Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Робэрт Часнойць — дэпутат ад Смаргоні


Ягор Маёрчык, Смаргонь


Леташняе сьвяткаваньня 500-годзьдзя Смаргоні сталася для тутэйшай чыгуначнай станцыі сапраўднай машынаю часу. У прыватнасьці, білетныя касы адкінула ў мінулае як найменей год на пяць. Калі рамантавалі памяшканьне вакзалу, пашкодзілі кампутарную сетку, якая выдае квіткі. Ад таго часу праязныя дакумэнты выпісваюць асадкаю.

Калі такую паперку паказваеш правадніку вагона ў беларускім альбо міжнародным цягніку, ад зьдзіўленьня вочы ў таго лезуць на лоб. А што вы думалі? Апошні раз ён бачыў такое яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Ва ўсёй Эўропе квіткі, напісаныя рукою, даўно экспануюцца ў музэях. А тут вам, калі ласка, — вяртаньне ў мінулае. Між іншым, рамонт будынку вакзалу дагэтуль ня скончаны.

(Спадарыня: ) “Нам гэта ўсё разбамбілі. Хацелі зрабіць, але не пасьпелі”.

(Карэспандэнт: ) “Звычайна, як вялікія сьвяты, камісіі езьдзяць ды прымаюць аб’екты. Няўжо да вас не заходзілі?”

(Спадарыня: ) “Цэлае лета яны тут былі й хадзілі. Тусаваліся ўсе кругом. Але глядзелі толькі звонку. У нас нічога не прымалі. Галоўнае, сказалі, каб было прыгожа на вуліцы, каб людзі не пужаліся”.

І толькі ў гэты момант спадарыня заўважае мой дыктафон. Выраз ейнага твару зьмяняецца. Цяпер ейную міміку можна апісаць адзіным словам — страх.

(Спадарыня: ) “Што вы нас тут запісваеце! Глядзіце, ён нешта піша!”

(Карэспандэнт: ) “Вядома што! А вы падумалі, што я проста так да вас у госьці прыйшоў?! А ўсярэдзіну начальства не заходзіла?”

(Спадарыня: ) “Нават калі нашае менскае кіраўніцтва сюды прыяжджае, і тое ўсярэдзіну не заходзіць! Бо тут так сьмярдзела!”

(Карэспандэнт: ) “Вы тут што, сьвіней трымалі?”

(Спадарыня: ) “Галубы ў нас наверсе жывуць. Там такі слой гною! Калі было лета, цякло ўсё зьверху. Пад парасонамі сядзелі й афармлялі дакумэнты”.

Сёлета Смаргонская выбарчая акруга будзе абіраць новага прадстаўніка ў ніжнюю палату Нацыянальнага сходу. Чатыры гады крэсла дэпутата займе заслужаны мэдык Беларусі, кіраўнік Гарадзенскай абласной управы аховы здароўся Робэрт Часнойць. Часам мінулай выбарчай кампаніі тады яшчэ кандыдат на дэпутата абяцаў захаваць бесплатную мэдычную дапамогу й зрабіць яе больш даступнай. А насамрэч ад 2002 году дыягностыка й пераважная бальшыня фізпрадцэдураў робіцца за грошы.

(Спадарыня: ) “Самымі неабходнымі лекамі хворыя забясьпечаныя. Для бясплатнай мэдыцыны гэта прымальнае забесьпячэньне. Платныя паслугі ёсьць, але кошты неістотныя”.

(Карэспандэнт: ) “Калі параўноўваць стан мэдыцыны сёньня й чатыры гады таму, у які бок ідзе разьвіцьцё?”

(Спадарыня: ) “Падаецца, што яна становіцца лепей. Тое ж УГД сэрца прыяжджаюць да нас рабіць з Астраўца, з Ашмяны”.

Кабета, зь якой я размаўляю, працуе ў тутэйшым тэрыятарыяльна мэдычным аб’яднаньні. Яна цьвердзіць, што адзін з галоўных вынікаў дэпутацтва Робэрта Часнойця — гэта адкрыцьцё новай паліклінікі ў мікрараёне Карані.

(Карэспандэнт: ) “А мэдыкам як жывецца?”

(Спадарыня: ) “Мэдыкам добра ніколі не жылося. У мэдыцыне грошай не заробіш”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі вам ад хаты да працы ісьці?”

(Спадарыня: ) “Паўгадзіны”.

(Карэспандэнт: ) “А пад’ехаць на аўтобусе?”

(Спадарыня: ) “Калі спазьняесься, можна пад’ехаць, але намагаесься так, каб прайсьціся пешшу, каб зэканоміць. Бывае, што й грошай няма на квіток пад канец заробку”.

Мікрараён Карані — гэта горад ў горадзе, дакладней, асобнае пасельшча на ўскрайку гораду. Шматкватэрныя дамы для 20 тысяч жахыроў стаяць у полі. Паміж астатняй Смаргоньню й імі — некалькі кілямэтраў. Карані ўзводзіліся для працоўных агрэгатнага заводу. Прадпрыемства яшчэ больш-менш трымаецца — своечасова плаціць заробкі дапамагаюць крэдыты, якія банкі выдаюць пад заклад буйных партыяў прадукцыі. Што да прамысловасьці, то ў сваёй перадвыбарчай праграме Робэрт Часнойць абяцаў стварыць умовы для інвэстыцыяў і дапамагчы мадэрнізаваць вытворчасьць.

Пры мікрафоне адзін з кіраўнікоў Смаргонскага агрэгатнага заводу:

(Спадар: ) “Перад выбарамі Часнойць прыяжджаў да нас на завод. Прыехаў і распавёў пра сваю праграму. Зьехаў, і мы болей яго ня бачылі. Мы на заводзе абсалютна не адчуваем, што ў нас ёсьць дэпутат, які лабіюе нашыя інтарэсы. Такога зусім няма. То бок завод выжывае толькі сваімі намаганьнямі. А з боку ўладаў… Каб прыяжджалі, дапамагалі, шукалі тых самых інвэстараў — такога няма”.

Намінальна ўсё той жа Смаргонскі агрэгатны — 20 тысячаў працоўных. А напраўду людзей тут у 20 разоў меней. Хто сам звольніўся, а каго скарацілі. І першыя і другія сотнямі працуюць па-за межамі Беларусі. У свой час, каб нейкім чынам вярнуць гэтых работнікаў на радзіму, у перадвыбарчай праграме спадар Часнойць заклаў адмысловы пункт: “ліквідацыю беспрацоўя”. Ці ўдалося выканаць абяцаньне? На гэтае пытаньне адказвае намесьніца дырэктара Цэнтру занятасьці насельніцтва Тамара Пацэвіч:

(Пацэвіч: ) “У 2000 годзе ўзровень беспрацоўя быў 4,01%. З таго часу ён зьнізіўся — 2,52%”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі новых працоўных месцаў было створана ад 2000 году?”

(Пацэвіч: ) “За год у сярэднім стваралася болей за 300 новых працоўных месцаў. У вытворчай дзейнасьці — лесаапрацоўка, фэрмэрская гаспадарка Пётуха з задавальненьнем брала нашых беспрацоўных жанчын на фэрму”.

Тамара Пацэвіч нічога ня кажа пра беспрацоўе схаванае. Тыповы прадстаўнік гэтай катэгорыі — смаргонец Аляксандар. Некалі ён працаваў на адным з прамысловых прадпрыемстваў. А пасьля звальненьня халтурыў дзе толькі мог. Натуральна, што рабіў ён гэта неафіцыйным чынам. Працягвае нелегальнічаць і сёньня.

(Аляксандар: ) “Я вазіў у Літву людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер гэта ўжо спынілася. Чаму так адбылося?”

(Аляксандар: ) “Ужо бізнэс зь літоўскім бокам стаў ня той. Стала нявыгадна езьдзіць у Літву. Я цяпер думаю, што будзе далей. Трэба чымсьці займацца, бо такой нармалёвай афіцыйнай працы ў Смаргоні няма, каб можна было пракарміць сям’ю, такіх грошай цяпер ня плацяць”.

(Карэспандэнт: ) “Улада мясцовая нейкім чынам спрыяе тым людзям, якія жадаюць самастойна зарабіць на хлеб?”

(Аляксандар: ) “Не, яна не спрыяе. Калі зоймесься сваім бізнэсам, будзе табе толькі палкі ў калёсы ставіць. Гэта каб ты ведаў, што трэба ісьці на завод працаваць, як было раней”.

(Карэспандэнт: ) “У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Смаргонскай выбарчай акругі Робэрт Часнойць. Калі чатыры гады таму абіраўся, ён абяцаў памяншэньне падаткаў і спрыяньне бізнэсу, прыцягненьне новых інвэстыцыяў. Вы адчуваеце клопат з боку дэпутата? Якія вынікі ягонага дэпутацтва?”

(Аляксандар: ) “Дапамогі зь ягонага боку не адчувалася. З кожным годам становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Прыйдзецца шукаць сабе працы недзе за мяжою”.

Сам Робэрт Часнойць жыве ў Горадні. А тут, у Смаргоні, ён мае памочніцу. Стала яна працуе сакратаркай ў райвыканкаме. Прызнаюся, як паглядзіш па гэтую прывабную кабету, самому хочацца стаць дэпутам Палаты прадстаўнікоў толькі дзеля таго, каб мець дакладна такую паплечніцу. Тацяна Станулевіч трымае справаздачу пра дзейнасьць свайго боса:

(Станулевіч: ) “Вельмі шмат вырашаецца пытаньняў: у нас амаль усе Жойдзішкі й Залесьсе газыфікаваныя. Ён вельмі дапамагаў. Таксама запусьцілася кацельная ў Каранях. У яго гэта нават у праграме было. Я думаю, што ўсе задаволеныя. Нават вельмі. Ён прыяжджае кожны месяц”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі людзей за адзін прыём праходзіць?”

(Станулевіч: ) “Ня меней як 12–15. А то, бывае, і да 25 чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Якую колькасьць пытаньняў можна вырашыць на месцы? Што празь нейкі час? І якая колькасьць невырашальная?”

(Станулевіч: ) “Невырашальных фактычна няма!”

Незалежны тыднёвік “Новая газэта Смаргоні” фактычна зьліквідаваны. Ягонага ўладальніка Рамуальда Ўлана пазвабілі статусу прыватнага прадпрымальніка. Абскарджаньне справы ў Гарадзенскім абласным гаспадарчым судзе працягваецца дагэтуль. Пакуль жа ў горадзе выходзіць рэгіянальны выпуск незалежнага выданьня “Мясцовая газэта”. У пошуках справядлівасьці Рамуальд Улан некалі прыходзіў на прыём да Робэрта Часнойця.

(Улан: ) “З ініцыятывы ўлады зачынялася маё прадпрыемства. Спадзяваўся, што ён прыслухаецца да маіх аргумэнтаў. Але ён папросту ня стаў слухаць. Маўляў, “Ёсьць суд. Зьвяртайцеся туды.” Яны выдалі на вуліцу 22 чалавекі. Іх рабілі прымусова беспрацоўнымі. На маім прыкладзе відаць: сьмешна гучыць, што ён змагаўся за стварэньне новых працоўных месцаў, калі было зусім наадварот”.

(Карэспандэнт: ) “Якія вынікі дэпутацтва?”

(Улан: ) “Робэрт Часнойць балятаваўся як доктар. Гэта была галоўная фішка ягонай кампаніі. Пра ніякія палітычныя і заканадаўчыя ініцыятывы я ня чуў. Абсалютная большасьць пытаньняў — гэта хваробы. Людзі ідуць да яго як да мэдыка. Гэта прыватныя справы, абсалютна не зьвязаныя са зьменай заканадаўства і юрыдычнага падмурку жыцьця. Папросту — амбуляторны прыём насельніцтва”.

На мінулых выбарах асноўнай суперніцай цяперашняга дэпутата была Ірына Вештард. Звольненая за палітычную дзейнасьць з пасады інспэктара аддзелу адукацыі, цяпер — грамадзкі абаронца на шматлікіх судовых працэсах. Яна сяброўка Цэнтральнага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”.

(Вештард: ) “Нейкіх там справаздачаў альбо вырашаных пытаньняў мне за гэтыя гады жыцьця пабачыць не выпадала. Таму казаць пра вялікую дзейнасьць дэпутата Часнойця я ня буду. Але ці былі абставіны для таго, каб ён сваю праграму мог выканаць? І якія тут могуць быць спадзяваньні на аднаго спадара Часнойця? Нечага зьмяніць адзін чалавек ня можа”.

(Карэспандэнт: ) “У людзей можа скласьціся такое ўражаньне, што вы нейкім чынам нават апраўдваеце Часнойця. Дакладней, апраўдваеце вынікі ягонага дэпутацтва…”

(Вештард: ) “Людзей, якія сядзяць пры пасадах, я станоўча шкадую: ёсьць сям’я, ёсьць дзеці, хочацца працаваць”.

У прыватных размовах чыноўнікі Смаргонскага райвыканкаму цьвердзяць, што Робэрт Часнойць на зьбіраецца прэтэндаваць на другі тэрмін. На пытаньне, хто замест яго, вэртыкальнікі адказваюць: “Шукаем”.

Ірына Вештард вылучаць сваёй кандыдатуры ня будзе. Замест яе да выбарчай гонкі плянуе спрычыніцца Рамуальд Улан.

(Улан: ) “Я гатовы балятавацца дэпутатам. Я пайду на выбары. Мяне тут ведаюць. І мне падаецца, што ёсьць шанец. Спробы зачыніць газэту і зачыніць наш офіс — гэта спроба перашкоды пад будучыя выбары”.

Што да падзеяў вакол тыднёвіка “Новая газэта Смаргоні”, дзеяньні ўладаў пацьвярджаюць развагі спадарыні Вештард:

(Вештард: ) “А калі наш народ абірае дэпутата, першым чынам ён павінен абіраць людзей сьмелых. Якія могуць нечым ахвяраць. Першых зьменаў без ахвяраў папросту не бывае”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG