Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кобрынь


Ягор Маёрчык, Кобрынь

У цэнтры гораду стаіць помнік Аляксандру Сувораву. Парк, вуліца, пляц, крама, кавярня і нават недабудаваны чатырохзоркавы гатэль носяць імя фэльдмаршала, які напрыканцы 18 стагодзьдзя задушыў вызваленчае паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. За такія посьпехі расейская імпэратрыца Кацярына ІІ падарыла яму горад Кобрынь. У савецкія часы тут стварылі ваенна-гістарычны музэй, зноў жа, імя Аляксандра Суворава, і нават меліся перайменаваць горад ў Сувораўск.

Забягаючы наперад скажу, што экспазыцыю, прысьвечаную фэльдмаршалу, я так і не пабачыў. У залі, дзе шмат год знаходзіліся некалькі ягоных лістоў і барабан Сямёнаўскага палку (гэта адзіныя арыгінальныя экспанаты), часова месьціца выстава Пецярбурскага музэю васкавых фігураў "Вялікія і магутныя"...

Гістарычная праўда, якая стала вядомая ў 1990-х гадах, ніяк не адбілася на экспазыцыі музэю. Створаны гістарычны міт дагэтуль апантана ахоўваецца. Прыкладам, у сярэдзіне студзеня "Народная воля" надрукавала артыкул "Люты скуралуп". Той нумар газэты ў Кобрыні амаль ніхто і не чытаў. Ёсьць зьвесткі, што кіраўніцтва ваенна-гістарычнага музэю скупіла ў шапіках "Белсаюздруку" ўсе асобнікі.

...На сьцяне габінэту дырэктаркі вісіць партрэт Уладзімера Леніна. Ягоны позірк падае на бюст Суворава, што на пісьмовым стале. На кніжных паліцах у першых шэрагах — поўны збор твораў правадыра кастрычніцкага перавароту. Гаспадыню пакоя Ніну Пліску я засьпеў за друкарскай машынкай. Яна адклала ўсе справы і піша абвяржэньне ў "Народную волю".

(Пліска: ) "Як можна сабе такое дазволіць у наш час? Што мы, музэй ката? Што, Суворава сапраўды вайсковы трыбунал мог асудзіць, як ката? Пакажыце мне матэрыялы, дзе ёсьць сьведчаньні таго, што Сувораў сапраўды катаваў жыхароў Беларусі, я першая прыкладу ўсе свае сілы і намаганьні для таго, каб зачыніць музэй. Так, Сувораў — вайсковы чалавек. Ён ня быў сьвятаром. Часьцей за ўсё вайна — гэта кроў, гэта пакуты. І калі вось гавораць, што Сувораў падавіў паўстаньне, я заўсёды пытаю: няўжо вам было бы лягчэй, калі б гэтая дзяржава — Рэч Паспалітая — заставалася на землях Беларусі?"

Пры канцы нашай размовы ў габінэт увайшоў майстар кобрынскіх электрасетак і паведаміў, што зараз адключыць электрычнасьць. Маўляў, трэба плаціць своечасова. Сварка паміж дырэктаркай і электрыкам доўжылася некалькі хвілінаў. У фінале было тэлефанаваньне ў райвыканкам.

(Пліска: ) "Вы хочаце атрымаць непрыемнасьці? Я зараз набяру старшыню райвыканкаму.

(тэлефануе: )

Марыя Аляксееўна, дапамажыце мне, калі ласка, каб раённыя сеткі ў нас не адключылі электрычнасьць. Вось стаіць побач, уварваўся ў габінэт. Нібыта ў мяне ў кішэнях грошы ляжаць, і я не хачу аддаць ім грошы за сьвятло. Ён пагражае мне тым, што абрэжа дроты. Вы ведаеце, што ў нас гэта зьвязана з сыгналізацыяй. Тут жа ахоўваюцца экспанаты. Чалавек гэтага не разумее. У іх зусім мазгі не працуюць!"

Пасьля гэтых словаў электрыка выставілі за дзьверы. Ён толькі пасьпеў паабяцаць вярнуцца праз колькі дзён.

Гараджане даўно прызвычаіліся да таго, што на адным з цэнтральных пляцаў стаіць невялікага росту старэнькі чалавек са сьмешным парыком на галаве. Ніхто ані дамагаецца дэмантажу помніка, ані спрабуе дэмантаваць яго самастойна.

Зрэшты, на кульце Суворава мясцовая экзотыка не заканчваецца. Так, міліцыя месьціцца ў будынку колішняга жаночага кляштару.

Некалі пад Кобрыняй першы раз перамаглі Напалеона. Пазьней паставілі помнік: вялікі камень і чатыры гарматы. Кабрынчукі цьвердзяць, што калі стрэліш зь іх, дык трапіш якраз у будынак раённага выцьвярэзьніку. Вось такія яны, гістарычныя адметнасьці.

Адметнасьць мэдыйная. У горадзе ёсьць прыватная тэлекампанія. Яна прадукуе ўласныя праграмы, а таксама рэтрансьлюе канал "Polonia".
Галоўная рэдактарка Кобрыньскага тэлебачаньня Алена Васілеўская:

(Васілеўская: ) "Наш канал быў першы ў Беларусі сярод недзяржаўных. Мэта нашага каналу — гэта сямейны канал. Мы ня хочам лезьці ні ў якую палітыку! Важных падзеяў у нашым горадзе, натуральна, мала. І таму мы вымушаныя рабіць навіны ў выглядзе тэлечасопісу. Проста распавядаем пра добрых людзей, пра заводы, пра іхныя праблемы. Карацей, пра ўсё.

На жаль, у нас няма аўтарскіх праграмаў. Таму што за аўтарскую праграму трэба плаціць. Фундатараў няма ніякіх. Усе прадпрыемствы навокал — жабракі, яны ня могуць плаціць. У нас нават зь цяжкасьцю замаўляюць рэкляму".

Рэчаіснасьць прымушае мясцовае ТБ ставіцца да уладаў ляяльна. Алена Васілеўская прызнаецца, што кобрынская вэртыкаль і прыватны тэлеканал знаходзяцца "ў альянсе".

Моладзевае аб'яднаньне "Абракадабра" намагаецца зарэгістраваць газэту. Праўда, пакуль што беспасьпяхова. Затое амаль у кожнай школе ёсьць сваё незалежнае выданьне. Актыўнасьць на гэтай ніве настаўніцы Ніны Дрык неаднойчы станавілася нагодай для тэрміновых нарадаў чыноўнікаў райвыканаму, адказных за сувязі з грамадскасьцю ды ідэалёгію:

(Дрык: ) "Мы пачалі выдаваць незалежную школьную газэту "Маладзік". Рэакцыя была неадназначная. Некаторым людзям не спадабалася, што ў назьве прысутнічае слова "незалежная". Няма ніякай крамолы ў гэтым. Галоўная мэта, якую мы паставілі для газэты, — гэта асьвятляць школьнае жыцьцё, краязнаўчыя праблемы. Вучні стараюцца размаўляць на беларускай мове. І пішуць пра ўсе праблемы, якія іх хвалююць, таксама на беларускай мове".

Палітычная адметнасьць. Кобрынь — гэта малая радзіма дэпутата гэтак званай палаты прадстаўнікоў Віктара Кучынскага. Колішні дарадца Аляксадра Лукашэнкі для асобых даручэньняў, колішні дырэктар Дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі праславіўся некалі сваёй заявай, што гатовы абараняць першага прэзыдэнта Беларусі нават з гранатамётам у руках.

Мікалай Давыдзюк быў сябрам каманды кандыдата Кучынскага на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. Разам зь ім нават лазіў праз плот прадзільна-ткацкай фабрыкі "Ручайка" і без дазволу кіраўніцтва прадпрыемства агітаваў працоўных. Цяпер спадар Давыдзюк мае да былога паплечніка нямала прэтэнзіяў.

(Давыдзюк: ) "Ён быў маладым прагрэсіўным чалавекам. У той час лепшага кандыдата не было. Але з часам ён зрабіўся шэраговым адміністратарам. Ён стаў працаваць там, вышэй, і яму наагул да людзей ніякай справы не было. Ён угаворваў: вось калі прэзыдэнтам стане Лукашэнка, у нас падымецца эканоміка, у нас усё будзе ў адных руках, мы зажывем як трэба. Абяцанкі-цацанкі!

Ён адказ нясе за тыя справы, што цяпер у краіне адбываюцца. Я амаль 43 гады прарабіў і атрымліваю 86 тысячаў. Ну як можна пражыць на гэтую пэнсію? Ну як гэта можна? Па якіх мерках можна жыць? Можа Кучынскаму і добра жывецца. Але трэба апусьціцца да простых людзей і паглядзець, як яны жывуць. Нашых дэпутатаў на усіх узроўнях мы ня чуем. Яны ня маюць ніякай улады. Яны самі сабе, у тым ліку і Кучынскі, пазбавілі сябе гэтай улады, калі аддалі ўсе паўнамоцтвы ў рукі аднаго чалавека".

Станіслаў Чарніцкі, які, не без дапамогі Віктара Кучынскага, згубіў працу за свае апазыцыйныя погляды, цяпер ачольвае суполку БНФ у Кобрыні. Ён, як і тамтэйшыя сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", КХП БНФ і недзяржаўных дэмакратычных арганізацыяыў, актыўна ўдзельнічаў ў прэзыдэнцкай кампаніі. І цяпер з сумам пералічае наступствы 9 верасьня:

(Чарніцкі: ) "Адразу пасьля выбараў людзі чакалі зьменаў да лепшага. Але зараз відаць, што ўсё становіцца ўсё горш і горш. Прадпрыемствы спыняюцца. Заробак не расьце, а цэны растуць кожны дзень. Ужо шмат хто, вядома, разумее, чаму гэта адбываецца. Але больш сталае пакаленьне ніяк ня хоча паверыць, што зрабіла няправільна. Яны лічаць, што вінаватыя на месцах, вінаватыя хто заўгодна, але толькі ня той, хто кіруе дзяржавай".

Сацыяльная адметнасьць. У Кобрыні ёсьць дзіцячая вёска. Зь дзясятак двухпавярховых дамоў. Тут сёньня жыве блізу сотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Валянціна Кадзека — прафэсійная маці. У сям’і — 11 дзяцей. У 1997 годзе ейны дом наведаў Аляксандар Лукашэнка. Пад наглядам тэлекамэраў падарыў тэлевізар, пасадзіў дрэва ды паабяцаў дзецям наступным разам пакатаць іх на гелікоптэры...

Хлопчыкі дагэтуль чакаюць, што кіраўнік дзяржавы выканае свой абяцанак. Між тым, пасьля ягонага візыту частымі гасьцямі ў дзіцячай вёсцы сталі кантралюючыя камісіі зь Міністэрства адукацыі.

(Кадзека: ) "Я стараюся, каб гэты дом для дзяцей быў сям'ёй, стараюся нічым не падкрэсьліваць, што гэта дзіцячая вёска. Мае малодшыя дзеці нават ня ведаюць, што я ня іхная сапраўдная маці. Нават калі дзіцё трапляе сюды ўжо дарослым… У мяне быў такі выпадак з 13-гадовым Русланам. Я яму нічога не казала, як трэба да мяне зьвяртацца. І праз тыдзень ён сам сказаў: "Матуля".

Першыя гады я казала дзецям: "Гэта наш дом!" Але ўсе падзеі апошніх гадоў паказалі, што гэта ня наш дом. Сытуацыя складваецца не найлепшым чынам. Апошнім часам ідзе ўхіл, каб дамы сямейнага тыпу пераўтварыць у інтэрнаты. Каб намі было лепей кіраваць. Усё робіцца загадным чынам. Атрымліваецца, што мы тут жывем ня як у сваёй хаце.

Мы ня можам разьняволіцца. Прыходзяць розныя камісіі і кажуць: "У вас тут няма парадку. У дзіцяці ложак не прыбраны". А можа дзіця паднялася і не захацела прыбраць ложак?! Можа яно гэта пазьней зробіць... Мы намагаемся, каб дзеці не разумелі, што адбываецца, каб тут заставалася сям’я. Але для маці гэта вельмі цяжка".

У Кобрыні спалучаюцца рысы эўрапейскасьці і местачковасьці. Прыватныя крамы і кавярні, дбайнае стаўленьне да архітэктурных помнікаў, арыенцір на суседнюю Польшчу. Разам з гэтым: нерашучасьць на тварах людзей, якія перакананыя: што ні рабі — усё адно Менск і Берасьце кіруюць жыцьцём.

Напрыканцы сваёй камандзіроўкі я завітаў да драматурга Ігара Сідарука. Размова, натуральна, пайшла пра Кобрынь і жыцьцё ў ёй.

(Сідарук:) "Што ў Кобрыні добрага? Тут добрыя людзі. Яны ня стоадсоткавыя палешукі, якія вельмі хітрыя, сабе на розуме, якія могуць сказаць адно, зрабіць другое, а падумаць пра трэцяе, і ня стоадсоткавыя эўрапейцы. Кабрынчукі, яны больш адкрытыя і даверлівыя. Падабаецца больш-менш нармалёвая падтрымка прадпрымальніцтва.

Дарэчы, у Кобрыні добрая міліцыя. Нават нагадвае амэрыканскую паліцыю, тым што яе ня бачна. Гэта вельмі добра, калі міліцыянтаў ня бачна. Ня бачна нахабных суржутаў, што я адразу заўважаю, калі прыяжджаю ў той жа Менск. Чым мне падабаецца Кобрынь і жыцьцё тут? Гэта ўтульнасьць. Тут усё кампактна, усё побач. Як Беларусь — гэта цэнтар Эўропы, брама паміж Усходам і Захадам (праўда, большай часткай, такая прахадная брама), дык і Кобрынь — гэта цэнтар Берасьцейшчыны".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG