Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацнее хаўрус праваслаўнай царквы і дзяржавы


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Хаўрус паміж дзяржаваю і праваслаўнай царквою становіцца ўсё больш маштабным і шчыльным. Падпісаныя пагадненьні й праграмы супрацоўніцтва зь міністэрствамі адукацыі, культуры, унутраных справаў, абароны, надзвычайных сытуацыяў, камітэтам памежных войскаў.

Узаемная падтрымка ўлады і праваслаўнай царквы працягваецца ўсе дзесяць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Але гэтае супрацоўніцтва мела больш палітычны характар. Цяпер гэты хаўрус напаўняецца канкрэтыкай, праваслаўная царква ўсё больш убудоўваецца ў палітычную сыстэму. Згодна гэтых дакумэнтаў, праваслаўная царква будзе праводзіць экспэртызу зьместу рэпэртуараў праграмаў відовішчных і забаўляльных мерапрыемстваў, падрыхтуе канцэпцыю праваслаўнай адукацыі ў навучальных установах. Ці зьяўляецца такая тэндэнцыя да экспансіі праваслаўя ў дзяржаўнаўныя і грамадзкія інстытуты парушэньнем канстытуцыйных прынцыпаў сьвецкасьці дзяржавы, аддзяленьня царквы ад дзяржавы?”

(Андрэй Алешка: ) “Я хацеў бы падкрэсьліць, што ні царква ня робіцца дзяржаўнай, ні дзяржава ня робіцца клерыкальнай ад таго, што паміж імі ўсталёўваюцца дамоўныя адносіны. Пятнаццаць гадоў адраджэньня царквы насілі характар узаемакарыснага ўзаемадзеяньня. Кожны з бакоў займаўся сваёй справай, але дапамагаў другому вырашаць тыя ці іншыя грамадзкія праблемы ў сфэрах сумесных інтарэсаў, у сфэрах, якія традыцыйна былі сфэрамі ўзаемадзеяньня царквы і дзяржавы. Напрыклад, гэта адукацыя.

Была падпісаная праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і праваслаўнай царквой, якая пералічвае канкрэтныя мерапрыемствы, у межах якіх царква па ўзгадненьню зь дзяржаўнымі органамі, будзе ўплываць на выхаваньне асобы. Мы не прэтэндуем на чыста адукацыйны працэс. А вось сфэра выхаваньня — гэта традыцыйна царкоўная сфэра. Гэта тычыцца і супрацоўніцтва з узброенымі сіламі і, увогуле, з ваенізаванымі фармаваньнямі. Таму што маральны дух воіна — гэта зьява духоўная. І хто, калі не царква, павінна працягваць выконваць сваю гістарычную місію выхаваньня асобы ўзброенага чалавека?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Я выступаю супраць такога супрацоўніцтва. Рэч у тым, што эўрапейскае чалавецтва выпакутавала праз тысячагодзьдзі вельмі складаных канфліктаў ідэю татальнага разьдзяленьня дзяржавы і царквы. Прычым, я адмоўна стаўлюся да ідэі такога хаўрусу незалежна ад таго, якая канфэсія прэтэндуе на гэта. У мінулыя часы гэты хаўрус быў татальным. Бізантыйская рэлігія ад пачатку была падпарадкаваная дзяржаве — і такой застаецца цяпер. Але і рымская царква ў свой час хацела быць дзяржаўнай інстытуцыяй, дакладней, дзяржаву падпарадкаваць сабе.

Калі бы не адбылося адсланеньня дзяржавы ад царквы, мы бы і сёньня жылі ў тым самым напаўдзікунскім Назарэце, у якім ў свой час прапаведаваў Ісус. І толькі калі адбыўся гэты падзел, адбыўся той вялікі цывілізацыйны выбух. Стварыўся сучасны сьвет, у якім мы цяпер жывем. У свой час яшчэ Тэртуліян сказаў: “Калі ў нас ёсьць Ерусалім, то навошта нам Атэны?” Гэта азначае, што калі ў нас ёсьць вера, то навошта нам веды, адукацыя і іншае. Таму сёньня кожны крок насустрач рэлігіі і дзяржаве — гэта крок зноў у Ерусалім ад Атэнаў”.

(Карбалевіч: ) “Прыхільнікі хаўрусу дзяржавы і праваслаўнай царквы часта спасылаюцца на вопыт краінаў Захаду, дзе прынцып сьвецкасьці дзяржавы не перашкаджае царкве супрацоўнічаць зь дзяржаваю, моцна ўплываць на грамадзтва, удзельнічаць у адукацыйных праграмах і іншае. Ці ёсьць тут нейкае адрозьненьне беларускай сытуацыі ад сытуацыі ў заходніх краінах?”

(Алешка: ) “Не магу пагадзіцца са спадаром Акудовічам, што адбылося “татальнае разьдзяленьне дзяржавы і царквы”. Такога татальнага разьдзяленьня ў Эўропе ніколі не было, няма і цяпер. Мяняліся формы супрацоўніцтва дзяржавы і цараквы і іх роля ў грамадзтве. Гэта было выклікана ідэямі Рэнэсансу, а таксама філязофскімі ідэямі, якія сьцьвярджалі, што дзяржава павінна быць сьвецкай і сэкулярнай. Але гэты працэс ня выліўся ў татальнае разьмежаваньне дзяржавы і царквы.

Магу адзначыць, што каталіцкая царква амаль з усімі цывілізаванымі краінамі сьвету мае канкардаты. Гэта практыка ўжо новых гістарычных часоў. Гэтыя канкардаты дазваляюць царкве прысутнічаць у тых сфэрах грамадзтва, якія я ўжо прыгадваў. І ў праваслаўных краінах Эўропы, такіх, напрыклад, як Грэцыя, Кіпр, Баўгарыя, Румынія існуюць адпаведныя пагадненьні паміж дзяржаваю і праваслаўнаю цараквою. У Грэцыі ёсьць адмысловая працэдура ўдзелу царквы ў дзяржаўных мерапрыемствах. Але гэта не перашкаджае Грэцыі быць сьвецкай дзяржавай.

У Канстытуцыі Беларусі 1996 году былі ўнесеныя зьмены, якія тычацца ўзаемаадносінаў дзяржавы і царквы, у прыватнасьці, у артыкул 16. Упершыню быў уведзены прынцып дыфэрэнцыяванага стаўленьня дзяржавы да канфэсіяў. Гэта эўрапейскі прынцып.

У 2002 годзе быў прыняты новы закон аб свабодзе сумленьня, які ўпершыню назваў пяць традыцыйных для Беларусі канфэсіяў. Хачу адзначыць, што ў заканадаўстве нашых суседзяў, краінаў Балтыі, таксама пералічаныя іх традыцыйныя канфэсіі. Такі пералік прысутнічае і ў заканадаўстве эўрапейскіх краінаў.

Ці не парушае гэта нашую Канстытуцыю і сьвецкі характар дзяржавы? Па-першае, гэтага рэвалюцыйнага прынцыпу аддзяленьня дзяржавы ад царквы няма ні ў Канстытуцыі, ні ў адным заканадаўчым акце Беларусі. Ужо толькі таму яго нельга парушыць. А сьвецкі характар адукацыі існуе ў большасьці краінаў сьвету. Але ж гэта не азначае, што характар адукацыі павінен быць атэістычным. Гэта важна падкрэсьліць, паколькі за нашымі плячыма 70 гадоў атэізму. Таму “сьвецкі” не азначае “бязбожны”. Прынцып сьвецкасьці азначае, што ўсе базавыя прадметы выкладаюцца на сьвецкай аснове і сьвецкімі выкладчыкамі. Але ёсьць прадметы, якія базуюцца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях гэтай краіны”.

(Карбалевіч: ) “У дадатак да таго, што сказаў спадар Алешка, я хацеў бы адзначыць, што ў заходніх краінах дылема “адукацыя ці вера” не супрацьпастаўляецца, а вырашаецца. Існуюць вучэбныя ўстановы пры царквах, напрыклад, каталіцкія ўнівэрсытэты, якія даюць даволі высокі ўзровень ведаў”.

(Акудовіч: ) “Сапраўды, ні ў адной краіне рэлігійныя канфэсіі не жывуць недзе ў катакомбах. Паўсюль рэлігійнае жыцьцё перамяшанае з грамадзкім. Але што да ўплыву царквы на грамадзтва, то тут давайце разьвядзем дзьве рэчы. Натуральна кожная рэлігійная супольнасьць хоча пашырацца. І яна мусіць мець на гэта права, несьці свае ідэі людзям. Але яна мусіць гэта рабіць зыходзячы з сваіх магчымасьцяў, рэсурсаў. Яна ня мае права скарыстоўваць дзеля гэтага дзяржаўныя структуры. Вось тут і павінен быць гэты падзел дзяржавы і царквы. Калі ласка, шукай сваіх прыхільнікаў, стварай свае вучэбныя ўстановы (дарэчы, мае сябры вучыліся у Каталіцкім ўнівэрсітэце ў Любліне). У нас пры недзяржаўным Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце створаны багаслоўскі факультэт. Плаці грошы — і вучыся. Але абсалютна неправамоцна выкарыстоўваць у сваіх канфэсійных мэтах дзяржаўныя інстытуты”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, у гэтым пляне існуе чатыры адрозьненьні Беларусі ад ад краінаў Захаду. Па-першае, у заходніх краінах царква супрацоўнічае ўсё ж у асноўным з грамадзкімі інстытутамі, а не зь дзяржаўнымі, хоць бы таму, што там вельмі значны, часта дамінантны недзяржаўны сектар у галіне адукацыі, выхаваньня, культуры. У Беларусі ж ва ўсіх сфэрах дамінуе дзяржава.

Па-другое, супрацоўніцтва царквы зь дзяржаваю і грамадзтвам адбываецца ва ўмовах дэмакратыі, асабістай свабоды, у тым ліку свабоды сьветапогляду, свабоды аб’яднаньня ў рэлігійныя арганізацыі. Беларусь жыве ў недэмакратычных умовах, і згаданыя свабоды абмежаваныя. Прыняты ў 2002 годзе закон “Аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях” выклікаў пратэсты шмат якіх канфэсіяў. Вядомае выказваньне Лукашэнкі аб тым, што мы не дазволім стварэньня аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Як цяпер заганяюць дзяцей у піянэры і БРСМ бяз згоды бацькоў, так ніхто ня будзе пытаць у бацькоў, ці хочуць іх дзеці вучыць курс праваслаўя.

Па-трэцяе, Беларусь напалову атэістычная краіна. Гэтага нельга не ўлічваць, уводзячы рэлігійныя прадметы ў сыстеме адукацыі. Па-чацьвертае, Беларусь — традыцыйна шматканфэсійная краіна. І навязваньне манаполіі адной канфэсіі можа выклікаць міжканфэсійныя канфлікты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG