Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белаазёрск.


Ігар Карней, Белаазёрск

Белаазёрск — самы малады зь беларускіх гарадоў. Ён атрымаў гэты статус роўна 30 гадоў таму. Адрозна ад тысячаў мястэчкаў, якія паступова разбудоўваліся да сур’ёзных памераў, Белаазёрск неяк незаўважна вырас літаральна ў чыстым полі вакол чарговай ударнай будоўлі — Бярозаўскай дзяржаўнай раённай электрастанцыі. Сама ДРЭС сілкуецца ад галоўнага свайго донара — возера Белага, а таму назва (Белаазёрск) атрымала лягічны мясцовы працяг.

Візытоўка Белаазёрску — безумоўна ДРЭС. Дастаткова сказаць, што ў структурных падразьдзяленьнях станцыі працуе 1300 чалавек, роўна дзясятая частка ад усяго гарадзкога насельніцтва. Зрэшты, каб станцыя цягам часу не пераўтварылася ў даўгабуд, то занятасьць была б яшчэ большая.

Але дзяржава, здаецца, зьняла зь сябе абавязкі па радыкальным пераўзбраеньні прадпрыемства, і вялізная плошча пад будаўніцтва новых карпусоў нагадвае здымачную пляцоўку фільму "Сталкер".

Да таго ж, ня выключана, што хутка на плошчах будуць гаспадарыць новыя твары: натуральная манаполія расейскага алігарха Анатоля Чубайса РАО ЕЭС —"Адзіныя энэргасыстэмы" гатовая забраць ДРЭС за беларускія даўгі. Былы дырэктар ДРЭС, дэпутат ВС 13-га скліканьня Іван Баярчук, пераведзены на фармальную пасаду з-за надта актыўнай пазыцыі, разважае над будучыняй галіны:

(Баярчук: ) "У кагосьці, напэўна, ёсьць жаданьне (напэўна, у Расеі) замест таго, каб экспартаваць электраэнэргію з цэнтральных раёнаў Расеі і цярпець на гэтым страты, мець электрастанцыю ў Беларусі, якая мяжуе з Эўропай і нават паспрабаваць экспартаваць гэтую электраэнэргію".

(Карэспандэнт: ) "Шмат чутак хадзіла пасьля вашага сыходу з пасады. Што здарылася насамрэч?"

(Баярчук: ) "Мае палітычныя погляды 1996 году ўсім вядомыя, у тым ліку й прэзыдэнту. Але я мяркую, што адхіленьне зьвязанае з падборам каманды ўнутры "Брэстэнэрга". Тут іншы нюанс: 29 сьнежня — 40 гадоў з моманту запуску першага энэргаблёка. На маю зьмену яго пускалі. Таму я без усялякіх напамінаў для сябе акрэсьліў яшчэ раней: дацягнуць да гэтай даты й сыходзіць. Таму што невыносна цяжка".

Дацягнуць да юбілею не далі. Пасьля звальненьня Баярчука на ДРЭС пачалі падазраваць, што кардынальных зьменаў ня будзе. Аляксандар Лукашэнка наведаў аб’ект год таму і сказаў наступнае: "Мяне мала цікавіць ваша жалеза. Галоўнае — заняць людзей. Не купляюць у вас энэргію — вяжыце венікі; Менск іх у вас купіць". Яшчэ адно выказваньне: "У нас дастаткова сродкаў, каб не карыстацца чужымі й ня лезьці да Захаду ў кабалу". Гэта было сказана на пляцы перад адміністрацыйным будынкам у прысутнасьці больш як 1000 супрацоўнікаў. Але прайшоў толькі год, і ўсё атрымалася наадварот.

Тады ніхто не супярэчыў, бо згубіць працу — гэта застацца бяз сродкаў да існаваньня. Знайсьці працу ў Белаазёрску надзвычай цяжка. Нават тое, што Бярозаўская ДРЭС ёсьць яшчэ й прычынай экалягічнай небясьпекі, у такой сытуацыі мала каго хвалюе. Паводле зьвестак мясцовай экалягічнай арганізацыі, штодзень з трубаў станцыі на горад і ваколіцы ляціць да 300 тонаў серы. Эколягі лічаць, што рэзкае падвышэньне анкалягічных захворваньняў, асабліва сярод дзяцей, — вынік серных ападкаў. Камэнтуе кіраўнік філіі Беларускага экалягічнага саюзу Ігар Леўчанка:

(Леўчанка: ) "Усе даўно ведаюць, што дзеці — наша будучыня. Але сама дзяржава для пацьверджаньня гэтага лёзунгу нічога ня робіць. Дзецям у Белаазёрску зусім няма куды выйсьці, няма чым заняцца. Гарадзкія ўлады нічога не будуюць ні для дзяцей, ні для дарослых. Тая ж праблема харчаваньня: адкуль дзіця возьме здароўе, калі ўсе прадукты, якія вырошчваюцца, забруджваюцца той жа ГРЭС?"

Культурна адпачыць у Белаазёрску сапраўды няма дзе. Па заходніх стандартах мінімальная колькасьць аб’ектаў лёгкага і хуткага харчаваньня (кавярні, піўбары, сталоўкі й г.д) не павінна быць меншай за адну ўстанову на 1000 гараджанаў. У Белаазёрску тады нават прымітыўных кавярняў павінна быць як мінімум 10. Але напраўду ёсьць толькі адзін, вытрыманы ў савецкіх традыцыях, рэстаран. Таму з надыходам цёплых дзянькоў усе пагалоўна чакаюць канца тыдня, каб культурна адпачыць на берагах шматлікіх азёраў — Белага, Чорнага, Спораўскага ды іншых. Пад шашлыкі й гарэлку.

Археолягі кажуць, што некалькі тысяч гадоў таму тут была вялікая стаянка людзей. Зараз пікнікі суседнічаюць зь іншымі стаянкамі — новых і прадпрымальных. Невядома якая анамалія таму паспрыяла, але менавіта возера Белае лічыцца Кляндайкам беларускіх зьмеяловаў.

Менавіта тут знаходзіцца так званы "чортаў круг" — амаль некранутае чалавекам месца зь ненайлепшай рэпутацыяй. Не адна карова бясьсьледна прапала, трапіўшы ў мясцовыя топі. А гадзюкі, як кажуць, тут сапраўды кішмя кішаць. Але паступова сапраўдныя, так бы мовіць, дойшчыкі гадзюкаў, перакачавалі ў Сярэднюю Азію — у пошуку больш каштоўнага матэрыялу. А белаазёрскі пляцдарм для досьведаў акупавала Нацыянальная Акадэмія навук. Гаворыць зьмеялоў Аляксандар Тачыцкі:

(Тачыцкі: ) "Зараз зьмеяў ловяць ня дзеля лекаў, а дзеля досьведаў: ловяць, мецяць, выпускаюць. А чаму "прывязаліся" менавіта да гэтай мясьціны? Зьмеяў тут сапраўды больш, чым у іншых рэгіёнах Беларусі. Бо прырода тут больш-менш захавалася ў першародным абліччы".

Вядома, далёка ня ўсе могуць пераадолець ня столькі страху, колькі агіду да такога занятку.

Журналіст Алег Сьнітко, які праводзіў дасьледаваньне занятасьці белаазёрцаў, прыйшоў да высновы, што вялізная колькасьць гараджанаў, хто часам, а хто ці ня стала, жывуць з браканьерства. Наяўнасьць столькіх вадаёмаў і, адпаведна, рыбных гаспадарак, надзвычай спрыяюць ценявым адловам. Хоць тыя, у каго я цікавіўся аб’ёмамі падпольных абаротаў, упэўнена сьцьвярджалі: мы бяром сваё. Маўляў, дзяржава даўно ўсіх кінула на сябе, а тут ужо пачынаецца закон джунгляў: што ўрваў — тое і тваё.

(Сьнітко: ) "Браканьераў у навакольных вёсках і горадзе стала вельмі многа. Мабыць, кожны ставіць сеткі, бо рыба — адзіны для многіх сродак існаваньня. Але ўсе, з кім я гутарыў, распавядалі: рыбы становіцца ўсё менш і менш, а праз 2-3 гады яе ў каналах і азёрах можа ня быць зусім. Паказальна, што на продаж амаль ня ловяць. Усё ідзе на свае патрэбы".

(Карэспандэнт: ) "Што ж робіць рыбнагаляд?"

(Сьнітко: ) "Інспэкцыя рыбнагляду пра гэта ведае. Паводле маіх знаёмых, яны там дзяжураць амаль кожную ноч. Але й браканьеры вымушаныя ісьці на вялікую рызыку, таму што трэба есьці".

Бясспрэчная своеасаблівасьць Белаазёрску — ягонае падначаленьне ў раённай гіерархіі. Гарадоў, мэры якіх вымушаныя трымаць справаздачы перад старшынямі райвыканкамаў, у Беларусі ўсяго некалькі. Мэр Белаазёрску Аляксандар Гуціч не хавае, што часам прыходзіцца адстойваць сваю пазыцыю перад вышэйшым начальствам у Бярозе дастаткова жорстка.

(Гуціч: ) "У нас адзіны на Берасьцейшчыне рэгіён, дзе ў раёне існуюць два бюджэты. Адсюль шмат рознагалосьсяў, шмат цяжкасьцяў у вырашэньні надзённых пытаньняў, якіх няма нават у заканадаўстве. Пазыцыю прыходзіцца адстойваць дастаткова часта, але па вялікім рахунку агульную мову ў большасьці выпадкаў знаходзім".

А вось папярэднік Гуціча, Васіль Банасэвіч, які пайшоў з сваёй пасады не без дапамогі абласнога кіраўніцтва часоў "вэртыкальнага" Заламая, зараз займаецца замежнаэканамічнай дзейнасьцю пад дахам сумеснага беларуска-гішпанскага прадпрыемства "Белкельме". Практычна ўсе, з кім прыйшлося гутарыць у Белаазёрску, з удзячнасьцю адзначалі ладны адрэзак ягонага 7-гадовага кіраваньня і характарызавалі як чалавека дэмакратычных прынцыпаў.

Ды ўжо той факт, што балятаваўся Банасэвіч ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ад партыі БНФ, вымушалі больш высокае кіраўніцтва паціху адсоўваць яго ад гарадзкога кіраваньнья. Але кульмінацыяй быў ягоны выступ на раённай сэсіі, дзе ён меў сьмеласьць расшыфраваць абрэвіятуру РБ як Рэспубліка Белаазёрск у складзе Беларусі. З тае пары ягоная дзейнасьць перасунулася зусім у іншую сфэру.

(Банасэвіч: ) "Яшчэ ў савецкі час, калі плянавалася гэтая новабудоўля, Дзяржкамспорт СССР прыняў рашэньне пра будоўлю пяці такіх фабрыкаў па ўсіх рэгіёнах Савецкага Саюзу. Трапіў у гэты сьпіс і Белаазёрск. Найперш таму, што на энэргетычных прадпрыемствах дагэтуль канцэнтравалася выключна мужчынская працоўная сіла. Пытаньне жаночай занятасьці было вострае. Дзеля працаўладкаваньня жанчын нашага гораду і вырашылі пабудаваць прадпрыемства менавіта ў Белаазёрску".

Калі Бярозаўскай ДРЭС Белаазёрск абавязаны сваім існаваньнем наогул, то розум, гонар і слава гораду — безумоўна, Ніна Мацяш: заслужаная дзяячка мастацтваў, паэтка, а зь нядаўняга часу яшчэ й кампазытарка.

Але галоўныя каштоўнасьці Ніны Мацяш засталіся ранейшыя — шчырае хваляваньне за лёс краю. Яе вострыя перажываньні міжволі вымушаюць кожнага паасобку зрабіць маральную рэвізію каштоўнасьцяў свайго ўнутранага сьвету.

(Мацяш: ) "Кожны чалавек у сваім віры. Але ёсьць агульнанацыянальныя віраваньні, безь якіх мы існаваць ня можам. Вакол мяне менавіта такія людзі — якія думаюць у адным накірунку са мной, якія хварэюць тымі ж болькамі, якімі хварэю і я (нацыянальнага характару, беларушчынай); якім баліць, што мова заняпала, культура заняпала, што дзяржаўнасьці няма".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць спадзяваньні, што цяперашні, як кажуць, электарат, здолее бліжэйшым часам зрабіць адзіна правільны для сябе выбар?"

(Мацяш: ) "Ведаеце, калі б я была Ванга, і калі б вы мне прынесьлі кавалачак цукру, я на яго паглядзела б ды змагла можа нешта ўбачыць… Тады можа нейкі прагноз і склала бы. А так вельмі цяжка зараз штосьці прагназаваць. Ёсьць толькі надзеі, ёсьць невераемнае жаданьне, каб нарэшце адбыліся гэтыя зьмены. Каб дэмакратычныя сілы аб’ядналіся, вылучылі кандыдата, які быў бы прымальным літаральна для ўсіх, каб людзі яму паверылі так, як некалі паверылі Лукашэнку".

Адна з найбліжэйшых сябровак Ніны Язэпаўны — Раіса Жмачынская, у недалёкім мінулым выкладчыца беларускай мовы. Зараз яна прысьвяціла сябе справе, за якую наўрад ці хто іншы і ўзяўся б. Жмачынская дапамагае шматдзетным сем’ям.

Парадаксальна, але нягледзячы на неспрыяльную экалёгію ды нізкі ўзровень жыцьця, нават па афіцыйных зьвестках летась у Белаазёрску нарадзілася ўдвая больш дзетак, чым у папярэднім годзе. Такіх паказчыкаў па Беларусі практычна няма.

Гарадзкая грамадзкая арганізацыя шматдзетных сем’яў "Дзеля будучыні", якую Жмачынская паўгода пакуль безвынікова спрабуе зарэгістраваць, аб’ядноўвае толькі тыя сем’і, дзе колькасьць дзяцей ад чатырох і больш — а такіх у невялікім горадзе тры дзясяткі. Сем’і з трыма дзецьмі пакуль ва ўласных руках кожнай паасобку.

На жаль, радасьць за тое, што хоць дзесьці ўзяліся за вырашэньне дэмаграфічнага пытаньня, азмрочваецца адным сур’ёзным фактам: усе шматдзетныя сем’і на мяжы жабрацтва. Камэнтуе Раіса Жмачынская:

(Жмачынская: ) "Чаму я распачала гэтую справу? Мая дачка мае пяцёра дзяцей. Я ведаю гэтыя праблемы вельмі блізка. Нашыя шматдзетныя сем’і проста ў стадыі выміраньня. Тры даляры на чалавека ў месяц! Пры нармалёвым раскладзе — гэта дзённая норма на харчаваньне аднаму, ды яшчэ трэба харчавацца месяц, трэба апранацца, вучыцца.

Практычна кожная сям’я варыцца ў сваіх праблемах, яна нікога не цікавіць. Сама больш прыходзіцца ў шматдзетнай сям’і — 23 даляры на месяц. Тут пяцёра дзяцей, але некалькі гадоў таму загінуў бацька. А зараз здарылася яшчэ адна трагедыя: самая меншая дзяўчынка (сямігадовая), яна й танцорка, і займалася ў музычнай школе, — у яе рак косьці і ёй аднялі ножку. Мама кажа: пакуль нам даюць хоць нейкую дапамогу, мы штосьці адкладаем на будучыню, трэба ж яшчэ вучыць дзяцей".

Карціну вонкавага дабрабыту Белаазёрску распачынае і адначасна заканчвае прыгожы, сучасны катэдж у цэнтры гораду, прадстаўлены літаральна на ўсеагульны агляд. Вежа гэта належыць найбуйнейшаму прыдпрымальніку Вячаславу Марозу. Ён гаспадар гандлёвай маркі "Фрост" (што ў перакладзе з ангельскай — мароз).

Мінэральная вада з гэтай назвай добра вядомая далёка за межамі Беларусі. Але адносна ейных гаючых якасьцяў ходзіць такая легенда, дзеля справядлівасьці, больш падобная да анэкдоту. Артэзіянскія сьвідравіны Мароз выкупіў у калгаса, які займаўся разьлівам вады на паўаматарскай аснове. Усё б нічога, але побач са сьвідравінамі некалькі дзясяткаў гадоў месьціўся вялізны сьвінагадоўчы комплекс на 50 тысяч галоваў. Вось быццам рэшткі сьвінячай жыцьцядзейнасьці (якія, хочаш ці не, траплялі ў грунтовыя воды) і сталі сакрэтам звышкаштоўнасьці мінэральнай вады з гэтых мясьцінаў.

Над легендай сьмяюцца, але падазрона пазіраюць на бутэлькі. А ўрэшце — п’юць зь вялікім задавальненьнем. "Абы не гарэлку", — цешацца мясцовыя гаспадыні, што ўжо змарыліся ад той садова-ягаднай віннай атруты, што карыстаецца ўстойлівым попытам у мясцовых мужыкоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG