Лінкі ўнівэрсальнага доступу

112. Новая кампутарная форма здачы TOEFL – уніфікаванага іспыту ангельскай мовы.


Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў.

Амаль кожны другі ліст, які мы атрымліваем на адрас перадачы беларускай Свабоды сэрыі “Гаўдэамус”, прысьвечаны праблеме веданьня ангельскай мовы беларускімі абітурыентамі, якія б хацелі вучыцца на Захадзе. І таму сёньняшняя перадача – як бы адзін супольны адказ на гэтыя лісты.

Прыблізна паўтары гады таму ў перадачы “Гаўдэамус” мы ўжо разглядалі сутнасьць іспыту TOEFL, але з таго часу шмат зьмянілася, а галоўнае – зьявілася новая форма здачы гэтага міжнароднага экзамэну: кампутарная.

На пачатку, аднак, некалькі словаў пра сам TOEFL.

Калі расшыфраваць TOEFL (test of English as a foreign language) і перакласьці на беларускую мову, дык пераклад будзе гучаць як “тэст веданьня ангельскай мовы ў якасьці замежнай”. Сыстэму тэстаў TOEFL прыдумалі лінгвісты Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту з Вялікабрытаніі. Спачатку яна выкарыстоўвалася толькі для ўнутраных патрэбаў Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту, але ад пачатку 80-х гадоў яна паволі пачала апаноўваць увесь сьвет. І сёньня яе без перабольшаньня можна назваць усясьветнай.

Штогод па ўсім сьвеце іспыт сыстэмы TOEFL здаюць амаль 1,5 млн. чалавек. Больш за 3000 пунктаў здачы экзамэнаў створана практычна на ўсіх кантынэнтах. TOEFL сёньня – самы ўнівэрсальны і аўтарытэтны тэст веданьня ангельскай мовы. Ягоныя добрыя вынікі – гэта своеасаблівы пропуск у любы самы прэстыжны ўнівэрсытэт сьвету.

На пачатку 1998 году зьявілася новая вельмі зручная форма здачы гэтага іспыту – гэта здача без жывога экзамэнатара, здача з дапамогай кампутара. Толькі ў мінулым годзе гэткую форму здачы TOEFL на сьвеце абралі ажно 300 тысячаў чалавек.

Якія ж перавагі мае кампутарная форма здачы іспыту TOEFL? І што трэба зрабіць, каб атрымаць магчымасьць здаваць іспыт такім чынам?

Па-першае, зусім неабавязкава, каб чалавек, які хоча здаваць кампутарны экзамэн TOEFL, быў сам дасканалым кампутаршчыкам. У спэцыяльным кампутарным цэнтры вас бясплатна навучаць усім неабходным ведам для здачы іспыту.

Па-другое, кампутарны тэст паводле свайго аб’ёму меншы, чымся традыцыйны экзамэн. Ён вельмі элястычны, і кожнае наступнае пытаньне, якое вы атрымліваеце, улічвае ўзровень вашых ведаў ангельскай мовы, які вы прадэманстравалі, адказваючы на папярэднія пытаньні. Ён складаецца з чатырох частак.

Першая – праслухоўваньне тэксту, прагляд відэа-сцэнак на экране кампутара і адказы на пытаньні, якія сьведчаць пра ўзровень вашага разуменьня тэксту. Няма абмежаньня часу дзеля адказу на пытаньні. Вы таксама можаце зьмяняць свае адказы аж да таго часу, пакуль вы не засэйвуеце адказы.

Другая частка – гэта праверка веданьня вамі структуры ангельскай мовы. Трэба дапоўніць няскончаныя сказы. Гэтая частка нічым ня розьніццца ад адпаведнай часткі традыцыйнага іспыту.

Трэцяя частка – чытаньне і разуменьне ангельскага тэксту. Трэба прачытаць на экране кампутара тэкст і адказаць на пытаньні, якія сьведчаць пра вашае разуменьне прачытанага.

І чацьвертая, апошняя частка – гэта напісаньне кароткага сачыненьня на дадзеную тэму. Тэмы могуць быць самыя розныя. Напрыклад, у адным з апошніх кампутарных тэстаў TOEFL было наступнае заданьне.

На экране кампутара зьявіліся словы:

Do you agree or disagree with the following statement: teachers should make learning enjoyable and fun for their students. Use specific reasons and examples to support your opinion.

Пераклад: “Ці вы згаджаецеся з наступным сьцверджаньнем.
Настаўнікі павінны зрабіць працэс навучаньня прыязным і радасным для вучняў”.

На напісаньне гэтага кароткага сачыненьня вам даецца 30 хвілінаў.

У нашай частцы Эўропы, якую можна назваць посткамуністычнай, апошнім часам створаная даволі вялікая колькасць спэцыяльных цэнтраў, якія атрымалі ад Эўрапейскага цэнтру TOEFL ліцэнзію на прыём іспыту. Існуюць яны практычна ва ўсіх былых рэспубліках Савецкага Саюзу. Калі нехта з нашых радыёслухачоў захоча пакарыстацца паслугамі падобных цэнтраў блізкага замежжа (напрыклад, у Вільні, Рызе ці Варшаве), дык раю перш за ўсё зьвярнуцца па параду і бясплатныя інфармацыйныя матэрыялы ў Эўрапейскі цэнтар TOEFL.

Падаем адрас:
CITO-TOEFL
P.O.Box 1203
6801 BE Arnhem
Netherlands
E-mail: registration@cito.nl
Tel. – 8-10-31-263521480
Fax. – 8-10-31-263521278

І на заканчэньне прыгадаю, што арганізацыяй кампутарнай здачы тэстаў TOEFL у Беларусі займаецца спэцыяльная арганізацыя Аmerican Center for Education and Testing – Амэрыканскі цэнтар адукацыі і экзаменаваньня. Каб больш дакладна даведацца пра ўмовы здачы ў ім кампутарных экзаменаў, туды можна пазваніць. Падаю тэлефоны ў Менску: 2840852 і 2841170.
XS
SM
MD
LG