Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзецям патрэбная сям’я, а не інтэрнат


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Штогоду ў краіне пазбаўляюць бацькоўскіх правоў прыкладна 2 тысячы чалавек. Гэта азначае, што й сёлета дзяржава мусіць узяць на сябе клопат пра выхаваньне прыблізна 5 тысяч малых — амаль кожнае 15-е дзіця ў Беларусі сірата. Ці карысная такая практыка? Як разьвіваюцца альтэрнатыўныя варыянты, скіраваныя на дапамогу неўладкаваным сем’ям? Што робяць дзяржава і грамадзтва, каб пазьбегнуць сацыяльнага сіроцтва?

Парадокс: чым больш уздымалася апошні час сірочая праблема, тым далей яна заганялася ў кут. Калі зусім надакучаць школе ці суседзям закінутыя дзеці, адразу рубам: “До, пара пазбавіць Ганну зь Міколам бацькоўскіх правоў! Іхныя малыя людзьмі стануць толькі праз інтэрнат...” Як заўважае дырэктар школы з Гарадоцкага раёну Леанід Гаравы, такі падыход пачаў набіраць амаль безальтэрнатыўную моц чвэрць стагодзьдзя таму:

(Гаравы: ) “Гэта стала нарастаць з канца 1970-х — пачатку 1980-х гадоў у сувязі з татальнай алькагалізацыяй насельніцтва. Не зьвяртаюць увагі на сваіх дзяцей перадусім тыя, хто п’е. І такіх усё больш і больш”.

“Сілавая” ўвага да праблемных сем’яў — нібыта грамадзянскі клопат, хай сабе і жорсткі. А па сутнасьці — абыватальскае жаданьне ўласнага спакою. Гэткі своеасаблівы сацыяльны бюракратызм: маўляў, што яшчэ ў нашых сілах! У казённым доме небаракаў хоць накормяць, дагледзяць, а з гэтымі п’янтосамі яны вечна галодныя, кінутыя самі на сябе. Дырэктарка 1-га магілёўскага дзіцячага дому Людміла Дземянчук так рэагуе на падобную лёгіку:

(Дземянчук: ) “Дастойнае жыцьцё — гэта ня толькі паесьці, папіць і адпачыць у мяккім ложку. Гэта ня толькі клопат пра фізычнае цела”.

І далей яна разважае пра цеплыню, якую можа даць чалавеку менавіта родны дом, калі ён не разбураны ўшчэнт і цудам трымаецца на не да канца вынішчаных сямейных пачуцьцях, эмоцыях:

(Дземянчук: ) “Мы ня кажам: дрэнная маці. Таму што дзіця, нягледзячы ні на што, любіць сваю маці. Яны іх памятаюць, любяць, чакаюць. І мы ня маем права гэтую веру зьнішчыць”.

Вось і 7-гадовы Мілан Мядведка ўпэўнены: матуля — вельмі чулая. Таму й зразумелы ягоны адказ на пытаньне: дзе, з кім ён хоча жыць?

(Мілан: ) “З маці, канечне. Бо ў дзіцячым доме што прыгатуюць, тое трэба есьці. А ў маці я магу папрасіць, што я хачу. Маці пакуль жыве ня з намі. Аднак у госьці прыяжджае — да бабулі і дзядулі, да майго брата й да мяне”.

Хоць сяброўка Мілана, якую завуць Надзея, жыла раней хіба ці не ў хлеўчуку побач з пастаянна п’янымі дарослымі, яна таксама не забываецца на сваіх родных:

(Надзея: ) “Маю маці звалі Сьвета, а бацьку — Віталь”.

Прагне сустрэчы з бацькамі і Філіп:

(Філіп: ) “Мая маці ў Менску. Я змагу бацьку знайсьці, калі вырасту, таму што ён у Магілёве жыве. Ён да мяне прыходзіў, калі я быў у падрыхтоўчай клясе”.

І гэтак кажуць практычна ўсе, хто памятаюць сваіх родных. А кінутыя ў радзільнях і ўжо трохі падрослыя малыя толькі й мараць: вось-вось адчыняцца дзьверы, увойдзе прыгожая, добрая жанчына з цукеркамі і скажа: “Ну, любы, дачакаўся? Я твая матуля!” Часьцей, аднак, здараецца іншае. Пра бацькоў сваіх выхаванцаў разважае дырэктарка Панямуньскага дому-інтэрнату, што на Гарадзеншчыне, Тацяна Вулах:

(Вулах: ) “Прыкладаў таго, што яны часта наведваюць сваіх дзяцей, на жаль, няма. На сёньняшні дзень можа прыйсьці бабуля, могуць дзядзька зь цёткай. А маці скрайне рэдка”.

І ўсё ж казачна падфарбаваныя дзівосы здараюцца: з 1991 году знайшлі новыя сем’і 9 тысяч беларускіх сіротаў. Аднак з пачатку новага стагодзьдзя гэты працэс спадае, хоць у нацыянальным банку зьвестак на ўсынаўленьне цяпер амаль 12 тысяч малых, зь якіх здаровы толькі кожны трэці, максымум чацьверты. Адна з прычынаў — скасаваньне дзяржавай раней прынятых абавязацельстваў па матэрыяльнай падтрымцы такіх сем’яў. Людміла Дземянчук з горыччу кажа:

(Дземянчук: ) “Усе гэтыя дзеці гэта дзеці бяды. Гэта дзеці нашага гора”.

Сваю гісторыю распавядае 48-гадовы Мікалай з Рэчыцы:

(Мікалай: ) “Мяне з братам маці аддала ў інтэнат пад Гомелем. Во цяпер я ўжо ведаю, што з-за п’янак Рэчыцкі выканкам забраў нас ад маці. Яе — на лячэньне, а нас — у інтэрнат. Канечне, у сябе дома, у маласямейцы, мы нацярпеліся ўсяго. Дзе які кусок хлеба сярод пляшак знойдзеш — і грызеш. Саша, калі давучыўся да восьмай клясы, пайшоў на будаўніка. Ужо гадоў дзесяць ад яго ні слуху, ні духу. Я ажаніўся. Выпіваў. Жонка скандаліла. Ну і я паказваў характар. Разьвяліся. У дачкі маёй, Каці, даўно другі бацька. Яна толкам і ня ведае мяне. Можа, сама ўжо маці”.

Гэты паламаны лёс — мяккая праекцыя будучыні тых, хто гадуецца ў дамах, інтэрнатах, іншых установах сыстэмы сіроцкага апякунства. Бо сытуацыя зь іхным выхаваньнем і далейшай адаптацыяй у самастойным жыцьці крытычная. Паводле расейскай статыстыкі, траціна інтэрнатаўцаў становіцца бамжамі, чвэрць — злачынцамі, яшчэ траціна ўрэшце сама пазбаўляецца бацькоўскіх правоў, сярод іх надзвычай высокая суіцыднасьць. Толькі 10% сіротаў уладкоўваюцца ў сьвеце дарослых. Прыблізна тое самае ў Беларусі. І як сьведчаць адмыслоўцы, крызыс абвастраецца. Найперш з-за прынцыповых памылак дзяржавы у гэтай сфэры. Слова спадарыні Дземянчук:

(Дземянчук: ) “Што і казаць, за дзяржаву крыўдна. Бо яна сёньня ня можа даць таго, што павінна атрымаць дзіця”.

Старэйшы выхавацель Жана Ступакова бачыць: шматлікія іхныя выхаванцы, як і Мікалай з Рэчыцы, мусяць паўтараць і паўтараць лёс сваіх бацькоў:

(Ступакова: ) “Ім самім будаваць зносіны з гэтым грамадзтвам па-за інтэрнатнымі сьценамі складана. І ў гэтым хаваюцца глыбінныя прычыны. Складана будаваць зносіны? Ёсьць жа простае выйсьце: наркотыкі, гарэлка… Заглушылі — і няма праблемы”.

Кола замыкаецца: атрымліваецца, апускаюцца на дно і ў п’янай сям’і, і ў цьвярозым інтэрнаце. Дык ці ня варта тады перагледзець сыстэму сацыяльнай прафіляктыкі? Ва ўсім сьвеце пасьля відавочных памылак зь “сілавым”, так бы мовіць, ухілам у вырашэньні праблемы стаўка робіцца на “гуманітарны” падыход — захаваньне сям’і і перавыхаваньне бацькоў. Або пошук для дзяцей новых татаў ды матуляў.

Шматгадовую дыскусію — дзе лепш малым: побач з кепскай маці або з добрай выхавацелькай, завяршыла Канвэнцыя ААН аб правах дзіцяці на сям’ю. Падкрэсьліваю: права на сям’ю! Хоць пад тым дакумэнтам падпісалася і Беларусь, яна па-ранейшаму дбае часьцей аб тым, каб наладзіць больш-менш зноснае забесьпячэньне інтэрнатаў. Бацькам і сем’ям увага таксама ёсьць, але больш фармальная, дэкаратыўная. Лепшае сьведчаньне — лёс дзяцей з гарадоцкай вёскі Даўгапольле, якія мала адрозьніваліся ад Маўглі: жылі ў будцы з сабакам, карміліся тым, чым і куры з парсюкамі... Распавядае пэдагог Леанід Гаравы:

(Гаравы: ) “Узросту яны былі дашкольнага, дзесьці 4–5 гадоў. Іхныя бацькі са спэцшколы ў Сурміно, для псыхічна хворых, і вось нарадзілі дзетак. Што зробіш: людзі з абмежаванымі разумовымі здольнасьцямі, працавалі на фэрме, ну й што жывёле давалі, тое і дзецям. У раёне такіх сем’яў паўтара-два адсоткі. Іхныя малыя да школьнага ўзросту практычна непадкантрольныя, бо ўлады амаль не зьвяртаюць увагі”.

Як пасьля ўмяшаньня выпадковых людзей дзеці гады тры таму трапілі ў мясцовы шпіталь, бо былі жахлівымі чалавекападобнымі істотамі, дык райаддзел адукацыі пра далейшы лёс няшчасных нічога больш ня ведае. Адпаведных спэцыялістаў процьма, а сумна-ўнікальная сытуацыя засталася па-за ўвагаю:

(Гаравы: ) “У аддзелу адукацыі ёсьць сацыяльны работнік, інспэктар па апецы, пры райвыканкаме камісія ў справах непаўнагадовых... Плюс у міліцыі інспэктары па кантролю за малымі, два чалавекі. Плюс карэкцыйна-дыягнастычны цэнтар — яшчэ чалавек сем! Яны маюць дэфэктолягаў, нэўрапатолягаў. Гэтыя службы мусяць валодаць поўнаю інфармацыяй па разьвіцьцью дзяцей ад нараджэньня да выпуску са школы. Іншае пытаньне — якасьць гэтае працы ды выкананьне службовых абавязкаў”.

Традыцыйная пасіўнасьць апраўдваецца традыцыйнай жа “лёгікай”: раён вялікі, вёсак і дзяцей шмат, транспарт ці не празь дзень на прыколе, не хапае сродкаў. У Амэрыцы, якую штодня крытыкуе беларускае тэлебачаньне, адпаведныя рэаліі выглядаюць інакш: інспэктар сацыяльнай службы курыруе там усяго дзесяць неўладкаваных сем’яў. Апанэнты пры гэтым усклікаюць: “Во! Каб такія ўмовы ды тут...” Спадар Гаравы разважае:

(Гаравы: ) “У межах існага заканадаўства трэба занадта шмат папераў складаць, пісаць... Бо нарастае колькасьць такіх выпадкаў — ня толькі гэтае крытычнае становішча, але ўвогуле сям’і, дзе мала ўвагі надаецца дзецям”.

Беларускія дасьледнікі неяк правялі апытаньне: “Ці згодныя вы перадаць грошы, якія выдзяляе інтэрнатаўцам дзяржава, бацькам?” Зразумела, пры ўмове, што “дзеці бяды” застануцца дома, а сродкі тыя пойдуць на іхнае выхаваньне. Большасьць адказала катэгарычнай нязгодай, якая вынікае з выпеставанага пасьлядоўнай дзяржаўнай палітыкай стэрэатыпу: маўляў, усё прап’ецца. Хоць сур’ёзных спробаў, сацыяльных экспэрыментаў не было.

А ў ЗША такая практыка стала нормай, і ў функцыю інспэктараў якраз ўваходзіць пастаянны кантроль за расходам дзяржаўнае дапамогі, арганізацыяй сямейнага выхаваньня. Беларусь жа ўпарта брыдзе звыклым шляхам. І стратаў на ім усё болей. Вось горкі сповед Алены з Баранавічаў, якая пакінула нядаўна ў радзільным доме апошняе, пятае сваё дзіцяці:

(Алена: ) “Так, пакінула, пакінула ў радзільным доме. Атрымалася так. Ну а што? Куды мне?.. У мяне тут во — адзін, другі, трэці, чацьверты. І гэтая яшчэ, старэйшая дачка, во нарадзіла нядаўна. А што мне было рабіць? Што я магла? Няма чым карміць, работы няма. Жывем во, бачыце, усё аблупленае. Гаспадар у мяне — цягач, абы-што. Усё трэба самой, не дачакаесься ніякай дапамогі. Ну, адразу ня думала пакідаць, а пасьля... Куды мне яе? А так можа хоць як-небудзь... Іншыя дзеці вырастаюць і людзьмі становяцца ў тых інтэрнатах, і нармалёва ўсё. А тут што — галоднае будзе! Радня?.. Што ім... Ім усё роўна. Каму цяпер справа да каго? Не хачу я гаварыць. Што я тут буду казаць...”

Гэта гісторыя падсумоўвае сказанае вышэй: беларуская сям’я часьцяком валіцца, бо не адчувае мінімальнай падтрымкі ні ад дзяржавы, ні ад грамадзтва. Вось красамоўны факт. Зусім нядаўна прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш назначыў славутага актора з абаяльнай мужчынскай усьмешкай, бацьку трох дзяцей, “моцнага арэшка” Бруса Ўіліса адказным па ўсынаўленьні. І адначасова Аляксандар Лукашэнка падтрымаў прапанову няўсьмешлівага прафсаюзнага босу Леаніда Козіка “ўзмацніць дапамогу” інтэрнатам (у дужках заўважым: і дагэтуль рэдкі аптыміст лічыў яе “моцнай”).

Дзьве дыямэтральна адрозныя дзяржаўныя стратэгіі. Хоць дзеля справядлівасьці варта зазначыць: апошні час і ў Беларусі пачалі прыглядацца да розных формаў уладкаваньня сацыяльных сіротаў у біялягічныя і прыёмныя сем’і. Праўда, часьцей гэта адбываецца з ініцыятывы замежных фондаў, спонсараў і носіць эпізадычны характар. А ў грамадзкай сьвядомасьці пералому няма. Між тым, Людміла Дземянчук зусім слушна заўважае:

(Дземянчук: ) “Я не магу сказаць, што дзяржава — гэта толькі прэзыдэнт, Савет міністраў. Дзяржава гэта мы. І ад нашага стаўленьня да гэтых дзяцей залежыць усё”.

Сымбалічна-трывожна выглядае назва праекту, які прапанавалі рэалізаваць у Беларусі псыхолягі з брытанскага графства Сасэкс — “Умей не адмовіцца ад дзіцяці!” Ініцыятыва своечасовая, бо краіна, падаецца, вось-вось згубіць той найважнейшы сацыяльны інстынкт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG