Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брагін.


Міхал Стэльмак, Брагін

(Стэльмак: ) "Вы чуеце чарнобыльскі набат. 26 красавіка самотныя гукі ўздымаюцца над Брагінам і ягонымі ваколіцамі. Набат нагадвае тутэйшым жыхарам пра найцяжэйшую радыёэкалягічную катастрофу, якая 15 гадоў таму напаткала гэты куток Беларусі.

Усьведамленьне непапраўнай бяды прыйшло сюды не адразу. Успамінае Натальля Нікіценка — на ейных вачох адбывалася драматычнае змаганьне чарнобыльскай праўды і хлусьні".

(Нікіценка: ) "Паўсюдна (у Менску, напрыклад) ладзяць жалобныя мітынгі, каб і сьвечкі былі, і сьвятары адпявалі — праваслаўныя і каталіцкія, а тут песьні сьпяваюць. Выступае, скажам, хор вэтэранаў, альбо іншыя ансамблі. Прывозяць на 26 красавіка канцэрт…"

Натальля Нікіценка — асоба ў раёне вядомая. Усе 15 пасьлячарнобыльскіх гадоў яна ўзначальвае Брагінскую мэтэаралягічную станцыю. Адсюль рукой падаць да Чарнобыльскай АЭС.

У 1986-м радыяцыя за лічаныя гадзіны пераадолела 40-кілямэтровую адлегласьць і пачала асядаць на гэты ціхі палескі горад. Брагіншчыну прызналі зонай, небясьпечнай для жыцьця. Пачалася эвакуацыя, а затым адсяленьне мясцовых жыхароў.

Сёньняшні Брагін анічым не нагадвае паселішча, якому амаль дзевяць стагодзьдзяў. Пасьля Чарнобылю аблічча гораду непазнавальна зьмянілася. Удвая скарацілася колькасьць насельнікаў. Але што самае прыкметнае, радыкальна зьмяніўся іхны нацыянальны склад. Да аварыі 9 з кожных 10 брагінцаў былі беларусы. Зараз з кожных 10 жыхароў райцэнтру беларусаў — ня болей за 6 чалавек. Рэшта — ад 30 да 40% цяперашніх брагінцаў — уцекачы з краінаў былога СССР. Распавядае беларуска Соф’я Нікіценка:

(Нікіценка: ) "Нашы людзі, я маю на ўвазе карэнных жыхароў, беларусаў, вельмі працавітыя. Хай сабе і ў шматпавярховых дамах жывуць, але ў кожнага агародзік. А новыя брагінцы — не. Узяць хаця б суседку".

(Карэспандэнт: ) "Суседка адкуль прыехала?"

(Нікіценка: ) "Яна малдаванка. Прыехала, дык ёй адну хату выдзелілі. Яна яе запусьціла. Тады далі другую. Агарод зарос пустазельлем, і яна да зямлі нікога не дапускае. Яны фактычна ўсе такія. А як лета надыдзе, пачынаюць у агароды лазіць. Бо есьці ж хочуць.

Другі вось сусед з Кіргізіі. Таксама агарод не засеяны. Ня ведаю, як яны далей зьбіраюцца жыць. І сем’і ў іх вялікія. Па пяць-шэсьць дзяцей".

Пэнсіянэрка Соф’я Нікіценка — не адзінокая ў гэткіх сваіх меркаваньнях адносна прыбышоў. Гаворыць загадчыца мясцовай бібліятэкі Алена Леановіч:

(Леановіч: ) "Брагін да радыяцыі ня ведаў, што такое наркаманія. А зараз яна тут зьявілася. І прывезьлі яе, несумненна, з Кіргізіі, Казахстану — адным словам, з азіяцкіх краінаў".

А вось уражаньне афіцыйнай асобы, намесьніка дырэктара Брагінскага цэнтру занятасьці Івана Шыпілы:

(Шыпіла: ) "Ёсьць людзі, якія сапраўды прыехалі таму, што на сваёй радзіме жыць немагчыма. Яны працавітыя, іх не палохае ніякая праца — абы далі хату. У калгас дык у калгас, ідуць безь пярэчаньняў. І прыжыліся ў нас.

А ёсьць і другая катэгорыя прыежджых — тыя, хто ня хоча працаваць. Спачатку пабудуць у адным калгасе, а празь месяцы два зьбягаюць у другі, трэці… Зразумела, што гэта за работнікі. Яны тут гойсаюць, займаюцца крадзяжом. Быў у нас акт вандалізму — гэта таксама іхных рук справа".

Вядома, сустрэўся я і зь нетутэйшымі. Напрыклад, Уладыслаў Кадыраў прыехаў сюды некалькі гадоў таму з Кіргізіі:

(Кадыраў: ) "З Ошскай вобласьці, з гораду Ташкумыр".

(Карэспандэнт: ) "Чаму вы з Кіргізіі паехалі?"

(Кадыраў: ) "Калі СССР распаўся на асобныя рэспублікі, то нам пачалі казаць, што гэта ня наша зямля. Пачалі ўводзіць нацыянальныя мовы, а мы ўсё ж і расейскамоўнае насельніцтва. Таму мы і прыехалі сюды вось, у Беларусь".

(Карэспандэнт: ) "Зь сям’ёй прыехалі?"

(Кадыраў: ) "Так. Я, жонка і сямёра дзяцей. Старэйшы сын у Гомелі ўжо вучыцца, дачка ў Рэчыцы ў пэдагагічным каледжы вучыцца — будзе выкладаць, дарэчы, беларускую мову".

(Карэспандэнт: ) "Вам ніколі не хацелася вярнуцца?"

(Кадыраў: ) "Не. Таму што, калі меркаваць па газэтах і тэлебачаньні, жыцьцё там яшчэ цяжэйшае, чымсьці тут".

Мясцовыя беларусы кажуць, што Ўладыслаў Кадыраў адзін з найлепшых сярод уцекачоў, што пасяліліся ў Брагіне. Ён і ягоная сям’я ўсур’ёз разьлічваюць асесьці ў Беларусі і таму спрабуюць інтэгравацца ў ейны традыцыйны побыт і культуру.

Але так паводзяць сябе далёка ня ўсе прыежджыя. Наогул, карэнныя і новыя брагінцы — гэта дзьве групы, паміж якімі ў горадзе досыць напружаныя дачыненьні. Не заўважаюць іх хіба толькі ўлады.

Некалькі апошніх гадоў раёнам кіруе Рышард Стэфановіч. Ягоныя падначаленыя ў захапленьні ад кіраўніцкіх здольнасьцяў першай асобы. Гаворыць начальніца раённага аддзелу статыстыкі Валянціна Дудаль:

(Дудаль: ) "Ён клапоціцца пра людзей, пра раён. Падчас ягонага знаходжаньня на пасадзе старшыні райвыканкаму ў нас рэстаўравалі ўсе хаты, іхны зьнешні выгляд. Прыкметная, вельмі прыкметная ягоная праца".

Інакш лічаць шараговыя брагінцы. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем падзяліўся са мною Ўладзімер Гусеў:

(Гусеў: ) "Брагін запусьцілі. Запусьцілі дарэшты. Во зараз напярэдадні прыезду Лукашэнкі паклалі асфальт. Сам я працую ў кінафікацыі. Ведаеце, колькі я атрымаў за месяц? Усяго 30 тысяч рублёў. А мне ж трэба сям’ю ўтрымліваць".

Маё асабістае знаёмства зь цяперашнім Брагінам таксама навеяла сум і расчараваньне. Такое ўражаньне, што Брагін стаў ахвярай вайны альбо марадзёраў. Гаворыць чарнобыльскі ліквідатар Уладзімер Раціеў, які жыве тут ужо 25 гадоў:

(Раціеў: ) "Тут зараз панаехала столькі ўсякага народу — кіргізаў, малдаванаў, узбэкаў… Каго тут толькі няма. Навошта іх тут прымаюць? Прыходзяць у хату, адкуль зьехалі брагінцы ў чыстую зону, і самі засяляюцца. Ці то прыходзяць у хату, столь ці падлогу выдзяруць — і ніякага пакараньня за гэта няма. Ніякага парадку. А колькі ў нас міліцыянтаў распладзілі — было неяк аж 560 чалавек. Навошта іх столькі, у нас жыхароў менш".

А вось Анатоль Шылец — з карэнных брагінцаў. Ён таксама ліквідоўваў вынікі катастрофы:

(Шылец: ) "З таго часу ногі бачалі балець. Нельга хадзіць".

(Карэспандэнт: ) "Вы не спрабавалі выехаць з Брагіну?"

(Шылец: ) "Спрабаваў. Выселілі мяне за Рэчыцу. Мястэчка завецца Белае Балота. Але ж там таксама сказалі, што нельга ўжываць ні малака мясцовага, ні рыбы. Карацей кажучы, загналі ў такую ж самую зону, як і Брагін".

(Карэспандэнт: ) "Вам даводзілася зьвяртацца да цяперашняга старшыні райвыканкаму?"

(Шылец: ) "Неяк я зьвярнуўся да яго па дапамогу. Ён паабяцаў, што дапаможа. Але "дапамагае" і да сёньня. Само начальства тут усё ламала, крышыла, як напрыклад, школу беларускую. А зараз вось зьбіраюцца ўсё гэта рамантаваць".

Але ня толькі з выгляду Брагін нагадвае зруйнаваны горад. Рышард Стэфановіч прадоўжыў яшчэ адну сумную традыцыю сваіх папярэднікаў — змаганьне зь незалежнай думкай.

Тут зараз фактычна няма ня толькі палітычных структураў, якія б не падзялялі пазыцыі ўладаў, а й нават асобаў, што маюць сьмеласьць публічна крытыкаваць цяперашнія парадкі. За рэдкім выключэньнем. Выключэньнем ёсьць Натальля Нікіценка, якая гэтак характарызуе грамадзка-палітычную атмасфэру Брагіну:

(Нікіценка: ) "Стаіць скрыня ў клюбе — паставілі яе для пытаньняў, якія зьбірала прэзыдэнцкая каманда. А людзі ня вераць, што гэтыя пытаньні могуць дайсьці да прэзыдэнцкай адміністрацыі. Наша начальства дастане гэтыя пытаньні, правядзе рэвізію.

Дык навошта пісаць? Гэныя пытаньні ня тое што да Лукашэнкі, да ягонай адміністрацыі ня дойдуць. Калі прэзыдэнт прылятаў да нас, дык склалі сьпіс нядобранадзейных брагінцаў — 7 чалавек у яго ўвайшлі. Каб не дапусьціць да Лукашэнкі. І зараз вось мне пропуск ня выпісалі — лічаць, што Натальля Ўладзімераўна можа задаць правакацыйнае пытаньне. Ды тут усе пытаньні правакацыйныя".

Паводле словаў Натальлі Нікіценкі, большасьць брагінцаў, якія б маглі скласьці апазыцыйныя шэрагі, выехалі ў чыстыя раёны Беларусі. Тых жа, хто застаўся і спрабаваў крытыкаваць начальства, пачалі прыціскаць. Напрыклад, Надзею Хаменку, што асьмелілася на крытыку, звольнілі з пасады старшыні райспажыўсаюзу. Спроба аднавіцца на працы праз суды ня мела плёну.

Апошнія гады Брагін 26 красавіка традыцыйна наведвае Аляксандар Лукашэнка. Не была выключэньнем і сёлетняя чарнобыльская гадавіна. Лукашэнка сказаў кароткую прамову, усклаў вянок да помніка чарнобыльскага героя-пажарніка Васіля Ігнаценкі і хвілін праз дваццаць сеў у верталёт ды зьнік.

Зьнік, так і не пабачыўшы заасфальтаванай напярэдадні вуліцы Каапэратыўнай, вычышчанага да бляску брагінскага шпіталю, абноўленых Дома культуры, будынка райвыканкаму, іншых адміністрацыйных пабудоваў, якія рамантаваліся не адзін красавіцкі тыдзень.

Як сьцьвярджалі ў Брагіне дасьведчаныя асобы, прыезд Лукашэнкі каштаваў гораду палову гадавога бюджэту. Але найбольш кінулася мне ў вочы расчараваньне людзей. Яны разьлічвалі расказаць рэдкаму госьцю пра свае набалелыя праблемы, аднак ніводзін шараговы жыхар Брагіну так і ня быў дапушчаны да Лукашэнкі ягонымі ахоўнікамі.

Блізкую сваячку ўвекавечанага героя-пажарніка Ніну Ігнаценку абурыла тое, што яна не змагла падзяліцца сваімі крыўдамі з Лукашэнкам:

(Ігнаценка: ) "Я хаця б сказала, што 15 гадоў жыву тут. Але дзе ж дапамога? Чаго не спытае — якая ў Брагіне зарплата? У мяне зяць, напрыклад, зарабляе толькі 30 тысяч рублёў. Цяпер у нас няма ніякага права — начальства пад сябе ўсё грабе і грабе, ніяк не награбецца".

Што раўнае ўсіх жыхароў Брагіну, і начальства, і шараговы люд, дык гэта безабароннасьць перад агульным нябачным ворагам — радыяцыяй. Ці можна жыць на гэтай забруджанай зямлі бяз рызыкі згубіць здароўе? — спытаўся я ў намесьніка галоўнага лекара мясцовай санэпідэмстанцыі Андрэя Мажэйкі.

(Мажэйка: ) "Адсюль лепш зьехаць. Бо тут выпалі радыёнукліды, якіх ніхто не дасьледаваў — што тут выпала, колькі. Вось мы з вамі зараз гутарым у будынку, але калі пойдзем на стадыён, то вы там гэтага рабіць не захочаце. Мы дасьледуем толькі радыяцэзій, стронцый дасьледуюць у Гомелі, астатнія элемэнты не вывучаюцца".

Спэцыялістам-радылёгам кшталту Андрэя Мажэйкі жывецца тут найцяжэй. Таму што яны ведаюць, што жыцьцё тут — іхнае, іхных дзяцей і блізкіх — гэта экспэрымэнт. Зрэшты, падзяляюць гэтую думку й шараговыя жыхары, напрыклад, тая ж Соф’я Нікіценка:

(Нікіценка: ) "Ужываем усё сваё. Сваімі ж харчамі кормім і жывёлу, тое ж парася".

(Карэспандэнт: ) "А ваду адкуль п’яце?"

(Нікіценка: ) "З калёнкі".

(Карэспандэнт: ) "А там яна чыстая?"

(Нікіценка: ) "А хто яе ведае".

(Карэспандэнт: ) "А як сябе адчуваюць мясцовыя людзі? Ці не пагоршала іхнае здароўе?"

(Нікіценка: ) "Здароўе паслабла. Багата людзей памерла. Шмат хворых, асабліва на ногі хварэюць. Каго не спытаеш — ногі, ногі і ногі баляць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG