яму ў падарунак скоч, каб ён заляпіў сабе рот. І мы таксама на апошнія грошы купілі бы яму скоч, каб заляпіў сабе рот — за тое, што ён хоча ўвесьці падатак на мабільныя тэлефоны. У нашай вёсцы зусім тэлефонаў няма! На мабільнік мы бы грошы сабралі. І набылі б хоць бы адзін мабільны на вёску. І тое было бы добра. Дык сказалі, што падымуць цэны. На што яго цяпер набываць, калі можа не хапіць грошай?”

(Карэспандэнт: ) “А вам калі абяцаюць тэлефон правесьці?”

(Спадарыня: ) “Далі 50 нумароў. Але калі правядуць, невядома”.

У сваёй перадвыбарчай праграме Васіль Хрол абяцаў стварыць умовы, каб сем’і маглі атрымаць крэдыт на будаўніцтва жыльля й набыцьцё маёмасьці. Марыя — маці дваіх дзяцей. Ейнае жытло — інтэрнат. Выбрацца адсюль ўжо не спадзяецца.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць жыльлёвая праблема ў Докшыцах?”

(Марыя: ) “Як і ўсюль — ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі якім чынам яе вырашаюць?”

(Марыя: ) “Уступаюць у каапэратывы”.

(Карэспандэнт: ) “У каапэратыў лёгка ўступіць?”

(Марыя: ) “У нас было лёгка ўступіць”.

(Карэспандэнт: ) “А атрымаць крэдыт у банку?”

(Марыя: ) “Таксама адразу далі. Мы падалі дакумэнты, і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Вы пабудавалі сабе кватэру?”

(Марыя: ) “Адмовіліся. Я выйшла з каапэратыву. Сродкаў не хапала. Заробак маленькі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі трэба было плаціць на месяц?”

(Марыя: ) “Сто зь нечым тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “А ваш заробак які?”

(Марыя: ) “Дзесьці 130 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што амаль увесь заробак вы бы аддавалі…”

(Марыя: ) “На каапэратыў, на выплату ссуды…”

Дазволю сабе працытаваць выказваньне Васіля Хрола з выбарчай праграмы чатырохгадовай даўніны: “Я не абяцаю адразу вырашыць усіх вашых праблемаў, аднак абавязуюся заўсёды выказваць і абараняць вашыя інтарэсы”.

Сёлета, вандруючы па вуліцах Докшыцаў, мне давялося пачуць наступнае:

(Карэспандэнт: ) “У вас тут ёсьць дэпутат — Васіль Хрол”.

(Спадар: ) “А толку зь яго, як з казла малака! Толькі нашле паштовак “З Новым годам!” Жанчына да яго хадзіла, каб перанесьці чыгуначны прыпынак на 200 мэтраў — ён у балоце. Вакзал, які быў, раскралі. Там няма нават вагончыка. Схадзіла жанчына, і ніякі чорт нічога ня вырашыў. Каб перанесьці, у іх няма рэсурсаў”.

(Карэспандэнт: ) “Дэпутат у вашай вёсцы часта бывае?”

(Спадар: ) “Я яго ўвогуле ні разу ня бачыў”.

Як бы там ні было, а ў Докшыцах і ваколіцах на сьвет зьяўляюцца дзеці. Некаторыя маці нараджаюць другі й трэці раз.

Васіль Хрол некалі абяцаў дамагчыся, каб становішча жанчыны ў грамадзтве зьмянілася, каб на дзяцей дзяржава плаціла большую грашовую дапамогу. Разам са спадарыняй Алай мы п’ем каву, седзячы за сталом у звычайнай вясковай хаце. Побач на ложку ляжыць мой цёзка — маленькі Ягорка.

(Карэспандэнт: ) “Колькі цяпер плацяць дапамогі на адно дзіця?”

(Ала: ) “На адно дзіця, калі зарэгістраваны шлюб, дапамога ад дзяржавы складае 67 тысяч. Ну, а калі, вось як я, маці-адзіночка, дапамогі даюць 120 тысяч. Самі лекары кажуць, што людзі сёньня не рэгіструюць шлюбаў. Гэта для таго, каб пасьля гадаваць дзіця на 120 тысяч рублёў. Паглядзіце, якая ў нас дарагая вопратка для дзіцяці! Нават як для дарослых. А дзіця расьце, і вопраткі трэба шмат. І таму грошай ніколі не хапае”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле вашых падлікаў, колькі грошай трэба, каб гадаваць дзіця?”

(Ала: ) “Тысяч 250 — і я мяркую, што ўсе бы былі задаволеныя. Нашыя жанчыны, яны, не зважаючы на ніякія цяжкасьці, хочуць нараджаць дзяцей. І дзяржава мусіць дапамагчы”.

Зноў перанясуся на вуліцы Докшыцаў. Зазначу, што ўсё сем тысяч насельніцтва ўмоўна можна падзяліць на тры часткі. Адныя праз паўсядзённыя цяжкасьці сталі падазронымі й злымі, замкнуліся ў сабе. Другія, такіх меней за ўсё, пры кожным выпадку выказваюць сваю незадаволенасьць. А ў трэціх на ўсе жыцьцёвыя сытуацыі ёсьць адмысловая зброя. І завецца яна іроніяй:

(Спадар: ) “Ну, як жывецца пэнсіянэру? Дужа добра! Я атрымаў пэнсію — праеў яе. Венік зьвязаў — рубель маю. Гарэлкі ня п’ю. Паліць — не палю. Да бабаў ужо не хаджу, бо стары”.

(Карэспандэнт: ) “Жыцьцё добрае?”

(Спадар: ) “Каб лепей, дык і ня трэба!”

(Карэспандэнт: ) “Пэнсіі хапае?”

(Спадар: ) “Аж ня ведаю, куды дзяваць! Хачу раздаваць, дык ніхто не бярэ”.

(Карэспандэнт: ) “Ва ўсіх грошы ёсьць?”

(Спадар: ) “Ага! Ай! У Докшыцах усё добра! Ну, што ты першы раз замужам?!”

(Карэспандэнт: ) “Хацеў яшчэ запытацца пра вашага дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў…”

(Спадар: ) “А які там дэпутат?! Я яго ніколі ня бачыў. Які дурань іх выбірае?! Я яго не выбіраў і выбіраць ня буду!”

(Карэспандэнт: ) “Людзі як ставяцца да дэпутата?”

(Козел: ) “Людзі вельмі добра ставяцца. Задаволеныя! Як вясна — трэба дапамагчы пасеяцца, як зіма — з дровамі. Мы шмат дапамаглі докшыцкаму аддзяленьню сельгасхіміі. Выдзелілі ім з вайсковай часткі чатыры аўтамабілі КамАЗы. Валкалацкай школе дапамаглі ўсталяваць кампутарную клясу. Шмат такіх прыкладаў можна прыводзіць”, — паведаміў Рыгор Козел, памочнік дэпутата Палаты Прадстаўнікоў.

Пэнсіянэр, вэтэран органаў унутраных справаў, дастаўся Васілю Хролу, так бы мовіць, у спадчыну ад папярэдняга народнага абраньніка Іосіфа Палачаніна. Ад пачатку сустрэчы спадар Козел патэлефанаваў свайму шэфу ў Менск, каб атрымаць дазвол на размову. Свае дзеяньні ён патлумачыў адным толькі словам: “Дысцыпліна”.

(Карэспандэнт: ) “Ці газіфікаваныя Докшыцы?”

(Козел: ) “Гэтае пытаньне ўздымалася. У перадвыбарчай кампаніі Васіль Пятровіч пра гэта казаў. Але рэч у тым, што сродкаў няма. Але наколькі мне вядома, на 2005, 2006 годы плянуецца газіфікаваць і наш раён. Гэтыя пытаньні ў найбліжэйшай будучыні будуць вырашацца”.

Сумёты вакол тутэйшага кінатэатру вышэй за калена. Да ўваходу нават сьцежкі не расчысьцілі. Супрацоўнікі райвыканкаму жаляцца, што кіно ў жыхароў Докшыцаў не ў пашане. Бальшыня ўжо даўно прыдбала спадарожнікавыя талеркі. І цяпер абяцаньне Васіля Хрола “аказаць садзеяньне ў будаўніцтве кінаканцэртнай залі” гучыць ня надта актуальна.

А вось пра намер народнага абраньніка ўзьвесьці новы стадыён памятае шмат хто. Аматары кажуць, што асалоду ад футболу на роўнымі полі зь зялёным траўнікам ня здольны замяніць ніякі адмысловы спартовы канал.

(Карэспандэнт: ) “Пра стадыён — пачалі будаваць. Што далей?”

(Спадар: ) “Паўгоду ці год там нейкая валтузьня была. А тады кінулі й сказалі, што няма грошай. Вось і ўсё абяцаньне”.

(Карэспандэнт: ) “Хоць нешта яны зрабілі?”

(Спадар: ) “Толькі дрэнаж залажылі. Але ці дзейнічае гэтая сыстэма, ці не — гэта сказаць цяжка. Лужыны на стадыёне стаяць пасьля дажджоў. І ўсё. Раней абяцалі, а цяпер ужо й не. Бо, пэўна, ведаюць, што ня выканаюць нічога. Ніхто ня хоча займацца гэтым стадыёнам. Палову каменьняў адтуль пасьцягвалі. Яны доўга ляжалі. А людзі бачаць, што не будуецца. А падмуркі свае трэба закладваць”.

Першы намесьнік старшыні райвыканкаму, галоўны тутэйшы ідэоляг Іван Камінскі хваліўся мне, што апазыцыі ў Докшыцах няма. Маўляў, у гэтым нашаму раёну пашанцавала. Ну, ёсьць там жменька людзей, якія нічога канкрэтнага ня робяць і аўтарытэту ў насельніцтва ня маюць.

Настаўнік замежнае мовы Уладзімер Мядзюха стаіць начале тутэйшай суполкі Беларускага народнага фронту. Пра вынікі дэпутацтва Васіля Хрола ён адгукаецца адмоўна. Але й заплянаваныя на восень парлямэнцкія выбары аптымізму спадару Мядзюху таксама не дадаюць.

(Карэспандэнт: ) “З вашага гледзішча, хто можа скласьці альтэрнатыву Васілю Хролу на наступных парлямэнцкіх выбарах?”

(Мядзюха: ) “Цяжка сказаць. У нас у Докшыцах няма такой яскравай асобы, якая бы магла скласьці яму канкурэнцыю. Наколькі я ведаю, будзе вылучаць сваю кандыдатуру прадстаўнік ад Беларускага Народнага Фронту — Яраслаў Берніковіч. Ён жыве ў Глыбокім. Але я ня ўпэўнены ў тым, што ён пераможа”.

Бадай што адзіны чалавек, які бы мог пацягацца з Васілём Хролам — гэта Юры Страілаў. Ён у Докшыцах асоба безь перабольшаньня легендарная — адзіны, каго асьцерагаюцца тутэйшыя вэртыкальнікі. Пэнсіянэр мог бы чытаць цыкль лекцыяў з назвай “Як змагацца з чыноўнікамі”. У розны час гэты інвалід 3-й групы дамогся, каб са сваіх пасадаў паляцелі кіраўнік філіі спажывецкай каапэрацыі, дырэктар саўгасу, начальнік раённай міліцыі й нават старшыня райвыканкаму. Стратэгія тут вельмі простая: спачатку ён паралельна расьсьледаваў крымінальныя справы, калекцыянаваў інфармацыю кшталту хто-дзе-што скраў, хто хабар атрымаў, альбо закон парушыў. А пасьля бамбаваў скаргамі ўсемагчымыя высокія інстанцыі.

(Карэспандэнт: ) “Якія праблемы мусіць узьняць у сваёй праграме будучы дэпутат Палаты прадстаўнікоў?”

(Страілаў: ) “Стварыць працоўныя месцы, дапамагаць састарэлым, наладзіць барацьбу з п’янствам, зрабіць, каб у Докшыцах заставаліся маладыя людзі”.

Юры Страілаў ня пойдзе на выбары зь меркаваньняў узросту й стану здароўя. А значыць, паўнавартаснай канкурэнцыі Васіль Хролу ня будзе. І ў гэтым прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі й вэртыкальнікі пагаджаюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG