Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымае новае прыпыненьне паставак газу Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак

(Валер Карбалевіч: ) “Ужо некалькі месяцаў Беларусь і Расея ня могуць дамовіцца аб цэнах на газ, ягоны транзыт, кошце “Белтрансгазу”. Зімовая “газавая вайна” не дапамагла вырашыць канфлікт. Хоць звычайна пасьля вайны надыходзіць мір, у нашым выпадку гэтага не адбылося. Якраз у гэтыя дні ў Маскве знаходзіцца група беларускіх журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных выданьняў, якія наведалі “Газпром”, іншыя дзяржаўныя структуры Расеі.

Гэты візыт выклікае цікавасьць яшчэ ў тым сэнсе, што ў мінулым годзе беларускае кіраўніцтва некалькі разоў запрашала ў Менск расейскіх журналістаў. Гэта крок у інфармацыйнай вайне ці штосьці іншае? Вядома, што паводле сацыялягічных апытаньняў, Расея прайграла зімовую “газавую вайну” ў беларускай масавай сьвядомасьці. Магчыма, цяпер Крэмль хоча ўзяць рэванш? Навошта запрошаныя ў Маскву беларускія журналісты?”

(Валер Дашкевіч: ) “Я ня думаю, што гэта пачатак инфармацыйнай вайны. Хутчэй гэта спроба Расеі абараніцца у той вайне, якую раней распачала Беларусь. Я ня памятаю, каб за апошні год прэзыдэнт Расеі ці расейскія чыноўнікі вышэйшага рангу выступалі з рэзкімі ацэнкамі палітыкі Беларусі. У той жа час з вуснаў вышэйшых кіраўнікоў Беларусі, у тым ліку Лукашэнкі, гучалі рэзкія выпады супраць расейскага кіраўніцтва і па газавай праблеме, і па праблеме пабудовы саюзнай дзяржавы. Прычым, выказваньні беларускага боку не заўсёды адпавядалі рэчаіснасьці. Таму гэтае запрашэньне беларускіх журналістаў ёсьць спробай Расеі наладзіць інфармацыйную абарону”.

(Тацяна Манёнак: ) “Мне падаецца, што расейскі бок імкнецца неяк карэктна расказаць аб сытуацыі, якая стварылася сёньня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях у газавай сфэры. Не да канца зразумела, чаму ўжо прайшло паўгоду, а перамовы не даюць выніку. Нядаўна мне давялося быць на адным паседжаньні з удзелам прамыслоўцаў, на якім выступаў расейскі амбасадар Аляксандар Блахін. Ад яго беларускія дырэктары зь цікавасьцю даведаліся, што беларускія перамоўшчыкі па газавых пытаньнях прыяжджаюць у Маскву без паўнамоцтваў мяняць тую пазыцыю, якая зацьверджаная кіраўніцтвам. Зразумела, што на перамовах бакі павінны шукаць кампрамісных падыходаў да вырашэньня праблемы, ісьці на ўзаемныя саступкі.

Масква хоча атрымаць прыхільнікаў у Беларусі, таму і запрасіла журналістаў. Яна хоча растлумачыць і прамыслоўцам, і чыноўнікам, хто вінаваты ў гэтай сытуацыі”.

(Карбалевіч: ) “Думка, выказаная спадаром Дашкевічам, што Расея спрабуе абараніцца ад Беларусі, цікавая. У чым жа сапраўды палягае праблема ў гэтым доўгім перамоўным працэсе? У чым сутнасьць рознагалосьсяў у газавай сфэры? Якое пытаньне галоўнае з усёй сфэры газавых узаемаадносінаў: цэны на пастаўляны газ, цэны на транзыт газу, кошт “Белтрансгазу”? Ці ўсе гэтыя чыньнікі раўназначныя і маюць прынцыповае значэньне на перамовах?”

(Дашкевіч: ) “Усе гэтыя чыньнікі прысутнічаюць адначасова. Але ключавая праблема ва ўзаемаадносінах Беларусі й Расеі — прыватызацыя “Белтрансгазу”. Два гады таму ў красавіку 2002 году было падпісанае пагадненьне, у якім прадугледжвалася акцыянаваньне “Белтрансгазу” і пастаўкі газу ў Беларусь па ўнутраных расейскіх цэнах. Але ў гэтым пагадненьні былі абавязкі расейскага боку пастаўляць газ па ўнутраных расейскіх цэнах, але не было абавязкаў беларускага боку па прыватызацыі “Белтрансгазу”. Была згадка аб акцыянаваньні, але не было зафіксавана ўмоваў прыватызацыі.

І вось Беларусь паўтара году атрымлівала танны расейскі газ, цэны на які датаваліся зь бюджэту Расеі. А калі прыйшоў час прыватызаваць “Белтрансгаз”, то Беларусь заявіла, што прыватызацыя адбудзецца па рынкавых цэнах. Атрымліваць паўтара году газ па нярынкавых цэнах, а потым прапанаваць прыватызаваць “Белтрансгаз” па рынкавых цэнах — гэта ня вельмі добра. З гэтага пачаліся ўсе праблемы. Расея адмовілася пастаўляць газ па ўнутраных расейскіх цэнах, а Беларусь імкнецца захаваць гэтыя цэны.

Узьніклі праблемы і ў пытаньні транзыту, паколькі цана газу была прывязаная да ранейшых транзытных тарыфаў. Увесь гэты клубок праблемаў пераплёўся і атрымаў палітычную падкладку. Празь нейкі час стала зразумела, што Беларусь увогуле не зьбіраецца прыватызаваць “Белтрансгаз” і разглядае гэтае пытаньне як элемэнт эканамічнага і палітычнага шантажу. Сытуацыя ў пэўным сэнсе зайшла ў тупік. Каб выйсьці зь яго, абодва бакі павінны зрабіць пэўныя крокі насустрач. Мне падаецца, што Беларусь павінна пагадзіцца з рынкавымі цэнамі на газ, а “Газпром” павінен пагадзіцца з большымі тарыфамі.

Але ствараецца ўражаньне, што абодва бакі на перамовах, асабліва беларускі, чакаюць каманды з боку палітычнага кіраўніцтва. Беларускі бок асабліва і не хавае, што чакае сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна ў Ялце, якая адбудзецца днямі. Але з часам на перамовах праблема прыватызацыі“Белтрансгазу” адышла на другі плян. Падчас сустрэчы зь беларускімі журналістамі ў панядзелак намесьнік старшыні праўленьня “Газпрому” Разанаў заявіў, што калі рынкавая ацэнка “Белтрансгазу” будзе высокая, скажам 1–2 мільярды даляраў, то “Газпром” увогуле ня будзе яго купляць. А ў газавых зносінах зь Беларусьсю пойдзе выключна на рынкавыя ўмовы: рынкавыя цэны і рынкавыя тарыфы на транзыт. З улікам таго, што газаправод Ямал-Эўропа, які праходзіць празь Беларусь, — гэта ўласнасьць “Газпрому”.

(Манёнак: ) “Для “Газпрому” цяпер вельмі важна падпісаць кантракт на транзыт газу ў Эўропу празь Беларусь. Адсутнасьць яго — гэта нонсэнс. Гэта супярэчыць міжнароднай практыцы. Цяпер ужо пытаньне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства не зьвязанае наўпрост з пастаўкамі й транзытам газу. Магчыма, хутка будзе вызначаны ацэншчык “Белтрансгазу”. Гэта кампанія “Deloitte”. Але ж яна будзе вызначаць рынкавы кошт “Белтрансгазу”. Тут згадвалася, што “Газпром” можа не пагадзіцца з такою ацэнкаю. Але і беларускі ўрад можа не пагадзіцца. У панядзелак Лукашэнка заявіў адназначна, што цэны дыктуе прадавец. То бок, колькі мы скажам — столькі і будзе каштаваць нашая кампанія”.

(Карбалевіч: ) “Уявім сытуацыю, што на перамовах у Ялце кіраўнікі дзяржаваў не дамовяцца пра кампраміс. Пуцін, як бывала раней, можа сказаць, што гэта спрэчка гаспадарчых суб’етаў, няхай яны між сабою яе і вырашаюць. Што можа быць далей? Кантракты аб пастаўках Беларусі газу незалежнымі пастаўшчыкамі заканчваюцца ў канцы траўня. Ці магчымае абвастрэньне канфлікту, перапыненьне паставак газу Беларусі? Падчас сустрэчы зь беларускімі журнлістамі ў панядзелак намесьнік старшыні праўленьня “Газпрому” Разанаў сказаў, што Беларусь можа спэкуляваць сваім транзытным становішчам да таго часу, пакуль цёпла. А што будзе, калі пачнуцца халады?

Але, прабачце, халады пачнуцца толькі восеньню. А кантракты зь незалежнымі пастаўшчыкамі заканчваюцца ўжо ў канцы траўня. А як жа Беларусь будзе атрымліваць газ гэтыя месяцы? Ці азначае гэта, што “Газпром” даў зразумець: Расея не пакіне Беларусь бяз газу летнія месяцы?”

(Дашкевіч: ) “Першае, у чым я перакананы, “Газпром” не паставіць Беларусі ніводнага кубамэтру газу без кантракту. Пасьля заканчэньня кантракту зь незалежнымі пастаўшчыкамі, магчыма, яшчэ яго працягнуць на 1–2 тыдні. А пачынаючы з чэрвеня “Газпром” можа спыніць пастаўкі газу ў Беларусь па той жа схеме, як і лютым. Спачатку спыняюцца пастаўкі газу ў Беларусь. І калі Беларусь пачне несанкцыянаваны адбор, то спыняецца і транзыт газу. За гэты час, я мяркую, “Газпром” падрыхтуецца, зробіць запасы газу ў газасховішчах Польшчы і Нямеччыны, каб 7–10 дзён пратрымацца без транзыту.

У той жа час перапыненьне паставак газу адаб’ецца на беларускай эканоміцы вельмі цяжка незалежна ад кліматычных умоваў. Справа ў тым, што каля 70% спажыванага газу мы спальваем на электрастанцыях. Запасы мазуту былі часткова выкарыстаныя вясною гэтага году, іх наўрад ці хопіць дзеля забесьпячэньня краіны электраэнэргіяй. У той жа час, “Газпром” будзе як бы невінаваты. Няма кантракту — няма і газу. Згодна з расейскім заканадаўствам, “Газпром” ня можа ажыцьцяўляць транзыт без кантракту. Зразумела, у “Газпрому” будуць непрыемнасьці з польскімі, нямецкімі спажыўцамі. Але і беларускі бок у вачах эўрапейскай супольнасьці будзе выглядаць ня вельмі добра. Тым больш, умовы, якія прапануе “Газпром”, значна больш выгадныя, чым ён прапануе эўрапейскім спажыўцам. І Эўропа можа не зразумець Беларусь, якая ня хоча падпісваць кантракту на такіх ільготных умовах і патрабуе яшчэ саступак ад Расеі”.

(Манёнак: ) “Час для перамоваў яшчэ крышачку ёсьць. Калі нават у Ялце кіраўнікі дзяржаваў не дамовяцца, у пачатку чэрвеня ў Менск прыяжджае прэм’ер Расеі Фрадкоў. Перамовы будуць працягвацца. Я думаю, што канфлікту такога маштабу, які адбыўся ў лютым, не павінна быць. Ствараецца ўражаньне, што расейскі бок больш зацікаўлены ў вырашэньні праблемы паставак газу ў Беларусь, чым нават сама Беларусь. Да таго ж такі канфлікт нэгатыўна адбіваецца на іміджы “Газпрому”. Таму я ня думаю, што “Газпром” пойдзе яшчэ раз на такі радыкальны крок”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, абодва бакі ўскладаюць надзеі на палітычнае вырашэньне гэтага канфлікту. Працяглыя перамовы апошніх месяцаў паказалі, што Беларусь і Расея моцна залежныя адна ад адной у газавай сфэры. І ў абедзьвюх няма іншага выйсьця, акрамя кампрамісу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG