Гарадзкі пасёлак Сураж на Віцебшчыне ведае кожны жыхар Беларусі. Нават калі пра гэта не здагадваецца! Бо кожнаму колішняму або цяперашняму школьніку добра вядомыя гэтыя радкі:
(Дзяўчынка: )
“Іх вядуць па жытняй сьцяжынцы.
Чытырох.
Пад канвоем.
З дому.
Чатырнаццаць – старэйшай дзяўчынцы,
Тры гады хлапчуку малому.
Разам з ім у падвал халодны
Гоняць цётку – сястру Міная.
А Мінай – гэта бацька іх родны.
Бацька родны.
Мсьціўца народны…”
Гэты верш Аркадзя Куляшова “Балада пра чатырох заложнікаў”, які вывучаюць у сярэдняй школе ўжо цягам дзесяцігодзьдзяў, напісаны пра тутэйшыя, суражскія падзеі: гэта тут у 1942 годзе былі расстраляныя чацьвёра дзяцей легендарнага партызанскага камандзіра Міная Шмырова разам зь ягонай цешчай ды сястрою… 4 месяцы фашысты трымалі іх у закладніках, спадзеючыся на тое, што бацька Мінай пашкадуе сваіх дзяцей ды прыйдзе здавацца сам. Але бацька не прыйшоў – ні здавацца, ні выбаўляць… Дзяцей растралялі, а на “бацькоўскім прыкладзе” бацькі Міная выхоўваліся цэлыя пакаленьні савецкіх беларусаў. Каля суражскай школы да 40-х угодкаў вызваленьня Беларусі быў усталяваны помнік дзяцям бацькі Міная – адзіны ў сьвеце помнік падобнага кшталту. Але сёньня, падобна, у Суражы гадуецца ўжо іншае пакаленьне.
(Карэспандэнтка: ) “Як ты асабіста ставішся да герояў гэтага верша?
(Дзяўчынка: ) “Асабіста як стаўлюся?.. Каб гэта было зараз тут, каля мяне, я б, мабыць, нават і не віталася з такім бацькам, які пакінуў сваіх дзяцей на сьмерць! А сам пражыў яшчэ шмат гадоў, пакінуўшы сваіх дзяцей, сваіх блізкіх на сьмерць… Гэта дзіка!”
(Карэспандэнтка: ) “А чаму ж тады ўчынак бацькі Міная назвалі подзьвігам, а яго самога лічылі героем, і зараз нават лічаць? Як ты думаеш?”
(Дзяўчынка: ) “Я лічу, што яго назвалі героем, а тое… што ён зрабіў – подзьвігам, бо ў тыя часы людзі былі выхаваныя інакш. Яны былі выхаваныя спачатку ўсё зрабіць дзеля ўлады, дзеля змаганьня, а потым ужо думаць пра сваіх блізкіх. І я лічу, што гэта ненармальна. Я лічу, што чалавек мусіць рабіць і дзеля Радзімы, і дзеля сябе – і каб гэта ня шкодзіла адно другому…
Праз 60 гадоў па вайне іншымі вачыма глядзяць на былыя падзеі й суражскія вэтэраны. Апроч створанага за Саветамі міфу пра геройскі ўчынак бацькі Міная ў Суражы можна пачуць сёньня зусім іншую гісторыю пра колішняга партызанскага камандзіра ды ягоных дзяцей. Гаворыць Валянціна Кухарава, карэнная суражанка, удзельніца мінулае вайны.
(Кухарава: ) “Дзеці гэтыя вольна хадзілі па Суражы, толькі на нач іх зачынялі… І вось тады, кажуць, старэйшая дачка Ліза праз кагосьці перадала тую знакамітую цыдулку: “Ты па нас не прыходзь, бо калі цябе заб’юць, мы за цябе не адпомсьцім, а ты за нас адпомсьціш…” Запіску тую ніхто ня бачыў, жанчыны той, якой яе нібыта перадалі, таксама даўно няма. Гэта проста легенда такая перадаецца. А далей ёсьць дзьве вэрсіі: адна – што іх расстралялі, а другая — што вывезьлі ў Нямеччыну. Бо трупаў іхных ніхто ня бачыў, і хто іх пахаваў, таксама ніхто ня ведае. Затое адзін былы паліцай казаў: “Мы дзяцей Шмырова не расстрэльвалі. Камэндант Суражу Нахтыгаль адаслаў іх у Нямеччыну”.
…І ў пасьляваенны час гэтая гісторыя, кажуць, мела свой ня менш драматычны працяг:
(Кухарава: ) “І далей пайшла легенда такая, што нібыта праз Чырвоны Крыж іх шукалі, знайшлі, і тая самая Ліза сказала: “Мы цяпер не прызнаем свайго бацьку, бо ён нас ня выратаваў”. І цераз год Шмыроў памёр… Вось такая тут легенда пра дзяцей бацькі Міная”.
Пра родны Сураж былая настаўніца Валянціна Кухарава напісала цэлую кнігу апавяданьняў. Далікатна абышоўшы партызанскую тэму, а таксама Суражскае антыбальшавіцкае паўстаньне 1918 году, яна з захапленьнем піша пра даўнейшую гісторыю Суражу. Бо з апошніх набыткаў мястэчка мае толькі вялікія праблемы…
(Кухарава: ) “(гартаючы рукапіс) Вось тут пра шлях з варагаў у грэкі, пра гісторыю Суража… А вось легенды… Пра Сураж ёсьць такая легенда: быў тут калісьці замак, а ў ім жыла дачка тутэйшага валадара. Яна закахалася ў простага рыбака, але бацька забараніў маладым сустракацца ды зачыніў дачку ў высокай вежы. Князёўна доўга плакала ад гора, і ейныя сьлёзы размылі бераг. Замак абрынуўся, і дзяўчына загінула. Але перад сьмерцю яна пракляла Сураж… І ейны праклён вісіць над паселішчам ад самага 16-га стагодзьдзя…”
Ці то старажытны праклён вінаваты, ці што іншае, але на выданьне кнігі Валянціны Кухаравай “Апавяданьні пра Сураж ды суражанаў” няма грошай. Хаця сакратарка пасялковага Савету Тацьцяна Сьцяпанава нядаўна спрабавала знайсьці спонсараў праз газэту “Культура”. Зрэшты, грошай у мясцовых уладаў няма ня толькі на кнігу. Куды як багата тут і іншых праблемаў.
Гаворыць Тацьцяна Сьцяпанава:
(Сьцяпанава: ) “Зачынілася наша камунальнае прадпрыемства. Лес вырубаюць – можа, хутка ўжо й наш лясгас зачыняць. Дом быту не працуе, толькі цырульнік прыяжджае 2 разы на тыдзень. Гатэлю няма, сталоўку зачынілі…”
Адным словам, на лепшае жыцьцё засталіся толькі пляны. Варыянт такога вось шчасьлівага плянаваньня прапанаваў жыхарам Суражу іхны зямляк Аляксандар Самойлаў. Ён даўно ўжо жыве ў Менску, аднак часта піша лісты сваёй колішняй настаўніцы Валянціне Цімафееўне.
(Кухарава: ) “Ён даслаў мне плян з 46 пунктаў! Ну, там ёсьць такое: пабудаваць мост цераз Дзьвіну. А хто яго пабудуе? Дзе грошы ўзяць? Або во такое: адрадзіць пякарні. Хто іх адродзіць? Або ён прапануе наладзіць вытворчасьць сочыва ў паўлітровых слоіках. Ну, гэта яшчэ каб знайшоўся такі чалавек, дык зрабіць можна…”
(Карэспандэнтка: ) “А ў вашым пасялковым савеце ведаюць пра гэты плян разьвіцьця Суражу?”
(Сьцяпанава: ) “Ведаюць!”
(Карэспандэнтка: ) “І што, рэальна паспрыяць ягонаму ажыцьцяўленьню немагчыма?”
(Сьцяпанава: ) “А чым? Чым? Валянціна Цімафееўна ўжо сказала… Вось каб нам тут свабодную эканамічную зону! Мы, моладзь, пра гэта проста марым! Тады, можа, і адрадзіўся б наш Сураж. А так, калі на ўсё такія падаткі, наўрад ці магчымае нейкае адраджэньне Суражу…”
Каго найперш датычацца падаткі, дык гэта суражскіх прадпрымальнікаў. Іх у пасёлку чацьвёра на больш як тысячу насельніцтва. Адна прадпрымальніца адчыніла прыватную краму, а астатнія трое абсталявалі сабе працоўныя месцы на вуліцы, паблізу ад гарадзкога парку, аздобленага вялізнымі варонінымі гнёздамі.
(Прадпрымальніца Людміла: ) “Мы ўсё гэта асфальтавалі… Усё за наш кошт! Нам дазволілі стаць тут толькі з той умоваю, што мы ўсё добраўпарадкуем!”
(Карэспандэнтка: ) “Дык гэта і ёсьць ваш мясцовы рынак?”
(Людміла: ) “Гэта нават ня рынак. Рынак нам зрабіць не дазваляюць, бо гэта нявыгадна мясцоваму начальству”.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму?”
(Людміла: ) “Тут тады трэба прыбіральню будаваць, ваду праводзіць, каналізацыю… Так што галоўная наша праблема – гэта каб у людзей грошы былі! Каб заробак давалі своечасова, і добры заробак – як прэзыдэнт абяцаў, 150 даляраў!”
(Карэспандэнтка: ) “Ці хутка дадуць тут такія заробкі?”
(Людміла: ) “Я думаю, што ніколі! Але я вельмі б хацела, каб усе кіраўнікі спачатку аддалі заробкі людзям, а потым атрымалі б самі!”
(Прадпрымальніца Натальля: ) “У нас праблема яшчэ ведаеце, у чым? У тым, што наш Сураж гібее. Тут быў такі пасёлак! І ўсё паразвалілі, і нікога гэта не хвалюе!”
(Карэспандэнтка: ) “А да каго вы зьвяртаецеся з вашымі праблемамі, каму можна паскардзіцца?”
(Натальля: ) “А што тут скардзіцца! Мост той самы… Людзі топяцца! Як які-небудзь новы дэпутат, дык адразу абяцае: “Мы вам пабудуем!..” Мы вам тое, мы вам сёе... Людзі ходзяць вунь па кладках, дзеці ў школу тут так ходзяць… Яна йдзе па кладцы, а побач такая во палонка!”
(Карэспандэнтка: ) “У апошніх выбарах вы ўдзельнічалі?”
(Людміла: ) “Ай! Гэта такія выбары! Я прыйшла, паглядзела дый думаю: “Вас тут усіх трэба выкрэсьліць!” Але аднаго пакінула. Адну жанчыну, паставіла ёй “птушачку”. Думаю, можа хоць зь яе толк будзе, бо з мужыкоў ніякага толку няма!”
(Карэспандэнтка: ) “А мясцовая ўлада можа вырашыць вашыя праблемы?”
(Натальля: ) “Не! Няма сродкаў! Калі 15 год таму ня вырашылі, калі сродкі былі, то цяпер тым болей!”
(Людміла: ) “Тут 80% пэнсіянэраў. Калі засталося 20% працаздольных людзей, то 10% зь іх алькаголікі, якім нічога ўвогуле ня трэба! Бутэлькі здаць – і больш нічога! А астатнія… Ну што вось мы тут мітусімся, што мы зробім? Зьбярэм бабскую каманду ды пойдзем на Лукашэнку?”
(Натальля: ) “Гэта безвынікова! Ці да яго што дойдзе? Ай!”
Насуперак сумным падлікам маіх суразмоўніц, сустрэтыя суражане-мужчыны былі цалкам цьвярозыя.
(Карэспандэнтка: ) “Усё-ткі п’яных у вас тут ня дужа шмат…”
(Уладзімер: ) “Пачакайце, у нас тут якраз у лясгасе заробак даюць! Увечары паглядзіце!”
(Карэспандэнтка: ) “Такі вялікі заробак, што застаецца лішняе, каб прапіць?”
(Уладзімер: ) “А вось такі ў нас заробак, што атрымаеш і думаеш: ці яго за дзень праесьці, ці прапіць! У мяне быў аклад 83 тысячы 400, быў 15-ы разрад. Зрабілі 14-ы разрад – стала 83 тысячы 600. Вось так мне дабавілі заробак. Цудоўна!”
(Сяргей: ) “У маёй жонкі брат езьдзіць на заробкі ў Расею. Далёка, на Поўнач. Заробкі не параўнаць! Яны там 600 даляраў за месяц атрымліваюць. А ў нас тут сьмешныя заробкі – 70 тысяч на месяц. Як жывем? За кошт свае гаспадаркі”.
(Карэспандэнтка: ) “І што ў вас – сьвіньні, карова, куры, гусі – усё ёсьць?”
(Сяргей: ) “Ну, амаль што ўсё. Ды яшчэ гарод”.
(Карэспандэнтка: ) “А як вы ўсё пасьпяваеце? Вы ды жонка працуеце, ды яшчэ гаспадарка…”
(Сяргей: ) “Як можам, так і пасьпяваем. Канечне, каб болей грошай плацілі, дык мы і лепей жылі б, і працавалі б лепей…”
(Уладзімер: ) “Неўзабаве ўжо ўвогуле разваліцца гэты Сураж! А што? Працаваць няма дзе. У калгас да Яблачкіна працаваць за 20 тысяч ніхто ня хоча йсьці…”
(Сяргей: ) “Гэта экспэрымэнтальная база імя Шмырова. У мяне жонка працуе там брыгадзіркай. Здаецца ж, ня проста рабочы – брыгадзір, а атрымлівае яна 35 тысяч. Калі там пасяўная ці ўборачная, дык 100 тысяч максымум. А ў іншыя месяцы – 45. Атрымала во 45, за кватэру вылічылі – чыстымі 35 на рукі”.
(Карэспандэнтка: ) “А народ увогуле скардзіцца на сваё жыцьцё хоць каму-небудзь?”
(Уладзімер: ) “А каму паскардзішся? Ну, пайду я паскарджуся на лясгас. Заўтра буду хадзіць з рыдлёўкай у Яблачкіна”.
(Карэспандэнтка: ) “Ну, а што людзі кажуць пра тое, хто вінаваты? Ды што рабіць?”
(Уладзімер: ) “Усе рознае кажуць. Каму Лукашэнка вінаваты, каму яшчэ хто… Што сам зробіш, то й будзе!”
Дарэчы, самі суражане ўжо давялі, што здатныя на многае. У 1936 годзе ў Суражы была зруйнаваная Сьвята-Петрапаўлаўская царква. А ў 1997 праваслаўныя вернікі сабралі грошы ды выкупілі будынак мэблевай крамы, ад якой, праўда, на той час засталіся толькі сьцены. Адбудоўвалі царкву таксама талакою, а адзін з колішніх суражанаў падарыў землякам колькі абразоў ды вялікі звон… Ва ўзноўленым храме ўжо ідуць службы.
Гаворыць настаўнік Суражскай школы, краязнаўца Вячаслаў Мельянцоў:
(Вячаслаў Мельянцоў: ) “Праблемы ў нас, як і ва ўсіх, паўсюль аднолькавыя… А тое, што наш Сураж, канечне, трошкі апусьціўся, гэта так… Але ж гэта нашая справа – яго “падняць”. Бачыце, ужо пабудавалі тое-сёе для нашых дзяцей! Займаемся турызмам, у паходы ходзім… У нас клюб ёсьць – “Патрыёты Бацькаўшчыны”: адзін гурток турыстычна-краязнаўчы, другі завецца “Лесавічок”. Вось будзем лес садзіць, цэлыя 16 гектараў у нас плян, дамова ёсьць зь лясніцтвам. Навучаньне тэарэтычнае таксама праводзім, запісваем шмат, з вэтэранамі паціху працуем. “Партызаншчына” неяк ужо на другі плян адыходзіць, дык мы зьбіраем зьвесткі пра нашых выпускнікоў, настаўнікаў – гісторыю школы…”
(Карэспандэнтка: ) “Ці праўда, што вашай школе ўжо больш за 200 год?”
(Мельянцоў: ) “Праўда, 200-я ўгодкі ўжо адсьвяткавалі…”
(Карэспандэнтка: ) “А чаму Сураж называецца Суражам?”
(Мельянцоў: ) “Раней ён называўся Дрэвялікі, або Джэвялікі. Гэта маёнтак быў Льва Сапегі, канцлера Вялікага Княства Літоўскага, гэтыя землі. Месца, скажам так, вельмі прыгожае…”
Адна з вэрсіяў паходжаньня назвы Сураж – ад слова “суразны” – прыгожы… А мястэчкі ды гарады пад назвай Сураж, або Сураж ёсьць і ў Расеі, і ўва Ўкраіне, і на Беласточчыне. Наш, беларускі Сураж, які месьціцца за 43 кілямэтры на ўсход ад Віцебску, рыхтуецца сёлета адсьвяткаваць свае 440-я ўгодкі. Для гісторыі гэта ўзрост невялікі, а, значыць, усё лепшае ў Суража ды суражанаў яшчэ наперадзе.