Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астрашыцкі гарадок, лецішча “Сябры”


Ігар Карней, Астрашыцкі гарадок

Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў Менск аказаўся ў аблозе пасёлкаў-лецішчаў, у якія на ўік-энды перасяляецца ці не бальшыня менчукоў, аддаляючыся ад штодённых клопатаў і адначасна забясьпечваючы свой стол садавінай ды гароднінай.

Сярод гэтак званых каапэратываў садаводаў і агароднікаў, арганізаваных яшчэ за камуністычным часам паводле ведамаснай прыналежнасьці, вылучаецца адзін. І невялікай аддаленасьцю ад сталіцы (усяго паўтара дзясяткі кілямэтраў), і месцазнаходжаньнем у курортнай зоне возера Вяча. Але перадусім тым, што там адпачывае і вырошчвае гуркі менская багема.

Толькі тут аматар мастацтва можа адразу ўбачыць сузор’е артыстаў тэатру, кіно, балету, кампазытараў, музыкаў, опэрных і эстрадных сьпевакоў, архітэктараў. Мастацкія “вяршкі” ў сваім каапэратыве “Сябры” — бяз грыму і пуантаў, канцэртных фракаў і дырыжорскіх палачак, пэндзляў і лекалаў. Затое з граблямі і рыдлёўкамі, віламі й вёдрамі. Маскі скінутыя. Тут яны сябры па адпачынку і сельскагаспадарчай вытворчасьці.

Знакамітага графіка, дырэктара Музэю сучаснага мастацтва, былога рэктара Беларускай Акадэміі мастацтваў, народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча я засьпеў на ягоных шасьці сотках, дзе ён адпачываў разам з жонкай, рыдлёўкай і граблямі.

(Шаранговіч: ) “Адпачынак такі, што сьпіна ледзьве разгінаецца (сьмяецца). Але — вось перац, там агуркі, тут памідоры, капуста”.

(Карэспандэнт: ) “Значыцца, зімой купляць нічога ня будзеце?”

(Шаранговіч: ) “Гэта як Бог на душу пакладзе. Бывае так, што пасадзілі — і нічога наАгул няма. Але ж сялянская душа заўсёды цягнулася да зямлі. Бо на які вы кірмаш не пайдзіце — такі сьвежы агурок, які здымеш з грады, нідзе не зьясі.

Калі ўспомніць старое сялянства, дык рабілі так: два гады зямля сеялася, а на трэці год зямля адпачывала. А на лецішчах што? Кожны год, хіба што зь месца на месца перасаджваюць. Дый мы спачатку думалі: дзьве градкі зробім — і хопіць. Зрэшты, так і пачыналі. Але кожны год — ага, трэба пасадзіць гэта, трэба тое. Значыцца, яшчэ...”

Я ня толькі зьдзейсьніў экскурсію па градах знакамітага мастака, але й пабачыў дом, які ад падмурка да страхі збудаваў сам спадар Васіль. Зрэшты, гуляючы па вельмі вялікім каапэратыве (у якім ажно 405 участкаў, дзе сэзонна пражывае прынамсі 2 тысячы чалавек) пераконваесься, што бальшыня дамоў зробленая паводле ўласнага разуменьня архітэктуры.

Хтосьці прывёз хаціну зь вёскі, хтосьці размахнуўся на шыкоўны палац. Архітэктурных формаў столькі ж, колькі і гаспадароў дамоў. Домік архітэктара Міхаіла Пірагова сьціплы, але сымпатычны. І ніяк ня скажаш, што гаспадар яго — аўтар праекту Палацу Рэспублікі ў Менску.

(Пірагоў: ) “Амаль усе лецішчы, за рэдкім выключэньнем, “самастроі”. Будынкаў, якія насамрэч адпавядаюць архітэктурнаму густу, вельмі мала. Але ўспомніце, што тады былі жорсткія абмежаваньні. Нейкі чыноўнік прыдумаў: вышыня лецішча да канька ня можа перавышаць 6,5 мэтра. А частка, якая ацяпляецца, — ня мусіла быць болей за 25 мэтраў квадратных. Гараж убудаваны — нельга. Вось і я, хоць архітэктар, вымушаны быў задаволіцца маленькім лецішчам. А потым раптам усё дазволілі, і я вымушаны быў ламаць сьцены”.

Людзей мастацтва, як мне падалося, эстэтыка іхных дамоў пакуль што цікавіць менш за грады. Невялікае балотца ў самым цэнтры пасёлку, на якім нельга было будавацца, выкарысталі ня дзеля любаваньня прыродай, а акультурылі яго, пераўтварыўшы ва ўсё тыя жа агароды. І там садзяць тыя, хто хацеў дадатковую сотку пад бульбу, капусту, боб — пад тыя культуры, на якія менш за ўсё могуць зрабіць харчовыя налёты суседзі з Астрашыцкага гарадку.

Былы дырэктар Нацыянальнага тэатру Янкі Купалы, старшыня Канфэдэрацыі творчых саюзаў Іван Вашкевіч разам зь сям’ёй старанна садзіў боб, смак якога ён памятае яшчэ зь дзяцінства.

(Вашкевіч: ) “Калі сустракаўся з калегамі ў Эўропе, заўважыў: у іх даўно няма таго, што засталося ў нас да гэтага часу. Пачуцьцё голаду і жах, каб не было гэтага голаду. Было што есьці — добра, а калі смачна — гэта сьвята. Мясцовыя сяляне, якія дапамагалі будаваць дамы, часам валіліся ад сьмеху. На здаравенных шыльдах напісана: часнок пасаджаны такога-та, у столькі-та. А часнок нават з галоўкі не разабраны, на зямлю кінуты і ён, бедны, круціцца каранямі, каб у зямлю ўлезьці”.

Дарэчы, у “Сяброў” тры гады таму зьявіўся новы сусед. Завуць яго Аляксандар Лукашэнка. Зважаючы на асаблівую экалягічную чысьціню ваколіцаў Вячы і Астрашыцкага гарадку, а таксама на наяўнасьць бункеру на выпадак вайны, спадар Лукашэнка заняў дачу камандуючага ваеннай акругай, а пасьля міністра абароны. “Сяброў” гэта амаль што задаволіла. Прынамсі тых, хто жыве ля бэтоннага плота, якім агароджаная летняя рэзыдэнцыя кіраўніка дзяржавы. Там ахова і, прынамсі, з таго боку цяпер няма рабаўнікоў.

Іншая рэч, што калі Лукашэнка наведваецца ў сваю рэзыдэнцыю, жыхарам надакучвае гул гелікоптэра, а ўладальнікам аўто — даішнікі, якія ў дзень прыезду Лукашэнкі вырастаюць уздоўж дарогі — ягонымі ж словамі — як “падасінавікі”. Іван Вашкевіч — найбліжэйшы сусед Лукашэнкі. А ці прыходзіць іхны новы сусед у госьці да людзей мастацтва?

(Вашкевіч: ) “Адносінаў такіх, як хацелася б, няма. І я думаю, што і ня будзе. Туды папярэджваюць, каб мы туды не заходзілі, дык мы і ня ходзім. Гэта наагул пытаньне вельмі складанае, гэта ўзровень ягонай культуры”.

Адным з самых папулярных людзей у каапэратыве “Сябры” зьяўляецца графік, старшыня Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга. І дзякуючы перадусім свайму дачнаму вобразу. Сівабароды, з даўгімі валасамі, у саламяным капялюшы, заўсёды з “тачкай пралетарыяту”, у якой возіць каменьне. Усе гэтыя 18 гадоў, што існуюць “Сябры”, зь яго панадворка чуецца гул пілы.

Як сталася, што ў тыя гады камуністычная ўлада зрабіла такі падарунак ня любай ёй творчай інтэлігенцыі?

(Басалыга: ) “Камуністычная партыя агледзелася па баках і бачыць, што ня ўсё ідзе да ладу. Людзі пачалі задумвацца; да таго ж неяк супала, маўляў, давайце дамо людзям па кавалачку зямелькі, яны будуць занятыя на пэўны час, адхіляцца ад усялякіх праблемаў. Так на пэўны тэрмін і адбылося, але ненадоўга. З другога боку, гэта супала з жаданьнем ні ад каго не залежаць — нават той каменьчык пакласьці туды, куды я хачу.

Пачалі, думаю — нарэшце, ніхто ўжо не пакіруе. Не, вышэй за 6,20 мэтра нельга — да Бога каб не далез. Доўга працягваўся гэты зьдзек, увесь час казалі : беражы кожную паперку, будзе праверка. Якая паперка? Якая праверка, калі такія навокал у дзяржаве крадзяжы? Мне здалося, што я тут буду мець нейкую аддушыну. Плюнуў, думаю, паеду, з гэтай рыдлёўкай крыху заспакою душу. І вось гэтая фізычная праца, гэтыя шэсьць сотак мяне ўратавалі”.

Пры канцы вясны — на пачатку лета бальшыня лецішчаў нібы ахутаная цэляфанам: парнікі, цяпліцы. Пад восень, як распавядаюць абарыгены, тут вітае пах марынадаў, засолаў, варэньняў. Гаспадары ахвотна дзеляцца рэцэптамі.

Але апошнім часам заўважна, што філязофія лецішча мяняецца. І ўжо на дзесяць надзелаў прыпадае прынамсі адзін, дзе замест бульбяных палеткаў ёсьць акуратна пастрыжаныя траўнікі, ружы. Яны зразумелі, што кошт памідораў, якія можна вырасьціць пры штодзённай карпатлівай працы, ніжэйшы за кошт поліэтылену, пад якім памідоры хаваюць.

Людзі мастацтва пакрысе, пакуль вельмі асьцярожна, ідуць да мастацтва і на сваіх невялічкіх участках. Народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, яшчэ нядаўна твар Нацыянальнага тэлебачаньня, адваёўвае сама ў сябе прастору дзеля вырошчваньня ружаў.

(Бандарэнка: ) “Заўсёды пасьля канцэртаў шмат дараць кветак, але заўсёды думаеш: чаму яны такія недаўгавечныя? І мне адна кабета падказала своеасаблівы рэцэпт. Калі букет адстояў свой час у хаце, я разразаю яго на тры, іншым часам на чатыры чаранкі. Ніжнюю частку — у зямлю, закрываю (бачыце, плястыкавымі бутэлечкамі яны ўсе прыкрытыя), і ўтвараецца як быццам маленечкі парнічок. Праходзіць час — тры–чатыры тыдні, і я, калі прыяжджаю, ужо вітаюся: добры дзень, мае дарагія, як вы тут жылі безь мяне? І бачу, што адзін куст падрос, слабенькія мацнеюць. Радуюся я, радуюцца мае суседзі”.

Для бальшыні “сяброў” лецішча — гэта адзінае месца, дзе яны могуць пры сёньняшніх заробках адпачыць. Зрэшты, месца не найгоршае — возера з пляжам і рыбалкай. Чым многія і карыстаюцца. Зяць знакамітага рэжысэра Аляксандра Якаўлевіча Карпава лічыцца адным з тых рыбакоў, якому найчасьцей шанцуе.

(Рыбак: ) “Рыба тут ёсьць любая, тут ежы хапае. Возера ўсё зарасло, пераўтвараецца ў балота. Ілу шмат. Ловім на пэрлоўку. Калдаваць ня трэба: проста варыш і йдзеш. Але варыць сапраўды трэба з душой. Мы сумяшчаем карыснае з прыемным: ловім зь пятай раніцы да восьмай. А потым — калі ласка, агарод, каму трэба”.

А вось тэатразнаўцу, адмыслоўцу ў драматургіі, шматгадоваму кіраўніку літаратурнай часткі нядаўна расфармаванага тэатру “Вольная сцэна” Івану Чэркасу, чый досьвед цяпер не запатрабаваны, і ён ледзь-ледзь уладкаваўся ў Канфэдэрацыю творчых саюзаў, не пашанцавала. На сваім падворку ён сумна разглядаў некалькіх дробных карасікаў, зь якіх ён зьбіраўся зварыць юшку. Зрэшты, выбіраць не прыходзілася: на агародзе дзьве–тры градкі, да таго ж, без усялякіх відаў на ўраджай.

(Чэркас: ) “Чаму бульбу не пасадзіў? Бяз гною нічога не расьце, а за паўтары тоны 50 тысяч рублёў трэба плаціць. А тут заробак пяты месяц б... не даюць. Дзед Геня з таго берагу прывозіць курыны памёт. Дык там жа адныя апілкі. Так і жывем. Жрэм геркулес, кашу аўсяную, і вось цяпер рыбу. Ну яшчэ батон, гарбата і алей”.

(Карэспандэнт: ) “Вы што, і алей п’яцё?”

(Чэркас сьмяецца: ) “Алей? А рыбу на чым смажыць? Калі пасаліць, папярчыць, дык можа будзем і алей піць. Калі бяз жартаў гаварыць, дык дайшлі ўжо да ручкі. У нас было сем чалавек у Канфэдэрацыі, скарацілі, засталося трое. Я цудам ацалеў. І што толку? Аклад 116 тысяч... павінен быў быць. Няма й гэтага. Як хочаш, так і жыві. Хоць у гэта возера галавой”.

У “Сябрах” асаліва дакладна разумееш, што творчая інтэлігенцыя — ня самая самая заможная частка грамадзтва. З другога боку, ля некаторых дамоў стаяць даволі шыкоўныя аўтамабілі. Як высьветлілася, гэта машыны “новых беларусаў”, якія імкнуцца набыць дом у прэстыжным месцы побач зь Менскам і ў асяродзьдзі людзей мастацтва. А самі людзі мастацтва пераважна езьдзяць на 15-гадовых нямецкіх “гольфах”, ці яшчэ горш — на расейскіх “ладах”.

А якую машыну мае найлепшы бас Беларусі, які сьпяваў ці не на ўсіх опэрных сцэнах сьвету, народны артыст Беларусі і СССР Яраслаў Пятроў?

(Пятроў: ) “Велік! Ровар ёсьць у хаце”.

(Карэспандэнт: ) “Але народны артыст мог бы катацца прынамсі на “Лэнд-ровэры”?”

(Пятроў: ) “Мог бы, і правы ёсьць, але грошай ня маю. Усё на сям’ю ідзе і йдзе. Як ё работа, крыху атрымліваю. На хлеб з маслам хапае, дый толькі. А так еду аўтобусам да скрыжаваньня, да помніка з танкам. А потым пяшочкам: рэчмяшок на плечы і пайшоў”.

Як бы ні хацелі зьбегчы ад рэальнасьці на свае лецішчы людзі мастацтва, у іх гэта не атрымліваецца, Адарваўшыся ад градак, яны пачынаюць размаўляць з суседзямі й пра палітыку, і пра стан мастацтва, і пра свой незайздросны стан у грамадзтве і мастацтве.

Калі я павітаўся з былой галоўнай рэдактаркай часопісу “Работніца і сялянка” Марыяй Карпенкай, які колісь меў мільённы наклад, яна адразу ж загаварыла пра апошнія пэртурбацыі ў літаратурна-мастацкіх часопісах:

(Карпенка: ) “Я сказала тады: за гэты стол ня сяду. Сказала Вайтовічу: калі вы сюды не паставіце новую мэблю і гэты дух не забераце адсюль... Ну, дык яны ж ледзь яго адтуль выпхнулі. У гэтым кабінэце былі шматкі сухога сала, агрызкі чорнага хлеба, нейкае нешта, ня ведаю, што. Ванішча такая! А цяпер — на табе, да неба”.

Жыцьцё на лецішчы і жыцьцё ў мастацтве, у культуры зьліваюцца. Мяжы паміж імі няма. Хтосьці тут адпачывае, хтосьці выжывае, хтосьці піша карціны. Але ёсьць і тыя, рэдкія, хто, адрынуўшы ўсе праблемы, спрабуе тут ствараць.

Адзін зь першых рок-музыкаў Беларусі, цяпер вядучы кампазытар тэатру і кіно, аўтар шэрагу балетаў, м’юзыклаў, сымфоніяў Уладзімер Кандрусэвіч спачатку каля дому пабудаваў лазьню. а пасьля яна стала служыць іншым мэтам. Яна — ягоны рабочы кабінэт, дзе ён калі ня піша, то дарабляе свае творы.

(Кандрусэвіч: ) “На лецішчы што напісаў самае важнае? Думаю, гэта песьня для маёй жонкі…

Сумасшедшая любовь сумасшедших этих дней.
Можно так сойти с ума, думая о ней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG