Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Рыгі


Ігар Карней, Рыга

Упершыню зь беларусамі Латвіі давялося сутыкнуцца ў 1996 годзе, калі з ініцыятывы прэзыдэнта навуковага Цэнтру стратэгічных ініцыятываў "Усход-Захад" Анатоля Майсені ў складзе вялікай групы журналістаў накіраваўся знаёміцца з посьпехамі паўночных суседзяў у будаўніцтве дэмакратыі. Але станоўчыя ўражаньні ад старой Рыгі ды сустрэчаў на ўсіх узроўнях (у тым ліку й з тагачасным прэзыдэнтам краіны Гунтысам Улманісам) моцна сапсаваліся цягам апошняга дня, калі на парадку аказалася сустрэча зь беларускай дыяспарай — дарэчы, другой у Латвіі паводле колькаснага складу пасьля расейскай.

Не пасьпеўшы як сьлед пазнаёміцца, суайчыньнікі адразу ж перайшлі у контрнаступ: маўляў, вось такія "пісакі" псуюць імідж краіны, перашкаджаюць працаваць прэзыдэнту і наагул, як беларуская зямля такіх носіць. Досыць нечаканы і ня самы гасьцінны прыём наладзіла нам суполка "Прамень", склад якой на 90% складаюць былыя вайскоўцы і разьмеркаваныя на партыйныя пасады камуністы. Зрэшты, і праз шэсьць гадоў нічога ў сьвядомасьці гэтых людзей не зьмянілася. Трымаю апошні выпуск аднайменнай газэты. Ліставаньне з чытачамі з нагоды таго, чаму раптам зьнікла выява "Пагоні" ў газэтнай шапцы. І — кампэтэнтны адказ рэдактара Лявона Шакаўца: "Каня ўзялі за вудзіла ды адвялі на пашу. А паставілі колісь таму, каб толькі закрыць збоку дзірку".

Сталым апанэнтам "праменяўцаў" ёсьць грамадзкае аб'яднаньне "Сьвітанак". Створаная ў 1988 годзе зь ініцыятывы паэта Сяргея Панізьніка (цяперашняга кіраўніка таварыства Беларусь-Латвія) і мастака Вячкі Целеша, суполка аб'ядноўвае бальшыню беларускіх прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Латвіі. На думку ўсіх, з кім давялося сустрэцца цягам вандроўкі, якасна новы маральны штуршок "Сьвітанак" атрымаў пасьля таго, як яго ўзначаліла маладая і энэргічная бізнэсоўка Тацяна Казак. Зрэшты, пасьля азнаямленьня зь вялізным пералікам імпрэзаў, што наладзіў "Сьвітанак" цягам апошняга часу, такое ж уражаньне склалася і ў мяне.

(Казак: ) "Калі браць памежныя з Беларусьсю раёны — Краслаўскі, Лудзэнскі — дык там этнічных беларусаў вельмі шмат. Адны захаваліся беларусамі, іншыя лічаць сябе латышамі. Шмат тых, хто прыехаў за савецкім часам. Гэта найперш беларусы, якія ўсталяваліся ў Вэнтспілсе, Ліепаі, Рызе".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць беларусы, якія ўжо мала ўсьведамляюць сябе беларусамі, асыміляваўшыся з рускім насельніцтвам?"

(Казак: ) "На жаль, гэта значная частка".

(Карэспандэнт: ) "А што тычыца сацыяльнага зрэзу: беларусы ў Рызе — гэта найбольш хто, якую яны занялі нішу?"

(Казак: ) "Шмат беларусаў-прадпрымальнікаў, якія пасьля набыцьця Латвіяй незалежнасьці заняліся тут бізнэсам. Некаторыя дапамагаюць таксама дыяспары. Колісь прыехала нямала кваліфікаваных спэцыялістаў, якія і зараз займаюць дастаткова высокія пасады. Многа настаўнікаў".

Каго ў беларускай дыяспары сапраўды шмат, дык гэта настаўнікаў. Мабыць, болей, чым вучняў-беларусаў. Адзіная беларуская школа, што дзякуючы намаганьням раней згаданага Вячкі Целеша вырасла з адной клясы ў 15 чалавек, зараз мае 75 выхаванцаў. На тле вялізных польскіх, літоўскіх, украінскіх, рускіх школ колькасьць беларускіх навучэнцаў мізэрная. Але пры тым узроўні асыміляцыі беларусаў з рускімі, гэтая лічба цалкам адпавядае ступені разуменьня сваёй нацыянальнай прыналежнасьці. Так, прынамсі, лічыць дырэктарка беларускай школы ў Рызе Ганна Іванэ.

(Іванэ: ) "З наборам даволі складана, але гэта, пэўна, ад нашай мэнтальнасьці беларускай. А можа яшчэ ад чаго, ня ведаю".

(Карсэпандэнт: ) "Не ўсьведамляюць беларусы, што трэба аддаваць дзяцей у беларускую школу?"

(Іванэ: ) "На жаль, так. Напэўна, жывучы толькі за межамі Беларусі, гэта адчуваецца вельмі балюча. Ды наагул уражвае, што ў Беларусі гавораць пра беларускамоўныя школы. Сьмешна і прыкра. У Латвіі гавораць пра беларускамоўную, рускамоўную школу, школу ўкраінскую ці габрэйскую, але ж не пра латыскамоўную. Латыская школа — гэта аснова, бо гэта Латвія. Так павінна быць і ў Беларусі. Безумоўна, мяне гэта вельмі хвалюе і вельмі балюча кранае. Так не павінна быць".

(Карэспандэнт: ) "Што зараз найперш патрэбнае вашай школе? Скажам, каб атрымалі вялікую суму грошай?"

(Іванэ: з уздыхам) "Нам патрэбны іншы будынак. Асобны будынак, дзе не было б дзіцячага садка, не было б ніякіх фірмаў. Прыкладам, у першай палове дня — гэта школа, а ў другой гэта мог бы быць культурны цэнтар усіх беларусаў: зь вялікай бібліятэкай, магчыма, з гатэлем, з кавярняй беларускай. Чаму не? Так летувісы зрабілі. Мы пра гэта толькі марым. На жаль, сродкаў няма зусім".

Спадарыня Іванэ, як і многія мае суразмоўцы, вельмі шкадуе, што ня можа разьлічваць нават на маральную падтрымку з боку акрэдытаваных у Латвіі беларускіх дыпляматаў. Адно з апошніх наведваньняў школы Часовым павераным у справах Беларусі ў Латвіі Івановым скончылася заўвагай, якую той адрасаваў школьнаму кіраўніцтву: маўляў, вельмі дрэнна, што ў вас не абсталяваны куточак Беларусі (маючы на ўвазе партрэт Лукашэнкі, чырвона-зялёны сьцяг ды герб "бээсэсэраўскіх" часоў). Шкадаваньні, што чыноўнікі зьвяртаюць увагу менавіта на гэтыя моманты, замест таго, каб выконваць узятыя на сябе абяцаньні (рашучыя намеры выправіць беларускіх школьнікаў на вакацыі ў Беларусь урэшце абмежаваліся толькі чатырма пуцёўкамі), выказвае і Тацяна Касуха, якая апошнім дзесяцігодзьдзем зьяўляецца своеасаблівым рупарам Беларусі на Латвійскім дзяржаўным радыё:

(Касуха: ) "Прывітаньне, сябры! Звычайна так я пачынаю сваю перадачу, якая ўжо больш за 10 гадоў гучыць ў эфіры з Домскай плошчы. Нашая галоўная мэта — не рабіць нейкі палітычны аналіз, не даваць палітычныя камэнтары, але распавядаць аб культурна-асьветніцкім жыцьці, і таму зараз мы знаходзім больш-меньш агульную мову з усімі беларускімі суполкамі. А культура — яна адна, і мова адна. Адзінае, што вельмі крыўдна... Калі быў амбасадарам ў Латвіі спадар Валянцін Вялічка, было вельмі прыемна, што чалавек прыходзіў і размаўляў на беларускай мове. Калі зараз запрашаю на перадачу нашых цяперашніх дыпляматаў, а тыя зусім не валодаюць беларускай мовай, у латышоў гэта выклікае толькі зьдзіўленьне. І гэта, натуральна, вельмі крыўдна".

Між іншым, ня так даўно мінулі часы, калі Беларусь з Латвіяй зьвязвала ня толькі геаграфічная блізкасьць, але й вэктар агульных памкненьняў. І найперш сяброўства народных паэтаў дзьвюх краінаў Янкі Купалы і Яніса Райніса дало штуршок да разуменьня прынамсі беларускай дыяспарай ў Латвіі свайго пачэснага месца ў грамадзтве. Старшыня таварыства "Беларусь-Латвія" паэт Сяргей Панізьнік лічыць, што менавіта на пачатак 20-га стагодзьдзя прыходзяцца найбольш інтэнсіўныя стасункі паміж інтэлігенцыяй Беларусі і Латвіі.

(Панізьнік: ) "У 1920 годзе фактычна пачалася новая гісторыя нашага добрасуседзтва, узаемаразуменьня. Калі Канстанцін Езавітаў стварыў тут у 1921 годзе таварыства "Бацькаўшчына", для беларусаў (а іх тады было каля 70 тысяч) пачалася эпоха самаідэнтыфікацыі, а менавіта: я беларус. З улікам, канечне, вялікай павагі да зямлі, на якой жывеш. Дзякуючы народнаму паэту Райнісу, была створаная фактычна нацыянальна-культурніцкая аўтаномія, узьніклі арганізацыі, газэты… Я калі зараз прыяжджаю ў Латвію, то бачу выбітныя постаці. Купала. 80 гадоў таму тут была пастаўленая п'еса "Паўлінка". Таксама Дварчанін, Жылка, Гарэцкі. Цэлая пляяда постацяў. Я абыйшоў усе іхныя мясьціны: Старая Рыга, Унівэрсытэт, Юрмала альбо Сігулда... Узгадваю пра адзін ліст Езавітава да Сяргея Сахарава. 1943 год, у Сахарава якраз памерла жонка. Езавітаў напісаў: "Засталіся мы з вамі адзінокія, як тыя дубы ў полі на мяжы". Дык вось, можа тых дубоў з магутнымі кронамі зараз і няма. Але "падлесак", людзі, якія памятаюць нашую крэўнасьць, райнісаўскія традыцыі добрасуседзтва, многа чаго робяць".

Сапраўдным апалягетам беларускасьці ў Латвіі зараз аднагалосна называюць мастака Вячку Целеша. Менавіта ён падтрымлівае ды не дае згаснуць агню нацыянальнай годнасьці калі ня ста тысячаў беларусаў, то значнай іх колькасьці.

На запрашэньне мастака наведаць ягоную майстэрню адгукнуўся адразу ж. І быў вельмі зьдзіўлены, калі замест чаканага падарожжа, так бы мовіць, у пэнтхаўз, мы ў прыцемках папаўзьлі пад нейкую лесьвіцу ў глыбокі падвал. Дарогай спадар Целеш распавядае, што аблокі на цьвіль вымушаныя былі зьмяніць многія мастакі латыскай сталіцы.

(Целеш: ) "Усе майстэрні былі паробленыя на гарышчах. Але дамы былі латыскія, даваеннага часу, часу Латвійскай Рэспублікі. Бальшавікі ўсіх выгналі, рэпрэсавалі, засталіся толькі родзічы, якія знайшлі дакумэнты і вярнулі маёмасьць. Праз суд забралі ўсё. Некаторым, праўда, штосьці кампэнсавалі. Мне таксама выплацілі паўтары тысячы даляраў, каб я вызваліў гэтую майстэрню".

Спадар Целеш яшчэ дзякуе Богу, што пашчасьціла ўладкавацца мастаком-афарміцелем у будаўнічую фірму. За пэўную норму рэклямных плякатаў прынамсі можна прысьвяціць астатні час творчасьці. Але любы мастацкі сюжэт ён праецыруе празь месца беларусаў у грамадзтве. І вось якія атрымліваюцца аналёгіі.

(Целеш: ) "У 1920-ых гадох у Сайэме быў наш прадстаўнік, Уладзімер Пігулеўскі. Сам настаўнік, працаваў ў Міністэрстве адукацыі, сацыял-дэмакрат. Як і Райніс, абараняў правы беларусаў".

(Карэспандэнт: ) "Я ведаю, што калегі, сябры параілі вам вылучацца таксама ў дэпутаты Сайэму. Вы пакуль вагаецеся. Чаму?"

(Целеш: ) "Так, у мяне нядаўна сустрэча была. Кіраўнік адной уплывовай партыі прапанаваў: вы вядомы дзеяч беларускай дыяспары, увосень будуць выбары, давайце падтрымаем вашую кандыдатуру ў Сайэм. Для мяне гэта было, па-першае, нечаканасьцю. А па-другое, гэта складаны выбар. Я ўсё ж мастак. А палітыка — гэта цалкам патрэбна ў яе акунацца. Ёсьць шмат палітыкаў, якія ў Сайэме набіраюць ачкі на так званай нацменшасьці. Але ж гэта не нацыянальная меншасьць, проста абараняюць рускамоўнае насельніцтва, бо шмат засталося былых вайскоўцаў, тых, хто страціў працу празь няведаньне мовы, пэнсіянэры тых часоў, савецкіх. Але ў дадзеным выпадку ня йдзе ніякай размовы пра культуру. А я чалавек культуры, і мне хацелася б адраджаць нашыя школы ў тым жа Даўгаўпілсе, Краславе (бо гэтыя школы былі тут у даваенны час). Тэатар каб быў, бо ён таксама існаваў колісь".

Каму, відавочна, не патрэбная дапамога беларускага прадстаўніка ў Сайэме, дык гэта бізнэсоўцу Яну Апаленісу. Бадай, адзін з самых багатых беларусаў (і ня толькі ў замежжы), Апаленіс дасягнуў свайго незалежнага ні ад каго становішча паводле галоўнай тэорыі паўночных карэйцаў — "апора на ўласныя сілы". Каб урэшце патрапіць у лік ста мільянэраў Латвіі, нараджэнец Іўя доўгія гады блукаў у пошуках залатых жылаў па расейскай Поўначы, працаваў чарнарабочым у розных портах, наагул пускаўся у рызыкоўныя авантуры. Зрэшты, старая ісьціна пра рызыку і шампанскае дала свой плён і цяпер Апаленіс — гаспадар шыкоўнага асабняку на высьпе пасярод Даўгавы, сеткі гатэляў і рэстарацыяў па ўсёй краіне ды цэлага парку прэстыжных аўто. Асаблівае задавальненьне атрымлівае ад назіраньняў за сваёй гаспадаркай з бортаў уласных самалётаў Як-18 і Цэсна. Пры ўсім тым лічыць сябе чалавекам разумна ашчадлівым і ні ў якім разе ня сквапным.

(Карэспандэнт: ) "Ці шмат наагул у Латвіі людзей, якія маюць уласныя паветраныя судны?"

(Апаленіс: ) "Чалавек шэсьць. Зрэшты, я б мог паспрабаваць адказаць па-беларуску, калісьці скончыў беларускую школу…"

(Карэспандэнт: ) "Ну дык паспрабуйце, натуральна".

(Апаленіс: ) "Ды не, адышоў неяк. Нараблю памылак, сорамна будзе. А што да самалётаў… У кожнага сваё хобі. У кагосьці самалёт, у кагосьці кацер, у кагосьці дарагі матацыкл. Я магу сабе дазволіць практычна ўсё, што пажадаю. Але я не раскідваюся грашыма, не купляю сабе 10 строяў, калі йду на рынак, гляджу, дзе крыху таньней. Мяне навучыў яшчэ дзед берагчы капейку. Але я ня сквапны. Чалавека нельга назваць сквапным, калі ён, маючы грошы, не шкадуе сабе на ежу і ня ходзіць у парваных портках. А тое, што ён не раздае направа і налева — з гэтага нельга меркаваць, што чалавек сквапны. Я наагул такіх высноваў не прымаю. Што значыць сквапны? Ні да каго гэтае слова ўжыць не магу. Кожны жыве так, як разумее".

Калі Ян Апаленіс апрануты, як кажуць, з іголачкі і харчуецца не ў сталоўках, то бальшыня жыхароў латвійскай сталіцы адчувае сябе дастаткова дыскамфортна. Кошты ў рыскіх крамах даўно зафіксаваліся на ўзроўні ўсясьветных, тады як даходы шэраговага насельніцтва пакуль далёкія ад нормаў Эўразьвязу, куды кіраўніцтва краіны так імкнецца. Да таго ж, і камунальныя паслугі, якія зьядаюць значную частку сямейнага бюджэту, на слыху ва ўсіх памежных з Латвіяй дзяржавах. Вось як траціць грошы круглы выдатнік Рыскай акадэміі мастацтваў Анатоль Ярмаковіч, які зарабляе выкладаньнем маляваньня, а таксама ўключыўся ў вельмі модную плынь, якая літаральна захліснула багатых латышоў. Нуварышы замаўляюць партрэты ў поўны рост, якія былі характэрнай рысай замкавага сярэднявечча. Плацяць нядрэнна, але замаўляюць жа ня кожны дзень. Таму спадар Ярмаковіч шкадуе, што часта прыярытэт ў выбары прафэсіі не за чалавекам, а за дзяржавай, якая, не зважаючы на ўсе заслугі, лічыць цябе на гэтай зямлі толькі госьцем.

(Ярмаковіч: ) "Я ведаю, што існуюць так званыя сьпісы на прафэсію. Не латыш — ня маеш права працаваць у цэлым шэрагу прафэсіяў, якія ёсьць прэрагатывай выключна латышоў".

(Карэспандэнт: ) "А вы на сабе неяк адчувалі…"

(Ярмаковіч: ) "...дыскрымінацыю? Да мяне латышы заўсёды ставіліся вельмі добра. Калі вучыўся у Мастацкай Акадэміі, мне ставілі выключна 10+ — гэта была найвышэйшая адзнака. Хоць на бытавым узроўні рознае здараецца — людзі ж таксама розныя".

(Карэспандэнт: ) "Ну вось вы атрымлівалі 10+, а зараз зарабляеце 50 латаў. Адно другому адпавядае?"

(Ярмаковіч: ) "На 50 латаў пражыць нельга. Асабліва, калі жывеш не адзін, ёсьць сям'я. Трэба аплочваць кватэру, за сьвет — гэта першачаргова. Пад'есьці хочацца таксама. Траты вельмі вялікія".

Стан беларуска-латыскіх адносінаў дастаткова далёкі ад здавальняючага. Найбольш сьветлым уражаньнем апошніх гадоў можна лічыць найвышэйшую ўзнагароду Латвійскай Рэспублікі — Ордэн Трох Зорак— якую з рук былой кіраўніцы дыпляматычнага корпусу Латвіі ў Беларусі Інгрыды Лоўрэнцэ атрымаў за пераклад і папулярызацыю твораў латыскіх літаратараў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Ва ўсім жа астатнім, як і бальшыня памежных краінаў, Латвія ня мае ніякага вялікага задавальненьня мець пад бокам рэжым з антыдэмакратычнымі прынцыпамі. Беларускае кіраўніцтваа задавольваецца выкарыстаньнем порта ў Вэнтспілсе дзеля адпраўкі далей на Захад калійных угнаеньняў. Але пэрспэктывы сумеснага існаваньня геаграфічных суседзяў павінны будавацца ня толькі паводле эканамічных выгадаў. Старшыня таварыства "Беларусь-Латвія" Сяргей Панізьнік, у прыватнасьці, спасылаецца на духоўныя традыцыі, якія пакуль што выключна выкарчоўваюцца.

(Панізьнік: ) "Санаторый "Беларусь" — гэта тэрыторыя нашай дзяржавы фактычна. Там жа можна было і маленькі помнічак Купале паставіць, музэйчык, бібліятэку стварыць. Вуліцы Купалы ня стала, але можна было б у Сігулдзе мэмарыяльны знак паставіць. Калі ў Віцебску ўсталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар маці Райніса, Дарты Плекшэнэ, гэта адначасна помнік нашайму сяброўству, нашаму спарадненьню. І мы можам гэтаксама ўвекавечыць прысутнасьць вялікіх беларусаў у Латвіі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG