Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэва


Ягор Маёрчык, Крэва

Калі бракуе вострых пачуцьцяў, людзі займаюцца экстрэмальнымі відамі спорту й захапляюцца такім жа экстрэмальным турызмам. А ў непаўнагадовага жыхара вёскі Вайташы Андрэя Александровіча яскравых эмоцыяў і перажываньняў столькі, што можа нават зь некім падзяліцца. Шэсьць разоў на тыдзень ён наведвае школу ў старажытным мястэчку Крэва.

(Александровіч: ) “Ад хаты да школы ісьці роўна 12 кілямэтраў. Я цяпер у сёмай клясе. Ад першай да сёмай клясы хадзіў пешшу. Узімку можна спадзявацца толькі на папутку. Калі яна спыніцца, гэта вялікае шчасьце. А калі не… Завіруха вялікая, мароз моцны, цёмна — страх ісьці. І не хадзіў у школу. Бывала й такое. Вялікі мароз. Куды пойдзеш? Замарозіш пальцы на нагах і памрэш”.

(Карэспандэнт: ) “Каб прыйсьці на заняткі а восьмай раніцы, калі табе трэба было падымацца?”

(Александровіч: ) “А шостай гадзіне”.

(Карэспандэнт: ) “Бацькі дзе працуюць?”

(Александровіч: ) “Маці робіць на пошце, а бацька ў калгасе. Мамка шмат — улетку на ровары, а ўзімку пешшу — абыходзіць. А зарабляе нейкіх тысяч 60–70. Свая гаспадарка: дзьве каровы, сьвіньні, куры”.

“Першыя зьвесткі пра школу ў Крэве зьявіліся больш за тры з паловаю стагодзьдзі таму. За кропку адліку трэба браць 1636 год. Праўда не вядома, колькі дзяцей вучылася там, зь якіх сем’яў яны паходзілі”, — пішацца ў кнізе “Пад хвалямі крэўскага мора”.

Незьлічоная колькасьць дасьледаваньняў гісторыі Крэва не спыніла Аляксандра Камінскага, тутэйшага настаўніка, а па сумяшчальніцтву й загадчыка школьнага краязнаўчага музэю. І ён напісаў сваю працу. Да ўжо вядомых фактаў дадаў уласныя рэфлексіі ад жыцьця ў мястэчку. Размова з Аляксандрам Камінскім яшчэ наперадзе, а пакуль — чарговая вытрымка з выданьня “Пад хвалямі крэўскага мора”:

“Асноўным заняткам жыхароў Крэва было ганчарства... Крэўскія гаршэчнікі былі добрымі майстрамі, і іх вырабы славіліся далёка за межамі мястэчка... Гэты промысел быў тут разьвіты ўжо ў 14 стагодзьдзі… Акрамя посуду, крэўскія ганчары выраблялі паліваныя скарбонкі й люлькі, дымленныя падсьвечнікі… і дзіцячыя цацкі”.

(Яня: ) “Езьдзілі й капалі рвы. Гліну наверх рыдлёўкамі выкідвалі. Коні й нават людзі нагамі яе мясілі. Зьбіралі ў лесе тонкі хмызьняк, секлі, каб ім апальваць”.

Пра ганчарства баба Яня апавядае ў мінулым часе. Робіць яна гэта эмацыйна й зь вялікай колькасьцю падрабязнасьцяў. Сама ўдзельнічала ва ўсім гэтым не адну пяцігодку. Пры савецкай уладзе майстроў арганізавалі ў адзін цэх. Плянавая эканоміка і сталыя дзяржаўныя замовы не дапамаглі. І вытворчасьць сканала пару дзесяцігодзьдзяў таму.

(Карэспандэнт: ) “Як пэнсіянэрам у Крэве жывецца?”

(Яня: ) “Ой! Добра!!!”

(Карэспандэнт: ) “Вы першы чалавек у Крэве, які сказаў, што яму добра жывецца!”

(Яня: ) “Усяго толькі 77 тысяч цяпер атрымліваю. Абы толькі грошы, а так усяго хапае”.

(Карэспандэнт: ) “А грошай хапае?”

(Яня: ) “Хапае”.

(Карэспандэнт: ) “Семдзеят сем тысяч хапае!?”

(Яня: ) “Хапае! Яшчэ й сьвіньням набываю”.

(Карэспандэнт: ) “А сабе што набываеце?”

(Яня: ) “А нічога. Толькі валёнкі й галёшы. А так усе старыя транты даношваю. Мне хопіць, пакуль памру. Цяпер усе ў гарэлку ўляглі”.

(Карэспандэнт: ) “А што яна ў вас ў Крэве — такая смачная?”

(Яня: ) “Кругом яна смачная, ня толькі ў Крэве! Мусіць, ты гэта запісваеш? Нашто запісваеш! Тады будзе баба старая гэта гаварыць”.

(Карэспандэнт: ) “Выдатная старая баба! Усё вы цікава апавядаеце. Дзякуй вам вялікі!”

З кнігі “Пад хвалямі крэўскага мора”: “Жыхары калісьці мелі свае абшчынныя землі, пашу, млыны й іншую маёмасьць. Гэтымі льготамі карысталіся крэўчане здавён-даўна, атрымаўшы іх ад вялікіх князёў літоўскіх за заслугі перад айчынай”.

Тутэйшая калектыўная гаспадарка некалькі разоў мяняла шыльду. Цяпер называецца ў гонар мястэчка. Праўда, ад перайменаваньняў стан справаў не паляпшаецца. Прынамсі, пра гэта сьведчаць выказваньні карэннага месьціча, якія працуе мэханізатарам.

(Карэспандэнт: ) “Які стан калгасу?”

(Спадар: ) “Слабенькі. Усё дарагое. Калгас купіць ня можа. Жывём. Пакуль яшчэ не паміраем”.

(Карэспандэнт: ) “Была такая праблема — затрымка заробкаў. Цяпер ці ў час іх плацяць?”

(Спадар: ) “За лістапад атрымалі”.

(Карэспандэнт: ) “Задаволеныя заробкам?”

(Спадар: ) “Слабенькі ён. Хто цяпер задаволены? Толькі што няма куды падзецца”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэта няма? Кажуць, што заўсёды ёсьць нейкае выйсьце. А калі падацца на працу ў гарады?”

(Спадар: ) “А што горад? А трох дзяцей на каго пакінеш?”

(Карэспандэнт: ) “Вы ж малады чалавек. Ці не ўзьнікала такой ідэі — узяць надзел зямлі, можа, стаць фэрмэрам?”

(Спадар: ) “А што з гэтай зямлёй зробіш, чым яе апрацоўваць? Трэба мець трактар і запраўку. Вось тады можна рабіць на зямлі, а так што? Голымі рукамі зямлю перарыеш? Бяры!”

Крэўскім замкам месьцічы, вядома, ганарацца. Але практычнай карысьці зь яго ня маюць ніякай. Між тым, год ад году сытуацыя адно толькі пагаршаецца. Само збудаваньне, дакладней, ягоныя рэшткі, знаходзяцца ў нізіне. Навокал — забалочаныя берагі рачулкі. Глеба тут няцьвёрдая. І ацалелыя сьцены разьяжджаюцца ў ронеыя бакі.

У кнізе “Пад хвалямі крэўскага мора” згадваецца такая легенда: “Крэўскі й Медніцкі замкі будаваліся адначасова. І ўзводзілі іх не звычайныя муляры, а магутныя волаты. Працуючы адначасова ў Крэве й Медніках, яны пазычалі адно адному малаток, перакідваючы яго ў паветры”.

Хоць бы адзін з такіх асілкаў Крэву неабходны з гігіенічных меркаваньняў, каб дабудаваць лазьню. Маладзейшыя даўно паставілі свае. А вось пэнсіянэр Павал Яблонскі ўжо ня здольны на такое. Цяпер каб памыцца, ён вымушаны напрошвацца да суседзяў.

(Яблонскі: ) “Лазьня была. Усё было добра, і хадзілі людзі. Але побач рачулка. Ну, яе і ліквідавалі. А новую… Мусіць, ужо пяць год стаіць зруб. Тут у нас адзін робіць будаўніком. Гавару яму: “Калі лазьню будзеце дабудоўваць?” “Ах! Яе хутка разьбіраць будуць”. А тут яе лёгка можна было зрабіць. Каналізацыя ідзе, праклалі бы трубу, сьцякала бы ўсё ў каналізацыю, і рачулка бы не забруджвалася бы, і была бы лазьня”.

З кнігі “Пад хвалямі крэўскага мора”: “Тут было каля двух дзясяткаў прыватных лавак, якія гандлявалі толькі таварамі паўсядзённага попыту. Апроч іх былі й спэцыялізваныя крамы, дзе прадавалі што-небудзь адно”.

Так выглядаў гандаль ў Крэве яшчэ сто год таму. Сёньня непадалёк ад цэнтральнай вуліцы Смаргонскай стаіць крама “Ля гасьцінца”. Побач з касавым апаратам — Алена Міхалькевіч. Маладая кабета, апроч працы прадавачкі, выконвае абавязкі бугальтаркі.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўладальніца?”

(Міхалькевіч: ) “Не. Я не ўладальніца. Уладальнік Бычкоўскі Віталь Генадзевіч. Ён вучыцца ў інстытуце ў Менску”.

(Карэспандэнт: ) “Крэўскі студэнт — уладальнік крамы?”

(Міхалькевіч: ) “Так. Канкурэнцыя існуе, бо ў нас ёсьць яшчэ адна прыватная крама, дзяржаўная крама, і на пошце адкрылася крама. Там таксама прадаюць харчы й тавары”.

(Карэспандэнт: ) “Куды людзі болей ходзяць?”

(Міхалькевіч: ) “У камэрцыйныя болей, чым у дзяржаўныя, бо кошты крышку меншыя, а асартымэнт большы”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў вас часьцей за ўсё набываюць?”

(Міхалькевіч: ) “Хлеб і віно. У цяперашні час, мабыць, усюль гэтае жыцьцё дрэннае, таму што заробкі малыя. Вёсцы ніякай увагі дзяржава не прысьвячае. Абсалютна. Каб нейкая ўвага была да культуры, каб стала весялей жыць, а то ж нічога для людзей няма. Клюб і той не ацяпляецца. Там практычна нічога немагчыма правесьці ў гэнай халадэчы. А болей ніякіх такіх забаваў для моладзі няма”.

(Карэспандэнт: ) “А чым жа яны тады займаюцца?”

(Міхалькевіч: ) “П’юць гэтае віно. Шмат хто бяз працы і бічуе”.

Кніга “Пад хвалямі крэўскага мора”, распавядаючы пра вялікіх князёў і міжсобныя палітычныя інтрыгі, падкрэсьлівае, што сама сыстэма мясцовай ўлады не зьмянялася стагодзьдзямі, незалежна ад таго, хто быў пры ўладзе.

“Мясцовае самакіраваньне ў Крэве, як і ў іншых гарадах, узначальваў войт, якога прызначаў вялікі князь, альбо стараста па ягонаму даручэньню... Войт вымушаны быў выказваць інтарэсы і ўлады, і мясцовых жыхароў”.

Войт узору пачатку трэцяга тысячагодьдзя — гэта старшыня сельсавету. На зьмену князям і старастам прышлі вэртыкальнікі Смаргонскага райвыканкаму. Менавіта зьіхнай згоды Валянціна Грыгарава кіруе старажытным мястэчкам.

(Карэспандэнт: ) “Я вам прапаную паўдзельнічаць у праграме. Вы нясупраць?”

(Грыгарава: ) “Не! Я ня буду. Гэта маё жаданьне. Гэта мая такая пазыцыя. Выбачайце”.

(Карэспандэнт: ) “Калі не сакрэт, вы за нешта на журналістаў крыўдуеце?”

(Грыгарава: ) “Не, радзі Бога! Ні на кога я не крыўдую. Я нават праграмы Свабоды вельмі часта слухаю”.

(Карэспандэнт: ) “Пераканаць вас магчыма ці не?”

(Грыгарава: ) “Не! Не!”

Уражаньні ад сустрэчы са старшынёй сельсавету Валянціна Грыгаравай падмацоўвае кніга:

“Непрыкрытная фанабэрыстасьць краўчан псуе ім кроў да нашага часу… Асаблівай гасьціннасьцю крэўская зямляніколі не вызначалася… Калі трапляеш у Крэва, цябе сустракаюць зь недаверам — у людзях яшчэ жыве старажытнае пачуцьцё асьцярожнасьці да чужынцаў”.

Надышла чарга зьявіцца пры мікрафоне аўтару кнігі “Пад хвалямі Крэўскага мора” Аляксандару Камінскаму. Ён малады настаўнік. Аднак праз сваё захапленьне краязнаўствам мае аўтарытэт у кожнага жыхара Крэва.

(Карэспандэнт: ) “Слаўнае мінулае ў сучасным жыцьці Крэва неяк адчуваецца?”

(Камінскі: ) “Турызм. На дзень тут бывае блізу дваццаці аўтобусаў”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі гэта выгадна мястэчку? Людзі неяк скарыстоўваюць гэтую акалічнасьць? Ці гандлююць нейкімі сувэнірамі?”

(Камінскі: ) “У нас яшчэ такога няма. Людзі да канца не разумеюць, што такім чынам можна падвысіць іхны добрабыт. Мы выдалі кніжку “Пад хвалямі крэўскага мора”. Я не магу стаяць і гандляваць ёю. Ужо нечага баісься. Чым слаўнае Крэва? Першым чынам замкам і сваімі гістарычнымі падзеямі. Калі мясцовыя жыхары можа трохі нечага і баяцца, мяркую, знайшліся б людзі, якія гэтую справу паднялі бы. І месьцічы, гледзячы на іх, магчыма, самі неяк бы падымаліся”.

Насамрэч адраджэньне Крэва ўжо пачалося. Знайшліся людзі, якія адчынілі прыватныя крамы. Верагодна, калі-небудзь зьявіцца попыт і на арыгінальныя ганчарныя вырабы. Ну, а што да аднаўленьня старажытнага замку, гэта справа вялікіх грошай і далёкай будучыні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG