Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэхаўск


Браніслава Станкевіч, Арэхаўск

Паглядзеўшы сёньня на гэтае мястэчка, нізавошта ня скажаш, што яно, па сутнасьці, ёсьць сталіцай беларускай энэргетыкі. Між тым менавіта тут, у Арэхаўску, у 30 км ад Воршы, згодна зь гістарычным плянам электарфікацыі, вядомым пад расейскай абрэвіятурай «ГОЭЛРО», на пачатку 1930-х гадоў была пабудаваная першая беларуская гідраэлектрастанцыя.

Сваю тагачасную назву БелДРЭС захавала і да сёньня… А адна з першых вуліцаў у пасёлку Арэхаўск была названая Савецкай. Напэўна, у гонар новых ейных насельнікаў – колішніх жыхароў вёскі Выдрыца, якая зьнікла пад наступам энэргетычнае прамысловасьці: спаконвечныя сяляне зрабіліся “савецкімі рабочымі”, перабраўшыся з раскіданых вясковых хатаў у “гарадзкія” баракі, пабудаваныя яшчэ да рэвалюцыі.

Перасяленцам сказалі, што камуністычная будучыня ўжо зусім недалёка, і таму іхнае жытло – да часу… У тых самых бараках я засьпела й сёньняшніх жыхароў Арэхаўску, дарма што вуліца Савецкая ідзе якраз ад ускраіны да цэнтру.

(Спадарыня: ) “Вось калі ласка – вуліца Савецкая! Гэта цяпер яшчэ нічога, суха. А калі глыбокая восень, толькі ў ботах гумовых і ходзім! Кажуць: “Выдрыца ўжо не існуе, ні на якім балансе яе няма!” А людзі ж тут жывуць…”

(Карэспандэнтка: ) “І шмат людзей дагэтуль жыве ў гэтых бараках?”

(Cпадарыня: ) “Жукавы жывуць, Шатохіна, інвалідка трэцяй групы, во Жэня Мартыновіч жыве побач, былы вязень, у палоне быў… Заходзьце, палядзіце. Што яны, нелюдзі, ці што? Я 15 год прастаяла на ільготнай чарзе ды пражыла ў гэтым бараку! Сын – інвалід, і я столькі дабівалася кватэры, столькі бегала… А мне ўсе казалі “Сядзі й маўчы!””

Спадарыне Ірыне, зь якой мы размаўлялі, усё-ткі ўдалося атрымаць новую кватэру, і яна ўжо рыхтуецца на ўлазіны. Аднак каля дзясятка сем’яў застануцца тут яшчэ невядома на які тэрмін, бо за апошнія 8 год перасяліць з аварыйных баракаў у іншае жытло ўдалося хіба сем’яў 20. І гэта ледзьве не каштавала пасады тутэйшаму старшыню пасялковага савету, Вячаславу Бондараву.

Дарэчы, ён , як кажуць, “прыйшоў да ўлады” у 1996 годзе, амаль адразу за Аляксандрам Лукашэнкам, на дапамогу якога, зрэшты, наппачатку й разьлічваў.

(Бондараў: ) “У нас тут баракі з 1900 году, і на той момант, як я прыйшоў, у іх жылі 28 сем’яў. Ну, людзі пачалі да мяне зьвяртацца, і я, мажліва, з-за сваёй недасьведчанасьці, а я меркаваў, што так і трэба складаныя пытаньні вырашаць! — напісаў ліст з просьбай запісаць мяне на прыём да прэзыдэнта...”

(Карэспандэнтка: ) “Напісалі – і трапілі?”

(Бондараў: ) “Ага, напісаў! І мой ліст трапіў у аблвыканкам, дзе прынялі рашэньне зьняць мяне з пасады! Прыехалі сюды, а ўсе нашыя дэпутаты дзівяцца: за што? Ну, і не прагаласавалі. Пасьля я ўжо зразумеў, што ўсе пытаньні трэба вырашаць іншымі шляхамі.”

(Карэспандэнтка: ) !Дык атрымліваецца, што вы цяпер у Арэхаўску адначасова і “ўлада”, і “апазыцыя”?”

(Бондараў: ) “Ага, і дудар, і цар, і гаспадар…”

Аднак сёньня спадар Бондараў вельмі шкадуе , што тады адным махам не пазбавіўся свайго “старшынёўства”. Апошнія некалькі гадоў у ягоным “дыплямаце” ляжыць гатовая заява на звальненьне, у якой засталося хіба паставіць пэўную дату.

(Бондараў: ) “Я ж бачу – няма пэрспэктывы! Бачу, што ўсе гэтыя апошнія рэформы, якія цяпер праводзяцца, зусім ня тычацца мясцовае ўлады, што працуе на месцах! Калі ў Расеі ўжо зразумелі, што кожны праект, кожная справа мусіць быць падмацаваная фінансамі, то, на жаль, нашая мясцовая ўлада ніякімі сродкамі не валодае. А што можна зрабіць, калі няма грошай? Хіба імітаваць уладу? Я ўжо хацеў сыходзіць, і месца сабе ўжо знайшоў”

(Карэспандэнтка: ) “І чаму засталіся?”

