Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцвыпуск. “Палітычная эканоміка. Харчаваньне”.


Валер Каліноўскі, Менск

Адным з галоўных прыярытэтаў сёньняшняя ўлада лічыць харчаваньне. Прадуктам нададзеная нават стратэгічная значнасьць у выглядзе фармулёўкі “харчовая бясьпека краіны”. Яна ж уключаная ў вядомую трыяду “экспарт, жыльлё і харчаваньне”. Незалежныя экспэрты мяркуюць, што калі і далей трымацца за калгасную сыстэму ў сельскай гаспадарцы ды адміністрацыйныя рычагі кіраваньня ў перапрацоўцы, дык яшчэ доўга давядзецца змагацца за гэтую самую харчовую бясьпеку.

За апошнія гады Беларусь зноў даказала сьвету эканамічную аксыёму: калі дзяржава кантралюе цэны і вытворцаў, усталёўвае, напрыклад, 2-адсоткавы максымум месячнага росту цэнаў, дык амаль аўтаматычна пагаршаецца якасьць прадукцыі. А ўрэшце і цэны становяцца недаступнымі для насельніцтва. Цяпер прадукты ў беларускіх крамах ёсьць, але яны не задавальняюць пакупнікоў – ані па якасці, ані па цане. Гаворыць адзін з жыхароў Менску:

“У 1996 годзе, калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь, беларускае піва, малочныя і мясныя прадукты былі вельмі высокай якасьці і ў многім пераўзыходзілі расейскія. За апошнія гады прыкметна зьнізілася якасьць і скараціўся асартымэнт прадуктаў харчаваньня беларускай вытворчасьці – малочных, мясных, хлеба-булачных. Я ўжо не кажу пра тое, што гэтыя прадукты значна падаражэлі. Усё часцей на паліцах беларускіх крамаў ляжаць прадукты расейскай вытворчасьці, яны пакуль даражэйшыя за беларускія, але і больш якасныя. Хаця гады тры-чатыры таму ўсё было зусім іначай,” – лічыць жыхар Менску, які пераехаў у беларускую сталіцу з Расеі.

У правінцыйных гарадах кошты на харчаваньне прыкладна на 8-10 адсоткаў вышэйшыя, чым у Менску, і купіць там кавалак каўбасы не заўсёды бясьпечна для здароўя, бо невядома, колькі яна ляжала ў чаканьні плацежаздольнага пакупніка. Пра нізкую якасьць беларускіх прадуктаў сьведчыць і той факт, што ў апошнія гады многія дыпляматы, акрэдытаваныя ў Менску, па прадукты езьдзяць у Вільню.

Гаворыць акадэмік Іван Нікітчанка:

(Нікітчанка: ) “Гэта вынік той палітыкі, якую праводзілі апошнія сем гадоў кіраўнікі Беларусі. Замест таго, каб займацца аграранымі рэформамі, наш лідэр заявіў, што будзе падтрымліваць калгасы і саўгасы, бо гэта апора ўлады на вёсцы”.

Беларускія ўлады замест пераўтварэньняў уводзілі законы аб абароне спажывецкага рынку, кіравалі цэнамі, прызначалі кіраўніцтва прадпрыемстываў і калгасаў. Урэшце была створаная грувасткая неэфэктыўная сыстэма, якая прывяла да таго, што прадукты сталі дарагімі і няякаснымі. Чаму дарагімі? Іван Нікітчанка тлумачыць на простым прыкладзе:

(Нікітчанка: ) “З калгасу забірае малако машына з раённага малзавода. Калгасу плоцяць мізэрную закупачную цану, якая не пакрывае яго затраты. Малако гэтае на малзаводзе толькі пастэрызуецца, ізноў заліваецца ў той жа малакавоз і вязецца ў абласны цэнтар ці ў Менск. Але гэта ўжо ня тое малако, а малако з сямю падаткамі да той цаны, якую заплацілі калгасу. Цэтральны малзавод разводзіць да паўтара адсоткаў па тлустасьці і вязе ў краму. У краме дабаўляюць ад 15 да 30 адсоткаў. Вось і цана, якая болей ў сем разоў за тое, што заплацілі калгасу”.

У выніку атрымліваецца, што, напрыклад, у Польшчы прадукты харчаваньня нашмат таньней, чым у нас. Шлёнская біржа прадае вэнджаную сьвініну па 74 цэнты за кіляграм, а ў нас гэта – каля чатырох даляраў. Ды і біржаў такіх няма. Беларуская прадукцыя дарагая, але і няякасная. Іван Нікітчанка працягвае:

(Нікітчанка: ) “Якасьць той прадукцыі, якая ляжыць у нашых крамах, залежыць ад нашага дабрабыту. Вы ж паглядзіце на каўбасы, цана “кракаўскай” – пяць, сыравэнджанай – шэсьць і болей тысяч. Чаму так атрымліваецца? Таму што мяса, якое прывозяць у крамы, людзі ня змогуць купіць, бо яны жабракі. Яны толькі паглядзяць. Мяса праляжала, сіняе стала, яго выкінуць нельга, вязуць у Дражню на каўбасны завод, з гэтага мяса сіняга робяць каўбасы сінія”.

Зазначыў Іван Нікітчанка.

Летась у Беларусі ў цэлым адзначаны рост вытворчасьці прадукцыі харачаваньня – 101,6 адсотка ў параўнаньні з 99 годам, але дасягнута гэта ў асноўным за кошт бульбы ды гародніны. Вытворчасьць мяса і малака істотна скарацілася. Па выніках 2000 года рэалізацыя ў Беларусі жывёлы і птушкі ўпала да 89 адсоткаў ў параўнаньні з пазамінулым годам, затое назіраўся рост вытворчасьці каўбасных вырабаў – 100, 8 адсотка. Прычым, па паўвэнджаных каўбасах назіралася амаль двухразовае падзеньне – 59,1 адсотка, затое па вараных каўбасах прыкметны рост – 121,4 адсотка.

Гаворыць эканамічны экспэрт тыднёвіка “Белорусский рынок” Канстантын Скуратовіч:

(Скуратовіч: ) “Дэфіцыт памяняў сваю структуру. Калі раней насельніцтва адчувала недахоп дарагіх і якасных гатункаў каўбасы, а было шмат таннай, прыкладам, ліверкі, то зараз гэтай ліверкі, якая вырабляецца з натуральнай сыравіны, практычна няма ў продажы. А замяняецца гэтая ніша варанымі каўбасамі, у якія дадаюцца крухмал, соя, гарох ды іншыя расьлінныя дабаўкі, ад чаго зьніжаецца іх якасьць”.

Канстантын Скуратовіч мяркуе, што вось адсюль, за кошт гэтых самых расьлінных дабавак, і бярэцца рост вырабу каўбасы пры падзеньні здачы мяса.

Сакрэтам якасьці сваёй прадукцыі – каўбас ды сардэлек – дзеліцца дырэктар прыватнай перапрацоўчай фірмы “Лімонія” Аляксандар Пінчук:

(Пінчук: ) “Таму што мяса кладзем. Калі я бачу: каўбаса доктарская – за 2 тысячы 100 рублёў, то я магу адназначна сказаць, што там мяса толькі прысутнічае…”

Прыватнаму бізнэсу ў Беларусі цяжка, таму сярод перапрацоўшчыкаў прыватнікаў ня так ужо і шмат. На думку Аляксандра Пінчука, гэта нязначны адсотак. Пакуль што ягоная фірма прадае сваю прадукцыю толькі на Камароўскім рынку ў Менску, фірма ня можа забясьпечыць развоз сваёй прадукцыі па шматлікіх крамах – занадта дарагой стане прадукцыя. На пытаньне, калі сытуацыя ў харчпроме Беларусі будзе лепшай, Аляксандар Пінчук шчыра адказаў:

(Пінчук: ) “Ня ў гэтым жыцьці, напэўна”.

У менскіх крамах даўно замацавалася малочная прадукцыя са Смаленску, каўбасы Чаркізаўскага мяснога камбінату, піва піцерскай “Балтыкі”… Паводле падлікаў Канстантына Скуратовіча, расейскія прадукты ў Менску займаюць каля паловы асартымэнту. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі падлічылі, што расейскія прадукты ў Менску займаюць пакуль што толькі 3-5 адсоткаў ад агульнага аб’ёму мясной і каля трох адсоткаў – малочнай прадукцыі. Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Пётар
Боцін не пагаджаецца з пэсымістычнымі ацэнкамі сытуацыі:

(Боцін: ) “Зьнешняя абалонка яшчэ ня сьведчыць пра сапраўдную якасьць, асабліва гэта датычыць каўбасных вырабаў, малочных... А што датычыць цэнаў, то можна сабе ўявіць, што гэта дастаткова энэргаёмістая прадукцыя, а цэны на энэргарэсурсы ў нас у шмат разоў вышэйшыя, чым у Расеі. І так добра, што нашы цэны яшчэ не вышэйшыя, чым расейскія”.

Тое, што расейскія харчы замацоўваюцца на беларускім рынку, – гэта нонсэнс, – лічыць кіраўнік Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Павал Данейка. Такога раней ніколі не было. Гэта можа скончыцца тым, што беларускія прадпрыемствы папросту страцяць свой уласны беларускі рынак. Запас трываласьці для беларускага харчпрому – гады тры-чатыры. Поўнага зьнішчэньня беларускай харчовай прамысловасьці не адбудзецца, расейскія фірмы папросту выкупяць збанкрутаваныя беларускія прадпрыемствы, – мяркуе Павал Данейка.

Расея пасля 98 году ня толькі здолела замясьціць вялізныя імпартныя харчовыя плыні, але й пашырыць уласны экспарт. Паводле зьвестак Дзяржкамстату Расейскай Фэдэрацыі, за 2000 год у Расеі вытворчасьць алею вырасла на 62 адсоткі, малочных кансэрваў – на 18 адсоткаў, піва – каля 30 адсоткаў, каўбасных вырабаў – на 13 адсоткаў. Экспарт малочнай прадукцыі з Расеі за мінулы год вырас у 10 разоў.

Частку гэтага экспарту спажылі беларусы, хаця раней малочныя прадукты везьліся выключна ў адваротным накірунку – з Беларусі ў Расею. Старшыня Мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь Вікенці Макарэвіч сьцьвярджае, што чаўночны гандаль беларускімі прадуктамі ў сумежных абласьцях Расеі зьнік – ён папросту нявыгадны. Улады перасталі гаварыць пра абарону спажывецкага рынку Беларусі. Яго абараняюць высокія цэны ды нізкая якасьць.
Гаворыць Павал Данейка:

(Данейка: ) “Беларускіх харчовых марак рэальна ўжо няма. Яны як бы не ўзьніклі, яны як былі на ўзроўні савецкай лякальнай вытворчасьці, гэтак і засталіся. У Расеі, Польшчы, Украіне, Літве ёсьць харчовыя маркі, што замацаваліся, і калі яны выйдуць на наш рынак, замацуюцца, то потым нашаму вытворцу будзе цяжка прасоўваць сваю прадукцыю”.

Павал Данейка мяркуе, што, каб выратаваць сытуацыю на спажывецкім рынку харчовых тавараў, у першую чаргу трэба зьняць абмежаваньні у цэнавым рэгуляваньні, адмовіцца ад рэгуляваньня паставак ды правесьці пераўтварэньне фармальна прыватызаваных прадпрыемсіваў харчпраму ў прыватныя на справе:

(Данейка: ) “Паляпшэньне мэнэджмэнту і падвышэне эфэктыўнасьці кіраваньня дае значна большую аддачу, чым новыя інвэстыцыі. Першая крыніца росту – гэта проста нармальны бізнэс, вядзеньне вытворчасьці як бізнэсу, толькі потым прыходзяць інвэстыцыі, а не наадварот”.

На думку Паўла Данейкі, цяпер у нас найгоршая сытуацыя, калі упраўленцы, што не валодаюць уласнасьцю, маюць поўны кантроль над прадпрыемствамі. Але ісьці на рэальную прыватызацыю гэтага сэктару, нягледзячы на правал сваёй эканамічнай палітыкі, у беларускім урадзе не жадаюць. Гаворыць намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Пётр Боцін:

(Боцін: ) “Паглядзіце, як у Японіі, дзе 85 адсоткаў карпаратыўна-дзяржаўнай уласнасьці, і яны ня ставяць пытаньне аб прыватызацыі. Сутнасьць не ва ўласнасьці, а ў стаўленьні вытворцы да вынікаў працы. Тут трэба шукаць корань. Тут ёсьць над чым падумаць і мы зараз гэтым займаемся. Сядзім і думаем, як адрадзіць інтарэс у селяніна дзеля таго, каб ён вырабляў больш і лепш”.

Акадэмік Іван Нікітчанка ўдзельнічае ў падрыхтоўцы эканамічнай праграмы для адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Ягоныя прапановы надзвычай простыя:

(Нікітчанка: ) “Аднаўленне права прыватнай уласнасьці на зямлю ў поўным аб’ёме, калі гаспадар мае права валодаць, карыстацца і распараджацца сваёй зямлёй. Поўная эканамічная свабода, ніхто не павінен ўмешвацца ў яго справы… Ён сам няхай вырабляе тое, што яму выгадна, прадае там, дзе грошы йдуць, і па той цане, па якой купляюць. Будзе ён багаты – будзем і мы багатыя”.

Для пачатку, як лічыць дырэктар фірмы “Лімонія”, аднаго з прыватных прадпрыемстваў, што займаецца харчовай перапрацоўкай, Аляксандр Пінчук, у эканамічнай палітыцы трэба паставіць знак роўнасьці паміж прыватнымі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі, забясьпечыць роўную канкурэнцыю. Якравы прыклад пераўтварэньняў у сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасьці паказваюць беларусам суседзі: палякі, літоўцы, тыя ж расейцы. Гэты прыклад – іх якасная прадукцыя, якая ўсё часьцей зьяўляецца ў нашых крамах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG