Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і аглядальнік газэты “Беларускі рынак” Паўлюк Быкоўскі.
(Валер Карбалевіч: ) “Адстаўка расейскага ўраду на чале з прэм’ерам Касьянавым выклікала шырокія водгукі ня толькі ў Расеі, але і ў іншых краінах. У Беларусі таксама зьявіліся самые розные камэнтары. Самай дзіўнай была афіцыйная рэакцыя.
У пачатку гэтага тыдня здавалася, што антыкрамлёўская рыторыка ў Беларусі сьцішылася, газавы скандал неяк прытушваецца. Лукашэнка ў панядзелак падчас нарады адзначыў, што ня трэба палітызаваць канфлікт паміж гаспадарчымі суб’ектамі. У аўторак у “Панараме” амбасадар Беларусі ў Расеі Грыгор’еў пасьля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы доўга апавядаў аб цудоўных перспэктывах беларуска-расейскай інтэграцыі. Потым вялікая колькасьць афіцыйных экспэртаў тлумачыла, што прычынай адстаўкі ўраду Касьянава зьяўляецца ягонае рашэнье аб прыпыненьні паставак газу ў Беларусь. Здавалася, што вось дзяржаўная прапагандысцкая каманда знайшлі ўдалае выйсьце з той сытуацыі, у якую сама сябе загналі сваёй антыкрамлёўскаю атакаю на мінулым тыдні. Зьявіўся ахвярны казёл - Касьянаў. Як восенью мінулага году ў пагаршэньні беларуска-расейскіх дачыненьняў абвесьцілі кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Валошына напярэдадні ягонай адстаўкі.
Але гэты добры сьцянар зблытаў Лукашэнка, ад імя якога прэс-сакратарка заявіла, што ў газавым канфлікце вінаваты Пуцін. Што гэта азначае? Прапагандысцкая каманда кіраўніка дзяржавы не пасьпявае за зыгзагамі ягонага палітычнага курсу? Ці нешта іншае?"
(Уладзімер Падгол: ) "І АНТ у 20.30, і БТ далі аднолькавы сюжэт аб беларускай рэакцыі на адстаўку расейскага ўраду. З гэтага можна зрабіць выснову, што гэты сцэнар быў падрыхтаваны.
Па-другое, што мы ўбачылі? Нам паказалі экспэртаў, якія цьвердзілі, што Пуцін адправіў у адстаўку ўрад за тое, што была перапыненая пастаўка газу ў Беларусь. А Лукашэнка заявіў, што закрыць кран мог толькі Пуцін. Такім чынам мы ўбачылі новую форму ў ідэолягаў Лукашэнкі, якая назваецца "палітычны намёк". Першыя (экспэрты) цьвердзілі, што ў сытуацыі з закрытым газавым кранам адбылося маральнае злачынства, што той, хто гэта зрабіў (меўся на ўвазе Касьянаў) паставіў даляр вышэй братэрскіх адносінаў. Інакш кажучы, створаны вобраз ворага. А Лукашэнка ставіць на места Касьянава Пуціна".
(Паўлюк Быкоўскі: ) "Я згодзен з тым, што гэтая, на першы погляд, прапагандысцкая недарэчнасьць была заплянаваная і падрыхтаваная. З аднаго боку, хацелася паказаць значнасьць ролі Беларусі ў расейскай палітыцы. Быццам бы ўрад пайшоў у адстаўку з-за газавай блякады Беларусі.
З іншага боку, цьвярозае мысьленьне не дазваляе сьцьвярджаць, што Касьянаў сышоў у адстаўку з-за газавага скандалу. Таму заява Лукашэнкі, акрамя таго, пра што казаў Падгол, павінна давесьці да насельніцтва, што кіраўнік дзяржавы лепш бачыць праблему".
(Карбалевіч: ) "Але такі плюралізм на беларускай тэлевізіі выглядае трохі дзіўным і можа мець для афіцыйнай прапаганды кепскія наступствы. Глядзіце, што адбылося. Афіцыйныя экспэрты і Лукашэнка выказваюць дыямэтральна процілеглыя думкі па пытаньні прычынаў адстаўкі расейскага ўраду. Гэта азначае, што адзін бок мае рацыю, а адзін - памыляецца. Зразумела, што "бацька" памыляцца ня можа. Значыць, памыляюцца экспэрты. Але калі экспэрты, якія камэнтуюць на беларускай тэлевізіі, памыляюцца сёньня, то яны маглі памыляцца і ўчора, і могуць памыляцца заўтра. Узьнікае сумненьне ў іх кампэтэнтнасьці, ставіцца пад сумнеў давер да таго, што апавядае беларуская тэлевізія".
(Падгол: ) "Вы, Валер, вельмі рацыянальна тлумачыце сытуацыю. Але ва ўсіх гэтых падзеях пастаянна існуе вельмі вялікі ірацыянальны пласт, ён актуалізуецца ў сьвядомасьці грамадзянаў.
А вось што я бачу вачыма шараговага грамадзяніна. Галоўная пагроза для людзей – перапыненьне паставак газу. І два найважнейшыя пытаньні: хто вінаваты і хто выратавальнік. А дробязі не застаюцца ў сьвядомасьці людзей. Галоўнае, што пагроза для Беларусі ідзе з Масквы".
(Карбалевіч: ) "А як растлумачыць зыгзагі ў пазыцыі Лукашэнкі. У панядзелак падчас нарады ён адзначыў, што ня трэба палітызаваць канфлікт паміж гаспадарчымі суб’ектамі. А ў аўторак ён даволі цьвёрда давёў, што ва ўсім вінаваты Пуцін".
(Быкоўскі: ) "У панядзелак Лукашэнка мусіў думаць і казаць, што праблему з газам трэба вырашаць. Паколькі дамова з "Газпромам" не падпісаная, то 28-29 лютага пастаўкі газу зноў могуць быць перапыненыя. Таму ён загадаў шукаць рашэньне. І галоўнаю постацьцю, якая прымае рашэньні ў Расеі, застаўся Пуцін".
(Карбалевіч: ) "Гэтыя дзіўныя павароты ў беларускіх афіцыйных СМІ, магчыма, зьвязаныя з рэакцыяй на тое, як трактавалі газавы скандал расейскія тэлеканалы ў мінулую суботу і нядзелю".
(Падгол: ) "Я лічу, што гэта наўпрасткі зьвязана. Глядзіце, што паказвалі расейскія тэлеканалы. Спачатку ў суботу ў тэлепраграме "Зеркало" Сванідзэ саліравалі лідэры беларускай апазыцыі. Шмат часу Лябедзька, Раманчук, Чыгір абвінавачвалі Лукашэнку.
А ў нядзелю ў праграме НТВ "Намедни" рэпартаж вёў Селін, якога выслалі зь Беларусі. І ён, па сутнасьці, сказаў, што ў Менску адчуваецца водар "рэвалюцыі ружаў", і ўжо ёсьць свае Саакашвілі. НТВ цытуе прамову амэрыканскага сэнатара Маккэйна з канфэрэнцыі ў Рызе, які кажа пра "апошняга дыктатара Эўропы", пра ганьбу для Эўропы. Такім чынам мы ўбачылі ў суботу і нядзелю залпавы "наезд" расейскіх СМІ на Лукашэнку з выкарыстаньнем лідэраў беларускай апазыцыі".
(Быкоўскі: ) "Безумоўна, адбываецца нешта кшталту дуэлі. Спачатку быў выступ Лукашэнкі. Абвінавачаньне Пуціна ў тэрарызьме правакавала яго на адказ. Але па ўсіх правілах піяра адказваў не прэзыдэнт Расеі, а іншыя асобы. На мой погляд, у дадзеным выпадку Пуцін з большай годнасьцю выйшаў з сытуацыі. Замест яго Лукашэнку адказвалі камэнтатары, іншыя афіцыйныя асобы. І ў Пуціна не зьвязаныя рукі нейкімі моцнымі заявамі. Лукашэнка ж, абвінаваціўшы расейскага прэзыдэнта ў тэрарызьме, спаліў масты. Яму няма куды адступаць.
Калі вярнуцца да тэмы інфармацыйных перадачаў беларускіх тэлеканалаў падчас газавага скандалу, то трэба зьвярнуць ўвагу на наступнае. Увесь час яны паказваюць праблемы, якія ёсьць у Расеі: разагнаны мітынг у Маскве, зьмяншэньне міжнароднага рэйтынгу Расеі і інш. Кажуць усё, што можна бруднага сказаць пра Расею. Раней такімі чорнымі фарбамі беларуская тэлевізія пэцкала толькі ЗША. Цяпер сытуацыя зьмянілася".
(Карбалевіч: ) "Як паўплывае адстаўка ўраду Касьянава на беларуска-расейскія дачыненьні? Выконваючым абавязкі прэм'ера прызначаны Хрысьценка, які зусім нядаўна быў у Менску і выказаўся нэгатыўна наконт пазыцыі беларускага боку ў газавым канфлікце. А Лукашэнка з ім не пажадаў сустракацца. Некаторыя маскоўскія экспэрты лічаць, што Хрысьценка можа быць прызначаны і паўнавартасным прэм'ерам. Як усё гэта паўплывае на адносіны з Беларусьсю?"
(Падгол: ) "Прэм'ер Расеі - гэта жаўнер альбо афіцэр, які мусіць выконваць загады камандуючага. Ніякай самастойнай палітыкі ў прэмьера няма. Касьянаў мог выказаць толькі ацэначнае меркаваньне па нейкім пытаньні ці крыху забюракратызаваць праблему".
(Быкоўскі: ) "Дарэчы, беларускія вышэйшыя чыноўнікі даўно чакалі адстаўкі Касьянава. Яны ўводзілі ў вушы Лукашэнку, што цяпер ня трэба рабіць ніякіх дамоваў з "Газпромам". Бо хутка будзе новы прэм'ер, і з ім будзе лепей дамовіцца. Невядома, чаму яны ўскладвалі спадзяваньні на новага прэм'ера-міністра, але такія пагалоскі былі. Усе чакалі гэтай адстаўкі, але не такой хуткай. Таму ўрад Беларусі зацягваў перамовы з "Газпромам" і дамаўляўся аб пастаўках газу з незалежнымі пастаўшчыкамі.
Хрысьценка ў ролі выконваючага абавязкі прабудзе прыкладна толькі два тыдні. Гэта тэхнічны ўрад. з тымі ж самымі міністрамі. Таму гэта ніяк ня можа паўплываць на дачыненьні з Беларусьсю. Усё залежыць ад прэзыдэнта.
Што тычыцца варыянта прызначэньня Хрысьценку паўнавартасным прэм'ерам, то ён мала адрозьніваецца ад Касьянава. Абодва яны зь ельцынскага прызыву. Хіба толькі, магчыма, Хрысьценка большы рыначнік, чым ягоны папярэднік. Але рэальна для Расеі ад зьмены прэм'ера мала што зьменіцца".
(Карбалевіч: ) "Нават калі прыняць за аснову тую вэрсію афіцыйных водгукаў у Беларусі на адстаўку расейскага ўраду, якую прапанаваў Падгол, то яна вельмі складаная для прыхільнікаў Лукашэнкі. Здаецца, што чым далей, тым больш дзяржаўная прапагандысцкая машына ня толькі заблытала сваіх прыхільнікаў, але і сама заблыталася. Гэта, мабыць, галоўная выснова з аналізу тых прапагандысцкіх сюжэтаў, якія мы бачылі па беларускай тэлевізіі на працягу апошніх сямі дзён".