(Бондараў: ) !Чаму застаўся? Бо мяне папярэдзілі: іншае працы ў цябе ня будзе…”

Тыя людзі, якіх спадар Бондараў называць усё ж не рызыкуе, добра ведалі, чым можна-такі настрашыць тутэйшага жыхара! Самае страшнае ў пасёлку з чатырохтысячным насельніцтвам – гэта застацца беспрацоўным.

Льнозавод – у заняпадзе, калісьці славутая, а цяпер тэхнічна састарэлая БелДРЭС ледзьве-ледзве забясьпечвае працай дзьве сотні чалавек, а тутэйшы завод “Лантан”, які працаваў на радыёэлектронную галіну, наагул, практычна спыніў сваё існаваньне, бо ягоная прадукцыя ўжо таксама не адпавядае сучасным стандартам. Завод вось-вось абвесьцяць банкрутам, а пакуль у адным-адзіным дзейным цэху замест кандэнсатараў робяць… школьную крэйду! Гаворыць Алена Карпіцкая, якая аддала свайму прадпрыемству амаль дваццаць гадоў жыцьця.

(Карпіцкая: ) “У нас раней колькі людзей працавалі! Васемсот чалавек на заводзе! Васемсот! Потым пяцьсот, потым сто, а цяпер застолося зусім нічога – вось у нас на ўчастку пятнаццаць чалавек, я шаснаццатая…”

(Карэспандэнтка: ) “Хіба гэта адзіны цэх, які працуе?”

(Карпіцкая: ) “Адзіны, і ўсе, хто яшчэ працуе – усе тут!”

(Карэспандэнтка: ) “І чым цяпер займаюцца тыя, каго скарацілі?”

(Карпіцкая:) “Хто на біржы працы, хто дома, хто ў саўгас “Цяплічны” ходзіць – палоць, моркву, капусту ўбіраць… Летам, згадзіцеся, яшчэ можна неяк пражыць. А зімой – цяжка, за кватэру дорага плаціць… Нам ніхто ня можа дапамагчы разьлічыцца з пазыкамі, завод вінны за электраэнэргію вельмі шмат… Во цяпер сьвятло далі – і мы працуем, а як адключаць – таксама пойдзем “гуляць”.”

(Карэспандэнтка: ) “А ці вы самі прадпрымалі што-небудзь, каб улады зьвярнулі ўвагу на вашыя праблемы?”

(Карпіцкая:) “І страйкавалі, і пісалі скаргі ў прэзыдэнцкую камісію, каб зьвярнулі ўвагу на наш завод. Каб дзяржава дапамагла, ё-маё! У нас людзі гатовыя працаваць кім заўгодна, абы былі працоўныя месцы. А іх няма! Асабліва для жанчын – мужчыны яшчэ неяк уладкоўваюцца: трактарыстамі, кіроўцамі ў саўгас…А жынчынам проста няма куды. Гэта жах нейкі!”

Мара тутэйшых беспрацоўных мужчынаў – якім-небудзь чынам уладкавацца на БелДРЭС. Хоць і называюць яе ў Арэхаўску “керасінкай”, але ж да ейнага 70-годзьдзя, якое сьвяткавалася летась, знайшліся грошы і на мадэрнізацыю турбінаў, і на стварэньне адмысловага, адзінага на Беларусі, музэю энэргетыкі, і на новы адміністрацыйны корпус з ахоўнікам на ўваходзе.

Аднак ледзьве толькі той ахоўнік паведаміў дырэктару , што зь ім хоча пагаварыць карэспандэнтка Радыё Свабода, як Уладзімер Міхайлавіч Лузін тэрмінова засьпяшаўся па пільных справах і не згадзіўся нават на пяціхвілінную размову пра родную ДРЭС, дзе ён адпрацаваў дырэктарам аж 13 гадоў! Таму зьвесткі пра станцыю ды ейнага кіраўніка давялося зьбіраць ускосным шляхам – у выпадковых мінакоў.

(Карэспандэнтка: ) “Раскажыце крыху пра вашу электрастанцыю. Што такога значнага зрабіў дырэктар вашай БелДРЭС, што яго абвясьцілі ганаровым грамадзянінам Арэхаўска?”

(Спадар:) “Хто такі дырэктар, і што ён за ганаровы грамадзянін, я нават уяўленьня ня маю – хто й калі яго выбіраў. А ДРЭС…Напэўна, у нас дзяржава дужа багатая, што ўтрымлівае такую махіну, а ў нас па вечарох у горадзе сьвятла няма. Даводзіцца бегаць, сустракаць усіх сваіх – і дзяцей са школы, і жонку з працы. Сорам каму сказаць!”

(Карэспандэнтка: ) “Можа, вы мне распавядзеце пра станцыю ды пра дырэктара – ён жа ў вас ганаровы грамадзян Арэхаўска?”

(Спадарыня: ) “А мы ж там не працуем… Халера яго ведае! Ну, прайшоў ды прайшоў! Прывезьлі з працы, высадзілі, ён і пайшоў дахаты. І гаварыць няма чаго!”

Працуе спадарыня Вольга на арэхаўскім рынку. Яна пэнсіянэрка, і лічыць, што ёй вельмі пашанцавала мець дадатковы заробак.

(Спадарыня Вольга: ) “Ды добра пашанцавала! У мяне ж яшчэ двое ўтрыманцаў – дачка скарочаная і ўнук.

(Карэспандэнтка: ) “Унук маленькі?”

(Спадарыня Вольга: ) “Ды каб маленькі! Вялікі ўжо, 14 год! Маленькаму што – цыцку тыркануў ды ўсё! А гэты і малако, і кілбасу – усяго хоча!”

(Карэспандэнтка: ) “Ці вялікі ў вас заробак?”

(Спадарыня Вольга: ) “А-а! Калі, можа, 30 тысячаў… Мне ж ня трэба боты за тры мільёны. Буркі купіла, і хадзі, бабка, пакуль ногі чэпаюць!”

(Карэспандэнтка: ) “Які тавар у вас самы хадавы?

(Спадарыня Вольга: ) “Макароны, кілбасы, алей… Цукеркі, печыва – цяпер во школа пачалася, а што ты дзіцёнку з сабой дасі? Хоць цукерчыну ў сумку ўкінеш!”

(Карэспандэнтка: ) “А як тутэйшая моладзь час бавіць?”

(Спадарыня Вольга: ) “Ніяк! Во зьбіраюцца тут, на базары, гадзін у дзевяць. Бутэлькі, музыка…”

(Карэспандэнтка: ) “І дужа п'юць у Арэхаўску?”

(Cпадарыня Вольга: ) “О-о! Як у той показцы: “Я столькі ня вып’ю!”. У кожнай другой хаце гоняць самагонку, госпадзі! І прадаюць, і напавер даюць! Толькі хадзі! Людзі й ходзяць…”

(Карэспандэнтка:) “Ці езьдзе тутэйшая моладзь у Расею на заробкі?”

(Спадарыня Вольга:) “Старэйшыя езьдзяць. А во дзеўка, 18 год – куды яе матка пусьціць, у якую Расею! Як паедзе, дык і ня знойдзеш яе там, ні зь якой паліцыяй!”

Калісьці вяскоўцаў з усяго навакольля вабілі ў Арэхаўск гарадзкі лад жыцьця ды шырокія жыцьцёвыя пэрспэктывы. Але сёньня, калі тутэйшыя прадпрыемствы гібеюць проста на вачох, гарадзкое жыцьцё ўжо не падаецца арэхаўцам такім прывабным, і людзі ўсё часьцей вяртаюцца да звыклае сялянскае працы: шчыруюць на ўласных гародчыках або наагул ідуць працаваць у саўгас. Балазе, саўгас-камбінат “Цяплічны” ёсьць моцнай гаспадаркай, а ейны кіраўнік Васіль Каваленка – сапраўдным гаспадаром!

(Спадарыня: ) “Ой, як мне страшна было ісьці туды, як не хацелася! Думала: як я там буду рабіць… А і нічога! Сёлета, праўда град цяпліцу пабіў, памідораў ды гуркоў мала. Але ж як дырэктар добры, дык ён морквы болей пасадзіў! А тут жа яшчэ цэхі гаспадарчыя працуюць – халаты шыюць, кансэрвуюць! Нармальна, работа ёсьць усім, абы ня пілі й ня кралі! Кажуць, нават прыбіральшчыца на “Цяплічным” атрымлівае ня меньш як 120 тысячаў!”

Праўда, пра ўласную прыбытковасьць ледзьве не давялося пашкадаваць: паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі да пасьпяховых гаспадарак сталі далучаць стратныя, і Васіль Каваленка атрымаў прызнаньне сваіх дасягненьняў у выглядзе заняпалай аграфірмы “Дзевіна”. Аднак неўзабаве пра цуды ў заняпалай гаспадарцы загаварыў увесь раён ды нават уся вобласьць.

(Спадарыня: ) “Паглядзеў дырэктар, што няма тут ані фэрм добрых, ані зямлі добрай… І што вы думаеце! – вырашыў алені разводзіць. Купіў некалькі дзясяткаў. Кажуць, з тых аленяў нейкі прэпарат рабіць будуць, як “Віягра”, ці як яшчэ ён будзе называцца… Дык, можа, мужыкі нашы піць кінуць і да сапраўдных мужыкоў будуць падобныя!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG